Читать книгу Літвінская кухня - Кухмістр Верашчака - Страница 4

Бацвінне

Оглавление

Чаго Літва не хоча, тое маем за прысмакі,

Маем пост, на стале няўдзячныя буракі,

Усё нам пастаўляюць, адной рэчы не хапала,

Бацвіння яшчэ кухні польскай не ставала.


Jacek Przetocki, «Postny obiad, abo zabaweczka…», Kraków 1653.

Многія супы ў беларускай традыцыйнай кулінарыі носяць назву аднолькавую з іх галоўным інгрэдыентам: буракі, капуста… Такая ж логіка закладзеная і ў назву бацвіння, знакавай калісьці стравы, сімвалічнасць якой сёння амаль забытая. Акадэмічныя слоўнікі тлумачаць бацвінне як:

1) лісце і сцёблы буракоў

2) страву, прыгатаваную з бурачных лісця і сцёблаў.

Да гэтых значэнняў варта было б дадаць і трэцяе: адмысловы гатунак буракоў, які вырошчваюць менавіта дзеля бацвіння, а не караняплодаў. Гэта так званыя лісцевыя буракі, або «мангольд», як называюць іх немцы. У Еўропе гэтая зеляніна досыць папулярная, а ў нас малавядомая, але паколькі хвалі спажывецкай рэвалюцыі няўхільна нас накрываюць, дык зарэзерваваць за ёй гістарычна абгрунтаваную назву варта ўжо зараз. Але маладое лісце надаецца на салаты, супы і іншыя стравы і ў звычайных буракоў. З бацвіння, як і ўласна з буракоў, можна гатаваць халаднік. Але халаднік, як таксама знакавая страва, заслугоўвае асобнай размовы, а гэтым разам мы ўсё ж пагаворым пераважна пра бацвінне гарачае, не тое, каб зусім забытае ў Беларусі, але без належнай рэпутацыі, «рэстараннай прапіскі» і з цьмянай для большасці нашых сучаснікаў міфалогіяй.

Сезон на бурачнае бацвінне трывае досыць коратка, 1–2 месяцы, так што стравы з яго ядуць пераважна ўвясну ці на пачатку лета. Пазней, калі пачнуць развівацца караняплоды, бацвінне робіцца грубейшым і нясмачным, таму ласавацца маладымі бурачным лісцем трэба, пакуль яно маладое ды далікатнае. Зрэшты, сезон можна і працягнуць. Зразумела, можна скарыстацца лядоўняй. Але нашы продкі рабілі інакш. Бацвінне буракоў, як і іншую «дармавую» зеляніну – лiсце шчаўя, крапiвы, лебяды ў траўні-чэрвені збiралi да iх цвiцення, складвалi ў фаскi i макiтры, перасыпалi па слаях соллю, дадавалi кмену i iншых духмяных зёлак, квасiлi ў запас, а пазней да самай восені гатавалi розныя вадкiя стравы (варывы). Але, напрыклад, у праваслаўнае свята Дзень адсячэння галавы Іаана Прадцечы 11 верасня (29 жніўня ст. ст.) чырвонае бацвінне баяліся варыць з-за прымхаў, бо верылі, што інакш у доме на працягу года праліецца чыя-небудзь кроў. Зрэшты, хаця наша бацвінне вядомае і ў посным варыянце, яно ўсё ж лепш праяўляе свой характар у тлустай, скаромнай версіі. Гаршкі ці саганкі на кіслыя стравы (бацвінне, боршч, капусту, шчаўё) былі заўжды асобныя, адрозныя ад посуду для варкі прэсных: крупніку, заціркі, макароны.

Самы просты традыцыйны спосаб заквасіць бацвінне – хутка, на адзін вар – накрышыць, апарыць, дадаць некалькі скарынак чэрствага чорнага хлеба і пакінуць (лепш за ўсё ў керамічным гаршчку) на 2–3 дні. Зрэшты, калі няма магчымасці або цярпення чакаць, можна проста скарыстацца лімоннай кіслатой. Лісце буракоў і так мае натуральны кіславаты смак, а сцёблы – саладкаваты, гэтае спалучэнне і робіць смак бацвіння такім асаблівым, можна сказаць – падкрэслена сармацкім.

Як і большасць іншых вадкіх страў, бацвінне доўгі час было прынята «закалочваць», г. зн. загушчаць мукой, пакуль у ХІХ ст. не распаўсюдзілася бульба. Як вядома, любы сялянскі суп мусіў быць вельмі густым (бо другой стравы найчасцей і не было), з іх больш рэдкіх гарадскіх аналагаў кпілі – «крупіна за крупінай ганяецца з дубінай». Штосьці крухмалістае абавязкова мусіла дадавацца дзеля г. зв. «путранасці». Спачатку вараная бульба дадавалася ў бацвінне пераважна расцёртая ў «камы», але ў больш сучасным варыянце гэта проста пакрышаная бульба. У літоўскай кухні дагэтуль дадаюць панцак (ячныя крупы). Смак бацвіння выдатна падкрэсліваюць варанае яйка і кроп – гэтыя два дадаткі можна лічыць абавязковымі для бацвіння, незалежна ад таго, ці мы варым халаднік, ці гарачую суп з бацвіння. Таксама класічны дадатак да ўсіх варыў такога тыпу – смятанa (або сыракваша ці маслянка).

Бацвінне было настолькі характэрнай стравай жыхароў ВКЛ, што ў «Кароне» (Польскім каралеўстве) XVII–XVIII ст. літвінаў называлі boćwiniarze – грэблівая мянушка, у якую ўкладаўся прыкладна такі змест, як пазней у «бульбашоў». Для напышлівага падданага Польскай кароны было відавочна, што толькі такі дзікун, як літвін, можа есці гэтую «свінскую» страву (што праўда, бацвінне і дагэтуль сапраўды часта вараць свінням). Бацвінне, бярозавік, і жонкі, якія нібыта легкадумна, і ледзь не са згоды мужоў, дораць сваю пяшчоту першаму-лепшаму госцю – такі стэрэатып літвінаў быў калісь распаўсюджаны ў нашых заходніх партнёраў па «Саюзнай дзяржаве» тых часоў. Кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай, які мусіў праходзіць у «варварскай» Горадні, лічыўся занадта вялікай саступкай «сепаратыстам»:

«Litwa sejm z Warszawy przeniosła do Grodna,

Gdzie dotąd z wilki dzikie sejmowały świnie,

Trudno też o inakszy dowcip na boćwinie».


(«Літва сойм з Варшавы перанесла ў Горадню,

Дзе дагэтуль саймавалі дзікія свінні з ваўкамі.

Цяжка знайсці інакшы дамарошчаны досціп».)


Яшчэ адна здзеклівая прымаўка з тых часоў: «У нашага Радзівіла бацвінне нарадзіла, а хлеба – ані кавалка». Але ж і бурачнае бацвінне не расце само, як і збажына, яно патрабуе сякой-такой працы, пра што кажа вершык з беларускага дзіцячага фальклору:

Хто не ўмее араць,

Таму хлеба не даць,

Ні капусты, ні бацвінні

Хай пасець у полі свінні.

Яму свінні дакучылі,

Хутка араць навучылі.


Нягледзячы на ўсе кпіны, бацвінне (па-польску botwinka) ў рэшце рэшт увайшло ў канон польскай кухні як «крэсовая» або «літоўская» страва – хаця, як і ў іншых выпадках, мала хто з сучасных палякаў усведамляе шматзначнасць гэтага азначэння: «літоўскі». Сёння палякі саромеюцца бацвіння менш, чым беларусы, і смела эксперыментуюць з інгрэдыентамі: курыны булён, ракавыя шыйкі, шпарагі, любіста… Зрэшты, ўсе гэтыя прадукты – частка нашага агульнага «сармацкага» канону, табуізаванага беларускім нацыянал-сацыялізмам ХХ—ХХІ ст.

У Літве, з якой мы, па сутнасці, дзелім адну кухню, як і адну гісторыю, бацвінне называюць lapienė (ад lapas – «ліст»), але і ў паўночна-заходніх дыялектах беларускай мовы ёсць гэтае слова: лапеня. Яе гатуюць не толькі з маладых буракоў, але і са шчаўя, лебяды, сніткі, дзьмухаўца, крапівы. Але ж і па-беларуску «бацвінне» ў шырокім сэнсе азначнае націну любой з гэтых раслін). Яшчэ адзін варыянт беларускай назвы «бацвінне» – бацвіннік. Не грэбавалі гэтай стравай і беларускія габрэі, пра што сведчыць прозвішча расейскага чэмпіёна свету па шахматах М. Бацвінніка, чые продкі былі з Менскай губерні. Руская ботвинья – страва, роднасная нашаму бацвінню, але не зусім тоесная. Па-першае, гэта выключна халаднік, звычайна на квасе – гарачай версіі сучасная руская кухня фактычна не ведае. Па-другое, у якасці зеляніны ў ёй цяпер чамусьці зусім не ўжываецца бацвінне буракоў, а толькі крапіва, лебяда, шчаўё, шпінат, зялёная цыбуля, і г.д. Па-трэцяе, у яе заўжды кладуць (асобна адваранае) рыбнае філе – асятра, ласося, сцерлядзі, судака і г. д.: таннае бацвінне і дарагая рыба складаюць своеасаблівы кантраст. У сучаснай Расіі, гэтая страва, бадай, ператварылася ў своеасаблівы «атракцыён» для заходніх турыстаў, бо ў яе дзе-нідзе дадаюць і вішні, і дыню, і нават віно ды гарэлку, – магчыма, гэтая экзотыка сапраўды паўтарае капрызныя густы паволжскіх купцоў часоў ці то драматурга Астроўскага, ці то рэжысёра Міхалкова. Але ад агульных каранёў з нашым бацвіннем, калі такія былі, гэтая страва адышла досыць далёка. Зрэшты, імкненне здзівіць гасцей экзотыкай у наш кліпавы ды кічавы, постмадэрнісцкі час, абсалютна непазбежнае, ну то і ў радаводзе нашага бацвіння можна пашукаць чагосьці гэткага. Але, у адрозненне ад рускай сваячкі, гэтая страва наўрад ці ўпішацца ў посны фармат. Як сцвярджаў калісьці вялікі містыфікатар Вацлаў Ластоўскі, «асабліва славіцца бацьвіннік з сьвіннымі ванглёнымі вушамі і скабамі, беляны сьмятанай».

Рэцэпт сапраўднага глыбоцкага бацвіння, магчыма, ідэнтычнага таму, якое апяваў Ластоўскі, зафіксавала нястомная вядучая ТВ-праграмы «Беларуская кухня» Ларыса Мятлеўская ў меню аграсядзібы «Родны кут»: бацвінне, у ідэале, заквашваецца або марынуецца. Калі страва гатуецца са свежага бурачнага бацвіння, то дадаецца лімонная кіслата або воцат. Булён варыцца на вэнджаных вушах або костачках, дадаецца кмен, бульба, морква, зеляніна, дадаецца паста з абсмажанай мукі, вады і смятаны. У канцы крышыцца варанае яйка, варыцца яшчэ 30 мін.


Традыцыйнае бацвінне ад аграсядзібы «Родны кут»


Я такога не каштаваў, але чамусьці хочацца верыць, што менавіта такую страву і трэба прызнаць кананічнай, самай сапраўднай крывіцкай. Можа быць, яго варта назваць «бацвінне a», або «бацвінне па-дзісенску»? Хай бы за гэтую ідэю ўхапіліся землякі Ластоўскага ды Драздовіча з былога Дзісенскага павету, багатага калісь на містыку і аўтэнтыку, мусіць, яшчэ з часоў, калі тут моцна і яскрава, як мала дзе яшчэ ў краіне, сутыкнуліся полацкі і літоўскі ўплывы. Бадай, праз недахоп месца і часу адкладзем пакуль фантазіі, якой бы магла быць рэгіянальная дзісенская кухня…


Такім прыгожым убачыла бацвінне мастачка Алеся Галота


Бацвінне

450 г касцей для булёну

2 л вады

1 сярэдняя морква

1 корань пятрушкі (або сельдэрэя)

1 цыбуліна

3 сярэднія бульбіны

Соль паводле смаку

1–2 бабкі (лаўровае лісце)

Па 3–5 гарошын чорнага перцу і «англійскага зелля» (духмянага перцу)

1 добры пук бацвіння з маладымі бурачкамі

Па 1 невялічкім пучку зеляніны: зялёная цыбуля, пятрушка і кроп

1 ст. лыжка тлушчу

2 ст. лыжкі мукі

½ шклянкі смятаны

3 вараныя яйкі

Прамыць косці, заліць халоднай вадой і давесці да кіпення. Зняць шум, праварыць яшчэ 1 хв., дадаць моркву (кубікамі або таркаваную на грубай тарцы), пакрышаны корань пятрушкі, пасераваную цыбулю, пакрышаную бульбу, соль і спецыі. Варыць, пакуль бульба не зробіцца мяккай (каля 15 хв.) Добра прамыць бацвінне, пакрышыць, апарыць (або праварыць 2–3 хв.). Дадаць у суп бацвінне і добра прамытую і пасечаную зеляніну і варыць яшчэ 8-10 хв. На патэльні растапіць тлушч, пакласці муку і, падліваючы крыху булёну, варыць да ўтварэння густога пюрэ (або змяшаць муку з невялікай колькасцю вады ў аднародную пасту, потым дадаць смятаны, старанна перамяшаць), якое дадаць да супу за 1–2 хв. да канца гатавання. Дадаць смятану і палавінкі (або чвэрткі) вараных яек. Падаваць гарачым

Лапеня па-літоўску

1 добры пук бацвіння (буракоў, рэпы, шчаўя, шпінату і г.д.)

2 л. вады ці ялавічнага булёну

3 ст. лыжкі панцаку (ячных круп)

2 бульбіны

Соль паводле смаку

120 г. смажанага бекону

½ шклянкі смятаны

Прамыць і асушыць бацвінне, пакрышыць, заліць гарачай вадой і давесці да кіпення. Зліць ваду. У кіпень ці гарачы булён скласці бацвінне, прамыты панцак, накрышаную кубікамі бульбу, соль. Варыць да мяккасці бульбы. Дадаць падсмажаны бекон – скрылькі разам з топленым тлушчам. Падаваць гарачай са смятанай.

Кансерваванае бацвінне на зіму

Маладыя бурачкі разам з бацвіннем

Лімонная кіслата

Дробна пакрышыць бацвінне і бурачкі, скласці ў рондаль, заліць кіпенем так, каб цалкам пакрыць вадой, варыць 5 хв., адкінуць на друшляк, даць сцячы. На кожны літр кансервы дадаць 1 лыжачку лімоннай кіслаты без горкі. Гарачай раскласці кансерву па слоіках, пастэрызаваць. Закатаць машынкай і захоўваць у халодным месцы.

З успамінаў Юліяны Мэнке (жонкі архітэктара і беларускага нацыянальнага дзеяча Вітан-Дубейкаўскага) пра дзяцінства:

«Памятаю толькі, што ўсе прыносяць Сьвятому Дзіцяці дары й затымпяялі: «Вось прыйшлі і два Ліцьвіны, прынясьлі гаршчок бацьвіны! Ах, дурныя вы, Ліцьвіны, не хачу вашай бацьвіны!» затым была прыпеўка: «Скачы Саўка, скачы Машка, выпіў сам гарэлкі пляшку» і йшлі скокі. Адзін наш работнік, які быў зь Беласточчыны, падтрымаў тату ў гэтых скоках. Мыўсе сьмяяліся. Потым тата апавядаў, што хлапчуком, калі яго бацькі жыліў Хорашы ля Беластоку, ён бегаў зь дзяцьмі Хрыста славіць і пяяў зь імібеларускія калядкі і гэтую яшчэ прыпомніў.»

Тая самая калядка…

Неба, зямлі Пан багаты,

Ляжыць памежду быдляты.


Ані жменькі ў яго сенцы,

Ані рубінкі палаценца,

Прачыстая паглядаіць,

Ні адкуль гасцей ні маіць.


Прыйшлі да яе пастыры,

І зайгралі ёй на ліры,

Гапка, Усціння – дзве маладзіцы,

Прыняслі гаршочак галавіцы.


Кузьма, Дзям’ян, два ліцьвіны,

Прыняслі гаршочак бацвіны.

Стары Ёсіф усё думаіць

На ліцьвінаў паглядаіць.


«Чаму ж вы дурні ліцьвіны

Пан Езус ня есць бацвіны,

Прынясіце кашкі з малачком,

Альбо з мядовым сачком.


Пан Езус вам ласкаў будзіць,

Па век векаў не забудзіць».


Яшчэ адна традыцыйная калядка:

Усе па плаціцы далі Уладыцы.

Ярмей з Гапонам – валы з прыпонам.

Ёнас з Юргасам, з пушчы літвіны,

Няслі Хрыстові з салам бацвіны.

Хімка з Агапкай, дзве маладзіцы,

У дар Хрысту далі коўш галавіцы.


«Пакланенне літвіноў». Іранічны «абраз» Аляксандра Каршакевіча.


Літвінская кухня

Подняться наверх