Читать книгу Лявон Бушмар - Кузьма Чорны - Страница 3
Раздзел першы
II
ОглавлениеНа ціхім небе стылі зоры. Вiльгаць iшла з лясоў i туманамі асядала на голую зямлю, перад світаннем маўчала поле; злазячы ў рэчку, бялелі на чорнай зямлі лапіны апошняга снегу.
Над самай рэчкаю, на ўзгоркаватым яе беразе, высока над змрочнымі паплавамі, узнімалася няроўная сцяна лесу. Дарога ў лес iшла праз рэчку, цераз мост, з поля i паплавоў. На дарозе ў лесе было чорна i ціха. Таму пад нагамі ў чалавека звонка i мокра трашчала леташняе лісце. Чалавек ішоў паволі, нёс за плячыма клунак. Часамі ён прыпыняўся, дзе дрэвы разыходзіліся ад дарогі i над палянкай ніжэй звісала зорнае неба. Чалавек як бы прыглядаўся ці прыслухоўваўся да чаго. Стаяў так хвіліны са тры i зноў ішоў далей. Ступаў ён моцна, але хада яго была лёгкаю, хоць i ўтомленаю, так, як ходзіць чалавек па роднай зямлі. Дарога доўга iшла лесам, перакідалася праз кавалкі поля, праз нізкія ядлаўцовыя лагчыны.
Ужо світаць пачало, як чалавек прыпыніўся каля густой няроўнай агароджы. Застукаў брамкаю i пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кінуўся пад чалавека, заскроб кіпцямі па вільготным крысе салдацкага шыняля.
– Галас, Галас, – загукаў чалавек.
Сабака адбегся i брахаў, пачаўшы павільваць хвастом.
– Галас! Не пазнаў? Ах ты дурны!..
Сабака радасна завішчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднімі лапамі, лізнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленне. Тады ўзышоў на ганак, спусціў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалі хатнія дзверы – сабака кагосьці пабудзіў сваім брэхам.
– Хто?
Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву i падаўся крыху назад.
– Хто? – зноў запытала жанчына.
– Гаспадар.
– Які гаспадар?
I, здагадаўшыся, загаласіла:
– А Божачка ж мой, Лявон!
Яна з грукатам адкінула ад дзвярэй завалу, i Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухні жанчына запаліла газоўку, i тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама не зусім, мусіць, вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўкліва, спусціла ўніз рукі i не гаварыла больш ні слова. Твар яе густа ружавеў.
– Ты… тут?.. – запытаўся Бушмар.
– Служу… Як напісаў тады адразу быў, каб хоць каго маці ўзяла рабіць… Дык я нанялася…
– Нанялася?
Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменне прайшло па Бушмаравым твары.
– А маці дзе?
– Маці хворая… Не ўстае… Другі ўжо тыдзень.
Бушмар адчыніў дзверы ў чыстую хату. Жанчына запаліла лямпу. Маці прачнулася, пачала ад радасці плакаць, гаварыць i стагнаць.
Маладая жанчына колькі разоў выходзіла i ўваходзіла – пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля маці, пераапрануўся ў сваю цывільную адзежу i адразу пайшоў на сялібу. Сабака весела гайсаў следам за ім. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, непадгрэбеную салому, незачыненыя вароты на прыгуменне… Выцягнуў з студні вады, паспрабаваў, ці добра ходзіць коварат.
Як i заўсёды, пануры быў выгляд яго, пахадзіўшы па двары, ён выйшаў за гумно. Там скідаўся сялібны ўзгорак глыбока ўніз, у рэчку, пад стагоднімі дубамі прэла леташняе іх лісце. Малады ельнік зубіў цёмную зеляніну за паплаўною лукою. З трох бакоў быў дубняк i ельнік. З чацвёртага – горбілася поле. Неба над светам было высокае, ціхае, веснавое.
Бушмар правёў рукою па твары, як бы знімаючы з яго штосьці чужое i непрыемнае. Вочы яго ператварыліся ў агністыя стрэлкі. Ён зняў шапку, расшпіліў жакетку. Здавалася, што ён хоча гэта пазбавіцца ўсяго лішняга, каб як мага глыбей чуць вялікую музыку лясной адзіноты.
Бушмар стаяў. I от твар яго выцягнуўся, губы сціснуліся. Ноздры раздзьмуліся i заварушыліся. Так звер чуе магутны пах лесу, зямлі, вады, вясны, адзіноты. Так жа звер чуе пах i цёплай крыві. Вочы прыжмурыліся, бровы пацягнулі за сабою ўніз лоб.
Бушмар ішоў назад па прэлых лісцях. Маладая жанчына, нанятая гаспадыня, упоперак перад ім перайшла двор. Бушмар спусціў у зямлю вочы i жорстка запытаў:
– Як жа ты нанялася з хаты?
Жанчына адказала не адразу. I то як бы нехаця:
– Так здарылася.
– Як?
– Памёр мой.
Бушмар аж уздрыгануўся. Вочы яго ўскінуліся на жанчыну. Яна чамусьці ад гэтага зірку пачырванела, апусціла галаву, уздыхнула. Заспяшалася ў сенцы. Бушмар стаяў усё i не зводзіў вачэй з жанчыны, аж пакуль яна праз увесь двор iшла.
У той дзень Бушмар рабіў многа. Заходзячы ў хату, ён разоў два падыходзіў да матчынай пасцелі, стаяў па колькі хвілін i маўчаў. Старая жанчына была слабою зусім.
Бушмар стараўся цяпер не заставацца падоўгу ў хаце. Дарваўшыся да работы, ён у той дзень зрабіў шмат i надвечар, прытомлены, распачаў ужо завіхацца каля агарожы.
Жанчына зноў папалася яму на вочы. Яна ўскінула цяпер на яго вочы свае, i ў голасе яе цяжка было заўважыць што большае за гаспадарлівую звычайную руплівасць, за абыякавасць да гаспадара i чужой работы. Была нават недаверлівасць i варожасць да чужога чалавека. Яна іначай ужо, як раніцаю, гаварыла цяпер:
– Можа, памагчы насіць?
Ён змоўчаў, а праз хвіліну сказаў:
– Рабі там, што ў хаце трэба.
I глянуў гэтак, як i той раз ёй услед, але тут жа ўнурыўся ў работу, а яна пайшла ад яго подбегам, можа, штучна спяшаючы. Завязаная назад рагамі хустка збілася ў яе з галавы, кароткая кудзельная вопратка была абсыпана асцюкамі. Яна была ў хаце, аж пакуль не змеркла, а на змярканні шукала па двары яго вачыма. Нiдзе нікога не было, яна вярнулася ў хату i пагаварыла з хвораю:
– Лявона няма нідзе поблізу, можа, куды адышоўся, а тут мне позна будзе iсці адной, яго чакаўшы. Я ўсё ўправіла, дык я так пайду. Чуць дзень буду зноў.
– Добра, – адазвалася старая.
Жанчына рушыла з хаты. Мінула сялібны лясок, перайшла па кладцы рэчку; адышлася ўжо трохi ад сялібы. I там убачыла Бушмара. Ён стаяў над загіністым берагам каламутнай рэчачкі i кудысьці глядзеў.
Яна на момант прыпынілася, трохi жахнулася ад нечаканасці. Ён пачуў яе крокі i азірнуўся. Бровы яго былі ссунуты – гэта яна добра заўважыла.
– Аміля? – неспадзеўкі сказаў ён першы раз за гэты дзень яе імя, таксама ўздрыгануўшыся ад раптоўнага яе з'яўлення.
– Я iду дадому на сёння, даўно не была, заўтра на світанні прыйду. Тут усё ў парадку.
– Iдзі, – адказаў ён адразу.
Яна заспяшалася. Ён доўга яшчэ стаяў, аж пакуль змрок не агарнуў усяго. Тады паволі пайшоў назад. Так ён сярод цішыні спаткаў першы вечар у роднай сялібе.
« Ёй не хочацца быць тут са мною, – думаў Бушмар уночы, – пайшла, уцякла. Баiцца».
Ён усміхнуўся жорстка i ціха, як бы дамогшыся таго, чаго доўга дамагаўся.
– Гэта вы самі, мамуня, падгаварылі яе застацца да нас? – падышоў ён, устаючы на світанні, да старой.
– Каго? – не зразумела адразу маці.
– Амілю?
Стогнучы i вохкаючы, маці гаварыла:
– Яна толькі як дачулася, што наняць нам каго трэба, дык сама прыйшла прасіцца. Дзе ж яна тут ноймецца іначай, няма тут лішне дзе i да каго, а так ёй жыць – хто яго ведае як i з чаго. У хаце – галота.
– Шпарка ж яна аўдавела, – панура сказаў Бушмар.