Читать книгу Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі - Лявон Эдвардавіч Карповіч - Страница 9
Падзеі перад Нараджэньнем Ісуса. Нараджэньне, дзяцінства і юнацтва Ісуса Хрыста
Пастухі – першыя наведвальнікі Ісуса
ОглавлениеВакол Бэтлеема раскінуліся прасторныя пашы, дзе ў час нараджэньня Ісуса пастухі ноччу вартавалі свае статкі, каб які зьвер каб які зьвер не ўбіўся ў статак і не нарабіў шкоды. «Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім. І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям: бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь; і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях» (Лукаша 2:8—11).
Так гэта падзея адлюстраваная марцы Грэнады, выдадзенай у 1977 годзе і на марцы Гішпаніі, выдадзенай у 1972 г.
Так пастухі сталі першымі.
«І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога ізаклікаючы: слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля» (Лукаша 2:12,13).
«Войска нябеснае» на марцы Сэнт Вінсэнта (1997 г.) і Грэцыі (2000 г.)
Людзі па прадказаньню прарокаў з нецярпеннем чакалі прыходу Мэсіі. Таму не дзіўна, што пастухі, пачуўшы такую навіну, пакінуўшы статак, пабеглі ў Бэтлеем.
«Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь. І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях» (Лукаша 2:14,15).
«Сьвятая сямья». Карціна Тыцыяна на марцы Новай Зэляндыі (1963 г.)
Сцэны зьяўленьня анёла і нябеснага воінства пастухам і наведваньня пастухамі Дзіцяткі адлюстравана многімі мастакамі ў сваіх творах, што, у сваю чаргу, надрукавана на паштовых марках розных краін.
У глыбіні карціны, калі прыгледзецца, убачым анёла, які абвяшчае добрую навіну пастухам, а на пярэднім пляне адзін з пастушкоў ужо падзіўляе Дзіцятка.
Пошта Аўстраліі на прыгожым блёку ў 2013 годзе адлюстравала карціну мастака Пола Ньютана, на якой пастухі – першыя наведвальнікі Ісуса падзіўляюць Дзіцятка
А калі ўбачылі, то расказалі ўсім, адкуль яны даведаліся, што нарадзіўся Хлопчык. Усе, пачуўшы гэта, былі вельмі зьдзіўленыя тым, што пастухі расказалі ім. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім. Вярнуліся пастухі да свайго статку, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны чулі і бачылі, у адпаведнасьці з тым, што ім было сказана.
Пастухі – першыя наведвальнікі Ісуса на марках Мадагаскара (1984 г.) і Ауцітакі (1988г.)
Сцэну наведваньня пастухамі Дзіцяткі намаляваў у сваёй працятай трапятаньнем карціне Карэджа (1489—1534) італьянскі жывапісец Высокага Адраджэньня. Немаўля Хрыстос азорвае карціну чароўным сьвятлом, сьвятлом гэтак яркім, што жанчына ля яго прымушана засланяць вочы ад гэтага асьляпляльнага зьзяньня. Кій пастуха вядзе погляд гледача ў глыб кампазыцыі, накіроўваючы яго ўгару да анёлаў, якія ў сваю чаргу, паказваюць уніз на Немаўля.
У 1967 годзе пошта Англіі таксама выдала марку з яскравым малюнкам, прысьвечаным наведваньню пастухоў
Палюбуемся блёкам пошты Мікранэзіі (1996 г.) з выявай карціны Антоніса Ван Дэйка. Арыгінал карціны «Пакланеньне пастухоў» знаходзіцца ў царкве Прасьвятой Багародзіцы ў Дэдэрмундзе (Бэльгія). Незвычайна, што адзін з пастухоў жанчына
«Пакланеньне пастухоў» адлюстравалі на марках пошты Злучаных Штатаў Амэрыкі (1971 г.) і Рас – эль – Хаймы (1972 г.)
Сеньня, сьвяткуючы Эвангельле, паўсюдна бачым шопкі – ідылічную, салодкую карцінку, якая паўтараецца ў шматлікіх сцэнках Раства, якія паказваюцца падчас Калядаў. Гэтыя інсцэніроўкі ідэальна падыходзіць для сьвяточнага настрою, у якім мы знаходзімся ў гэты тыдзень. Ці не губляем мы аднак таго, што адбылося ў рэчаіснасьці? Габрэі чакалі на працягу стагодзьдзяў (і яшчэ чакаюць) на прыход Мэсіі. Ад Дабравесьця адбываліся падзеі, якія паказвалі, што гэта не звычайнае Дзіця. Калі Яно нарадзілася, анёл паслаў да яго пастухоў, кажучы ім, што адбылося. Яны пайшлі, знайшлі Дзіцятка, расказалі іншым, што адбылося. Складаецца такое ўражанне, што нечага, пры апісаньні гэтай падзе ў Бібліі, не хапае. Як бы штосьці прапушчана. Чаму навіна не распаўсюдзілася па ўсім Бэтлееме?
У 2005 годзе пошта Бразіліі выпусьціла прыгожы блёк з рэпрадукцыяй карціны мастака Оскара Пэрэйры да Сільва. Пастухі падзіўляюць Дзіцятка ў ясьлях
На полі блёку бачым Бэтлеемскую зорку і трох вандроўнікаў, якія рухаюцца за ёю. Хто яны? У левым куце бачым, што гэта тры каралі, тыя каму належыць наступнымі адведаць Збавіцеля. Над усімі Сьвяты Дух у выглядзе галуба, і лятаюць навокал вясёлыя і радасныя анёлкі.
Нарадзіўся Збаўца, а большасьць паводзіць сябе як бы нічога ня здарылася! Напэўна габрэі чакалі, што Мэсія зьявіцца ў залатой калясніцы, якая спусьціцца з неба, ці яшчэ ў які дзіўны, алё адпаведны падзеі, спосаб? Народзіны ў стайні ніяк не адпавядалі чаканьням. Ці мы не жывем такімі самымі пачуцьцямі? Молімся, просім Бога дапамагчы і чакаем на цуд, не зважаючы, што Бог пасылае людзей, якія гатовы нам дапамагчы, але мы на іх увагі, не звяртаем таму, што чакаем анёла? Гэта як у тым анекдоце, калі людзі, уцякаючы ад навадненьня, хочуць забраць з сабой сьвятара. Але ён адмаўляецца, гаворачы, што верыць у Боскую дапамогу. Вада ўсё прыбывае, зноў падплываюць людзі і клічуць сьвятара. Але сітуацыя паўтараецца. Праз некаторы час вада даходзіць да вежаў храма і новыя людзі, убачыўшы сьвятара, які чапляецца за званьніцу, каб не патануць, клічуць яго да лодкі. Але сьвятар рашуча адмаўляе, бо верыць у цуд. Нарэшце вада затапіла і вежы храма, так што сьвятар патануў. Па сьмерці стаіць перад Богам і з крыўдаю гаворыць: так верыў у Цябе і што? А Бог на гэта кажа: дурань, тры разы пасылаў табе дапамогу, чаму не скарыстаў?