Читать книгу Лявон Бушмар - Кузьма Чорны - Страница 4
Раздзел першы
III
ОглавлениеЗа колькі год перад гэтым на тым самым месцы, дзе стаяў на змроку Бушмар, калі напаткала там яго Аміля, адбылося адно не зусім звычайнае здарэнне, польскія салдаты стаялі тады густа па ўсіх суседніх вёсках. Бушмар жыў у сваім звычайным жывым спакоi. Раз у два тыдні выязджаў у пастарунак на стойку з фурманкаю, а больш, як i заўсёды, мала дзе яго хто бачыў. Вечарамі ж ён падыходзіў праз свой лес да вёскі. Там ужо чакала яго Аміля. Часта яна выходзіла яму на спатканне, тады ён вёў яе да лесу. Там садзіліся блізка адно пры адным на паваленай яліне. Лес ціха гуў, страсаючы з сябе сухія iголкі i снег. Снег быў i пад нагамі ў іх – абледзянелы, гладкі i ўлежаны. Яна мерзла на халодным дрэве, ён браў яе на свае калені, яна згіналася ў яго руках, рабілася маленькаю перад ім, бездапаможнаю. Часта ён дзеля жартаў пераносіў яе праз усю паляну да дарогі, адкуль яна бегла дадому, а ён стаяў пад ельнікаваю сцяною i пільнаваў яе ўзрокам сваім. Замарожаная цішыня скоўвала поле, а гул лесу быў спакайнейшым за ўсялякую цішыню. Яна знікала з вачэй яго недзе ў цёмным міргаценні сцен i стрэх, а ён усё стаяў. Высокая постаць яго цямнелася наводшыбе за колькі крокаў ад лесу. Ён пасля паволі падаваўся ў свой бок, ніколі не познячыся ў сваю мярлогу. Дзень назаўтра праходзіў ні доўга ні коратка – ішоў, як ішоў у рабоце, а вечарам Бушмар зноў ішоў праз лес.
У той памятны для некаторых вечар Аміля была такая, як i кожны раз маленькая, блізкая. Яна нават больш, як заўсёды, праседзела ў яго на каленях, але ўжо, калі ён памкнуўся давесці яе да самага дому, яна сказала скрозь прынадны смех:
– Я адна перабягу, а ты iдзі.
Звярыная трывога ўкалола яго. Ён, як з помстаю, да болі сціснуў яе пальцы; яна аж закрычала ціха. Ён сціснуў руку ёй яшчэ мацней.
– Бяжы, – як бура, дыхнуў ён.
I сам пайшоў, але злосная трывога не пакідала яго. Як на тое ўсё роўна iшлося. З паўдарогі ён вярнуўся ў вуліцу i прыпыніўся каля знаёмай хаты. Праз акно ён убачыў, як Аміля стаяла ля стала i моцна смяялася. У хаце чулася мужчынская польская мова. Нешта яго цюкнула. Ён падбег да акна з двара i ўбачыў з другога боку стала паляка з афiцэрскімі нашыўкамі на зялёным салдацкім сурдуце. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся.
Па вуліцы хадзіла колькі жаўнераў. З сваімі польскімі няспрытнымі жартамі яны зазіралі ў вокны, дзе былі дзяўчаты. Бушмар пайшоў на прыгуменне i сеў на бярвеннях. Быў ён тут нядоўга. Забразгалі дзверы, i дзве постаці пайшлі паволі на вуліцу. Бушмар краўся следам. Ён чуў, як паляк дробна сыпаў кавалерскімі жартамі, а Аміля, як шамкамі, звінела вясёлым смехам i пробавала адказваць нешта, падрабляючыся пад польскую мову:
– Цепер позна…
– Панна муві «цепер» – хо-хо!
Паляк сам рагатаў i ўсё трымаў за руку Амілю. Бушмар следам за імі выйшаў за апошнюю хату. У галаве яго стукала кроў, ён трымаў у зубах губу i краўся ззаду. Стараўся даслухаць гаворкі. Тут яму зноў прыйшлося прыпыніцца i стаць пад дрэвам, паляк доўга трымаў Амілю, пасля павёў назад у вуліцу. Яна ўсё смяялася, весела i гулліва. Бушмар iрваўся падбегчы да іх. Нарэшце яна зноў пайшла з ім з вуліцы. Так Бушмар прастаяў доўга. I што больш за ўсё страсянула яго, гэта Амілін смех, такі бесклапотны, шчыры, вясёлы. I гэтакі ж знаёмы яму.
Бушмар цярпеў i дачакаўся канца. Было з палавіна ночы, калі ён убачыў паляка аднаго. Той ішоў дарогаю, мінаючы ўбаку лес. Бушмар паўз лес абабег кругам i пайшоў насустрач.
– Хто? – гукнуў паручнік.
– Чалавек! – гукнуў у адказ Бушмар, падняў угару рукі i стаў так на дарозе.
Паручнік падышоў, трымаючыся за рэвальвер.
– Сконт?!
Бушмар як стаяў, кінуўся наперад i грунуў кулакамі паручніку ў грудзі. Той адно звіўся Бушмару пад ногі i духу не ўказаў.
Можа б, i не лішне ўзялі б на падазронасць Бушмара, каб ён праз дзён два недзе не знік з дому. Назаўтра пасля забойства паручніка знайшлі пасярод дарогі, i следства пачало трэсці кожную хату. Былі i ў Бушмара, але нічога не даводзіла яго вінаватасці, хiба толькі што сляды на снезе зварочвалі з дарогі на яго хутар. Але ж слядоў было шмат, i ці мала куды i чаго ходзяць людзі напрамік, каб карацей было? Аднак жа ён доўга не сядзеў дома. Калі на трэці дзень з'явіліся, каб забраць яго, у хаце знайшлі адну маці. Яна енчыла i стагнала, што Лявон паехаў да стрэчнага брата i вернецца дзён праз чатыры, бо брат жыве далёка, вёрст за трыццаць, «таксама на арэндзе ў найяснейшага князя». Яе перацягнулі колькі раз нагайкаю i дапыталіся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Аміля расказала ўсё, як гадзін за тры да развітання з польскім афiцэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасля «бавілася ў хаце i на вуліцы з панам паручнікам». Праз месяцаў два яе выпусцілі, а Бушмара i ў брата не знайшлі – счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.
Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён i вярнуўся. На адыходзе палякі хутар яго паскублі, дый так маці пачала рашаць гаспадарку, бо не было сілы ўпраўляцца адной.
Нiкому Бушмар ні ў чым не прызнаўся, нават самой Амілі, якая пасля прыйшла была сама да яго бледная i трывожная. За ласкавы i нявольніцкі зірк яе вачэй ён тады ж адвярнуўся ад яе.
– Не я забіў, – адказаў ён i мацеры.
I маці з таго была ўпэўнена, што сын яе не вінаваты. Час прайшоў, i пра цёмнае здарэнне толькі калі-нікалі ўспаміналі людзі. На Бушмара ж, можна сказаць, ніхто i не думаў цяпер.
Другі раз Аміля прыйшла была да яго ўжо нейк пад восень. Незвычайная для яе, нездаровая смеласць была ў вачах яе. Узбуджанасць прыкметна была ў ёй надзвычайная.
– Я прыйшла запытацца ў цябе, Лявон.
– Пытай.
Ён чуць-чуць паказаў зубы ад штучнага смеху.
– Цi iсці мне замуж? Да мяне адзін сватаецца.
– Калі добры чалавек трапляецца, дык iдзі.
У яе была трохi надзея на нейкі іншы адказ яго, пасля ж гэтага яна прыкусіла губы i пайшла шпарка. Ён упэўніў сябе, што добра зрабіў, напусціў на сябе весялосць, выбраўся на пару дзён да таго самага стрэчнага брата. Цяпер ён увесь аддаўся аднаўленню сваёй паскубленай гаспадарскай мярлогі.
Аміля ж, можа, i на злосць Бушмару, паслухала яго рады. Чалавек знайшоўся не кепскі. Яна пайшла замуж праз месяцаў чатыры пасля апошняга свайго прыходу да Бушмара. Ад гэтага замуства яна нарадзіла сына.