Читать книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская - Страница 4

Раздзел другі. Як Бутрым Лёднік і Пранціш Вырвіч у карчме балявалі

Оглавление

Калі б Пранціша спыталі, у чым глыбокі філасофскі сэнс існавання прыдарожнай карчмы, шкаляр не задумваючыся б адказаў: у тым жа, у чым сэнс перлінаў, знізаных на нітку. Навошта нітка, калі на ёй не будзе перлінаў?

Гэтая карчма пад гучнай шыльдай “Рым” не была самай шыкоўнай… Тры абадраныя таполі ціснуліся да сценаў, нібыта п’яныя госці. Затое ля самой карчмы стаяла ажно некалькі экіпажаў – ад сціплай таратайкі да дыхтоўнай карэты, хаця і без гербаў. А гэта быў добры знак – будзе з каго браць даніну!

Паветра ў карчомцы можна было рэзаць нажом. Адразу чулася, што любімыя стравы заўсёднікаў – капуста і шкваркі, а улюбёныя напоі – піва і гарэліца. Шкляны бог меў тут сталую паству. “Тры! Васьмёрка! Венера! Сабачыя вочы!” – выкрыквалі гульцы ў косткі. Сляпы спявак, худы, як чараціна, з выцягнутым бледным тварам, выводзіў тонкім голасам “Дароту” ў суправаджэнні скрыпкі ды басэтлі. Стары шляхцюк з абвіслымі вусамі, у сармацкім строі, футра якога пабіла моль, як Міхал Глінскі – татараў, пацягваў піва з самай кіслай мінай. Маладая слічная карчмарка з чорнымі валасамі, прыбранымі пад сляпуча белы каптур, пачціва выслухоўвала ягонае шляхецкае буркатанне пра падзенне нораваў.

Лекар і ягоны “асістэнт” сціпла ўселіся за кутні столік, ледзь не млеючы ад спакусных пахаў, і Вырвіч пачаў выведку. Пяцёра мужыкоў, падобна, з Гарадзеншчыны, гэтак падазрона паглядалі па баках, відаць, спалоханыя чуткамі пра неверагодных прайдзісветаў, што чакаюць сумленнага хрысціяніна ў кожнай карчомцы, што спадзеву развесці гэтых дзікуноў на нешта было мала. Ад гарадзенцаў вельмі заўважна патыхала казліным лоем, якім прасталюдцы, выпраўляючыся ў шлях, змазваюць вопратку ад паразітаў. А вось трое шляхцюкоў, апантана занятыя гульнёй у косткі, былі вельмі абнадзейваючай кампаніяй, дыяментавыя гузы на іхніх шапках паблісквалі, як жарынкі, і не паспрабаваць абчысціць іхнія кішэні проста грэх… Праўда, не відаць было нікога, падобнага да асобы, што магла б прыехаць у шыкоўнай карэце без гербаў, якая стаяла ля карчмы. Шляхціц у пабітым моллю футры дакладна быў не з такіх. Напэўна, асабліва важныя госці адпачывалі на другім паверсе, дзе мелася пара пакойчыкаў. Можа, тым гасцям удасца збыць алхіміка? Пранціш, як хлопец сумленны, не супраць быў падшукаць лекару прыстойных гаспадароў. А той малец за столікам пад самай лесвіцай, падобны да “юрысты з палестры”, дробнага чыноўніка, які выконвае чарнавую працу ў судзе, неадменна віж: вунь як прыкідваецца, нібы яму абыякава, што вакол яго гавораць, а сам так і шнырыць бляклымі вачыма, вышукваючы крамолы. Гэтага трэба асцерагацца… Невядома, на каго працуе. 1759 год ад Нараджэння Хрыстова, часіны смутныя, маскоўскія войскі раз’язджаюць па краіне, адны магнаты хаўрусуюцца з расейцамі, другія інтрыгуюць супраць, соймы зрываюцца адзін за адным… У Прусіі вайна, кароль-саксонец уцёк са свайго Дрэздэну ў Варшаву. З уласным народам зладзіць не можа, а да тутэйшага яму й зусім як да сухой ігрушы… Ён нават па-польску, седзячы на польскім троне, не навучыўся гаварыць, не кажучы пра беларускую мову. А суседзі, слабасць уладаў адчуваючы, не супраць зноў прайсціся па ліцвінскіх землях. Бо землі гэтыя – спаконвек на скрыжаванні, здабываюць іх, як філасофскі камень, зацята, стагоддзямі, не шкадуючы сродкаў і жыццяў чалавечых, і калі б з костак і крыві вырасталі белыя дрэвы з чырвоным лісцем, як у бабулінай казцы, дык пушчы й лясы зямлі гэтай нагадвалі б чырвонае мора…

Пранцысь азірнуўся на Лёдніка: той сядзеў, выпрастаўшы спіну, як быццам рыхтаваўся прымаць іспыты, і нат па баках не глядзеў, і здаваўся ў сваёй чорнай апранасе тут гэткім жа звычным, як гармата на таку. Чарнявая карчмарка, якая сноўгала між сталамі са збанамі піва, як лёгкі чоўнік між чаратоў, падазрона слізганула вачыма па цёмнай фігуры ў куце… Пранціш зразумеў, што трэба пачынаць сваю справу. Сарваў шапку з аблезлым собалем і ўрачыста махнуў ёю, нібы выклікаў бога паўночнага ветру.

– Шаноўнае панства! Толькі сёння, праездам у Парыж з Лемберку – вядомы лекар пан Баўтрамеюс Лёднік, майстар ацаленняў, знаны алхімік і зоркавед, які лячыў каралёў ды князёў. Любую хваробу ён пазнае і лекі ад яе прызначыць! Мяне ацаліў за адзін дзень ад самай акрутнай ліхаманкі! Усяго тры шэлегі за кансультацыю!

Лёднік падціснуў вусны, быццам яго абзывалі шыбенікам, але есці, відаць, хацеў і ён, таму дастаў з кішэняў сваёй упэцканай чорнай світкі паперкі і аловак і паклаў перад сабой на стол, рыхтуючыся выпісваць рэцэпты.

– Пане-браце, а ад нарываў у горле пан лекар дапаможа? – насцярожана папытаўся стары шляхцюк, адсунуўшы келіх піва.

– Ад усяго! – упэўнена сцвердзіў Пранціш. – Тры шэлегі!

Да заезжага эскулапа пацягнуліся кліенты. За старым шляхцюком, які, відаць, усё яшчэ замест шкарпэтак загадваў насыпаць у свае боты нацярушаную салому – гульцы ў косткі, за імі – чорнабароды рамізнік, у якога круціла рукі перад дажджом, тады – дзве кабеты-кухаркі… Нават сімпатычная карчмарачка доўга сядзела перад алхімікам, і той цярпліва правяраў ейны пульс па чарзе на абедзьвух руках. Грошы браў Пранціш, і хутка яму ўжо не падалася добрай ідэя прадаць лекара. Калі вось так вадзіць яго па карчомках ды засценках, як цыганы мядзведзя, дык можна някепска жыць! Лёднік абслугоўваў хворых найлепшым чынам. Важна выслухоўваў, абмацваў, сурова дапытваў і выпісваў мудрагелістыя рэцэпты, каму oleum mentha, каму unguentum commune, каму syropus koraiba. Пад ягоным паглядам людзі мізарнелі, як шкаляры, але й у выратаванне лёгка верылі, па тым жа прынцыпе, чаму лічыцца, што чым гарчэйшыя лекі, тым мацнейшыя. Лёднік аднаму возніку нават руку пашкоджаную спрытна на месца ўставіў, пакруціўшы ды тузануўшы. Адразу відно было, што лекару не ўнове ніякія раны.

Пранціш замовіў піва і свіных скабак з капустай столькі, колькі маглі з’есці двое дужа галодных мужчын. Вядома, з лекарам побач не сеў – дзе гэта бачылі, каб шляхціц еў за адным сталом са слугою! Асабліва сагравала думка, што фанабэрыстаму доктару, напэўна, даводзілася сядаць за адзін стол з такімі радавітымі асобамі, якія Пранціша, сына збяднелага шляхцюка-апойкі, і на ганак не пусцілі б… Каб не даводзілася выяўляць з сябе асістэнта, Пранціш паказаў бы халопу ягонае месца! А пакуль проста прыстроіўся падалей… Заўважыў, што слуга ягоны, перш чым падсунуць да сябе талерку, перахрысціўся па праваслаўным звычаі, шчопаццю.

Піва было не самым паганым, не заяц зварыў, але Пранцысь прыкмеціў, што маладая карчмарка, якую, як увішны шкаляр даведаўся, звалі Адэля, некалькі разоў бегала наверх са збаночкам, куды налівала віно з адмысловай бочачкі. Віно, як відаць, куды смачнейшае, чым тое піва. Пранцысь вырашыў, што лепшы спосаб пакаштаваць добрае пітво – падлабуніцца да карчмаркі. Але тая толькі зморшчыла кірпаценькі носік: маўляў, шаную вашу мосць, але не пра васпана далікатэсы, тытулаванымі панамі выкупленыя.

Між тым Адэля ў чарговы раз, пацокваючы па прыступках чырвонымі абцасікамі, што гэтак спакусна паказваліся з-пад фальбонаў спадніцы, пабегла наверх, на гэты раз не так хутка, бо срэбны тазік у яе руках быў поўны цёплай вады. Дакладна наверсе высакародная дама… Пранцысю так і карцела паглядзець на таямнічую незнаёмку. А можа, праз Адэлю прапанаваць ёй паслугі свайго лекара, вось і будзе падстава для візіту?

Вырвіч азірнуўся. Лёднік змрочна ўтаропіўся ў келіх, нібыта хацеў убачыць скрозь яго сваю вартую жалю будучыню… Але ў келіху ўсяго толькі пенілася не самае лепшае піва. Музыкі завялі чарговую песню, заплакала скрыпка, загула басэтля, задрыжэлі па кутах вечаровыя цені, якія не магло разагнаць дрогкае полымя бледных свечачак, што рыхтаваліся стаць бруднымі лужынамі воску.

Куды едзеш, Рамане?

Ой, вір-вір, бом-бом.


На кірмаш, васпане!

Ой, вір-вір, бом-бом.


Алхімік правёў доўгімі пальцамі па худым твары, нібыта не пазнаваў сам сябе. Палез у кішэню і дастаў маленькую шкляную бутэлечку… Пранцысь ведаў, што ў ёй.

А што вязеш, Рамане?

Ой, вір-вір, бом-бом.


Воз дзяўчат, васпане!

Ой, вір-вір, бом-бом.


Пачым цэніш, Рамане?

Ой, вір-вір, бом-бом.


Па чырвонцу, васпане!

Ой, вір-вір, бом-бом.


Скрыпка галасіла, нібыта была жывой істотай, якая страціла самае дарагое. Нават за суседнім сталом на імгненне прыціхлі галасы гульцоў у косткі. Бутрым паднёс блізка да вачэй бутэлечку, страсянуў, углядаючыся ў сваё апошняе золата… Нават здалёк Пранцысь бачыў, як крывяцца ягоныя вусны.

Куды едзеш, Рамане?

Ой, вір-вір, бом-бом.


На кірмаш, васпане!

Ой, вір-вір, бом-бом.


А што вязеш, Рамане?

Ой, вір-вір, бом-бом.


Воз хлапцоў, васпане!

Ой, вір-вір, бом-бом.


Пачым цэніш, Рамане?

Ой, вір-вір, бом-бом.


Па талеру, васпане!

Ой, вір-вір, бом-бом.


Каго прадаюць за талер, а каго й за шэлег, усім ёсць цана ў гэтым не лепшым са светаў… Басэтля глуха падтаквала высокаму голасу сляпога спевака. Пранціш намацаў у кішэні вежачку – кубак з астрагаламі, косткамі для гульні. Можа, далучыцца да кумпаніі? Часам удавалася ж выйграваць ды мухляваць, калі не натрапіш на мацнейшага махляра. У калегіюме ён ды адзін шчаўлік з малодшага курсу, Міхась Міцкевіч, таксама з небагатай шляхецкай сям’і, былі самымі моцнымі гульцамі. Міцкевіч, праўда, асаблівыя здольнасці меў: мог тры разы запар выкінуць “венеру” – усе шасцёркі, і ніхто падлавіць не мог на ашуканстве. Той шчаўлік цвёрда збіраўся, як падрасце, ехаць у Лемберк, каб павучыцца ў лепшых шулераў і пасля каралёў абыгрываць. Пранцысь жа марыў стаць славутым ваяром і здабыць багацце і тытулы шабляй, якую, дарэчы, таксама ў бліжэйшы час варта было раздабыць. Выпітае піва прыемна круціла галаву і змушала да подзьвігаў.

Чарнявая карчмарка зноў спусцілася ўніз і наліла ў збан з маленькай бочачкі адмысловага віна. Пранцысь зараз жа падскочыў да маладзіцы, як бусел да наладаванай жабкамі калюгі, залапатаў, зажартаваў… Але карчмарка і сама мела язычок востры, як шабля каралеўскага улана, і блакітныя вочы Пранцыся ніяк не маглі прабіцца да ейнага загартаванага досведам карчмарскага рамяства сэрца. Гэта яна шляхціцу адмаўляе? Эх, была б у яго шабля!

Збанок у руце Адэлі прыцягваў, як гарачая смала – парушынку… Кабета спрытна абмінула нахабнага юнака і рушыла, аглядаючы сваю гаспадарку, як гетман – поле бітвы. Параўнялася са сталом, дзе сядзеў Лёднік… Нешта ціха таму сказала… І – што такое? Паставіла перад Пранцысевым слугою запаветны збаночак!

Шкаляра ажно працяла ад злосці. Баўтрамей падняў на кабету цёмныя вочы:

– Выбачайце, пані, я цяпер не магу дазволіць сабе такайскае.

– Гэта пачастунак ад мяне пану лекару!

А прамовіла з якой удаванай сарамяжнасцю! І нават нібы няўзнак прыхінулася да чарадзея! Пранцысь нічога не мог зразумець. Ён, Вырвіч – юны, вясёлы, гожы, а добрае віно дастаецца на дарэмшчыну старому змрочнаму чарнакніжніку з дзюбатым носам! Што ён, прысушвае кабетаў лацінкай? Альбо носіць пры сабе мяса маладога жарабяці, высушанае ў новым паліваным гаршку, ці валасы з канца воўчага хваста, а можа ўласную кроў, выпушчаную ў пятніцу, змяшаную з заечымі ядрамі і вантробай галубіцы, у парашок ператвораную, кабетам падсыпае?

Яшчэ трохі пашаптаўшыся з лекарам, Адэля сышла, нават не зірнуўшы на блакітнавокага чубатага шкаляра. Лёднік праводзіў яе вачыма, няспешна наліў віна, чырвонага і густога, як кроў, у свой апусцелы келіх, нават нейкі мройны выраз на твары з’явіўся… Успомніў залатыя свае дзянькі, відаць, калі не такое шчэ віно смакаваў. А смалы табе гарачай!

Пранцысь ірвануўся наперад і цопнуў келіх проста з-пад носу алхіміка. Гледзячы ў вочы свайму слузе, няспешна выпіў. Ад злосці нават не распрабаваў добра. Але віно, здаецца, выдатнае… І мацнейшае за піва. Парадкам мацнейшае. Бразнуў пусты келіх аб стол. Лёднік, нібыта вывучаючы рэдкую хваробу, глядзеў на гаспадара. Зноў наліў поўны келіх. Працягнуў руку…

Пранцысь зноў апярэдзіў слугу. Павольна паднёс келіх да вуснаў, выпіў, не адрываючы позірку ад чорных вачэй, у якіх болей за ўсё на свеце хацелася пабачыць замест прыхаванай жарынкі насмешкі – праўдзівую крыўду. Але трымаць позірк на адной кропцы станавілася ўсё цяжэй, аблічча паскудніка Баўтрамея пачало нейкім незразумелым чынам дваіцца.

Пусты келіх ляснуў аб дубовы стол. Лёднік зноў прамаўчаў, пасядзеў, апусціўшы галаву. Пранцысь, крыху пагойдваючыся, навісаў над ім пагрозна, як цыклоп над Улісам. А што – ён, пан Вырвіч гербу “Гіпацэнтаўр”, моцны, вялікі… Уга, які зух! Што перад ім нейкі доктар, няхай той і ў Празе вучыўся! У галаве гралі скрыпкі і дуды, падлога пахіствалася ў такт музыцы, так што давялося абаперціся абедзьвума рукамі аб стол.

Алхімік, як нічога не было, напоўніў келіх. Пранцысь зноў паспеў першы, хаця й расплюхаў каштоўнай вадкасці… Але ягоную руку раптам імкліва перахапіла, як абцугамі, рука лекара. Лёднік холадна прамовіў, не гледзячы на шкаляра.

– Думаю, васпану ўжо досыць.

– Ды як т-ты пасмеў! Ды я ц-цябе… Хам… Біз-зуноў пакашт…шту…

Язык, аднак, не паспяваў за абуранымі думкамі, свет навокал загайдаўся, як адлюстраванне ў веснавой вадзе. Вырвіч толькі ўсвядоміў, што нехта ўзваліў яго на плячо самым ганебным чынам, як мяшок з гарохам, і некуды панёс. Ды яшчэ нізкі голас дзесьці побач бурчэў:

– Дурное хлапчыска…

На гэтым доўгі дзень прыгодаў для Пранцыся Вырвіча завершыўся.

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Подняться наверх