Читать книгу Паўлінка - Купала Янка - Страница 3
Янка Купала
Паўлінка
АКТ ПЕРШЫ
З'ява 1
ОглавлениеПаўлінка адна
Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысценька; без хусткі – у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона – Паўлінка пяе.
Ой, пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы арэ плугам;
Ой, пайду я лугам, лугам!
Ён арэ поле валамі,
А я плачу ўсё слязамі;
Ён арэ поле валамі.
(Перастаўшы пець.)
Э-э, штось не пяецца сягоння. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго знячэўку перапужаў. А мо гэта песня вінавата? Даліпантачкі аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсці. Ану, на шчасце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. (Пяе.)
Дый чаго ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
(Пеючы падыходзіць да акна і паглядае, пасля ізноў садзіцца.)
А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есці, дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі… Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?… Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць збірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз не будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заутра Пакровы… у Міхалішках кірмаш… Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоння пабачыць.
(Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець.)
Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,
Селі яны, палі на сівым Дунаі!
Селі яны, палі, ваду замуцілі
Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марне запрапалі,
Як мы любіліся – цяпер перасталі.
(Паглядзеўшы ў акно.)
Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсці. (Шукае запалак і запальвае лямпу.) І што гэты тата да яго мае. з таго часу, як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усе роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата – дык жыўцом бы яго з'еў. Ну, але тата свае, Якім свае, а я – свае. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы.) Казаў, прыйдзе сягоння, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, не дзеці – маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы…» (Ускочыўшы.) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, нгшэуна, ён!