Читать книгу Лявон Бушмар - Кузьма Чорны - Страница 8

Раздзел першы
VII

Оглавление

За лесам насядала на сялібу вясковае поле, арудаваў там Андрэй – Амілін брат, праціўны Бушмару чалавек. Бушмар i ніколі не меў з ім сталай гаворкі (хiба, бывала, трэба было пагаварыць крыху, увайшоўшы ў хату да Амілі), а цяпер i пагатоў. Ён з-за лесу чуў праз Амілю, што Андрэй сіберна заеўся на Вінцэнтага за ўсялякія там справы, што Вінцэнты нагаворваў супроць Андрэя людзей, што ў самога Вінцэнтага ў хаце нелады нейкія… Аміля кожны дзень пад вечар даведвалася да свайго дзіцяці, доўга не бавілася там, у Андрэя, цяпер ужо заўсёды варочалася нанач. Яна ўсё была такою ж самаю ціхаю, прывабна, па-жаноцку пакорліваю. Вечарам, прыбегшы ад брата, яна знаходзіла Бушмара ў хаце, зазірала яму ў вочы. Ён цягнуў яе да сябе.

Вясна тады ўбіралася ў сілу. На полі, на палянах i лесавых выцерабах зазяленьвала ярына.

Навокал Бушмаравай сялібы з'явілася новая агарожа. За лесам, тут жа пад бокам у Бушмара, забялелі слупы на другую іншую агарожу. Дарога з лесу, што з Бушмаравай сялібы падалася ўбок, закруцілася пад самую рэчку – новы перароблены вясковы палетак адапхнуў яе.

Аміля з Бушмарам часамі, у нядзелю, калі быў час, выходзіла сюды за лес. Яна-то, праўда, iшла не разам з ім, а ззаду, як бы назіркам. Ён выходзіў з хаты адзін, ён нікуды не клікаў яе з сабою, калі ішоў куды так, без работы, але яна даганяла яго, убачыўшы за брамаю. Сыходзілася з ім ужо ў лесе. Тады гаварыла:

– Можа, мы сёння ўдваіх да Андрэя пойдзем?

Ёй хацелася, каб гэта было, i баялася яна зводзіць іх.

Ён сціскаў губы, хмурыўся, адказваў не адразу, а ўжо калі яна начакаецца гэтага адказу:

– Ты ж кожны вечар бываеш там.

Яна так ужо i ведае, што ён гэта скажа, але яшчэ не паддаецца:

– Мала што я адна хаджу. Каб з табою калі ўдваіх пайсці, мне гэтак хочацца… Лявонка…

Яна ведае, што на гэта ён ужо нічога не скажа. Толькі як бы дзеля таго, каб разглядзець што па дарозе ці ў полі, адвернецца ён i колькі хвілін не змігне з аднаго месца, а там i Андрэеву хату відаць на ўзгорку, другая з краю. Разбіты маланкаю клён гнецца пад растрэсенаю страхою, развалены комін накрыты вялікаю бляшанаю міскаю без дна. Там Андрэй, можа, дзе ў нядзелю курыць да вуліцы на бярвеннях з мужчынамі i, можа, зноў нагаворвае людзей на Бушмара.

Нiколі Бушмар не пойдзе туды!

Амілю цягне туды хоць на момант.

– Я пайду, – гаворыць яна, – калі ты пачакаеш крыху тут, я не забаўлюся. Добра?

Яна глядзіць пакорліва ў вочы яго. Усё роўна як просіць ласкі якой. Ён жа заўсёды адзін i той жа – пануры, маўклівы. Хто яго ведае, якія думкі варушацца ў яго віхрастай галаве, пад гэтым навіслым чэрапам.

– Iдзі сабе.

Ах, каб ён не гаварыў гэтага «сабе»!

З прычыны гэтакага тону яна не iдзе. Ён сядзіць дзе-небудзь на пенчуку ці на вывернутым дрэве.

Край лесу, перад імі поле – цяпер ужо чужое, не яго. Бярозавыя прысады туманяцца за полем, іх ледзьве відаць – з гэтага, аднаго толькі боку, поле чыстае ад лесу. Скрыўленая, адсунутая Бушмарава дарога яшчэ мала вызначылася калясьмі. Межавыя палявыя слупы залезлі аж на яе – ледзьве з драбінамі льга прасунуцца.

Аміля кладзе рукі на Бушмарава плячо:

– Чаму ты гэтакі, Лявон?

– Што? – гаворыць ён адразу, – што ты сказала?

(Часамі ён гэтак ажыўляецца без прычыны.)

– Чаго ты на мяне сярдуеш?

– Iдзі туды, – паказвае ён пальцам на вёску. – Iдзі, адно прыходзь хутка.

Цяпер яна ўжо iдзе адразу, моцна ўздыхнуўшы, але ж i праўда, што не бавіцца там доўга.

Андрэй спатыкае яе жартлівым смехам:

– Хутарская гаспадыня iдзе. Ну, як гаспадар, не лішне эксплаатуе цябе?

Яна вымушана смяяцца.

У акне з двара відаць дзеці. Ходзяць за сталом па высокай лаве, насамі ледзьве дастаюць вокны. Вочы ў абодвух чорненькія, як вугельчыкі, аднагодкі – Амілін i Андрэеў.

– Iдзіце, сынкі, я вам тварыкі памыю, – гаворыць Аміля, калі ўвойдзе ў хату.

Бярэ іх абодвух на рукі i нясе ў мыцельнік да вядра з вадою. Хлапчукі ў захапленні пішчаць.

– Сыночак, – туліць яна да сябе свайго малога. – Можа, табе баліць што?

– Каб балела што, дык плакаў бы, – аскірзаецца пакрыўджаная Андрэіха. Разам жа з маім i ядуць i спяць.

– От пасварыцеся нечага, – рагоча на ўсю хату Андрэй.

– Я так гавару, мала што маці скажа, – апраўдваецца Аміля, – ці гэта што я скажу, дык…

Яна гладзіць па белай галоўцы свайго малога i спяшае назад да Бушмара. Андрэй выходзіць у сенцы. Стоячы ў дзвярах, глядзіць Амілі ўслед:

– Пабыла б калі больш… Эксплаатуе цябе твой гаспадар.

Ён раптам кідае жартаваць. Тон яго робіцца сталым:

– Табе i нядзелі няма?

Аміля ўжо выходзіць з двара.

Бушмар усё ж чакае яе. Яна як бы просіць яго:

– Я не бавілася, праўда?

Яны iдуць назад ужо разам. Калі край лесу губіцца за востраю павароткаю лясной сцежкі, Бушмар туліць яе да сябе. Яна, у гэты момант шчаслівая, глядзіць яму ў вочы; уся больш яшчэ прыгажэе, ружавее, жмурыцца, лашчыцца да яго. Падыходзяць да дому, i яна тут зноў успамінае тое, на што ён раней не адказаў:

– Чаму ты гэтакі… Нейкі…

– Які?

– Не гаворыш ніколі са мною?

Яна не спускае з яго вачэй, i ён глядзіць доўга ў яе гвар. Жанчына робіць цуд: на Бушмаравым твары з'яўляецца ласкавая мяккасць.

Лявон Бушмар

Подняться наверх