Читать книгу Паўлінка - Купала Янка - Страница 7
Янка Купала
Паўлінка
АКТ ПЕРШЫ
З'ява 5
ОглавлениеСцяпан, Альжбета
Альжбета (дастаючы настольнік з куфра). з кім ты гэтак намурзаўся?
Сцяпан (закурваючы люльку). Я і з тым, я і з сім, а ты, каханенькая, родненькая, згадай, – з кім?
Альжбета. А немач цябе ведае, з кім!
Сцяпан. Ці ж я не казаў, што ў цябе тут (торкаючы сабе пальцам у лоб) не усе дома? Але слухай: з зяцем!
Альжбета (здзівіўшыся). з зяцем?!
Сцяпан. Так, так, каханенькая, родненькая. Хто з сватам, хто з сваццяй, а як Сцяпаи Крыніцкі, дык з родным зяцем.
Альжбета (накрываючы стол). Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзіць. Калі ж ты ўспеў яго нажыць?… Дачка яшчэ замуж не выйшла, а бацька ўжо зяця мае!
Сцяпан. Калі не маю цяпер, дык буду мець у чацвер. Гэта, бачыш, ён яшчэ толькі збіраецца падмазацца да нашай Паўлінкі; ну, а каб слізчэй усе пайшло, дык перш мяне ён падмазаў.
Альжбета (садзіцца). Так бы і казаў адразу. А хто ж гэта такі?
Сцяпан. Адольф Быкоўскі!
Альжбета. Э-э! Я думала, хто там!.. Ажио нічога людскога. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам дык голы, як бізун.
Сцяпан. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё-такі гэта для нас блін ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая, родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. «На гэтым жа кані, кажа, заутра да васпанства заедуся з кірмашу». (Мацаецца па кішэнях, сам сабе.) Дзе ж бы яна падзелася?… (Да Альжбеты.) Ты, баба, ці не бачыла кніжкі, што я купіў сягоння? Дзе яна прапала?
Альжбета. А што я, пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў, можа, з гэтым сваім зяцем.
Сцяпан (ідзе к куфру, знаходзіць у бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паулінка палажыла фатаграфію). Каханенькая, родненькая, не думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заутра ён прыедзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам, хлапец: шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасцяй і ўсё такое…