Читать книгу Лявон Бушмар - Кузьма Чорны - Страница 7

Раздзел першы
VI

Оглавление

Вiславухi, белавусы, стары Вінцэнты стаяў за лесам на дарозе. Амілін брат падыходзіў да яго ўпоперак цераз раллю. Твар Вінцэнтага тоненька ружавеў на ветры, нядаўна зголены, гладзенькі. Амілін брат ледзьве цягнуў ногі па цяжкай, скібаватай раллі.

– Адпоўз Бушмар за лес, – сказаў Амілін брат.

– Напалі на чалавека, – адказаў Вінцэнты.

– Будзе з яго аднаго.

– Можа, будзе, а можа, i не. З таго боку лесу тамашнія яшчэ падбіраюцца. Так, мусіць, i адхвацяць усю гору.

Вінцэнты задумённа плюнуў, абцёр рукавом вусы. Твар яго на ветры заружавеў i пагладзеў больш. Здаваўся мокрым. Цераз поле, з кустоў, iшлі людзі. Амілін брат уваткнуў ля дарогі тычку, мігнуў Вінцэнтаму. Той пайшоў далей ад дарогі, набраўшы з зямлі пад паху гатовых тычак. Мужчыны прыпыніліся ля дарогі.

З лесу, з-пад Бушмаравай сялібы, выйшла Аміля. Яна iшла шпарка, заклапочана. Брат памкнуўся быў пайсці ёй насустрач, але пад цікаўнымі i хiтрымі позіркамі мужчын застаўся.

Аміля падышла да яго адразу.

– Чаму Бушмар сам не прыйшоў? – запыталася колькі галасоў разам.

Аміля адказала аднаму толькі брату:

– Не прыйдзе… Мяне прыслаў… што тут хаця робіцца?..

Яна спусціла рукі i стаяла з сухой заклапочанасцю. Глядзела на ўсю работу.

– Што гэта за чалавек, чаму ён вачэй не пакажа: а пасля смяртэльнай крыўды не абярэшся, – загаманілі некаторыя мужчыны.

– Каб тут каморніка не было, можа б, i прыйшоў, – засмяяўся Амілін брат. – Што, невядома, як яму цяжка з начальствам гаварыць?

Аміля бездапаможна глянула на брата. Той падступіў да яе бліжэй.

Мужчыны заварушыліся па полі.

– Думаеш кідаць служыць? – запытаў брат ціха, адводзячы сястру ўбок.

Аміля паціснула плечуком i апусціла вочы. Скрытнасць цяпер удалася ёй.

– Кiдай! Што гэта не ўгаварыць цябе ніяк! I тады вырвалася з хаты ліха ведае чаго, як бы не можа памеркавацца разам. Гэта ж не вечна будзе цяснота ў хаце, зараз што-небудзь зробім. Кiдай, годзе табе ліпець за наймічку. Чаму ты паслухаць мяне не хочаш? Чаго ты баiшся, што ў хаце цесна i хлеба можа не хапіць? Не прападзем! Будзем разам рабіць, разам жыць… Гэтак табе трэба было i адразу iсці за наймічку! Што ж не паслухала! Кiдай!.. Чаму ты босая прыйшла, халодны дзень гэтакі? Раніцою мароз быў.

Яна аглядзела яшчэ раз падлеснае поле i пайшла назад.

Брат паглядзеў ёй услед, нахмурыўся.

– Можа, яна крыўдзіцца чаго, – з'явіўся раптам з боку Вінцэнты.

Амілін брат не захацеў з ім гаварыць. Вінцэнты, як знячэўку дзе абмочаны на холадзе, заклапаціўся вельмі каля тычак.

Лявон Бушмар

Подняться наверх