Читать книгу Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - Лявон Эдвардавіч Карповіч - Страница 3

Падзеі перад Нараджэньнем Ісуса. Нараджэньне, дзяцінства і юнацтва Ісуса Хрыста
Нараджэньне Маці Божай

Оглавление

Незадоўга да Нараджэньня Хрыста ў невялікім горадзе Галілейскім Назарэце жылі праведныя Ёакім з роду прарока і цара Давіда і Ганна з роду першасьвятара Аарона. Яны ня мелі дзяцей. А гэта ў тыя часы лічылася пакараньнем за грахі, так успрымалі іх стан суайчыньнікі. Аднак яны не гублялі надзеі на літасьць Божую і далі абяцаньне прысьвяціць Богу для служэньня ў храме дзіця, калі яго пашле ім Гасподзь. Аднойчы старац Ёакім прыйшоў у Ерусалімскі храм, каб прынесьці Богу ахвяру. Але першасьвятар не прыняў ахвяру, бо лічыў Ёакіма нявартым гэтага з-за бязьдзетнасьці. У вялікім смутку Ёакім пайшоў у пустэльню, дзе са слязьмі маліўся Богу аб дараваньні яму дзіцяці. Ганна, даведаўшыся што здарылася з мужам, таксама шмат і шчыра малілася. «Усё на зямлі прыносіць плод свой Богу; калі б у мяне было дзіця, я таксама прысьвяціла б яго Богу». Не паспела яна так падумаць, як зьявіўся перад ёй анёл і сказаў: «Ганна, твая малітва пачута Богам. У цябе скора народзіцца дачка; цераз яе будзе дадзена выратаваньне усяму сьвету і назавеш ты яе Марыяй. Імя гэта азначае «Ўзвышаная».

Анёл зьявіўся і Ёакіму і сказаў: «Бог прыняў малітву тваю і яўляе табе сваю мілату – жонка твая скора народзіць дачку Марыю, і народзінамі яе ўзрадуецца ўся зямля. І вось табе знаменьне: ідзі да храма Ерусалімскага і там, ля Залатых варот, сустрэнеш жонку тваю, каторай павядомлена тое, што і табе»


У 1999 годзе пошта Ізраіля паказала на сваёй марцы рэпрадукцыю малюнка Дэвіда Робертса, на якім ён намаляваў Калодзеж Дзевы Марыі, што знаходзіцца ў цэнтры Назарэту. Сюды магчыма прыходзілі па ваду бацькі Марыі і Марыя


Ёакім паспяшаў у Ерусалім і сустрэў жонку ля Залатых варот.


У 1992 годзе пошты Швецыі і Расіі ажыцьцявілі сумесны выпуск марак з рэпрадукцыямі ікон «Cустрэча Ганны і Ёакіма»


Падзея знайшла адлюстраваньне на іконах і карцінах. У хрысьціянскай рэлігіі (праваслаўі, каталіцызьме, уніяцтве) абраз, ікона – гэта выявы Ісуса Хрыста, Богамаці і сьвятых, якія маюць культавае прызначэньне).

Гісторыі Ганны і Ёакіма прысьвяціў свае творы Джота ды Бандонэ (італ. Giotto di Bondone, каля 1267—1337). «Сцэны з жыцьця Ёакіма і Ганны», ён намаляваў на сьценах капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі ў 1305 годзе. Пачынаецца апавяданьне ў левым верхнім куце правай сьцяны і ўвесь гэты ярус прысвечаны падзеям, якія напаткалі Ёакіма і Ганну – бацькоў Марыі, Маці Хрыста. Фрэскі цыклу «Жыцьцё Ёакіма і Ганны» уключаюць наступныя падзеі:

– 1. Выгнаньне бязьдзетнага Ёакіма з храма.

– 2. Ёакім сярод пастухоў.

– 3. Зьвеставаньне Сьвятой Ганне.

– 4. Ахвярапрынашэньне Ёакіма.

– 5. Сон Ёакіма.

– 6. Сустрэча ля Залатых Варот.


У 1972 годзе пошта Арабскага Эмірату Аджман выпусціла ліст з шасьці марак, на якім адлюстраваны рэпрадукцыі апошніх пяці фрэсак. Момант сустрэчы ля Залатых Варот Ерусаліма паказаны на чацвёртай і шостай марках


Мастацтвазнаўцы пішуць, што ў гісторыі мастацтва цяжка знайсьці твор больш кранальны, чым гэта фрэска. На мосьце перад гарадскімі варотамі, нібы сьвятадзейнічаючы, урачыста і прымірэнча абдымаюць адзін аднаго двое старых, але яшчэ дужых людзей. Адчуваючы ўзаемную прыхільнасьць, яны адгадваюць пачуцьці і думкі адзін аднаго і адгукаюцца на іх. Тут сплятаюцца не целы, а душы. Па адной з легенд менавіта ў гэты момант была зачатая Марыя ад пацалунку мужа і жонкі.

Але радасьць пагадненьня ўтойвае ў сабе рок у выяве загадкавай жанчыны ў чорным, якая стаіць трохі наводдаль ад іншых жанчын, што выйшлі насустрач Ёакіму. Яна перасьцерагае і нагадвае, што бясхмарных радасьцей няма, і што за кожную хвіліну шчасьця будучыня адгоджвае нягодамі, прадказвае слаўны, але трагічны лёс Мацi Божай.


Магчыма таму на марцы пошты Кампучыі з 1985 года паказаны толькі гэты фрагмент фрэскі, на якім адсутнічаюць Ганна і Ёакім, а бачым толькі сьведкаў гэтай сустрэчы. Яе дапаўняе марка пошты Італіі (2003 г.), на якой паказаная хвіліна сустрэчы Ёакіма і Ганны і жанчына ў чорным. Выданьне прасьвечана 700-сотай гадавіне асьвячэньня царквы Сьвятой Марыі Міласэрднай у 1303 годзе папам Рымскім


«Тым часам прайшлі пакладзеныя ёй месяцы, і Ганна ў дзявяты месяц нарадзіла і спытала спавівальную бабку: каго я нарадзіла? Адказала тая: дачка. І сказала Ганна: узвысілася душа мая ў гэты дзень, і паклала дачку. Паз некалькі дзён Ганна паправілася, і дала грудзі дзіцяці, і назвала яе Марыя». «Протаэвангельле Якава» (Гісторыя Якава пра нараджэньне Марыі).


Багародзіца ў тысячу разоў часьцей сустракаецца на карцінах, чым у Біблейскіх тэкстах. Але марак, прысьвечаных нараджэньню Марыі, адзінкі. Таму вельмі прыемна, што ў 1996 годзе пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла Блёк з маркай, на якой разьмешчаны відарыс іконы, намаляванай Пятром Яўсеевічам з Галынца ў 1649 годзе «Нараджэньне Маці Боскай». Ікона зьберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі


Пад сьветлакарычневым балдахінам з зялёнай на карычневай падкладцы драпіроўкай на пасьцелі пад чырвонай коўдрай, аблакаціўшыся на падушкі, сядзіць Ганна ў сінім адзеньні і белай з чырвонымі затканымі палосамі намітцы. Побач стаяць служанкі з дарамі. Справа сядзіць Ёакім з кіем у руцэ. На пярэднім пляне – сцэна купаньня Маткі Боскай дзьвюма служанкамі. Гэта адзіны падпісаны аўтарам твор сярод твораў 17 ст. на Беларусі. Пётр Яўсеевіч намаляваў этнаграфічна дакладную карціну сялянскага быту Магілёўшчыны. Але будзем памятаць, што Маці Боская нарадзілася ў Ізраільскім горадзе Назарэце. Там прайшло дзяцінства Марыі.


Частка карціны Барталоме Эстэбана Мурыльё «Нараджэньне Найсьвяцейшай Багародзіцы» (Люўр, Парыж) разьмешчана на марцы пошты Сьра Леонэ (1994 г.)


Мастак паказаў, што нараджэньне Маці Божай адбылося ў асяродзьдзі бязьмернай любові, ў кругу анёлаў, якія клапаціліся пра яе з моманту яе нараджэньня.


«Нараджэньне Марыі». Выданьне пошты краіны Аджман (1972 г.)


У верасьні, менавіта гэтай залатой парой, адзначаецца Сьвята Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы Марыі як дзень сусьветнае радасьці. Нараджэньне Багародзіцы наблізіла прышэсьце на зямлю Царства Нябеснага.


У 1452 годзе Філіпіна Ліпі (італ. Filippino Lippi; 1457/58—18 красавіка 1504) стварае адну з лепшых сваіх карцін: тонда «Мадона з немаўлём і сцэны з жыцьця сьвятой Ганны» (Флярэнцыя: гал. Палаціна палац Піці). На марцы пошты Анцігуа і Барбуда (1966 г.) фрагмэнт карціны. Справа Ганьне паказваюць загорнутую ў пялёнкі Марыю


Бацькі Марыі Ёакім і Ганна адносіліся да яе не толькі як да сваёй дачкі, але і як да скарбу, абяцанага Богу.


На левай сьцяне капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі намаляваная ў шасьці сцэнах гісторыя Марыі, якая працягвае гісторыю Ёакіма і Ганны – бацькоў Марыі. Першыя дзьве фрэскі гэта: 1. Нараджэньне Марыі. 2. Уводзіны Марыі ў Храм. Яны на марках пошты Арабскага Эмірату (1972 г.)


Калі дзяўчынцы споўнілася тры гады, бацькі сабралі родных і знаёмых, адзелі Марыю ў сьвяточнае адзеньне і пайшлі ў Ерусалім. Калі яны падышлі да храма, насустрач выйшаў першасьвятар Захарыя ў суправаджэньні іншых сьвятароў. Ганна паставіла Марыю на першую ступеньку і хацела весьці яе за руку, але ўсім на зьдзіўленьне дзяўчынка сама ўзышла па пятнаццаці ступенях храме без дапамогі.


«Увядзеньне Багародзіцы ў храм» рэпрадукцыю карціны Філіпа Ліпі на блёку пошты Лесота (1988 г.)


Пошта Балгарыі ў 1977 г. у сэрыі ікон IX – XIX ст. на адной з марак адлюстравала ікону «Увядзеньне Багародзіцы ў храм»


Першасьвятар зразумеў, што гэта дзіцё незвычайнае і ўвёў яе ў «Сьвятое сьвятых», куды ён сам мог заходзіць толькі раз у год для ахвяраваньня.

Нараджэньне Дзевы Марыі маці Ісуса Хрыста не было падзеяй выпадковай, бо ёй была адведзеная важная роля ў ажыцяўленьні Боскай ідэі выратаваньня чалавецтва. Менавіта жанчына і паклала яму аснову і застаецца на ўсе часы носьбіткай духоўнасьці і чысьціні.

У храме Марыя навучалася Сьвятому Пісаньню і рознаму рукадзельлю.


Намаляваў Малалецтва Мадонны мастак Дэ Сурбаран Франсіска (1598 – 1664). Пошта Расіі ў 1985 годзе выдала марку з рэпрадукцыяй гэтай карціны


Жыцьцё Прасьвятой Багародзіцы – гэта прыклад любові да Бога, любові да бліжняга, духоўнасьці. Яна – адзіная Дзева, душа якой не была абцяжарана ніводным грахом, ні на адзін момант. Паломнікі, пабыўшы ў Назарэце, сьведчаць, што неба там асаблівае, непараўнальнае ні з чым, яркаблакітнага колеру. Блакітны колер – сымбаль Божай Маці, яе чысьціні і духоўнасьці. Таму ўсе храмы ў яе гонар (асабліва драўляныя) прыгожага блакітнага колеру.

Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі

Подняться наверх