Читать книгу Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - Лявон Эдвардавіч Карповіч - Страница 5

Падзеі перад Нараджэньнем Ісуса. Нараджэньне, дзяцінства і юнацтва Ісуса Хрыста
Дабравесьце

Оглавление

Пасьля заручынаў да шлюбу Марыя жыла адна. У той час паслаў Бог Анёла Гаўрыіла ў горад галілейскі Назарэт да Марыі. «Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; браславёная Ты сярод жанчын. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога; і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус; Ён будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму не будзе канца. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; і будзе народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым; вось, і Альжбета, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц; бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл» (Паводле Лукаша 1:26—38).


«Дабравесьце» – малюнак з Армянскага рукапіснага Эвангельля 1280 г. на блёку, выдадзеным поштай Грэцыі ў 2001 г.


«Ён для нас людзей і для нашага збавеньня зышоў зь неба і дзякуючы Духу Сьвятому прыняў цела з Марыі Дзявіцы і стаў чалавекам» – абвяшчае урачыста Credo, cфармуляванае на Нікейскім і Канстантынопальскім Саборах у IV веку.


Рэпрадукцыя карціны «Дабравесьце» з раньніх работ Рафаэля Санці на блёку сумеснага выпуску пошты Францыі і пошты Ватыкану, надрукаваным у 2005 годзе


Бог зьвяртаецца да Марыі, каб празь Яе рэалізаваць свой адвечны плян. Чакае Яе даверу. Дыялёг, які вырашыў лёсы сьвету, стаў адной з найпапулярнейшых тэмаў у хрысьціянскім мастацтве ўсіх часоў.

Таямніца Увасабленьня, пачаткам якога ёсьць Дабравесьце, зьмяшчаецца ў сэрцы хрысьціянства. Адвечнае Слова, Сын Божы, сапраўдны Бог прыймае чалавечую прыроду, каб чалавек меў удзел у прыродзе Бога. Адбываецца гэта праз пасрэдніцтва Жанчыны, адаранай чалавечай свабодай.


«Дабравесьце» на паштовай марцы Польшчы, надрукаванай у 1960 годзе. Дэталь гатыцкага алтара працы Віта Ствоша ў Марыяцкім касьцёле ў Кракаве.


Барталаме Эстэбана Мурыльё, «Дабравесьце» на марцы пошты Выспы Кука 1975 года. Музэй Прада, Мадрыд, Гішпанія


«Дабравесьце» на марках краін Анцігуа і Барбуда (1991 г.), (Фра Анджэліка) і Парагваю (1975 г.), (Андрэа дэла Робі)


На карціне Эль Грэка, напісанай у 1614 годзе, адсутнічаюць элемэнты архітэктуры, якія ёсьць на іншых карцінах. Тут усю карціну займаюць нябесныя постаці. Дабравесьце паказваецца як зьява панадчасовая. Нават постаці Марыі і Анёла выцягнутыя, здаецца, што яны ўзносяцца ў паветра. Гэта яшчэ больш падкрэсьлівае надпрыродную прычыну зачацьця.


Рэпрадукцыя карціны Эль Грэка «Дабравесьце» на марцы пошты Гвінэі Экватарыяльнай, выдадзенай у 1972 г.


Фігура Духа Сьвятога, зыходзячага на Марыю ў выглядзе галубіцы, становіцца цэнтральнай. Аточаны Ён бляскам, напамінаючым ясны агонь. На Ім канцэнтруецца ўвага, бо Ён вінавайца адбываючагася цуду.


Эль Грэка, «Дабравесьце» на блёку Мазамбіку, выдадзеным у 2001 годзе


Эль Грэка, мастак родам з Крыту, зьяўляецца аўтарам не менш дзесяці карцін пад назвай «Дабравесьце». Працаваў над сваімі карцінамі ў Вэнэцыі, Рыме і Гішпаніі. Яго карціны нельга зблытаць з працамі іншых мастакоў нават недасьведчанаму чалавекку.

Праўда ёсьць такая, што пораўні людзкі як і боскі памер таямніцы Дабравесьця ўвесь час зьдзіўляе, прамаўляе да сэрца і зьмяняе тых, каторыя ведаюць пра гэту таямніцу, над гэтай таямніцай задумваюцца, хочуць і гатовыя зьмяняцца.

Але, ці хочам гэтага мы? Ці знаходзім мы для гэтага час?

Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі

Подняться наверх