Читать книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская - Страница 7

Раздзел пяты. Як Пранціш і ягоны слуга немцамі сталі

Оглавление

Леанарда да Вінчы ў сваім “Бестыярыі” напісаў, што совы помсцяць тым, хто над імі насміхаецца – выдзёўбваюць вочы. Леанарда лічыў, што вачастыя птушкі толькі гэтай ежаю і могуць пракарміцца.

Праўда, сава, якую Пранціш пабачыў учора вечарам, дакладна харчавалася не чалавечымі вачыма, а мышамі. Падгледзеў трошкі ейнага палявання… Вось і яны з Лёднікам зараз, як мышы. Таго й глядзі, кіпцюры ў бакі нехта запусціць. Хаця лес для ліцвіна – гэта ж ратунак, не так, як для іншых, што атаясамлялі яго з першабытным хаосам, ці з лабірынтам, у якім жыве Мінатаўр… Дастаткова, праўда, і тутэйшага медзвядзя, каб да Абрама на піва выправіцца. Але пакуль нічога буйней за саву шкаляр ды доктар не сустрэлі. Не знайшлі і святое дрэва Перыдэксіён, пладамі якога харчуюцца галубы, а змеі нават ад ценю ягонага ўцякаюць. Не расло тут і дрэва Ігдрасіль, па якім памерлыя душы сыходзяць на той свет… Наверсе дрэва Ігдрасіль жыве арол, пад карэннямі – цмок, а па ствале бегае туды-сюды вавёрка Рататоск, увасабляючы свет мітуслівы чалавечы. Гэта ўсё Лёднік па дарозе засмечваў Пранцысеву кучаравую галаву непатрэбнымі цытатамі, відаць, вырашыўшы, што свяшчэнны ягоны доўг – давучыць свайго гаспадара замест езуітаў. Ха! Тыя абламаліся, і сыну полацкага гарбара нічога не свяціла на неўрадлівай ніве Пранцысевай адукаванасці. Затое свойскі лясун за апошні дзень не аднойчы падкідваў падарожнікам пад ногі паваленую елку альбо паліваў нечаканым, як прыступ кашлю ў старэчы, дажджом. Так, на грыбах ды арэхах жыць сумна, маючы ў кішэні залатыя дукаты…

Лёднік дыбаў побач, мармычучы даўжэзныя фразы з “Досведаў” філосафа-французіка Мантэня, да якога Пранцысю не было ніякай справы, як і да дурной скандынаўскай вавёркі Рататоск. Раптам доктар схапіў Вырвіча за плячук і спыніўся. Пранціш прыслухаўся… У іхні бок нехта пёрся, ломячы кустоўе і енчачы. Лёднік адцягнуў Пранцыся пад разлапістую елку, хаця Вырвічу так і рупіла ірвануцца наперад і выпрабаваць шаблю на невядомай небяспецы. Але ўспамін пра адно ўчорашняе даставанне шаблі з похваў быў такі непрыемны, што Вырвіч вырашыў перачакаць, як раіў Лёднік. А той, аднак, дастаў з-за пояса пісталет. Пранціш не стаў агучваць, што Вырвіч-старэйшы, як і многія шанавальнікі сармацкіх звычаяў, лічыў ужыванне пісталетаў адзнакай заняпаду шляхецкага баявога мастацтва, хаця пагаджаўся, што шляхціц павінен умець з пісталету патрапіць вавёрцы ў вока. Урэшце, Лёднік – не шляхціц, а мяшчук, вось няхай і страляе.

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Подняться наверх