Читать книгу Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - Лявон Эдвардавіч Карповіч - Страница 10

Падзеі перад Нараджэньнем Ісуса. Нараджэньне, дзяцінства і юнацтва Ісуса Хрыста
Ахвяраваньне Дзіцятка Ісуса ў Сьвятыню

Оглавление

Калі мінула восем дзён пасьля нараджэньня Божага Дзіцяці, сьвятар учыніў на Ім абрад абразаньня. І дадзена было Яму імя Ісус. Гэтае імя, падказанае анёлам яшчэ да Яго нараджэньня, азначае: «Бог выбаўляе». Абразаньне было знакам саюзу заключанаму Богам з Абрамам васемнаццаць вякоў перад нараджэньнем Ісуса. Абрам разам з новым імем Абраам атрымаў ад Бога абяцаньне незьлічонага патомства.


«Абразаньне». Блёк пошты Грэнады (1987 г.) з выявай карціны Джаваньні Бельліні


Ад гэтага часу абразаньне сталася вонкавым выразамудзелу ў Божым абраньні ўсіх патомкаў Абраама.


Гэтую ж падзею намаляваў Альбрэхт Дзюрэр, а пошта Парагваю зьмясьціла на паштовай марцы, выпушчанай у 1982 годзе


Дзюрэр зьмяшчае сцэну абразаньня ў храме ў месцы Сьвятым. Заслону, якая аддзяляе Сьвятая Сьвятых, адхіляе Язэп, бо Хрыстос нарадзіўся і адкрывае людзям прыступку да Айца. Па левай старане сыметрычна постаці Марыі знаходзіцца незнаёмы назіральнік з сьвечкаю ў руцэ. Так аўтар пазначае пункт з якога павінна назірацца сцэна. Гледзячы на малюнак, глядач несьвядома атаясамлівае сябе з гэтым назіральнікам і становіцца ўдзельнікам сьвятой падзеі.

Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцьця Збаўцы Бог сьведчыць, што Ісус прыйшоў у сьвет не парушыць Закон, а выканаць яго.


Абрад абразаньня адлюстравалі на сваіх марках пошты Гішпаніі (1969 год, фрагмэнт карціны Алонса Кано і Лібэрыі (1983 г., фрагмэнт карціны Рафаэля)


Згодна Закону Госпада кожны першынец прысьвячаецца Богу. Таму, калі Ісусу споўнілася шэсьць тыдняў, Яго прынесьлі ў раскошны Ерусалімскі храм, каб скласьці адпаведную ахвяру як за першынца ды за ачышчэньне Маці, як сказана ў Законе Гасподнім, двух галубоў альбо двух галубіных птушанят (Паводле Лукаша 2:22—39).


На паштовай марцы Парагваю з 1970 года постаці старца Сымона і прарочыцы Ганны. Гэта рэпрадукцыя карціны Ганса Мэмлінга. На блёку Аргентыны, выдадзеным у 1990 годзе, бачым галубіных птушанят у руках Язэпа


Кожная назва ў Эвангельлі не зьяўляецца выадковай і адлюстроўвае розныя асьпекты сьвята. Так «Ачышчэньне» азначае выкананьне Закону Майсеевага, бо Закон прадпісвае жанчыне, што нарадзіла хлопчыка, сорак дзён ачышчацца ад «крыві», а потым адразу прынесьці щ храм ахвяру за сваё ачышчэньне.

Тут важна разумець, што жанчына ачышчаецца не ад нараджэньня, а менавіта ад крыві, якая суправаджае гэтую падзею, бо само па сабе нараджэньне дзіцяці ёсьць заўсёды чыстым і блаславёным. Кроў і пакуты, якія яго суправаджаюць, ёсьць знакам праклёну, які Бог наклаў на Еву за непаслушэнства і патрабуе ачышчэньня. Багародзіца была пазбаўленая гэтага праклёну паводле Божага Провіду.

Нараджэньне Хрыста было падобным да таго, як Ён пасьля Ўваскрэсеньня прыйшоў да вучняў праз зачыненыя дзьверы, так і тут не парушыў дзявоцтва Сваёй Маці. Але Яна прыйшла ў Храм, каб выканаць Закон, хаця не мела ў гэтым патрэбы. Яна прынесла ў Сьвятыню Таго, хто выбавіў Яе ад граху і праклёну – Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.


У 1982 годзе пошта краіны Антыгуа і Барбуда надрукавала на марцы рэпрадукцыю карціны Рафаэля «Ахвяраваньне ў храм»


«Ахвяраваньне» – таксама выкананьне Закону Майсея. Паводле яго мужчыны з калена Левія прызначаліся на службу ў Храме, а сваіх першынцаў ізраільцяне павінны былі выкупляць. Тое самае зрабіў і Язэп: ён прыйшоў у Храм, каб выкупіць Сына, але адначасова «пасьвяціць яго Госпаду» – значыць аддаць Богу назаўсёды і поўнасьцю. Выкананьне Закону было знакам дасканалай паслухмянасьці Богу. Як няпослух старога Адама прывёў да праклёну, так паслухмянасьць новага Адама – Хрыста – сталася збаўленьнем для людзей, пачаткам іх новай гісторыі жыцьця. І, у рэшце, гэтае сьвята ёсьць «Сустрэча». Збавіцеля не распазнаюць сьвятары, высокапастаўленыя служкі храма… Дзіцятка Ісуса сустракае Ганна-прарочыца. Канешне, яна чакала Збавіцеля, ведала, Хто такі Мэсія, пазнала Яго ў выглядзе Дзіцятка на руках Марыі. Але не толькі пазнала, а як сапраўдная прарочыца распавяла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўленьня ў Ерусаліме. І ў гэтым ёсьць прыклад для нас. Каб нам, калі мы пабачылі Бога ці ў асабістай сустрэчы, ці ў Сьвятым Пісаньні, ці ў Эўхарыстыі, ці ў Таямніцах Царквы, не стацца падобнымі да сьвечкі, якую схавалі пад пасудзінай, але наадварот – асьвятляць пакой – засьведчыць і прапаведаць Бога сьвету і тым, хто «чакае збаўленьня».


«Ахвяраваньне ў храм». Выява карціны Фра Барталамеа (Fra Bartolommeo) на блёку пошты Гаяны (1994 г.)


Самая ж сьветлая, напоўненая надзеяй сустрэча з Госпадам – у Сымона. Старэнькі сьвятар, які помніць яшчэ часы Юды Макавея, прыняў на свае рукі Бога. У час сваёй маладосьці, чытаючы Сьвятое Пісаньне, ён патрапіў у непаразуменьне ад словаў прарока Ісаі, які кажа: «… вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына.» Традыцыя расказвае, што ён падумаў, што гэта памылка: «Дзева зачне і народзіць». Сымон узяўся было сьцізорыкам сьцерці «Дзева», каб выправіць на «жанчына», але яго спыніў анёл Божы, які і пацьвердзіў праўдзівасьць напісанага, і прадказаў яму, што ён не памрэ, пакуль не пабачыць Мэсію.

Надышоў гэты шчасьлівы дзень. Сымон убачыў Хрыста. І што ён кажа да Бога? «Цяпер адпускаеш, Уладар, слугу Свайго ў супакоі…“, бо ён пабачыў збаўленьне сьвету, Сьвятло для прасьвятленьня ўсіх народаў. Сьмерць з гэтага моманту не так пужае, бо за змрокам – сьвятло і супакой.


Шчасьлівы дзень Сымона старца. «Ахвяраваньне ў храм» на блёку пошты Ніуэ (1989 г.). Выява карціны Рэмбрандта


Сымбалем гэтага сьвята ёсьць запаленыя сьвечкі. Сьвечка – сымбаль Хрыста, які прынёс сьвятло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы сьвечка таксама сымбалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла сьвятло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязьмежна ўзвысіў Яе. Але прынёсшы Дзіцятка Ісуса ў Сьвятыню, з вуснаў Сымона Марыя пачула прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз Яе душу» (Лукаша 2:34).


Марка пошты Емэну (1969 г.) з сэрыі, прысьвечанай візыту Папы. Карціна «Ахвяраваньня ў храм» Гіацынта Дыяна (Giacinto Diana (1730—1803)


Асьвячоныя ў дзень сьвята – «Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста» сьвечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небясьпекі стыхіі. Запаленую грамнічную сьвечку так сама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсьвяцейшая Дзева Марыя прывяла яго душу ў неба.

Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі

Подняться наверх