Читать книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская - Страница 5

Раздзел трэці. Як Пранціш пазнаёміўся з ваевадзянкай і ледзь не страціў алхіміка

Оглавление

Раніца пачалася з галаўнога болю. Гэткая нармальная шляхецкая раніца. Пранціш ледзь прадраў свае калісьці ясныя блакітныя вочы. Ён ляжаў у ложку не самым шыкоўным, але ўсё-ткі ў ложку, а не на падлозе… Хаця й на адвечным для прыдарожнай карчмы сенніку. Падобна, ім вылучылі, як ганаровым гасцям, пакойчык на другім паверсе. Адэліна ласка? Памяць патроху вярталася, і гэта не радавала. Няўжо яго сюды прынёс Лёднік? Пранціш успомніў, як выхопліваў келіхі з-пад аб’ёмістага носу доктара з радасным адчуваннем, што гэта сапраўдны подзьвіг, і шчокі загарэліся ад сораму. А дзе той доктар? Ці не збег? Вырвіч паспрабаваў прыўзняцца, але ад гэтага свет паплыў купальскім карагодам, нават водбліскі вогнішча прымсціліся… А Божачкі, як галава баліць!

– Што, нашукаўся пан ін віна верытас? – насмешны голас побач успрыняўся з палёгкай. Шкаляр павярнуў галаву, ад чаго ўваччу сцямнела. Калі туман разамгліўся, Пранціш зразумеў, што доктар, ужо без сваёй чорнай мантыі, у адной белай кашулі і саксонскіх нагавіцах, мяшае ў кубку нейкі адвар, ад якого ідзе пах сабачае мяты.

– І часта пан Вырвіч даходзіць да такога стану? – насмешна прарыпеў алхімік.

– Я не люблю быць такім… Такім, як мой бацька…

Вырвіч адразу пашкадаваў сваіх словаў… Што значыць, п’яны рот на замку не трымае, embritas et amor cuncta sekreta produnt. Але Лёднік нават не хмыкнуў. Толькі папытаўся, працягваючы нешта калбаціць у кубку:

– А вось што мне цікава… Пан мой такі баявіты, а без шаблі. Відаць, у геройскай сечы сваю зброю пакінуў?

– Ага, у сечы… – вось жа ўмее людзей цвеліць. – У канвенце забыўся.

– Значыць, уцякаць давялося… Няўжо дачку якога прафесара спакусіў?

Злыя словы Лёдніка, аднак, гучэлі хутчэй буркатліва, чым з’едліва, тым болей сам ён тыцнуў гаспадару пад нос гліняны кубак з адварам.

– Падымайся…Пі…

І нават дапамог прыўзняцца. Пранціш таропка глынуў гарачую вохкую вадкасць – смажыла страшэнна… Уваччу амаль адразу праяснілася, сцішыўся галаўны боль. Добра мець свайго лекара!

Між тым Лёднік глядзеў на юнака неяк дзіўна.

– І ты не папытаўся, што ў кубку? Не загадаў мне адпіць самому? А калі б я табе атруту падліў?

– А што, ты мог? – весела папытаўся Вырвіч, адкідваючыся на сеннік. Алхімік моўчкі стаяў над ім, худы твар яго яшчэ больш выцягнуўся… І Пранціш раптам зразумеў, што лекар не звык, каб яму вось так верылі. Відаць, сярод не самых лёгкіх бліжніх туляўся…

– Можаш быць спакойны, пан Францыск, я падаваў людзям толькі лекі…– голас алхіміка гучэў глухавата, нібыта ён усё яшчэ быў уражаны.

– А я і не пераймаўся! – Пранціш салодка пацягнуўся. Ведае ж алхімік сваю справу! Нават млосць прайшла… Эх, як добра, калі цябе не будзяць ледзь не з першымі пеўнямі, каб уставаць на ўрокі… Зараз бы шаблю ў рукі, ды на каня, ды каб за табой вернае войска! Дзе тая шабля з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам…

– Дарэчы, я не Францыск, а Франтасій!

Лёднік шчыра здзівіўся.

– Таксама праваслаўны?

– Вырвічы веры не мяняюць! – горда паведаміў Пранціш. – А мой святы абаронца, пакутнік Франтасій, уга які святы! Яму і ягоным паплечнікам рымляне ў галовы цвікоў набілі, а потым адсеклі. Дык пакутнікі галовы паднялі і да свайго біскупа Франтона развітацца прыйшлі. Вось што вера ўчыняе!

Вырвіч пазяхнуў, але спаць больш не хацелася. Лёднік завязваў мяшэчкі з сухімі зёлкамі, з якіх варыў адвар, і маўчаў, як мур. Трэба ж, які нецікаўны… Альбо назнарок прыкідваецца.

– Ніякіх дачок прафесарскіх я не спакушаў, бо не патрапіліся, – лена парушыў маўчанне Пранціш. – А ўцякаць давялося… з-за Вараняці.

– Птушку на лекцыю прыцягнуў? – буркатнуў лекар. – Блазнота…

– Вараня – так сябрука майго празвалі… Ну не тое што сябрука… Як з такім сябраваць… Ён гарбунок быў. Хворы такі, смешны… Але разумны, халера.

Пранцысь заплюшчыў вочы, каб аднавіць да рысачкі твар беднага Вараняці.

Насамрэч звалі яго Дзянісій. Быў ён з сям’і небагатай, але ўсё-ткі не такой беднай, як Вырвіч, які патрапіў на вучобу толькі дзякуючы хроснаму-пісару. Абодва былі з праваслаўных сем’яў, езуіты бралі на вучобу ўсіх, разлічваючы, што да канца вучобы кожны схізматык пераканаецца ў правільнасці каталіцкай веры.

З Пранцішам увогуле прыкрасць здарылася – сярод ягоных аднакурснікаў апынуўся сын пана з суседняга маёнтку, які не аднойчы бачыў, як Пранцысеў бацька вывозіць на сваё поле гной, урачыста ўторкнуўшы ў кучу на возе шаблю. Калі шляхціц пры шаблі – значыць, няма шляхецкаму гонару ганьбы! Вырвічу жыцця не стала – дражнілі яго Гнаявіком, нос заціскалі, побач стоячы… Толькі Пранцысь нікому крыўды не спускаў. Нават калі не асіліць адразу, калі самога наб’юць купай – пасля ўсё роўна дастане, па адным асочыць… Хадзіў увесь час пабіты, сядзеў на аслінай лаўцы, скураной дысцыпліны каштаваў – адмысловага бізуна… Затое кпіць над ім насмельваліся толькі за вочы. А над Вараняцем не здзекваўся толькі лянівы. А ён і слова нікому не скажа, толькі ўсміхаецца, вачасты, вастраносенькі, бледны, аж свіціцца… І не плакаў ніколі, і не скардзіўся… Затое ў вучобе – першы. Усё ці над кніжкай, ці над сшыткам угнецца, піша нешта, шкрэбае пяром… Аднойчы Пранцысь пабачыў, як некалькі студэнтаў прыціснулі Дзянісія да сцяны і пачалі яму “горб раўняць”. А той толькі глядзіць на ўсе вочы ды вусны падціскае, каб не крыкнуць… І нешта Пранцыся як за сэрца рукой схапіла. І ён разагнаў блазнюкоў, атрымаўшы сам кухталёў. Сышоў, вядома, не чакаючы падзякі ад Вараняці… А на наступны дзень той падказаў яму ўсе спражэнні лацінскага дзеяслова “глядзець”. Так і завязалася між імі сяброўства-не сяброўства. Проста Пранцысь не мог бачыць, як Вараня б’юць, а той рабіў за яго ўрокі ды расказваў столькі дзівосных гісторый, што каб на лекцыях такое распавядалі – Пранцысь першым вучнем быў бы. Вараня недзе прачытаў трактат Альберта Вялікага “Кніга таямніцаў”. І яны ўсур’ёз абмяркоўвалі, дзе ўзяць спецыю пад назвай фізаліс і тлушч дэльфіна. Бо калі зляпіць з сумесі гэтых рэчываў зернейкі, патрымаць над агнём, разведзеным на каровіным гноі, і дым ад гэтай радасці запоўніць памяшканне, усе, хто знаходзіцца там, здадуцца адзін аднаму волатамі ў абліччах коней ды сланоў. Вось бы такі цуд учыніць на занятках па лаціне! А яшчэ можна ўзяць кроў асла, тлушч марскога зайца і кветку клёну, змяшаць, падпаліць каля ўласнага ложку… І ў сне пабачыш, што цябе чакае ў прышласці. Пранціш і Вараня доўга гадалі, што гэна за пачвара марскі заяц, аднак замяняць на другія інгрыдыенты не наважыліся.

Але сустракаліся яны дзеля гутарак толькі тады, калі ніхто не бачыў – Пранцысь ужо меў сваю банду, некалькі хлапцоў, асабліва адчайных, якімі верхаводзіў, і баяўся, што яму пашкодзіць у іхніх вачох такое нявартае сяброўства. А Вараня пакорліва прымаў гэткае стаўленне. Ані ценю ваяўнічасці ў ім не было. Падобна, і зброю ў руках трымаць не ўмеў, нават палку-пальцату, на якіх спаконвеку біліся шкаляры, адточваючы высакароднае мастацтва фехтавання. Адзіная ягоная зброя была – дзіўны бронзавы стрыжань, падобны да цвіка, які Вараня выкарыстоўваў у якасці закладкі да кніжак. Аднойчы ён патлумачыў Пранцысю, што гэта не проста цвік, а сціло – старажытнагрэцкая прылада для пісання! Ім выводзілі літары на васковых таблічках, і Вараня таксама спрабаваў тым сцілом надрапваць на мяккіх ліпавых дошчачках вершы – сцвярджаў, што такім чынам найлепей адчувае мудрасць антычных паэтаў. Пранцысь падумаў, што сцілом зусім не абавязкова карыстаўся старажытны паэт, ім мог падлічваць прыбытак які-небудзь афінскі гандляр зелянінай, або калупаць абрыдлыя ўрокі такі шкаляр, як яны… Ці ўвогуле гэтая штуковіна не мае ніякага дачынення да Грэцыі, а беднага калеку менскі купчына проста падмануў… Занадта яна была таненькая, у пальцах ледзь утрымаеш, такой пісаць нязручна. Але Пранцысь прамаўчаў пра свае сумнівы, справядліва лічучы, што адбіраць у немаўляці бразготку занадта жорстка.

Настаўнік лаціны пан Баніфацыюс, які ліслівіў перад багатымі спадчыннікамі, дужа не любіў Вараня, які ў ягоных вачах абражаў сармацкі ідэал шляхецтва. Пранцыся пан таксама не любіў і не раз лупіў па руках скураной дысцыплінай. Але Вараня раздражняў яго асабліва, бо мог даць адказ на любое найскладанае пытанне, так што прычапіцца не было за што. І калі аднойчы хлопцы на ўроку лаціны выпусцілі ў класным пакоі варону, пан Баніфацый звінаваціў ва ўсім беднага Вараня – на што блазнюкі і разлічвалі. І адправіў небараку ў карцэр, папярэдне бязлітасна адхвастаўшы.

А Пранцысь змаўчаў… Не паспрабаваў абараніць Вараня… Даносіць на таварышаў – гэта ж ганьба! А ўзяць на сябе… Значыць, прызнацца, што лёс брыдкага калекі табе неабыякавы, што Гнаявік да гною цягнецца.

У карцэры бедны Вараня так застудзіўся, што ўжо й не ачомаўся. І так перхаў, як у бочку, а тут… Згарэў за тры дні. Пранцысю толькі і засталося, што ягоны сшытачак з крамзолямі… Урыўкі гісторый, вершыкі, незразумелыя формулы… Сваякоў у Вараняці не мелася, ніхто з-за ягонае смерці не ўстурбаваўся.

Пранцысь зразумеў, што значыць насамрэч пагарджаць сабою. Ён мусіў нешта зрабіць, каб зменьшыць пачуццё віны і гневу. І аднойчы пан Баніфацыюс, прыйшоўшы позна ў свой пакой, пачуў вакол лопат крылаў і страшнае крумканне. Свечка згасла. Вакол лётала нячыстая сіла, гарлала, біла крыламі па лысай галаве, напоўненай спражэннямі лацінскіх дзеясловаў… Калі на дзікія крыкі настаўніка прыбеглі, ён мог толькі хрыпець ды, лежачы на падлозе, рукамі ад сябе нешта адганяў… Гэтае “нешта” пры запаленым святле выявілася цалкам матэрыяльным: па пакоі лётала дзясяткі тры ашалелых ад зняволення і чалавечай прысутнасці варон, пер’е круцілася чорнай завірухай, ну і абгадзілі істоты Божыя ўсё, што маглі.

Хто напусціў птушак у пакой, выявілася хутка: у кожным класе меліся свае “цэнзары”, прызначаныя рэктарам, яны не лічылі за ганьбу выкрываць таварышаў. Па Пранцыся прыбеглі цэлай пагоняй, як за літоўскім ваўком… Але Вырвіча так проста не зловіш! Эх, каб толькі дзядоўскую шаблю паспеў прыхапіць, свайго Гіпацэнтаўра…

Так што назад, у Менск, дарогі няма.

– І як жа спадар тых варонаў столькі налавіў? – зацікаўлена спытаўся Лёднік.

– А нератам! – зарагатаў Пранцысь. – Як рыбаў нябёсных! Сцягнуў стары нерат на Свіслачы, пайшоў на могілкі, пачапіў на дрэвах… Цэлы мех птушкамі наладаваў! Будзе цяпер гад памятаць пра Вараня!

Бутрымус амаль з павагай пасміхнуўся.

– А сшытак сябрука твайго пры табе?

– Вось… – Пранцысь дастаў патрапаную зялёную кніжыцу. Лёднік нечакана з пашанотай пагладзіў скураную вокладку, усеўся на крэсла і паглыбіўся ў чытво, ледзь не водзячы доўгім носам па старонках. Праз нейкі час нібыта стамлёна адкінуўся, заплюшчыўшы вочы, і са скрухай прамовіў:

– Гасподзь забірае лепшых… – памаўчаў, ціха папрасіў:—Можна я пакуль пакіну гэтыя запісы пры сабе?

Пранцысь дазволіў… Вараня хацеў бы, напэўна, каб нейкі знаўца ацаніў ягоныя мудраванні.

Унізе ажывала карчма. Чуліся нечыя сонныя галасы, застукаў каваль у кузні… Вось ужо нехта лена лаецца на бліжняга свайго, а той, пазяхаючы, адбрэхваецца, і добрай раніцы, родная зямелька…

– Пайду здабуду пану ежы… – прабуркатаў Лёднік, захінуўся ў свой чорны балахон і выйшаў за дзверы. Шкаляр з цяжкасцю ўстаў з ложка, страсянуў галавою… Ну трэба ж, як разгаварыўся са слугою – бы на споведзі. Але шкадавання не было. Затое патроху, як пухірыкі са дна куфля са свежым півам, падымалася п’янкое прадчуванне чагосьці незвычайнага, небяспечнага і цікавага, бо прыгода, пазбаўленая небяспекі – як зацірка без солі… Пранцысь нават схапіў качаргу, што прытулілася ў куце, і некалькі разоў удаў фехтавальныя рухі… Незаўважна перайшоў ад высакародных прыёмаў фехтавання на мячах і шаблях да шкалярскага змагання на палках-пальцатах, у якім Вырвічу не было роўных. Вось так табе, злыдзень, а ў пячонку не хочаш? А вось проста ў сэрца! Кубак упаў і закаціўся пад ложак, пакідаючы цёмную дарожку недапітага адвару, нібыта хацеў схавацца ад ваяўнічага пана.

– Я сказаў, з пакоя не выходзь! Дурное дзяўчо! Адвязу да цёткі ў кляштар, а там сабе скручвай галаву і другім тлумі! Мала ў Варшаве нарабіла! Пакуль я за цябе галавой перад тваім высакародным братам адказваю, будзеш, паненка, сядзець ціха, як смажаны фазан у пірагу!

Голас належаў чалавеку грубаму і звыкламу выкрыкваць вайсковыя каманды. Але Пранціш, вядома, адразу высунуў на калідор цікаўны нос… Незнаёмец у чорным капелюшы з высокай тулляй, абвязанай блакітнай стужкай, у чорным каптане, з-пад якога бачыліся бялюткія карункавыя манжэты і каўнер-жорнаў, спускаўся па лесвіцы, прыступкі рыпелі пад ягонымі цяжкімі крокамі, пабразгвалі шпоры… Вырвіч з хваляваннем утаропіўся на непаглядныя, пасечаныя п’янымі пастаяльцамі дзверы суседняга пакоя, за якімі, падобна, пакутвала чароўная дама…

Раптам у адтуліне замка тых дзвярэй паказалася шпілька, бязладна закруцілася, як вусік хрушча, нешта шчоўкнула, і дзверы прыадчыніліся. У шчыліне збліснула блакітнае вока. Пранціша ўважліва, без усялякай боязі, вывучалі, і ён пастараўся надаць твару як мага больш самавіты, варты даверу, выраз. Відаць, гэта ўдалося, бо дзверы прыадчыніліся шырэй, і Пранцысь пабачыў самае чароўнае аблічча, якое толькі магло прымроіцца шкаляру. Праўда, тварык паненкі з трошку кірпатым носікам і пышнымі цёмнымі валасамі, сабранымі ў высокую прычоску, упрыгожаную блакітнымі стужкамі, зусім не быў млява-рахманы, як належала прыстойнай чароўнай даме, а самы што ні на ёсць круцельскі. Аблічча гэтае Пранцішу было знаёма: ён бачыў яго ў ганаровай ложы школьнага тэатру, падчас прэм’еры п’есы “Брама неўміручасці” аўтарства двух шкаляроў з апошняга курсу, а насамрэч – Вараняці-Дзянісія. П’еса распавядала пра бязвінна загінулых благаверных князёў Барыса і Глеба ды праслаўляла слаўныя роды фундатараў школы, у тым ліку ваяводы князя Багінскага, які ашчаслівіў сваім наведваннем калегіюм. Князь нядаўна вярнуўся з Францыі і прывёз з сабой найноўшыя павевы французскай моды. Так што ўся зала, да абурэння айцоў езуітаў, глядзела не столькі на сцэну, колькі на расшыты перлінамі жустакор, вадаспады карункаў ды закручаны баранчыкам парык ваяводы. Вось ля яснавяльможнага Багінскага, мажнога, круглатварага, і свяцілася прыгажосцю гэтая кветка, паненка Паланэйка Багінская, ягоная малодшая сястра, якая таксама прываблівала пагляд падобнай да вялізнага торта з крэмавымі кветкамі сукенкай-рагоўкай на абручах з кітовага вуса, з наймаднейшай ружова-блакітнай тканіны ў дробныя букецікі, як у фаварыткі французскага караля мадам Пампадур. Сукенка была “лакцёвай” – у ёй нельга апусціць рукі, даводзілася трымаць іх сагнутымі ў локцях, не ў кожныя дзверы ўвойдзеш, а з шоўку, што пайшоў на гэты ўбор, можна было пашыць прынамсі тры сукенкі звычных памераў. Малады князь Міхал меў ажно шэсць сясцёр, і выгадаваўся, як адны казалі, сярод музаў, другія – сярод гарпій. Характарам мяккі, найбольш музыцы ды маляванню хацеў жыццё прысвяціць… Але дзе там! Радня ў палітыку калом пхае, як смаргонскага мядзведзя на кірмашовы пляц. Стаў ваяводам, а яны пад’южваюць – а чым ты не кароль? Паслалі Багінскага ад саксонскага двара з дыпламатычнай місіяй ў Санкт-Пецярбург, падбілі ўключыцца ў барацьбу за схільнае да любові сэрца маладой жонкі наследніка трону Кацярыны – яна, маўляў, усё будзе вырашаць у будучым, а не ейны нягеглы мужык… Стаць каханкам расійскай царыцы – трывалая прыступка да ўласнага трону! Толькі дарэмна, не запалілася прынцэса ад гэтага агню. Відаць, ёй не падабаліся мяккія ды нерашучыя, хаця й умеў князь выдатна граць на флейце, сачыняў музыку і маляваў карціны не горш за італьянскіх майстроў. Больш да сэрца прыйшоўся будучай царыцы польскі пасол, прыгажун Станіслаў Панятоўскі. І цяпер князь Міхал казаў усім выглядам пра сваё разбітае сэрца і рамантычныя марэнні.

Вось Паланэя Багінская па характары цалкам магла б царыцай стаць. Фанабэрый было ў паненкі-кветкі, як пчолаў вакол раскіданага вулля, так што шкаляры толькі здалёк насмельваліся аблізваць спакуснае цуда позіркамі – не па галаве шапка. Пранцысь, якому выпаў сумніўны гонар іграць у п’есе падступнага князя Святаполка, асабліва запомніў дзве чорныя мушкі з тафты, якімі паненка ўпрыгожыла набелены тварык – над правым брывом і злева каля носіка, што азначала, што сэрца паненкі свабоднае, але падступіцца да яе цяжка. Тады яе цёмныя валасы былі схаваныя пад высокім напудраным парыком, у якім гняздзіліся па-майстэрску выкананыя мініяцюрныя блакітныя птушачкі…

І цяпер нібыта тыя птушачкі шчабяталі вакол русявай галавы Пранцыся. Ён нават не адразу скеміў, што паненка Паланэя яму шэпча:

– Гэй, ты што, глухі? Хочаш зарабіць дзесяць дукатаў?

Пранцысь страсянуў чубам: вось і яшчэ адна прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца… І ад якой, ясна, таксама давядзецца займець на сваю шкалярскую галаву перуноў. Але галоўнае – не здрадзіць ідэалам куртуазнасці! Так, схіліцца ў паклоне, руку пакласці на нябачную шаблю…

– Няхай ваша мосць вельмішаноўная панна толькі выкажа сваю просьбу, і я выканаю яе як мага больш пільна і дасканала, не прамарудзячы ані хвілі дзеля ясных вочак найяснейшае панны, і дзеля палкага жадання майго сэрца служыць яснай панне!

Гаворка Пранцыся цякла, як мёд, ён нават заганарыўся сабою. Але паненка такога мёду каштавала як відаць не лыжкамі, а збанамі, таму толькі нецярпліва нахмурыла чорныя броўкі.

– Найяснейшая панна хоча, каб пан узяў у яе ліст і перадаў асабіта ў рукі ваяводы полацкага Аляксандра Сапегі, які зараз мяшкуе ў Слуцку, а за гэта пан атрымае дзесяць дукатаў ад мяне, а можа, яшчэ нешта ад шчодрасці пана Аляксандра.

Пранцысь адчуў укус расчаравання: той Сапега, падобна, быў амаратам панны Паланэйкі, а быць пасыльным у амурных справах – гэта ж зусім іншае, чым самому амуры круціць… Панне, відаць¸ не спадабаліся ваганні хлопца, таму што яна зморшчыла носік і прагаварыла пагардліва:

– Пан баіцца расейцаў альбо Гераніма Радзівіла? Калі так – то…

– Нікога я не баюся! – паспешліва выгукнуў Пранцысь, скеміўшы, што справы хутчэй не пра амуры, а пра палітыку, ад якой хаця Вырвічы й былі ўбаку, але ж магнатаў, што хаўрусаваліся з расейцамі, Вырвіч-старэйшы не любіў, параўноўваючы іх з сабакам, якога прыкарміў злодзей, каб залезці беспакаранна на гаспадарскі двор. – Я з вялікай прыемнасцю выканаю волю панны…

Паланэйка сумніўна зірнула ў дужа сумленныя блакітныя вочы Пранціша, дастала з-за карсажу складзены ўдвая канверцік і аддала суразмоўцу.

– Толькі асабіста ў рукі пану ваяводзе! І глядзі, пану Герману Ватману ні слова – гэта той, што мяне суправаджае. Ён дужа небяспечны чалавек.

Вырвіч запытальна зірнуў на ваевадзянку, узважваючы на далані паперку… Дзяўчына дадала да канверціка самае істотнае – мяшэчак з манетамі. Потым, відаць, скеміўшы, што цяпер з пасланцом, які валодае ейнай таямніцай, належыць быць пяшчотней, усміхнулася, ад чаго Пранцыся як алеем па душы памазала, і нават прыклала да вуснаў і адняла пальчыкі, нібыта намякаючы на магчымы пацалунак… З самой Паланэяй Багінскай! А чаму б у такім разе баявітаму шкаляру не атрымаць аванс? Пранцысь ірвануўся да паненкі, але дзверы зачыніліся рыхтых перад носам Вырвіча.

– Напачатку – паслуга, потым – удзячнасць! – прагаварыў за дзвярыма дзявочы галасок.

Калі б у людзей маглі вырастаць крылы, Пранціш адчуў бы за спінай іхні лопат, бо ледзь над падлогай не прыўзняўся… У прыгоды будзе працяг! Падумаеш, у Слуцак! Ды хоць бы і ў краіну маўраў!

Між тым на лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў… Падымаўся відочна не Лёднік, і Пранціш хуценька нырнуў у свой пакой. Там ён пратаньчыў з кута ў кут мазурку і паваліўся на ложак, прыціскаючы да твару канверцік, які захоўваў пах дарагой парфумы. Вось будзе чым пахваліцца Лёдніку! Хаця не, няма чаго раскрываць слузе таемныя справы гаспадара – хай толькі падзівіцца, што той раздабыў за раніцу дзесяць дукатаў, ды мае нейкія важныя, звязанныя з першымі асобамі каралеўства справы! На гэта варта, вядома, намякнуць… Вось толькі дзе той лекар падзеўся? Можа, з Адэляй вуркоча? Цяпер Пранцыся гэта не крыўдзіла. Карчмарка – слузе, ваевадзянка – гаспадару! О так!

Лёднік абяцаў ежы здабыць… Карчма ўжо ва ўсе прасмаленыя сцены гудзе, і ўяўляюцца ва ўсёй неміласэрнай духмянай смакаце гарачыя клёцкі, палітыя смятанай…

Пранціш пераканаўся, што страшны невядомы Ватман замкнуўся ў пакоі з падахоўнай ваевадзянкай, шлях вольны, і рушыў уніз.

Найперш ён яшчэ зверху забачыў Адэлю, што моўчкі стаяла каля лесвіцы, схаваўшы рукі пад фартух, нібыта яны ў яе змерзлі. Дастаткова было аднаго позірку на яе твар, каб зразумець, што здарылася нешта жахлівае. Твар быў застылы, нават з усмешкай, але такой, якую зацюканы шкаляр адрасуе цэнзарам, што стаяць ля ганебнай лаўкі з розгамі ў руках, чакаючы, пакуль ён спусціць нагавіцы ды ўкладзецца зручненька.

Сышоўшы яшчэ на некалькі прыступак, Пранцысь пабачыў і тых, каму Адэля ўсміхалася пакорліва-прыніжана. Трое былі ў мундзірах кароннага войска, адзін у парыку і чорным камзоле, з такой надзьмутай, пагардлівай пысай, што вакол уяўлялася адразу зала чарговага сойму, галасы якога купленыя загадзя. Тут жа, бы пацук вакол пасткі з кавалкам сала круціўся і віж, якога Пранцысь згледзеў учора ў карчме.

А самае непрыемнае, што паміж двух жаўнераў стаяў Лёднік. Спакойна гэтак стаяў, скрывіўшы вусны і ўнурыўшы голаў, як быццам ужо развітаўся з белым светам. Доўгія цёмныя валасы звісалі па баках ягонага худога твару, нібыта ўладальнік хацеў імі адгарадзіцца ад сваіх нялітасцівых бліжніх.

– А гэта ягоны асістэнт! – раптам заблагаў віж, паказваючы на Пранцыся пальцам з доўгім жоўтым пазногцем. – Таксама чарнакніжнік!

Вырвіч спыніўся на ніжняй прыступцы лесвіцы, гатовы рынуцца наверх.

– Гэты хлапчыска ні пры чым! – ганарыста закінуў галаву Бутрым. – Я яго толькі ўчора на дарозе сустрэў, намовіў падзарабіць. Ён пра мяне толкам нічога і не ведае…

– Хто кляцьбе ведзьмака верыць, пэўне, штораніцу дурнап’яну сабе ў гарбату дадае, – сурова прамовіў падобны да худога пеўня пан у чорным камзоле. Павярнуўся, абшарыў вачыма Пранцыся, яшчэ больш скрывіўся. – Ты хто?

– Я – шляхціц, Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр, – урачыста абвесціў Вырвіч, яшчэ трохі пасоўваючыся назад. Што-што, а ўцякаць шкаляр наўчыўся так, што ногі самі за яго думалі.

– Гіпацэнтаўр? – недаверліва працягнуў Юдыцкі. —Вырвічы карыстаюцца гербам “Далега”.

– Мы – старэйшая галіна, з Падняводдзя, маем права на абодва гербы, – годна патлумачыў Пранціш. – Мы з бацькам – апошнія з роду. А што кепскага зрабіў гэты… чалавек? Ён жа проста лекар! У яго і дыплом ёсць!

Важны зарагатаў, як па арэхах абцасамі прайшоўся.

– Лекар! Цела, можа, ён і вылечыць, а душу загубіць! Чарнакніжнік ён!

– Тут свае дактары маюцца! – віскнуў віж. – З паперамі належнымі, якія тутэйшых кліентаў прымаюць па дамоўленасці з уладамі! Ян Гутнік, Людвіг Высакоўскі… Вы, паважаны пан суддзя Юдыцкі, Высакоўскага павінны памятаць, ён вам яшчэ скулу на сцягне прыпальваў, калі вы з палявання вярталіся… А гэты гіцаль сумленных дактароў заробку пазбаўляе!

Вось яно што… Значыць, Лёднік па намове Пранцыся проста заступіў на чужую тэрыторыю! Гэта ж толькі здаецца, што дастаткова ўмельства мець ды патрэбу ў хлебе штодзённым… А паспрабуй нават на рынку з шапкай жабрацкай прысесці – тут жа “законныя” жабракі налятуць, у каршэнь ”захопніка” натаўкуць. А не дай Бог таму яшчэ пару капеек ад літасцівых мінакоў перападзе…

Лёднік, відаць, таксама гэта разумеў, бо нават не зрабіў спробы абараніцца і засведчыць аб сваёй высокай абазнанасці ды еўрапейскай адукацыі, і паныла вывучаў зацярушаную бруднай саломай падлогу, нібыта спіну безнадзейна хворага.

– А можа, мы проста кампенсуем шаноўным дактарам страты, якія міжволі, не хочучы, ім нанеслі? – пранікліва прагаварыў Пранцысь. Насы віжа і жаўнераў адразу павярнуліся да шкаляра, нібыта на пах смажанага вепрука. Ага, грошы ўсе любяць! Пранцысь белазуба ўсміхнуўся, хаця пры думцы, што давядзецца страціць толькі што набытыя дукаты, аж душа пераварочвалася, змінаючы свае пёры.

Але пан у чорным сурдуце, які, як высветлілася, быў сумнавядомым суддзёй Юдыцкім, якому Радзівілы даручалі самыя брудныя справы, быў непахісны, што азначала, што ён спадзяецца атрымаць куды болей у іншым месцы, чым ад недавучанага шкаляра ды бадзяжнага лекара. Пан драпежна ўгледзеўся ў твар Лёдніка.

– Кампенсацыі тут малавата… Такое багамерзкае аблічча не забудзешся. Цябе, даражэнькі, дзесяць год таму я бачыў у Чарнаўчыцах пры двары няшчаснага князя Марціна Радзівіла, сярод іншых чарнакніжнікаў, якія яго з розуму звялі д’ябальскімі штукарствамі. А яго княжаская мосць пан Геранім Радзівіл гэтых ведзьмакоў загадаў лавіць ды ў вязніцу да яго везці.

Лёднік, хаця й не паварушыўся, але збялеў. Трапіць у сутарэнні Радзівіла Жорсткага – усё роўна што ў пекла… Ніхто адтуль не выходзіў жывым, вязні розных званняў гнілі жыўцом. А пана яшчэ й падбадзёрвалі крыкі ды стогны зняволеных – таму майстэрства катаванняў цанілася ў ягоных замках вышэй нат за кухарскае.

– Калі васпан мяне памятае, дык мусіць і памятаць, дзе мяне знайшлі, калі пан Геранім замак свайго брата захапіў, – змрочна прагаварыў Лёднік. – У сутарэнні на ланцугу я сядзеў. Бо якраз адмовіўся па загадзе пана чарнакніжніцтвам займацца.

Юдыцкі толькі пакрывіўся.

– Гэта суд вызначыць. Вось улоў у мяне на чарнакніжнікаў… Нядаўна з Полацку адну вядзьмарку забіраў, таксама лекаркай сябе называе. Кніжкамі гандлюе, цьху! І ясна якімі, калі звар’яцелы брат пана Гераніма ў ейнага бацькі кніжкі замаўляў. Вучоная баба! Куды свет коціцца!

Лёднік раптам неяк страпянуўся, зіркнуў цёмнымі вачыма – гэта было, як з абцерханых, някідкіх похваў на хвілю паказалася дасканала вострае, смяротна небяспечнае лязо – адзін з жаўнераў нават мімаволі – спрацаваў інстынкт старога воя – перацяў палонніка на спіне, праўда, той як і не заўважыў.

– А ці не прыпомніць пан імя тае лекаркі?

– А табе нашто? – Юдыцкі задаволена пагладзіў доўгія вусы. – Не ўсё адно, каму суседняя пятля дастанецца? Саламея яе завуць, Рэнічаўна.

– Сумленнага чалавека асляпіла саламандравымі слёзамі! – ўгодліва падказаў віж. – Страшной сілы вядзьмарка!

– Што за блёкат! – на шчоках Лёдніка ажно праступілі чырвоныя плямы – так усхадзіўся. – Саламандравымі слёзамі завецца звычайнае расчынне карбанаду натрыя, ад яго ніякае шкоды не можа быць…

– Ты пра сябе думай! – абсёк яго Юдыцкі. – Сваіх грахоў хапае. Усё, час адпраўляцца! – жаўнеры зараз жа схапілі Лёдніка пад пахі і штурханулі да выхаду з карчмы. Адэля старалася не глядзець на алхіміка, дый астатнія сведкі зашыліся па кутах так, што ні відаць, ні чуваць. Каму ахвота патрапіць пад падазрэнне? Учора ж вядзьмак многіх лекаваў…

Юдыцкі на развітанне холадна кіўнуў Пранцысю.

– Няхай пан наступным разам пільней выбірае сабе знаёмых.

Лёднік жа нават вачэй не падняў. Вараня калісьці гэтак жа пакорліва ішоў у карцэр, нават вачыма не просячы аб спагадзе ды паратунку. Суд… Які там суд? Ясна, суддзя прадасць алхіміка Гераніму Радзівілу, а той у сваёй вотчыне што хоча, тое і робіць. А жыць як з гэтым? Адзінае выйсце… Вырвіч узляцеў па лесвіцы ў іхні пакой… Потым – кулём – назад. З паперынай у руках. На хвілю падалося, што дзверы суседняга пакою прыадчыніліся, і збліснула ў шчыліне цікаўнае блакітнае вока.

– Стойце! Лёднік не можа быць пакараны! Ён мой слуга, халоп мой, мне належыць! Я яму загадаў – вось ён і лячыў… У яго нічога свайго няма! Толькі я маю права яго пакараць!

Суддзя ўзяў паперыну, уважліва прачытаў, яго адтапыраныя вусны варушыліся, як два бледных вусені… Пранцысь сустрэўся поглядам з Лёднікам – і скалануўся. Столькі застарэлага болю, сораму, прыніжанай годнасці… Вырвіч усвядоміў, што гэтаму чалавеку лягчэй было б пайсці на катаванні і ў пятлю, чымся прылюдна пачуць аб сваім рабскім становішчы. Праўда, выгляд у алхіміка стаўся яшчэ больш фанабэрысты, чым у суддзі.

Юдыцкі скруціў шорсткую паперу і вярнуў гаспадару.

– Тут юрыдычны казус: з аднаго боку, названы Лёднік знаходзіцца ў залежнасці ад волі пана, і ягоная маёмасць належыць пану Вырвічу. Але гэтае становішча было дасягнутае па добрай волі самога Лёдніка, за нявыплачаную пазыку. А паводле Статута Вялікага княства Літоўскага, раздзел дванаццаты, артыкул дзевятнаццаты, калі вольны чалавек у голад прадае сябе ў няволю і дае на тое адпаведны ліст, не можа нават у такім выпадку стаць кметам. І ўжо ва ўсялякім выпадку мусіць сам адказваць са свае ўчынкі! Калі ж пан Вырвіч прызнае, што таксама датычны да ягоных злачынстваў…

– Ды не слухайце вы дурнога хлапчыску! – узарваўся Лёднік, чый спакой садзьмула, як саламяную труху. – Я – лекар, я быў у Марціна Шалёнага, я лячыў у гэтай карчме, на што, між іншым, згодна клятве Гіпакрата і свайму дыплому, выдадзенаму ў Лейпцыгскім універсітэце, маю поўнае права. А з ім, з гэтым падшыванцам – я казаў – мы ўчора толькі сустрэліся! Ён да мяне датычны не болей, чым шабля да бота!

– Лекар – мая маёмасць! – не здаваўся Пранцысь. – Пан Агалінскі перадаў мне права спагнаць з яго пазыку ў дзвесце дукатаў. Пакуль не атрымаю гэтых грошай, лекар – толькі ў маёй уладзе!

– Вось як… Практычны малады чалавек, ухваляю, – Юдыцкі дэманстратыўна задумаўся. – Але будзем шчырымі – пан Вырвіч заплаціў за гэтага чарнакніжніка аніяк не дзве сотні дукатаў. А… колькі?

– Колькі меў пры сабе! – цалкам праўдзіва адказаў Пранціш. Суддзя расцягнуў бледныя вусны ва ўсмешцы.

– Вялікая, пэўне, сума… Дык вось, зробім усё паводле закону. Я заплачу пану за ягонага слугу дваццаць дукатаў, і ён пазбавіцца гэткага небяспечнага суседства і можа сам быць абсалютна вольны.

Прапанова, аб якой Пранціш учора толькі марыў. Але цяпер выкрыкнуў з усяе моцы:

– Мой слуга не прадаецца!

Твар суддзі пайшоў плямамі.

– Тады пан Вырвіч адправіцца разам з намі і будзе адказваць за ўдзел у ведзьмакоўскіх рытуалах!

Лёднік ірвануўся з рук жаўнераў, спальваючы вачыма свайго гаспадара.

– Табе езуіты хоць трохі клёку пакінулі, хлопча, ці ўсё розгамі выкалацілі? Згаджайся на прапанову суддзі!

– Не! – зацяўся Пранціш, у чарговы раз пашкадаваўшы, што не мае шаблі. – Доктара не прадам! Ён нічога кепскага не зрабіў!

Юдыцкі расцягнуў вусны ў брыдкай усмешцы.

– Тады паехалі ў Слуцак!

Раптам Лёднік затросся ад нейкага дзіўнага смеху, жаўнеры, што трымалі яго, ажно перазірнулся – ці не звар’яцеў? А той прагаварыў:

– Падобна, я не толькі сабе няшчасці прыношу, але і ўсім, хто са мной звяжацца… Прапаную скарыстаць мяне ў якасці бясхібнай зброі! Перадайце мяне, пан Юдыцкі, свайму найгоршаму ворагу.

Пранціш таксама хіхікнуў, а Юдыцкі пачырванеў ад злосці, што адразу заўважылі ягоныя жаўнеры, і паспяшаліся ўзнагародзіць нахабнага чарнакніжніка за гнеў начальніка кухталямі.

Вырвіч ганарліва ўскінуў галаву, паправіў шапку з аблезлым, але гарнастаевым, футрам… Усё роўна ва ўласную хуткую пагібель ён не верыў, як не можа паверыць маладая плотка ў тое, што недзе на свеце ёсць месца, дзе няма вады. На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў. Пранцысь павярнуўся і пабачыў здаровага, як мядзведзь, чалавека з дзіўна белымі валасамі, брывамі і вейкамі, ад чаго ягоны ружовы твар, спаласаваны шнарамі, з перабітым носам, здаваўся ненатуральна вялізным, як надзьмутым. Вочы пана былі таксама светлыя, бялёса-блакітныя, але час ад часу выяўляліся цёмнымі, пачварна барвовымі і бяздоннымі. На незнаёмцу красаваліся дарагі камзол са срэбнымі галунамі, чорны капялюш з высокім верхам і батфорты, похвы ягонай шаблі-серпанціны пры левым боку блішчэлі каштоўнымі камянямі… Такія асабліва выгінастыя шаблі турэцкай работы выбіраліся толькі для смяротных двубояў. І хацелася быць як мага далей ад гэтага воя, які, падобна, можа раздушыць, як казюрку, нават за недастаткова пакорлівы пагляд. Уяўляліся навокал стрэлы гарматаў, уланы, што лятуць у атаку, ды ашклянелыя вочы забітых жаўнераў, якія ўглядаюцца ў неба з запозненым пытаннем: “Ці варта яно таго было?”… Пранцысь адразу скеміў, што звераватага аблічча пан ніхто іншы, як Герман Ватман, спадарожнік ваевадзянкі.

Юдыцкага перасмыкнула, як паляўнічага пры ўсведамленні, што набоі ў ружжы скончыліся, а мядзьведзь дакладна ведае, каго валіць.

– Пан Герман Ватман! Верны хорт Багінскіх!

– Пан Юдыцкі! Верны хорт Радзівілаў!

Паны ашчэрыліся, удаючы прывітальныя ўсмешкі. Ясна было, што біцца яны не будуць, не маючы адмысловага загаду гаспадароў. У магнатаў, вядома, свае рахубы: то згаворваюцца, то варагуюць, то зноў разам дамагаюцца нейкае справы, а потым нацкоўваюць адно на аднаго сваіх кляўрэтаў. Ватман акінуў цёмным позіркам двух злачынцаў, узятых пад варту.

– Багаты ўлоў, Юдыцкі!

– Справа тычыцца вядзьмарства, Ватман. Не лезь.

– Была ахвота.

– А твой гаспадар усё каралю не наважваецца дулю паказаць?

– Мой гаспадар пра сваю прысягу памятае. А твой усё з русалкамі селядцоў нараджае? – адрэзаў Ватман, нагадваючы пра адну з вядомых баек, што любіў расказваць пра сябе ўладальнік Нясвіжу Караль Радзівіл Пане Каханку.

– Затое нікому азадак не ліжа. Ні расейцам, ні саксонцам, – не паступіўся суддзя.

Судовы “кручок” Юдыцкі і ландскнехт Ватман з’ядалі адзін аднаго вачмі, запанавала такая ціша, што чуваць было, як дзумкае апошняя восеньская муха. Нарэшце Ватман скрывіў рот.

– Не згубі парык па дарозе, суддзя!

Развярнуўся і падняўся наверх, ад чаго не толькі Юдыцкі, але й жаўнеры з віжом не стрымалі ўздыху палёгкі. З драўляных прыступак ад кожнага кроку сыпаўся пыл. Зверху апякун ваевадзянкі яшчэ раз азірнуўся, Пранцысю падалося, што на гэтым іх знаёмства не скончыцца.

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Подняться наверх