Читать книгу Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - Лявон Эдвардавіч Карповіч - Страница 8
Падзеі перад Нараджэньнем Ісуса. Нараджэньне, дзяцінства і юнацтва Ісуса Хрыста
Нарадзіўся вам сёньня Збаўца
ОглавлениеСлова сталася целам і пасялілася між намі.
Паводле Яна 1:14
Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем.
У 1981 годзе пошта Вялікабрытаніі выпусьціла сэрыю марак «Каляды вачыма дзяцей». На адной зь іх Язэп і Марыя набліжаюцца да Віфлеему
Ад Назарэту да Віфлеему было болей двухсот кілямэтраў. Такое падарожжа ў тыя часы патрабавала некалькі дзён праз гарыстую цяжкую для падарожжа, нават здаровым і сільным, Самарыю. Якая адважная была Марыя!
На марцы Новай Зэляндыі, надрукаванай у 2000 годзе, цяжарная Марыя на осьліку ў суправаджэньні Язэпа вандруюць па Самарыі да Віфлеему. Галаву Марыі ахінае німб, Язэп пяшчотна глядзіць на жонку
Мастак Пітэр Брэйгель (Нідэрлянды, Фляндрыя) у 1566 г. намаляваў карціну «Перапіс у Віфлееме» (Брусэль. Каралеўскі музэй вытанчаных мастацтваў). Пошта Бэльгіі ў 1969 г. выпусьціла марку, на якой вылучыла з карціны дэталь – Язэп з Марыяй, якіх цяжка знайсьці на карціне недасьведчанаму гледачу
Маленькі пахілены чалавечак вядзе за сабой осьліка, на якім сядзіць кабета ў зялёнай накідцы. Ніхто на іх не зьвяртае ніякай увагі. Ніхто не здагадваецца, што тут народзіцца Сын Божы.
І, пакуль сям'я змагла дабрацца да месца, усе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды.
Пошта Панамы на марцы (1997 г.) адлюстравала, як Марыя і Язэп шукаюць жыльлё ў Віфлееме
Тут у пячоры, уся мэбля якой складалася зь ясьляў з саломай, нараджаецца Збаўца. Слова становіцца целам і пасялілася між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!
Так Бог умілаваў сьвет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
За сотні гадоў да нараджэньня Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсьце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, зьмешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае зь іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе зьмею. Гэта быў плян выратаваньня грэшнага чалавека і вяртаньня яму бессьмяроцьця: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быцьцё 3:15).
У 1986 годзе пошта Германіі выпусьціла марку і картмаксімум з відарысам Ортэнбергерскага Алтара (Ortenberger) з 1430 г.
Цудоўны вобраз укленчанай Марыі ў ціхім ушанаваньні і малітве перад ляжачым маленькім Дзіцяткам. Марыя нарадзіла Яго ў спосаб надпрыродны і першая аддала ўшанаваньне і паклон Дзіцятку, абнятаму прамяністай Глорыяй, згодна са словамі Сьвятога Пісьма: «Якога парадзіла і ўшанавала…». Дзіцятка, лежачы ў ясьлях з правай рукой у жэсьце бласлаўленьня, сымбалізуе Боскасьць і паўнату розуму ад хвілі Свайго нараджэньня. Паказаная далей стайнячка, вельмі ўбогая, сымбалізуе руіны дому Давіда, які калісьці быў каралём, і надыход новай эпохі. Бо нарадзіўся Той, Чыё каралеўства будзе «зацьверджана навекі», Які збудуе «новы дом».
Люстраное адбіцьцё малюнка з маркі Германіі мы бачым на выпушчанай у 1998 годзе марцы пошты Польшчыю. Грудзяцкі Алтар (каля 1390 г.), Нарадовы Музэй ў Варшаве
Дзень Божага нараджэньня ад IV веку, часу ўстанаўленьня гэтага сьвята, стаў днём асабліва ўрачыстым у сьвеце хрысьціянскім. Сама падзея нараджэньня Ісуса Хрыста апісана вельмі суха ў Эвангельлях Мацьвея (1:18—25) і Лукаша (2:1—7). Людзкая набожнасьць патрабавала больш шырокага апісаньня Божага Нараджэньня. Гэта прывяло да шматлікіх проб адлюстраваньня гэтай тэмы ў розных формах мастацтва, пачынаючы з сярэдніх вякоў да цяперашняга часу. Многія з твораў паслужылі ілюстрацыямі да паштовых марак, якія выпускаюцца ва ўсіх краінах сьвету. На марках зьяўляюцца відарысы твораў Рафаэля і Джота, Дзюрэра і Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла і Тыцыяна, Батычэлі і Рубенса, Бэрніні і Пусэна, Рэмбрандта і Караваджа, Бацічэлі і Брэгеля, Іванова і Шагала…
Першая марка, прысьвечаная Божаму Нараджэньню, зьявілася 7 сьнежня 1898 года і дала пачатак новай тэме ў філятэліі. З таго часу колькасьць марак, прысьвечаных Божаму Нараджэньню, вырасла да тысяч і выдаецца поштамі усіх краін сьвету.
Божае Нараджэньне на марцы пошты Парагваю з 1971 г. з выявай карціны Конрада фон Суста (1404 -?) (Konrad von Soest)
У першай палове XV стагодзьдзя асаблівых рысаў набрала сцэна нараджэньня Хрыста, якая атрымала назву «Ушанаваньне Дзіцяткі». Стала яна адной з найважнейшых ілюстрацый тэмы прышэсьця Ісуса на сьвет.
Карціна, намалёваная мастаком Антоніа Карэджа (1489—1534) адлюстравана на адным з самых вялікіх блёкаў (173х235 мм), які выпушчаны поштай Карэі ў 1983 годзе
«Каляды – дзіўныя дні, незвычайныя. Быццам адкрываецца ў гэты час неба, адмыкаецца зямля, а ўсё тое іншае, нябачнае выпускае на сьвет белы сваіх насельнікаў». Тацяна Валодзіна.
Першая беларуская марка, прысьвечаная нараджэньню Ісуса Хрыста, надрукавана 23 сьнежня 1997 года. На марцы адлюстраваны звычай калядаваньня на Сьвята Божага Нараджэньня, калі каляднікі ў калядных строях з Віфлеемскай зоркай абходзяць дамы з Каляднымі песьнямі
Сьвяты час Божага Нараджэньня злучае нашы думкі і сэрцы, аб’ядноўвае нас сілаю міласьці Бога да чалавека і чалавека да Бога, напаўняе радаснай удзячнасьцю, якую прыносім Айцу за Яго неабсяжную міласьць да людзей, каторую абьявіў у сваім Сыне. Адбываецца гэта пры адной умове: мы павінны гэтага моцна хацець.
«Нарадзіўся голы, гаворыць Бог, каб ты мог вырачыся самога сябе.
Нарадзіўся ўбогі, каб ты мог лічыць Мяне адзіным багацьцем.
Нарадзіўся ў стаенцы, каб ты навучыўся асьвячаць кожнае месца.
Нарадзіўся слабы, каб ты ніколі Мяне не баяўся.
Нарадзіўся з любові, каб ты ніколі не ўсумніўся ў Маёй любові.
Нарадзіўся ноччу, каб ты паверыў, што магу асьвяціць усялякую рэчаіснасьць, ахутаную цемрай.
Нарадзіўся ў абліччы чалавека, гаворыць Бог, каб ты ніколі не саромеўся быць сабою.
Нарадзіўся як чалавек, каб і ты мог стаць сынам Божым.
Нарадзіўся, церпячы перасьлед з самага пачатку, каб ты навучыўся прымаць усялякія цяжкасьці.
Нарадзіўся ў беднасьці, каб ты быў просты ў адносінах да людзей.
Нарадзіўся ў тваім чалавечым жыцьці, гаворыць Бог, каб усіх людзей прывесьці да дома Айца».