Читать книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская - Страница 6

Раздзел чацвёрты. Як Пранціш і Лёднік не даехалі да Радзівілаў на булён

Оглавление

“Пуць кароценькі. Салодка дзерава к горкаму не прыстане, к чалавеку пуць не прыстане…” – прыгаворвала калісьці старая Агата, Пранцішава нянька, калі выпраўляла маладога гаспадара ў далёкую дарогу.

Нічога добрага ў тае дарозе людзі паспалітыя земляў тутэйшых не бачылі. Усё, што патрэбнае самавітаму гаспадару, маецца і тут, вунь ад таго балота да таго гая… А далей – іншасвет, нават з вёскі за лесам дзеўку ўзяць – век чужаніцай пражыве, выглядзяць суседзі ў небаракі не тыя звычаі: не тая хада, не так юшку варыць… І ўжо зусім прапашчы чалавек, што ад уласнае хаты сам цягнецца ў дарогу, як старац альбо пагарэлец… Гэна ж толькі ў роднай хацінцы дух агменю Сопуха жыве, перад якім належыць крыжам класціся… Думаеш – каханачка, ажно – печка-гліняначка, а ў чужой хаце і жывая ды гарачая кабета не сагрэе.

І калі ўжо беларусін спакусіўся ды пацягнуўся ў дарогу, і спыну яму нямашака, дык чаго дзівіцца, што шлях ягоны адны зайцы перабягаць будуць, ды самотны восеньскі дождж у калюгах скакаць перад ім стане?

У карэце для перавозкі асабліва важных і радавітых злачынцаў было цесна, як у клетцы для курэй. Замкнёныя на вялізны замок краты, якія аддзялялі месца для вязняў ад месца для іх турэмшчыкаў, гэтае падабенства ўзмацнялі, і Пранціш ведаў, што лёс яго і ягонага слугі не надта адрозніваецца ад лёсу спамянутых хатніх птушак… Адна надзея – шляхецкае становішча Пранціша не дазволіць ціха зрабіць з арыштаваных накрыўку для пірагоў, бо шляхціца можа судзіць толькі шляхецкі суд, і законы для яго асаблівыя… Не дарэмна ж іх з лекарам не пагрузілі на калёсы, не пагналі, беражы, Прасвятая Багародзіца, пешкі, а пасадзілі ў гэтую карэту… Калі што, дык не бізуны і турма шляхціца чакаюць, а заключэнне ў вежу. Найбольш цяпер вярэдзіла Пранцыся – каб зноў не пачалі абшукваць. Дукатаў, вядома, шкада… А калі знойдуць ліст ваевадзянкі? Вырвіч паспеў перахаваць яго разам з дукатамі ў бот… Шкада будзе, калі забяруць і нататнік Вараняці – праўда, лекар таксама не першы год на свеце жыве, мусіў таксама кудысь сунуць падазроныя паперы…

А праз краты на вокнах карэты, як на злосць, свяціла ласкавае сонейка – нібыта старая дзеўка восень яшчэ спадзявалася залучыць бліскучымі фальшывымі ўсмешкамі залётнага жаніха… Нехта з жаўнераў, што ехалі конна абапал карэты, завёў жартоўную песню з даволі сумным для палоннікаў сэнсам:

Ехаў мазур да млына,

Ехаў мазур,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Да млына.


Здохла ў яго кабыла,

Здохла ў яго,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Кабыла.


Як стаў мазур дзялiцi,

Як стаў мазур,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Дзялiцi.


Са скуры будзе ёй шуба,

Са скуры будзе,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Ёй шуба.


З грыўкi будзе ёй каўнер.

З грыўкi будзе,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Ёй каўнер.


Пранцысь проста ўвачавідкі ўявіў, як з яго ды Лёдніка лупяць скуру… У засценках Гераніма Радзівіла як ёсць разбяруць на частачкі абодвух, не паглядзяць, хто якога звання… Простых ворагаў князь загадваў зашываць у мядзвежыя скуры ды сабакамі цкаваць. Але й паддобрывацца да яго небяспечна. Адзін слуга дужа хацеў перад панам выслужыцца, сказаў, што мае адзінае жаданне – заўсёды быць на вачах у гаспадара… Дык той загадаў яго павесіць пад сваім вакном – каб спраўдзілася мара небаракі. Тры жонкі ад князя збеглі, напакутваўшыся… Нават звар’яцелы брат Гераніма Марцін, над якім Гераніму апякунства даверылі, зараз сядзіць у Слуцкім замку, кажуць, на хлебе ды вадзе.

– З хвоста будзе ёй каса,

З хвоста будзе,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Ёй каса.


Краты былі густыя, з іржавых палос, між імі не пралезла б рука. На жалезе засталіся драпіны нібыта ад пазногцяў шматлікіх вязняў, у пісягах Пранцысю ўяўлялася запеклая кроў, хаця была гэта напэўна іржа.

– З вочак будуць гузiчкi,

З вочак будуць,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Гузiчкi.


З зубоў будуць пацеркi,

З зубоў будуць,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Пацеркi, – з хрыпатай насмешкай выпяваў жаўнер.


Лёднік, не зважаючы на песню, свідраваў вачыма вузкі жоўты твар Юдыцкага з блізка пасаджанымі вачыма – суддзя сядзеў насупраць, надзейна аддзелены кратамі, і драмаў, яго бледныя вусны вяла варушыліся, нібыта суддзі снілася, што ён каштуе нешта нясмачнае. Але калі кола карэты падскочыла на чарговай выбоіне, Юдыцкі адплюшчыў насцярожаныя вочы. Лёднік адразу ж задаў пытанне, беражліва, але настойліва, як бортнік прыладжвае да вулея дымар:

– Ці не мог бы літасцівы пан падрабязней распавесці пра спамянутую панну Саламею Рэніч? Чаму яе судзяць не ў Полацку, не ў гродскім судзе? Чым зацікавіла яна так пана Гераніма?

Юдыцкі абурана цыкнуў скрозь зубы, як на надакучлівае кацяня.

– Гэты паскуднік што, вырашыў, што мае права задаваць пытанні мне, шляхціцу і суддзі? Пан Вырвіч, я патрабую, каб вы зараз жа пакаралі свайго непачцівага слугу!

Вырвіч раздражнёна пхнуў Лёдніка ў плячо.

– І праўда, маўчаў бы ты… – і ветліва звярнуўся да суддзі. – Прашу прабачыць, літасцівы пан, гэтага недарэку. Ён жа ўсяго толькі слуга пажыццёвы. А вось мне цікава паразмаўляць з такім мудрым чалавекам, як пан суддзя Юдыцкі. Пэўна, гісторыя той Саламеі з Полацку дужа страхотная? Упрыгожце нам дарогу сваймі цікавымі расповедамі!

Пранціш гаварыў гэтак умольна, як звычайна выпрошваў дармовы келіх у прыгожай шынкарачкі. Блакітныя вочы выпраменьвалі такое шчырае захапленне мудрасцю пана суддзі, што той здаўся, напыжыўся, як верабей у сцюжу, і паважна-паблажліва адшкадаваў словаў:

– Што ж, маладому чалавеку, накшталт вас, карысна будзе паслухаць…

Вырвіч адчуў, як Лёднік коратка ўздыхнуў, зразумеўшы Пранцысеву тактыку: да бабкі не хадзі, ясна, як яму карціць даведацца пра тую Саламею. Карэта пачала падскокваць на карэннях, сумная кавалькада ўехала ў лес. Голле час ад часу стукала па карэце, драпала яе бакі, нібыта лясун праганяў і не ў змозе быў прагнаць нежаданых гасцей.

– Судзіць паненку будуць за тое, што паюка князя Гераніма асляпіла. Але карані, карані ўчынкаў глыбей! Норавы заняпалі ў нашым княстве! – звягліва прамовіў Юдыцкі. – Белагаловыя не павінны заставацца без мужчын! Калі ўдава, ці сірата – апекуноў ёй давайце… А то атрымліваецца абы што. Паненка застаецца без бацькоў, і не хоча выходзіць замуж. Хаця лічыцца першай прыгажуняй места, specie formosa… Не хоча, і ўсё! І ніхто не прымусіць. Жаніхі шалеюць, сваты вяртаюцца з гарбузамі, ідуць чуткі пра таемнае каханне – але ніхто адсачыць не можа. Паводзіцца паненка бездакорна, ходзіць у царкву… Але ж у кляштар не ідзе, як княжна Еўфрасіння! Прадае кніжкі ў бацькавай краме і, прабач, святы Ёсафат, займаецца навукай! Казалі, што яна пераапраналася ў мужчынскае адзенне і слухала лекцыі ў калегіюме. Калі праўда – задраў бы спадніцу ды сам адхвастаў… – Юдыцкі нават прыцмокнуў бледнымі вуснамі, відаць, уявіўшы спакусную карціну хвастання паненкі, і ўздыхнуў: – Вось толькі з судом князь не спяшаецца. Каб толькі па дабраце сваёй не дараваў ведзьме, і яна яго, змяя беласкурая, не счаравала. Можа, ой, можа…

– Але навошта тая купчыха пану Гераніму? – папытаўся Вырвіч.

– Не вашага гэта розуму справа, – надзьмуўся Юдыцкі, але, відаць, цікава і незразумела было і яму – чаму столькі клопату з-за нейкай дзеўкі, таму што суддзя задумаўся і, памаўчаўшы, пачаў разважаць:

– З-за прыгожых вочак – наўрад… Ейнае ведзьміна майстэрства скарыстаць – дык ягамосць пан Геранім ведзьмаў блізка да сябе не падпускае. Ведама мне толькі, што пан Марцін да бацькі гэтай Саламеі прыязджаў і доўгую гаворку меў. А як Рэніч памёр, то да самой панны ліст прыслаў. Значыць, нешта такое бацька ёй у спадчыну пакінуў. І, відаць, важнае – бо чамусьці Трыбунал вырашыў умяшацца.

– Гэта вы пра князя Аляксандра Сапегу? – здагадаўся Пранцысь. Юдыцкі скрывіўся, быццам раскусіў гнілы арэх.

– Так, пра ваяводу полацкага. Сапегі здабылі ад Трыбуналу грамату з патрабаваннем аддаць Рэніч пад іх апеку, – суддзя чмыхнуў вострым носам, як быццам учуў пах пажару. – Нібыта князь Геранім не мае права ў вотчынным судзе судзіць полацкую мяшчанку… Аляксандр Сапега ў Слуцак заявіўся, трыста жаўнераў прывёў… Быццам дзеля перагавораў. Занялі дом ля Віленскай брамы, жаруць, п’юць, мешчукоў задзіраюць. Жаўнеры пана Гераніма напагатове – чым перагаворы гаспадароў скончацца, невядома. Гэх… Ёсць такая дзева-птушка – Сірын, што зачароўвае людзей спевамі сваймі… І няхай птушка яна што ні на ёсць райская, а сны навявае зямныя ды грэшныя, і душа ў яе пакутлівая. Карацей, не схацела дзеўка мужчынскае рукі над сабою – спазнае руку следства.

– Але калі пан суддзя ведае, што панна Саламея невінаватая… – падаў голас Пранцысь. Юдыцкі зарагатаў так, што стукнуўся патыліцай у сцяну карэты, аж з парыка ягонага паднялося дымнае воблачка.

– Невінаватая? Дзева-птушка, хімера, мужабаба! Я ж табе, хлопча, толькі што сказаў, што такія, як яна – самая шкоднасць для дзяржавы! А што, калі на яе гледзячы, другія белагаловыя волі захочуць? Не, у пятлю дурную блудніцу – і ўсё!

– Мярзотнік! У Саламеі ў адным мезенцы розуму больш, чым хаваецца пад тваім вашывым парыком! – Лёднік кінуўся на краты, ажно з іх пасыпалася іржа, але так атрымаў похвамі судзейскай шаблі ў лоб, што, заліўшыся крывёй, абсунуўся назад на лаву. Пранцысь зараз жа наваліўся на свайго наравістага слугу, каб спыніць ягоныя далейшыя шалёныя ўчынкі. Але язык лекара ён падрэзаць не мог, і той пастараўся адказаць на ўдар:

– У вас, пан Юдыцкі, пячонка хворая, жоўць у крыві разлітая, а яшчэ мужчынскай сілы гады са два як няма. Вы кабету сапраўды толькі адхвастаць можаце!

Ой-ёй… Залілі агонь алеем. Пранцысь нават не наважыўся прамовіць: “Ды не слухайце вы гэтага дурня…”.

– Адкажаш за ўсё, лайно! – сычэў Юдыцкі, аж трасучыся ад злосці, як кола на брукаванцы. – Падзякуй, што лязом не ткнуў – трэба цябе цэленькім здаць, каб каты больш задавальнення атрымалі. І ты, смаркач, расплоцішся… Мы яшчэ праверым, які ты шляхціц! Гэй! – суддзя пастукаў у вакно карэты, яна прыпынілася, і пан вылез, не жадаючы падзяляць адну прастору з дзёрзкімі зняволенымі.

З вочак будуць гузічкі…

З кішак будзе каўбаса…


Пранцысь асыпаў Лёдніка справядлівай лаянкай, але той больш не спрабаваў выломваць краты… Застыў, закрыўшы твар рукамі – зноў злавіў сусветную нуду.

– Моцна ж ты дапамог і нам, і той паненцы! – крыкнуў наастачу Пранціш, праклінаючы імгненне, калі знайшоў у сваёй кішэні апошні шэлег.

– Гэта я яе загубіў, – глуха прагаварыў Лёднік, адвярнуўшы твар з разбітым ілбом ад гаспадара.

– Ну, што панна Саламея – дачка таго друкара, у якога ты рос, я і сам здагадаўся, – сярдзіта прамовіў Пранцысь. – Відаць, амуры з дзеўкай круціў!

– Не мяркуй па сабе… – раздражнёна буркатнуў Лёднік, крыху робячыся падобным да сябе звычнага. – Яна ж малая была… Мне – дзесяць, ёй – пяць… Яе бацька дабрадзеем маім быў, настаўнікам. Як я мог на яго дачку пажадлівым вокам глядзець?

Уздыхнуў… Потым загаварыў, нібыта язык ад марознага жалеза адрываючы.

Маленькая Саламея, адзіная дачка кнігара Сымона Рэніча, пястунка ды разумніца, за бацькавым вучнем ценем хадзіла… Можа, таму, што іншых дзяцей у доме не бывала? І Бутрым, які таксама дома рос адзін-адзінюткі, ды яшчэ на поліўцы з кухталёў, патроху прывык да шчабятання побач і ставіўся да паненкі, як да малодшай сястрычкі. Чытаць яе вучыў… І дазваляў перамешваць фарбы ў ступках… Нават разважаў пры малой услых над сваймі доследамі – які ні ёсць, а слухач. І толькі калі падчас чарговых вакацыяў Лёднік вярнуўся дахаты, і давялося даць у нос суседскаму хлапцу, што гэтак апантана закідваў чатырнаццацігадовую Саламейку калючымі шарыкамі дзядоўніка – вядома, найлепшы сродак заляцання – Бутрым заўважыў, якія сінія-сінія вочы ў ягонай сяброўкі, якая белая скура, чорныя бліскучыя косы, а пастава… Не дзіцячая пастава. А калі яна ўсміхаецца, дык ямінка чамусьці толькі на адной шчочцы, левай… Дакрануцца да тае ямінкі хочацца – аж да млосці… І пажадана вуснамі…

Лёднік адразу забараніў сабе падобныя думкі. Па-першае, паненка яму не пара, ды і як абразіць настаўніка, без якога згніў бы Бутрым у няведанні ды смуродзе гарбарні… Па-другое – Лёднік ужо ахвяраваў сваё жыццё Вялікай Навуцы, у служэнні якой, як вядома, пяшчотныя пачуцці толькі замінішча. Але калі Бутрым ад’язджаў ва ўніверсітэт, Саламейка перастрэла яго ля весніцаў, і вочы яе палалі нясцерпным сінім агнём, і заявіла яна, што сэрца ейнае аддадзена Бутрыму, і ніхто іншы ёй не заўладае, і будзе яна чакаць столькі, сколькі Бог пакладзе і лёс Бутрымаў. І Лёднік так разгубіўся, што атрымаўся ў іх першы, няўмелы і самы лепшы ў жыцці пацалунак…

Ён нават не паабяцаў ён нічога. Жыццё закруціла маладзёна ў віхурах сваіх, як чоўнік легкадумны, што ўзнамерыўся па месяцовай срэбнай дарожцы на хвалях да самога Месяца даплысці… Падманам будзе сказаць, што Лёднік часта ўспамінаў сінявокую палачанку… Не да таго было – вучоба, распластаныя ў анатамічным тэатры трупы, доўгія дыспуты, студэнцкія застоллі, гарачыя даступныя кабеты. Але й нельга сцвярджаць, што ён на яе забыўся… Бо ўсведамленне “мяне чакаюць” павінна быць у кожнага, нават самага жорсткага чалавека, і на агеньчык гэтага пачуцця можна выйсці з цёмнага лабірынту.

Сплылі гады, як сухое лісце па восеньскай вадзе, і вярнуўся Лёднік у заняпалы Полацк, дзе пошасць забрала і ягоных бацькоў, і бацьку панны Рэніч. Доктар прыйшоў у такі знаёмы дом, пацікавіцца, чым можа дапамагчы дачцы свайго настаўніка… І яна стаяла і глядзела на яго ганарыстымі сінімі вачыма, і яму страшэнна карцела папытацца, ці ўсё яшчэ ён уладарыць ейным сэрцам, і не насмельваўся…

А яна проста сказала:

– Мне – нічога не трэба. Але нічога і не змянілася. Я чакаю.

Ён не хацеў траціць сябе на нешта акрым таемных навук… І больш не бачыўся з паннай. Нават калі патрапіў у страшэнную нястачу з-за свае апантанасці – не пайшоў да яе… Бо ведаў, што спляжыць і ейнае майно, і ейнае жыццё. І Бутрым зрабіў усё, каб да Саламеі не дайшлі чуткі пра ягоную дамову з панам Агалінскім – выкупіла б… А ён таго няварты.

Але ніхто яшчэ не змог уберагчы трэску ў сэрцы вогнішча.

– Калі б я ажаніўся з ёю – яна б загінула… Не ажаніўся – усё роўна загубіў яе.

Пранцысю дужа не спадабалася адчайная нянавісць да сябе, што гучала ў голасе алхіміка. Нібыта зараз ён разаб’е сваю ўпартую галаву аб іржавыя краты. А той яшчэ дастаў запаветную шкеліцу з алхімічным золатам і паныла разглядаў, як увасоблены дакор.

– Загубіў – дык ратуй! Чаго дарэмна плакацца?

Для хлапца ўсё выглядала гранічна проста.

І Лёднік прыжмурыў цёмныя вочы, нібы пабачыў сонца, і схаваў сваю шкеліцу…

– Дзіця мудрэйшае за цара Саламона, так… Твая праўда, пан Вырвіч. Відаць, Гасподзь не дарэмна паслаў цябе на дарогу да Валожына.

Доктар дастаў з кішэні хустачку, акуратна прамакнуў драпіну на ілбе, якая пачала ўжо зацягвацца, абцёр твар і агледзеўся вакол зусім іншым позіркам – як кухар глядзіць на тушку каплуна.

– Зброя ёсць? – папытаўся. – Можа, хоць сцізорык які прыхаваў?

Пранціш паматаў галавой. Акрым як зберагчы ліст ваевадзянкі, нічога яго не цікавіла падчас арышту. Алхімік палез у свой бот і дастаў нататнік Вараняці. Потым з сілай тузануў вокладку – Пранціш не паспеў яго спыніць – і вынуў з карэньчыка кнігі жалезны востры стрыжань. Вырвічу ажно дух заняло: гэта ж старажытнагрэцкае сціло Вараняці, з якім той так насіўся! Вось дык Лёднік, што значыць вучоны! За раніцу вынюхаў скарб, а Пранціш колькі нататнік з сабой цягаў – нават да канца прачытаць не даў рады.

Між тым Бутрым нахіліўся і пачаў асцярожна калупацца сцілом у замку кратаў з такім выразам твару, нібыта рабіў складаную непрыемную аперацыю на гнайніку. Невядома, як хутка яго чакаў бы поспех, і якім чынам намерваўся лекар, узброены сцілом, справіцца з жаўнерамі, але пачулася вар’яцкае галёканне, коні панесліся, фурман гарлаў, як падпечаны… Вязні стукаліся аб сцены, як дзве бульбіны ў гаршку, што коціцца з гары.

Што б ні здарылася, у гэтым для іх была надзея. Тым больш што Юдыцкі лаяўся, зрываючы голас, пагражаў камусьці каралеўскім судом і радзівілаўскай помстай…

Карэта тузанулася, рэзка пахілілася набок, відаць, страціўшы кола, яшчэ трохі працягнулася па зямлі і спынілася… Адразу дзверы расчыніліся: жаўнер Юдыцкага, на чыім мяккім твары заблукала абыякавая бязлітасная ўсмешка, трымаў два пісталеты скіраванымі на вязняў і не збіраўся траціць час на пагрозы альбо малітвы… Вось яна, смерць хуткая і неспадзяваная. Пранцысь, да свайго расчаравання, не паспеў прыняць мужнай паставы, хаця б горда скрыжаваць рукі на грудзёх, як належала сустракаць апошнюю хвілю носьбіту герба “Гіпацэнтаўр”. А вось лекар паспеў нібыта чорная вужака слізнуць наперад і, наколькі мог у цеснай клетцы, захінуць сабой маладога гаспадара… А яшчэ зрабіў пры гэтым нейкі дзіўны маланкавы рух рукою ад шыі. Стрэлы з пісталетаў прагучэлі, але разам з крыкам болю.

Пранцысь усвядоміў, што жывы… І нават не паранены. І Лёднік стаяў на нагах на пахіленым дне карэты… А вось жаўнер, енчучы, трымаўся рукамі, што згубілі пісталеты, за вока, з якога тырчэла жалезная спіца… Старажытнагрэцкае сціло, якім, магчыма, пісаў на васковых дошчачках вершы кучаравы паэт, а магчыма, нехта таксама даставаў вочы бліжняму свайму. Паранены выкуліўся з карэты… Але замест яго з’явіўся новы персанаж з тым жа атрыбутам, а менавіта настаўленым на зняволеных пасажыраў пісталетам. Твар незнаёмца быў завязаны шалікам, зверху яго прыкрывалі шырокія брылы капелюша… Разбойнік? Прыхадзень ссунуў шалік. Белыя бровы і вейкі, спаласаваны шнарамі ружовы твар, дзіўныя бяздонныя вочы… Пан Герман Ватман! Пранціш мімаволі сунуў руку ў халяву бота, дзе быў прыхаваны ліст Багінскай. І не ўцячы, і не абараніцца… Лёднік прасычэў скрозь зубы нешта падобнае да “Не кароста, дык адзёр”, і зноў паспрабаваў захінуць сабой Пранціша.

Пачуўся стрэл… Але пан Ватман, якога, падобна, дужа забаўляў спалох пасажыраў, цэліў не ў іх, а ў замок на кратах. Куля перабіла дужку, краты нарэшце з незадаволеным рыпеннем адчыніліся. Але вязні неяк не спяшаліся выходзіць, надта няпэўным выглядала іх становішча. Ватман усміхаўся са злой весялосцю.

– Ну што, кураняткі, па-ранейшаму хочацца да Радзівілаў на булён? Я б параіў не спяшацца на кухню. А ты, хлапчыска, падзякуй адной пекнай неслухмянай паненцы… Яна прасіла табе перадаць – выконвай даручанае. І асцярожней – наступны раз, можа, сам цябе прыдушу, калі пад руку пападзешся ды не на той бок станеш.

Сунуў пісталет за пояс і выскачыў з карэты. Лёднік і Пранцысь насцярожана высунуліся за ім. Вакол былі сляды сапраўднай баталіі. Два жаўнеры – ці мёртвыя, ці непрытомныя – ляжалі ў кустах спінай уверх, у карэце застаўся запрэжаным адзін конь, які ўжо і не спрабаваў зрушыць яе з месца. Ні двух другіх жаўнераў, у тым ліку і параненага ў вока, ні пана Юдыцкага не было. Ватман падхапіў канцом шаблі з зямлі нешта бела-шэрае, калматае, падобнае да здохлай курыцы.

– Ну, суддзя, усё-ткі згубіў свой парык!

Ватман грэбліва кінуў судзейскае ўпрыгожванне на куст ядлоўцу, парык пачапіўся якраз на вершаліну, ад чаго куст адразу прыпадобніўся да прывіда з зялёным цёмным тварам.

– Бывайце, чарадзейнічкі!

Пранціш агаломшана глядзеў услед Ватману, які скакаў на белым дрыгканце прэч, у той бок, адкуль яны прыехалі… Каля павароту дарогі да Ватмана далучыўся яшчэ адзін вершнік. І шкаляр ведаў, хто той другі, зграбненькі ды невысокі, што нават рукой яму памахаў… Не забылася, не кінула свайго пасланца! Ад гарачага пачуцця ў Пранцыся аж слёзы на блакітныя вочы навярнуліся – хоць хмарку здаля расцалаваць, хоць бліжэйшую ялінку абняць ад паўнаты душэўнай… Але грубы Лёднік, далёкі ад тонкасцяў куртуазных, тузануў хлапца за рукаў:

– Пан, вядома, можа мроіць сабе тут да раніцы, але радзівілаўскія найміты вернуцца ў любы час. А мы, між іншым, збеглыя арыштанты…

Пранцысь ачомаўся. І сапраўды, не да абдоймаў з ялінкамі, трэба ўцякаць, калі хочаш у будучым жывую дзяўчыну да сэрца прытуліць. Але Лёднік, замест таго, каб выконваць свае ж словы, падыйшоў да аднаго з небарак, што ляжалі у кустах, стаў на калені, перавярнуў яго, памацаў шыю…

– Жывы… Нічога… Поўгадзіны паляжыць, ачомаецца.

Падыйшоў да другога, таксама абгледзеў, нават павека прыўзняў:

– І гэты выжыве, хаця сатрасенне мозгу займеў.

Ён што, лячыць сваю смерць магчымую збіраўся?

Рука Пранцыся між тым сама схапіла шаблю-аўгустоўку, што ляжала каля рукі жаўнера. Нарэшце ён зноў трымае зброю! Махнуў на спробу раз, другі… Уга, цяпер беражыцеся, усе Юдыцкія на свеце!

– Вашае фехтавальнае ўменне, акрым вожыкаў, няма тут каму ацаніць, – з’едлівы голас Лёдніка вярнуў Пранціша з рыцарскіх пераможных мараў на калюжную лясную дарогу. – Рушылі, пакуль жаўнераў не наехала!

Але ж і Лёднік не пагрэбваў зброяй разжыцца, расшпіліў свой чорны балахон і засунуў за пояс пісталет і шаблю, сканфіскаваныя ў пераможаных. Ды яшчэ прамовіў павучальна, заўважыўшы падазроны позірк гаспадара:

– Як вучыў італіец Макіявелі, дурная справа спадзявацца на тое, што ўзброены чалавек падпарадкуецца няўзброенаму, а ferrum ferro acuitur, жалеза жалезам вострыцца.

На галаве Лёдніка красаваўся таксама не ягоны чорны капялюш, і цяпер алхімік са сваім драпежным носам, цёмнымі патламі і свежым шнарам на ілбе дакладна прыпадобніўся да рыцара вялікай дарогі, а не да мужа вучонага.

Ісці вырашылі ў бок Слуцка… Па-магчымасці, не па дарозе, а па гушчарах, наўзбоч. Накірунак спрэчак не выклікаў. Па-першае, Лёднік разважыў, што наўрад пераследнікі ўявяць, што вязні скіруюцца менавіта ў той бок, дзе мусяць знайсці пагібель. Па-другое, ясная справа, Лёднік ірваўся да сваёй Саламеі – Пранціш шчыра не разумеў, якую цікавасць у мужчыны можа выклікаць кабета, што мае за трыццаць гадоў. Цётухна! Пекнай паненцы павінна быць год пятнаццаць- шаснаццаць, як Паланэйцы Багінскай. Але ў Слуцак і Пранцішу трэба… Выканаць даручэнне ваевадзянкі, знайсці Аляксандра Сапегу… Але слузе пра гэта ведаць не абавязкова.

А падобна, Пранціш мае слугу не толькі абазнанага, але і вернага – пры ўспаміне, як Лёднік захінаў яго ў карэце ад куль, Вырвічу стала трохі няёмка, але й неяк цёпла на сэрцы… Ніхто раней не спрабаваў аддаць за Пранціша жыццё. Свой уласны ўчынак – адмову прадаць доктара з усімі наступствамі – Пранціш не лічыў чымсьці адметным.

Калі яны, зняможаныя, прыселі на паваленым бервяне пад разлапістай сасной, Лёднік, здымаючы з твару наліплае павуцінне, задумліва прагаварыў:

– Раней я б склаў наш гараскоп і вызначыў, ці прарокуюць зоры поспех, і адкуль набліжаецца небяспека… Цяпер застаецца маліцца ды спадзявацца на літасць Божую. Ну, і куды ты, хлопча, улез? Чаму стары выжал Герман Ватман цябе вызваляць узяўся? Ягоныя паслугі вялізныя грошы каштуюць, не кожны магнат такога здолее наняць. Чым ты стаў такі дарагі Багінскім?

Пранціш трохі павагаўся, паглядзеў на восеньскае лісце, што гніло пад ягонымі нагамі, нагадваючы пра тленнасць зямнога быцця, і распавёў пра знаёмства з чароўнай ваевадзянкай…

– Ліст пакажы! – уладна сказаў Лёднік, працягнуўшы руку. Пранціш падумаў, ці не абурыцца дзёрзкасцю слугі, але ж дастаў памяты канверт. Алхімік пакруціў яго ў руках і раптам рашуча зламаў пячатку. Шкаляр ускочыў і замахнуўся на лекара:

– Ах ты!.. Што робіш, паскуднік! Гэта ж ганьба – чытаць чужыя лісты, шляхціцу давераныя!

– А я не шляхціц, мне гонар не рупіць, – холадна прагаварыў Лёднік. – А ведаць, дзеля чаго жыццём рызыкуем, я павінен, так што ўвесь грэх і ганьба – на мне. Та-ак…

Лёднік пільна вывучаў аркуш, на якім усяго і было пару радкоў без подпісу накрэмзана. Пранціш, як ні віраваў ад абурэння нізкім учынкам слугі, не мог утрымацца, каб не прачытаць таксама…

“Леў гатовы скочыць, але не можа забыцца пра ланцуг.

Калі адзінарог прывядзе грыфона да брамы і знойдзе з дапамогай Дзевы Вянец Палямона, ланцуг парвецца. Ружа будзе чакаць ля белага калодзежа”.

Што за блёкат? Пранціш расчаравана адвярнуўся. Але алхімік расчараваным ці азадачаным не выглядаў.

– Вось жа кабета… Калі нават ліст дастанецца ворагам – ніякіх зачэпак. Ні адрасу, ні подпісу, адныя іншаказанні. Ды й вызваленне наша – яшчэ давесці трэба, што Багінскія да яго датычныя. Карэту сваю адправілі загадзя на Менск. Ватман пераапрануўся, хаця ён такі адметна здаровы, што западозрыць можна. Але, вядома, стане ўсё адмаўляць. Мала якія разбойнікі на людзей Юдыцкага напалі. А каму панна прасіла перадаць ліст? Князю Аляксандру Сапегу?

Пранціш разгублена памаўчаў. Як відаць, слузе загадкавы ліст быў куды больш зразумелы, чым ягонаму гаспадару. Але распытваць, што да чаго, паказаць сябе недасведчаным, было ганебна. Лёднік насмешна скасавурыўся на гаспадара, разумеючы ягоныя пакуты.

– Перш чым увязвацца ў палітыку, трэба хаця б сваю партыю свядома выбраць. Хаця ў нас, ліцвінаў, ды яшчэ праваслаўных, якая можа быць партыя, калі мы па звычаі апынуліся паміж патэльняй ды ражном? Ведаеш, якія жарсці бушавалі, калі польскі трон дзялілі? Аўгуст на яго сеў не толькі таму, што расейцы падтрымалі, ды партыя Чартарыйскіх, але й таму, што іншыя не маглі адзін аднаго перамагчы і вырашылі “Няхай ні вашым, ні нашым”.

– Дый пан бацька мой яго не любіць, – заківаў Пранціш, жадаючы паказаць і сваю дасведчанасць. – Кажа: “Які ж гэта кароль, прабач мяне, Божа? Да таго, як вайна яго з Дрэздэну выкурыла, пару дзён у Польшчы й пабыў, мовы не ведаючы, з каханкамі разабрацца не можа, тут усё фаварыты вырашаюць”. Кажа, ягоным пераемнікам Чартарыйскія маладога Панятоўскага хочуць зрабіць.

– Смаркача Панятоўскага не ведаю, – прабурчэў Лёднік. – Але бачыў, як старэйшы Юзаф Панятоўскі па Варшаве ў карэце раз’язджае ў кампаніі амараткі Юзэфкі… А тая – у касцюме Евы, прабач, Госпадзе.

Пранцысь уздыхнуў ад шкадавання, што сам не пабачыў таго спакуснага відовішча. Лёднік асцярожна крануў свой разбіты лоб.

– Та-ак… Страшна ўявіць, што нас чакае. Вось табе і алхімічны працэс: перамалоўшы каштоўныя камяні, атрымліваюць кучку фанабэрыстага пылу. Магнаты ўлады каралеўскае не прызнаюць, войскі маюць куды мацнейшыя за кароннае. Геранім Радзівіл падаткі адмовіўся плаціць, пляменнік ягоны, Пане Каханку, заявіў, што гэта ён, Караль, заўсёды быў тутэйшым каралём. Калі спрэчнае пытанне – даводзіцца звяртацца да расейцаў, каб прыслалі жаўнераў.

– Але ж Расія праваслаўных абараняе… – прамовіў Пранціш. – Лізавета Пятроўна патрабуе, каб нас перасталі лічыць дысідэнтамі, ураўнавалі ў правах. Можа, для нас і лепей хаўрус з Расіяй?

– Так, пад Польшчай не соладка ліцвінам… – пагадзіўся Лёднік. – Сам бачыў, як праваслаўных братчыкаў камянямі закідваюць. Храмы паадбіралі, ва ўніяцтва заганяюць. Адзін такі… місіянер нават загадаў праваслаўных з магілаў выкопваць і, як падлу, кідаць. Тут мы – схізматыкі, але і для расійцаў – схізматыкі, каталікамі папсаваныя. Нас выпраўляць будуць… Так, што кроў пацячэ. А што з тымі, хто прыняў унію, зробяць… Асабліва з простымі мужыкамі, якіх з веры ў веру бізунамі перахрышчваюць…

Былы алхімік задумліва ўзіраўся ў шэрыя нябёсы, нібыта спадзяваўся на старонках аблокаў прачытаць нешта важнае.

– Ведаеш, Вальтэр… ёсць такі французскі філосаф… неяк сказаў, што ён гатовы аддаць жыццё, каб ягоны вораг мог свабодна выказваць сваё меркаванне. Як па-мойму, дык варта памерці не толькі за сваю веру, але і каб не забівалі, не катавалі людзей за тое, што яны гэтую тваю адзіна правільную веру не прымаюць. Я падобнага ўжо столькі нагледзеўся, мой пан… А калі пачынаюць чужацкія войскі рабункі ўчыняць, не разбіраюць, хто ў якую царкву ходзіць. Таму што ў падбіўцы ўсяго – звычайная хцівасць. Жаданне захапіць паболей зямлі.

Пранціш акінуў вокам панылыя восеньскія відарысы. Зямля ў іх, вядома, не такая яркая, як на карцінах італьянцаў… Але ж свая. Са сваймі рыцарамі і чароўнымі дамамі… Дарэчы, наконт дам.

– А пры чым тут Багінскія?

– Увязаўся ты, хлопча, у змову магнацкую супраць Аўгуста Саксонца, – змрочна патлумачыў доктар. – Багінскія мараць пра карону. Падбіваюць змагацца за трон князя Міхала. Лізавета Пятроўна моцна хварэе. І князя Міхала пазнаёмілі з жонкай ейнага спадчынніка Кацярынай, якая з мужам не ладзіць і завяла раман са Станіславам Панятоўскім. Багінскі Панятоўскага не перамог, затое, кажуць, не на жарт закахаўся ў маладую царыцу. Доўга ў Санкт-Пецярбурзе не затрымаўся, паехаў па Еўропе… І давядзецца яму змагацца за карону самому. Але Міхал Багінскі адчувае на сабе ланцуг – прысягу, што даў каралю… І ўвогуле палітычных інтрыг не любіць. Вось і сястру малодшую, відаць, падалей ад палітыкі адаслаў пад прыглядам Ватмана.

– Значыць, Багінскія у змове з Сапегамі? – глыбакадумна заўважыў Пранціш.

– А чаму і не? – Лёднік сарваў з ядлоўцавага куста сіня-чорную ягадзіну, пакруціў у пальцах, нібыта яна была чорнай перлінай. – Змаганне за ўладу, хлопча… Ворагі цішком хаўрусуюцца, сябар са шчырымі слязьмі жалю заганяе сябру нож у спіну… Аляксандр Сапега таксама цяпер страшэнна пакрыўджаны. Ён дамагаецца булавы гетмана польнага літоўскага, кажуць, даў графу Брулю, амарату каралеўскаму, нямерана грошай… Нават жонку сваю падаслаў да ягонага сына, каб яго сваімі вабнотамі адарыла. Ганьбы займеў – але нічога не здабыў. Так што карона для яго – трафей, які за ўсё ўзнагародзіць.

Вырвіч глядзеў на засыпаную ігліцай ды іржавым лісцем зямлю, па якой яшчэ сноўгалі падманутыя восеньскім сонцам мурашкі. А ў гэтых нікчымных казюрак таксама ж ёсць жаўнеры, і мужыкі, і каралева, ёсць і крылатыя асобіны, якім бліжнія хуценька абкусваюць крылы. Няма чаго лётаць, калі трэба ігліцу цягаць, тлю пасвіць ды нападнікаў грызці. Пранцысь на хвілю ўявіў Лёдніка такім вось чорным крылатым мурашом з абкусанымі крыламі, які ледзь варушыцца на сцежцы, бо калі няможна лётаць, то паўзці – усё роўна куды, і ўсё роўна, пасвіць табе давядзецца альбо цягаць, альбо зараз цябе раздушаць. Глухое раздражненне зварухнулася ў душы шкаляра, змяшанае з зайздрасцю: скажы ты, які разумнік – сын гарбара, у тонкасцях палітычных разбіраецца, магнатаў асуджае… Крылы адрасціў… Ды хто ён такі?

– Слухай, Лёднік, калі леў – гэта князь Багінскі, значыць, паводле гэтага ліста, ён можа пайсці супраць караля, толькі патрэбны нейкі штуршок… Вянец Палямона. Гэта што?

– А хто ж яго ведае… – абыякава адказаў доктар. – Карона Вітаўта? Світак з прадказаннем святога Даўмонта, што каралём павінен стаць уладальнік гербу такога ці гэткага? Святы Грааль, які адразу зробіць уладальніка выбранцам? Мне, на жаль, ясна адно – з гэтай штукай звязаны Рэнічы. Спадар Іван усялякія дзівосы збіраў, нават зямлю на месцы старых будынкаў раскопваў… Можа, што і раскапаў. Шляхціцы любяць усялякія сімвалічныя бескарысныя рэчы, кшталту абломка мяча прапрапрадзеда, які хадзіў на мядзведзя разам з царом Дадонам.

Цярпенне Пранцыся лопнула, як бурбалка на паверхні лужыны. Лёднік што, над шляхтаю смяецца? То пячатку на чужым лісце разломвае, то выстаўляе ўладальнікаў гербаў легкавернымі ёлупамі… Нельга гэтага спускаць! Кроў кінулася шкаляру ў голаў, аж у скронях дзятлы застукалі. Пранціш ускочыў, выхапіў шаблю, прыставіў да горла свайго слугі і зароў:

– Не твая справа разважаць пра шляхецкую годнасць! Ды за такія словы я маю права табе галаву бязродную адсякчы!

У гэты момант Пранціш адчуваў сябе чамусьці падобным да свайго бацькі ў маладыя гады, зуха і буяша на ўвесь павет, вялікага Вырвіча. Адчуванне п’яніла, як такайскае віно.

Лёднік прыкусіў губу, відаць, разам са з’едлівымі словамі, памаўчаў і выціснуў з сябе, гледзячы ў зямлю:

– Прашу прабачэння ў майго гаспадара. Я не меў права гаварыць, што думаю пра тых, хто вышэй за мяне. Я забыўся, хто я такі. Гэта больш не паўторыцца.

Лязо Пранцішавай шаблі дрыжэла ля ўпартага падбароддзя доктара. Той не рабіў спробы адхінуцца, але ўсмешка больш не крывіла ягоныя вусны. Зухаватасць выпарылася са шкаляра, як вада з варэння. Вырвіч прыбраў шаблю, сеў. Запанавала маўчанне, якое Пранцішу дужа не спадабалася. Вядома, слугу трэба было паставіць на месца… А што, калі раптам ганарлівы Лёднік так вось у сабе замкнецца, ды пачне з пафасам святога пакутніка выконваць ролю раба? І не будзе больш даверлівых размоў і адчування моцнага надзейнага пляча побач?

Пранціш кінуў хуткі позірк на Лёдніка, які ўсё гэтак жа глядзеў у зямлю. Абразіўся. Шкаляр устаў, пахадзіў, паперхваючы, вакол, пазбіваў з галін сухое лісце. Ну, доктар жа разумны, павінен здагадацца, што малады пан шкадуе аб сваёй гарачнасці! Але той толькі папытаўся, не падняўшы вачэй:

– Пан загадвае ісці далей?

Гэткім бяздушным, сухім, як чараціна, голасам, з належнай дозай ветласці… Пранціш ажно ўзвыў:

– Ну добра! Добра! Я пагарачыўся! Я шкадую! Але ж у шляхціца ёсць святыя рэчы… Табе не зразумець… Што мне цяпер, прабачэння прасіць да вечара?

Лёднік скептычна хмыкнуў:

– Дзе ўжо мне, бязроднаму, зразумець шляхецкія тонкасці!

Але ў Пранцыся палягчэла на душы, бо ён адчуў у доктаравым голасе знаёмыя з’едлівыя ноткі. Усеўся побач, загаварыў прымірэнча:

– Бацька мяне вучыў, што радавая зброя – не проста шабля, яна аплочаная крывёй продкаў… Як і ўсе нашыя прывілеі. І мой бацька ваяваў, ішоў у паспалітае рушэнне, не за сябе – за радзіму, за Княства Літоўскае, за беларускую зямлю… На ім ведаеш, колькі шнараў ад варожай зброі? І мяне з дзяцінства прывучаў, што я павінен увесь час быць гатовы аддаць жыццё за Айчыну. Без развагі, па першым поклічы. Загартоўваў… Калі я быў малы, адпраўляў мяне, напрыклад, ноччу на поле прынесці некалькі каласкоў – а поле каля самых могілак… А колькі Вырвічаў галовы склалі ў бойках – з маскоўцамі, з татарамі, са шведамі!

– Я шаную тых, хто аддае жыццё за радзіму, ваша мосць… – ціха сказаў Лёднік. – Я не хацеў абразіць вашых продкаў і вас. Мае продкі таксама, хоць і не былі шляхціцамі, гінулі за вольны Полацак. Прадзед з братамі стаяў на мурах, калі горад асаджвалі войскі Івана Жахлівага. Маскоўцы нагналі гарматаў вялікага нараду, закупленых у Ангельшчыне, што стралялі ядрамі па дваццаць пудоў… Сеча была страшэнная, на абарону сталі ўсе – жанчыны, дзеці, старыя. Хаця напачатку нават малебны служылі за праваслаўных братоў, спадзяваліся, што скончацца з іх дапамогай напады каталікоў ды ўніятаў, пакінуць у спакоі праваслаўныя храмы… Але з чужымі гарматамі воля не прыходзіць. Тады малады князь Ян Глябовіч, які кіраваў абаронай Запалоцця, прапанаваў даць зброю “чорным людзям”, сялянам… І што ты думаеш? – доктар правёў рукой па твары. – Ваявода Давойна адмовіўся… І горад быў узяты. І больш паловы жыхароў выразана. А самых радавітых шляхціцаў пагналі ў маскоўскі палон, хоць многія з іх былі такімі ж праваслаўнымі, як маскоўскі цар. А ўсё з-за таго, што высакародны пан не прызнаў за чорнымі людзямі права мець радзіму і бараніць яе. А сто гадоў таму пятнаццацітысячнае войска ваяводы Трубяцкога спыніў аддзел простых мужыкоў з Калеснікаўскага павету – іх было ўсяго тры тысячы, але ім абрыдлі рабаўнікі. Калі маскоўцы бралі Магілёў – ключы ім месцічы паднеслі, таксама радаваліся прыходу праваслаўных братоў, ды атрымалі рабункі ды гвалт. І простыя мяшчукі знішчылі за ноч сем тысячаў чужацкіх жаўнераў – увесь гарнізон.

Лёднік паглядзеў у вочы Пранцысю цёмнымі сумнымі вачыма.

– Я не шляхціц, але ў мяне таксама ёсць радзіма. І мне балюча бачыць, як яна гіне з-за…

Доктар змоўк, але Вырвіч зразумеў, што ён хацеў сказаць. І запярэчыць было цяжка, бо старэйшы Вырвіч гэтаксама наракаў на магнатаў, якія гатовыя хаўрусавацца з любым чужаземным ворагам, абы перамагчы адзін аднаго. Абодва нейкі час маўчалі, гледзячы, як сосны гайдаюць галінкамі, нібыта просяць паратунку ад немінучай сцюжы.

– Доктар, а твой настаўнік Ян Рэніч мог ведаць рэцэпт філасофскага камня?

Лёднік скептычна хмыкнуў.

– Не памятаю такога за спадаром Іванам… Ён і мяне адгаворваў у дурную справу лезці – шкада, я не паслухаўся ад гардыні сваёй.

– Але ж Марцін Радзівіл кнігі ў яго замаўляў!

– Вось я і думаю, якія… – прамовіў доктар. – Наўрад псалтыры. Марцін Радзівіл дужа паверыў у метэмпсіхоз… Перасяленне душаў. Увесь час сцвярджаў, што быў у мінулым жыцці птушкай, бо мае доўгі нос. А ў наступным жыцці спадзяваўся быць сланом. Што не перашкаджала яму ў гэтым быць апошняй свіннёй. А ў настаўніка кнігі меліся рэдкія, нават з Кітаю, з Індыі. Эх, трэба Саламею спытаць… А калі яна зараз у сутарэннях слуцкага замку…

Лёднік аж зубамі скрыгатнуў.

– Нічога! – Пранціш выхапіў ліст з рук слугі. – Знойдзем Аляксандра Сапегу, папросім дапамогі!

Лекар спахмурнеў.

– Сапега супраць Радзівіла, ды яшчэ ў ягонай вотчыне, нават з рашэннем Трыбуналу і трыма сотнямі жаўнераў – бяссілы. Добра, калі Геранім Шалёны не наважыцца яго гвалтам са сваёй зямлі вытурыць. І заступніцтва магнатаў – справа ненадзейная. Ён табе келіх падасць, і тут жа тым келіхам зубы выб’е. Пляменнік Гераніма Пане Каханку так жартаваць любіць. Магнаты… – Лёднік уздыхнуў і адмахнуўся ад худога восеньскага камара, што так і цэліў да ягонага доўгага носу. – Няма чаго беднаму чалавеку ў іхнія гулі ўвязвацца. Мой знаёмы па Празе, доктар Бахстром, да Гераніма Радзівіла быў уладкаваўся… Золатам думаў засыпацца. А пан у кожнай лыжцы атруту падазраваў, гэтак жа, як у кожным позірку жонкі сваёй, Тэрэзы, здраду. Кабету пад замок пасадзіў, сачыў за кожным крокам… А яна ж не абы-хто – дачка падскарбія надворнага! Вось Бахстром і пашкадаваў прыгажуньку. Дапамог ёй збегчы… Паненка ўцякла, бацька за яе заступіўся, развод зладзіў. А Бахстром апынуўся кульгавым лісянём, якога пакінулі ў перадушаным куратніку. Збягаў ад радзівілаўскай хеўры на злом галавы, папрасіў прытулку ў Аскеркаў у Шацку… Дык Радзівілы туды цэлае войска прыгналі! І што, думаеш, сваякі пані Тэрэзы доктару дапамаглі? Хто ён такі? Пыл на шляхецкіх ботах. Вось табе і служэнне чароўнай даме.

Лёднік злосна насунуў глыбей на галаву зняты з жаўнера капялюш, прыкрыўшы шнар ад шаблі суддзі.

– Але ж ты сам пайшоў на службу да Марціна Радзівіла, дзе бяды спазнаў! – папікнуў Пранціш. – Чым ты тады думаў?

– Чым думае апантаны чалавек? – цяжка ўздыхнуў Лёднік. – Я недалёка тады ад вар’ята Марціна адыйшоўся. Уяўляеш, калі брат ягоны замак штурмаваў, Марцін натхнёна граў на скрыпцы! Праўда, я гэтага не чуў, бо ў сутарэнні гукі не даходзілі. Але і я, калі судовыя выканаўцы дзверы ў мой дом ламалі, з адной колбы ў другую вадкасць пераліваў і кроплі лічыў, як акорды найлепшай музыкі.

Былы алхімік пакаяльна ўздыхнуў.

– Цяпер бы не музыку слухаць, а паесці… – прабурчэў Пранціш, азіраючыся па баках. Урэшце, у ліцвінскім лесе тутэйшы чалавек з голаду памерці не можа: хоць грыб які ўхопіць… А вунь, здаецца, лісічкі наіўна-нахабна так жаўцеюць, знак падаюць – з’еш нас, бедны шкаляр!

– Тсс… На зямлю… – трывожна шапнуў Лёднік і, ухапіўшы гаспадара цвёрдай рукою за каршэнь, паваліў тварам у цвілае лісце, відаць, канчаткова забыўшыся на сваю крыўду і дэкляраванне памятаць сваё рабскае месца. На дарозе чуўся стукат капытоў. Пранціш ляжаў, сціскаючы дзяржальна шаблі, і страху не было. Дзесяць вершнікаў, Юдыцкага не відаць… Ды яны з Лёднікам, калі што, удвух пасякуць гэтых выжлаў, як лапушыны!

Вершнікі праехалі, стала ціха, толькі камары дзумкалі.

– Рушым! – Лёднік штурхануў гаспадара. – І шаблю больш не выхоплівай без прычыны… Ваяка… Госпадзе Божа мой, усё ў мяне не па-людску, нібы жыццё маё выдумаў паэт з багатай, але бяздарнай фантазіяй! Адну панну вызваляць, ад другой ліст перадаваць…

Сонца вырашыла, што на сённяшні дзень выдаткавала ўсё сваё жабрацкае золата, і з палёгкай схавалася за бліжэйшую хмару. Тая незадаволена сыпанула дажджом.

– Подзьвіг у імя чароўнай дамы – гэта не бяздарная фантазія! – аптымістычна азваўся Пранціш, уявіўшы гожыя вачаняты панны Багінскай, а ягоны слуга толькі ўздыхнуў. Да Слуцку заставалася тры дні шляху, не кароценькага і не лёгенькага.

…З капытоў будуць кубачкi,

З капытоў будуць,

Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

Кубачкi!


Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Подняться наверх