Читать книгу Лявон Бушмар - Кузьма Чорны - Страница 5

Раздзел першы
IV

Оглавление

Бушмарава маці яшчэ больш аслабела. Сярод ночы ён вымасціў сядзенне ў возе i паехаў па брата. У полі як мае быць асталёўвалася вясна. Раннія гаспадары пачыналі скародзіць.

Апаўночы было ў полі цёмна i холадна-парна. Бушмар выбіраўся з лагчын паволі. Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі i межавыя слупы – яшчэ без самога гаспадара Бушмара вёска адціснула яго да самага лесу i ўрэзалася ў яго паплавы.

Ужо ў наступныя дні пасля прыходу свайго ён спробаваў не паддавацца, але гаварыў ён толькі з самімі суседзьмі – мець дачыненне да начальства, хоць i да самага малога, было для яго горш усялякай пакуты. Ён тады пачынаў заiкацца ад жадання выказаць усё як ёсць разам. Блытаў словы, нарэшце змаўкаў i пачынаў спачатку.

– Чаму гэта залезлі сюды? – сыпаў ён злоснаю гаворкаю i паказваў рукой на лес.

– А як жа? На тое абрэзка, – адказалі яму.

– Чаму гэта? – зноў перапытваў ён.

Маўчалі.

– Чаму гэта? Што, у мяне лішняе ёсць, ці што? Можа, вы i на той бок лесу палезеце?

– Можа, i палезем.

– Хто арэнду плаціў, а хто палезе! Чаму гэта?

З братам яны прыехалі ў наступную ноч. Зноў бялелі каля дарогі межавыя слупы i тычкі.

– О, – паказаў рукой Бушмар.

– Але, – адказаў брат.

Больш яны нічога пра гэта не гаварылі i ўехалі ў лес моўчкі.

Брат быў вельмі падобным да Лявона, але ростам быў яму, высокаму, па плячо ўсяго. Бушмар падстрыгаў вусы, а гэты падкручваў іх стрэлкамі ў бакі. Гаварылі яны адзін з адным мала i без слоў вельмі добра разумелі адзін аднаго.

Назаўтра зусім парушыўся звычайны ход жыцця ў Бушмаравай сялібе. Папаўдні Бушмару давялося iсці ў вёску прасіць людской дапамогі. Сёй-той потым прыйшоў з вёскі. Прыйшоў стары Вінцэнты, што ўмеў на памяць усялякую касцельную адправу. Труну рабілі самі Бушмары, а Вінцэнты маліўся з кантычак – пераспяваў колькі разоў «анёл панскі» i «Здровась Марыя», пасля труну ўдвух Бушмары завезлі ў мястэчка пад касцёл. Вярнуліся позна, а назаўтра сышліся ўсе ў Бушмаравай чыстай хаце на жалобны абед. Вінцэнты прыйшоў з жонкаю, за гаспадыню была Аміля. Бушмар дастаў людзям выпіць, перад абедам Вінцэнты зрабіў жалобную адправу – заспяваў зноў «анёл панскі», усе падцягалі. Нават сам Бушмар падаваў свой, як з-пад зямлі, голас.

Спачатку быў ціхi настрой. Бушмараў брат, расчулены i ўзлагоджаны, успомніў свайго хлапчука:

– Бывала, адна ўцеха была, прыедзеш дадому, распрагаеш каня, а ён пад нагамі трэцца, памагаць лезе. Часамі i крыкнеш на яго, i ўшчунеш, калі пасваволіць, але як памёр, дык сам палез бы лёг на яго месца, абы падняць яго.

На твары яго засвяцілася чуласць. Жанкі заплакалі, уцёр слёзы i сам Бушмараў брат. Так прайшоў абед, а як выйшлі на ганак, каб разысціся, той жа самы Бушмараў брат не сцярпеў:

– У мяне адрэзалі палавіну ўсяе зямлі, але я хоць толькі што на арэнду быў сеў, але ён!

Ён ткнуў пальцам на брата:

– О! Спрадвеку арэнду плаціў.

– Нiчога не зробіш, – сам жа адказаў брат.

– Чаму гэта не зробіш! – зароў Бушмар.

– Можа, што i зробіш, – хiтра сказаў Вінцэнты.

Лявон Бушмар

Подняться наверх