Читать книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская - Страница 2

Оглавление

Медны шэлег – гэта вам не срэбны грош… І тым болей не чырвоны талер.

Але каб вызначыць, куды далей рушыць з гэтага няўтульнага раздарожжа, дзе толькі і ёсць што тры асіны, пахілены драўляны крыж ды вялізная, як саксонскі ложак караля Аўгуста, і бяздонная, як кішэні ягоных амаратаў, лужына, дык і мядзяк прыдасца.

Пранцысь – учорашні навучэнец Менскага езуіцкага калегіюму, а сёння – прайдзісвет, галадранец, валацуга, галыганец ды як яго там яшчэ ўшаноўвала гандлярка булкамі на Ніжнім рынку, і што наперадзе – невядома, бо ў васемнаццаць гадоў нават святы Францішак Асізскі меў у галаве вецер, а ў руках – чарку віна…

Праўда, віном, салодкім і спакусным, нібы яблык у руцэ прабабулі Евы, як відаць, пачаставацца Пранцысю выпадзе яшчэ не хутка… Маем на ўвазе – за ўласны кошт.

Але дзе-небудзь ды знойдзецца халяўны келіх для не дужа моцнага, але ладнага блакітнавокага шкаляра з усмешлівымі вуснамі і ўпартым русявым чубам…

Дзе?

Пранцысь падкінуў шэлег уверх. Шэлег вярнуўся назад нібыта неахвотна, некалькі разоў перакруціўшыся ў паветры – ясная справа, кампаніі, нават такой жа мядзянай, у торбе гаспадара яму не прадбачылася. Баявіты вершнік з мечам на цьмяным твары манеты скакаў у бок Валожына. А можа, Варшавы… Ці Дрэздэна…

А чаму б шкаляру, які дасканала авалодаў кухоннай лацінкай, не дайсці да Дрэздэна ці нават Рыма? Паўсюль знойдзецца таўсманная гандлярка булкамі, якая час ад часу страчвае пільнасць дзеля вельмі карыснага для разгону флегмы і спальвання лішняй жоўці перабрэху з суседкамі па кірмашы, і ўжо, ясная справа, не здольная дагнаць жвавага, як вадкае срэбра, нашчадка згалелага шляхецкага роду Вырвічаў герба “Гіпацэнтаўр” – на якім некалькі стагоддзяў кентаўр з сімпатычным, дужа рахманым тварам замахваецца мячом на ўласны хвост, што ператварыўся ў ікластага цмока. Бацька, пан Даніла Вырвіч, а ён часам прыпадабняўся пасля карчмы пабітаму цмоку, казаў, выява на іхнім гербе азначае, што ў кожным хаваецца і анёл, і пакорлівая жывёла, і драпежны звер, і трэба заўсёды мець пры сабе бліскучы меч шляхецкай годнасці ды адвагі, каб застацца чалавекам…

Асіны мілажальна зашаргацелі вузкімі лістамі, нібыта касцельныя дэвоткі заскавыталі ў спіну: ой, прападзе, скруціць голаў, загубіць душу сваю грэшную неслух чубаты…

А Пранцысь перахрысціўся на пахілены крыж з парэшткамі аброчнага рушніка, гадоў дваццаць таму вытканага зляканай, што не павядуць да шлюбу, альбо што не вернецца са слаўнага каралеўскага войска ейны чалавек, ткаляй… Паправіў на галаве шляхецкую шапку з сапраўдным, хаця й паедзеным моллю собалем і жаўтаватым дыяментавым гузам – адзінае, што старэйшы пан Вырвіч змог падарыць сыну-студыёзусу, акрамя пацямнелага ад часу прадзедавага залатога сыкгнету ды шаблі з выгравіраваным на дзяржальне гербам “Гіпацэнтаўр”. Старанна начышчаны Гіпацэнтаўр быў ганебна пакінуты ў канвенце – інтэрнаце калегіюма падчас тэрміновай рэтырацыі… Пранціш здушыў горкі ўздых пры ўспаміне пра страчаную шляхецкую зброю і рушыў – туды, куды вецер дзьме, лятуць першыя восеньскія лісты і аблокі і птушкі Сімург і мроі недавучаных шкаляроў езуіцкага калегіюма.

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Подняться наверх