Читать книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк - Страница 2

Граніца

Оглавление

За граніцай лес, а за лесам – рускія. Лес мкне да воблакаў стройнымі бярозамі, цягнецца вальшынай, шуміць соснамі. Абымшэлыя пні знікаюць у зялёнай чупрыне малінаў і крапівы. І ў гэтых расчохраных малінах, і ў пякучай крапіве напэўна сядзяць рускія ды, выструніўшы вушы, перасейваюць шум дрэваў, разгортваюць смольныя занавескі сасновых водараў, вылузваюць з ветру чалавечыя словы, а, можа, нават і думкі. Навошта – ніхто не ведае, але дакладна так ёсць. Бо чаму, падступаючы да лясной сцяны, старыя міжвольна сцішваюць голас, саслізгваюцца ў шэпт, а іх старыя жанкі засланяюць вусны далонямі і шныраць нямымі позіркамі ў густым кустоўі?

Часам у святочным застоллі, калі сівая самагонка вострыць словы дакладна так, як рамень вострыць брытву, а асёлка касу, развязваюцца іх языкі. І тады кажуць, што раней, пры іх маладой памяці, усё было іначай – дарогі не ўпіраліся ў калючы дрот, а вольнымі стужкамі праз Высокае, Валкастравец, Амелянец пралягалі за гарызонт, на край свету, а можа далей, і ніхто не бачыў тут ні граніцы, ні рускіх.

Дзеці – а іх няшмат тут – слухаючы размовы падпітых мужчынаў, заходзяцца ад смеху, трымаючыся за жываты, прысядаюць на кукішках. Самыя кемлівыя, каму прарочыцца будучыня ў афіцэрах, а нават і варшаўскіх міністрах, ляцяць кулём дадому. Вяртаюцца адтуль з тоўстымі кніжкамі або вялікімі мапамі і, разглядаючы запісаны на паперы парадак свету, тыркаюць іх пад нос старым, здзіўляюцца шчырым дзіцячым здзіўленнем: “Дзядзькі добрыя! Вы што, абалдзелі ці што? Такія краіны, вялікія і магутныя, не бадзяюцца от так сабе, ад няма чаго рабіць, з аднаго кутка свету ў другі. Рускія былі і ёсць усюды, як Бог”.

Сёння ніхто ўжо не ведае, чаму найвялікшая ў свеце імперыя дайшла да маленькай вёсачкі, якую называюць Вялікая Апака і, лізнуўшы задыханым языком стадолу Андрэя Саўчука, не схрумкала яе, не каўтнула, а спынілася, тут якраз размяжоўваючы свет на польскі і рускі?

Калі б запытаць прафесараўгісторыкаў, вядома, скажуць пра Ялту і Патсдам, пра стомленыя, нявыспаныя вочы генералаў і прэзідэнтаў, пра доўгія разважанні – над мапай свету і паасобным чалавечым лёсам.

Усё так. Але граніца ляціць стралой ад Такароў, ад Вулькі, Гайкоў, адважна перасякае балоты, лясы і рэкі, і толькі за Вялікай Апакай завіваецца ў калена, на дзіва падобнае да цыбука тытунёвай люлькі Іосіфа Вісарыёнавіча. Абмінуўшы стадолу, выструньваецца і прамой лініяй збягае ў Белавежскую пушчу. І гэтае калена магічным клічам прыцягвае мяне сюды кожны год. Кажу – “еду ў грыбы”, але гэта няпраўда. Выязджаючы з Варшавы, чую, як шуміць пушча. Пакідаючы за спінай Беласток, уяўляю цёплыя вулачкі Мястэчка. А потым перасякаю іх, не затрымліваючыся, бо прапала тут шмат дарагога, і калі няма магчымасці вярнуць усё, няма таксама сэнсу шукаць паасобныя фрагменты.

Спыняюся на граніцы. Паласа стаіць знаёмым цыбуком, і чарговы раз уяўляю крамлёўскі кабінет, і бачу, як маскоўскімі вуліцамі прагульваецца летняе сонца, аднікуль у нікуды пераплывае гаманлівая рэчка машын і пешаходаў, але тоўстыя муры паспяхова стрымліваюць і гоман, і спёку. Гаспадар Крамля разглядае вялікую мапу на сцяне, а за тры крокі ззаду пераступае з нагі на нагу ўсхваляваны капітан.

– Опака? Гідэ эта Опака? Что такое там асобэннае, что товарішчам полякам хотіте падаріць? – Іосіф Вісарыёнавіч пыхкае люлькай, адыходзіць ад мапы, чорныя вочы ўзіраюцца ў твар капітану Жлуктову. Ад такіх вачэй не схавацца і па другі бок зямнога паўшар’я, і пад зямлёй, і ў вадзе, і ў бяздонным блакіце нябёсаў, і капітан хвалюецца яшчэ больш. Губляюцца рускія словы, у халодныя абдымкі крамлёўскіх сценаў прарываецца родны, гомельскі акцэнт.

– Особенного нічого там няма. Маленькая дзярэўня, горка пасярэдзіне, – кажа капітан, а думкі ў галаве пырхаюць спалоханай птушкай: “Ну вось табе, падумае, барані Бог, перадражніваю, насміхаюся над яго пранонсам”.

Але генералісімус, здаецца, зацікаўлены якраз цалкам іншым.

– Горка і всё? Это какая такая “горка”? Как наш Кавказ? А, можэт, даже выше?! – чорныя вочы надалей казычуць капітанскі твар куслівымі мурашкамі, а вось голас памякчэў, гучыць аксамітным тэмбрам. Аб цеплыні голасу Іосіфа Вісарыёнавіча чуў нават самы маленькі смургаль у гэтай вялікай краіне, калі раз прынамсі пашчасціла яму завітаць у школу або папрысутнічаць на сходзе піянераў. І капітан Жлуктоў, афіцэр, вопытны ў франтавых справах, здагадваецца на ляту: бацька Сталін сёння ў дасканалым настроі. У іншым выпадку, у іншых абставінах на чарговае “Горка і всё?” сказаў бы капітан Жлуктоў звычаёвае “Так точна, товарышч Сталін”. А тут ён адзываецца зусім некарэктна: – Ёсць яшчэ самагонка ў Апацы, таварыш Сталін.

– Самагонка? Харошая?

– Вельмі харошая. Добрая, – упэўнена адказвае Жлуктоў. Мабыць, з вуснаў усё яшчэ не вымыўся салодкагоркі, тыднёвай даўнасці прысмак збраджанага жыта, мабыць, у страўніку тлее пякучым агеньчыкам успамін пра Апаку і старога Іванюка…

Ішлі дружынай ад Вулькі, вызначалі граніцу. Жаўнеры цягнулі на спіне драўляныя слупы, лапаты, вінтоўкі. Зброя асабліва – самы неабходны і самы лепшы інструмент для абсталявання дзяржаўных граніц. Ва ўсялякі час і ва ўсякім месцы нашай планеты.

Капітан крочыў на чале, зазіраў у мапу, час ад часу прыпыняўся, крэсліў абцасам крыжык на распаленай сонцам зямлі і казаў: «Тут». А жаўнеры забівалі слуп у прызначанае месца. Сонечны дыск узлазіў на найвышэйшы хрыбет летняга неба, калі напнуліся на двор Іванюка. Капітан абцёр пот, глянуў у мапу і, разгартаючы абцасам курынае лайно, – чамусьці тут яго было вельмі багата, – паставіў крыжык у прытаптанай траве. Якраз каля пня, на якім Іванюк кляпаў касу.

– Тут, – сказаў капітан і ўздыхнуў з палёгкай…

– Што “тут”? – не зразумеў Іванюк.

– Граніца тут пойдзе, таварыш селянін.

– Граніца? Якая граніца?

– Нармальная, дзяржаўная. Польскасавецкая.

– Ну, як? Між хатай і стадолай граніца? – Іванюк спыніў працу. Глядзеў на капітана і досведам мінулых пакаленняў прадчуваў, што за ваеннымі мундзірамі зноў прыходзіць штосьці чужое, незразумелае, пагрозлівае.

Ухіляючыся ад мужыцкіх вачэй, капітан яшчэ раз паглыбіўся ў таямнічую мапу.

– Та-ак! Складанасць. Жыць будзеш у Савецкім Саюзе, а па сена давядзецца хадзіць у Польшчу. Бо тут стане граніца – абцасам, разбітым на еўрапейскіх дарогах і бездарожжах, паўтарыў крыжык, паглыбіў, замацаваў яго на век вечны.

А Іванюк глядзеў на мундзіры, якія апошнімі гадамі круціліся тут выпадковымі шкельцамі калейдаскопаў, заўсёды складваючыся ў невыпадковыя праблемы.

– Стаміліся? – Ён адклаў касу. – Напэўна, і прагаладаліся?

– Ага, яшчэ як. Савецкі жаўнер заўсёды галодны, – маладзенькі шараговы вышпарыўся наперад іерархаў, заяўляючы неадкладную гатоўнасць да пачастунку. Капітан кінуў злы позірк убок неразумнай фігуры. На вусны выціскаўся франтавы мужчынскі мацюк наконт скупога змесціва савецкіх жаўнерскіх страўнікаў. Аднак і ягоны, капітанскі, адмаўляючыся ад агульна прынятых вайсковых рэгламентаў, буркануў рэхам забытага сняданку. І капітан абяздолена махнуў рукой: – З’елі б штось, чаму не.

Палітыкі і дыпламаты, абсеўшы круглыя сталы ў грандыёзных кабінетах, з тысячы позіркаў і жэстаў складаюць бліскучыя мазаікі, перакідваюцца пустымі словамі або камянеюць у разумным маўчанні. Перакананыя ў несмяротнасці, ігнаруючы час, гуляюць у шахматы вечнасці. Просты чалавек крочыць да мэты простым шляхам. Уладкоўвае пад грушай дубовы стол, запрашае гасцей, стаўляе заткнутую газетай паўтарачку. Просты чалавек ведае цану часу і, не губляючы яго лішне, кажа сваёй жонцы: “Сонька, дай што-небудзь на стол”. А яна знаходзіць у кладоўцы ладны кавалак сала і, вокамгненна распаліўшы печку, рыхтуе на кухні дымячую яечняй патэльню.

– А калі б так… – рука Іванюка сіне-зялёнай бутэлькай прычаляла якраз да шклянкі. Ён глядзеў у вочы капітану і штосьці перажоўваў у вусах… ці то сала, ці то слова… – А калі б так ад’ехаць крыху ўбок з гэтай граніцай?

– Як убок? Куды?

– Ну, крокаў на сто. Саюзу гэта ж тое, што сабаку муха. Там вунь, за Саўчуковай стадолай паставіць яе….

– Няма такой магчымасці, – капітан кульнуў шклянку, закусіў яечняй, паправіў шкваркай, рукавом абцёр вусны. – Немагчыма! – паўтарыў. – Сам бацька Сталін вызначыў. А ягонае слова і полк танкаў не адменіць.

Але Іванюк, мала знаёмы з сапраўднымі законамі вялікага свету, верыў, што па агульных законах і канстытуцыях, якія пішуцца пяром чалавечага спачування і шчырасці, кожнаму, нават гэтаму капітану, дазваляецца мяняць лёсы да лепшага без згоды генералаў і іншых начальнікаў. І таму сіне-зялёныя паўтарачкі вытыркаліся з усіх бакоў. Вырываліся раз з левага фланга, другім разам з правага, крочылі цэнтрам. Жоўтыя кускі сала ападалі на стол і, быццам шрапнелі, разрываліся, рассыпаліся асколкамі шкварак. Капітан адчуваў, як даручаны яму адрэзак граніцы выслізгвае з рук. Апошнімі сіламі, адбіваючыся ад пякучых салютаў, учапіўшыся рукамі за дубовы бункер стала, ён усё яшчэ выстойваў пазіцыю: – Нельга. Граніца – гэта граніца.

І тады Іванюк з сакрэтных сваіх боепрыпасаў вычараваў апошні аргумент. Памаленьку, саноўна, бы магутны Т–34, дайшла да стала пузатая бочка мёду. Прыпынілася, прыцэлілася і залатым, салодкім языком ляснула па абаронцах польска-савецкай граніцы.

Першы капітуляваў капітан, затым старшыня, а следам за камандзірамі пасыпаліся і шараговыя жаўнеры, якім было, па праўдзе, усё роўна – так ці іначай вырашыць начальства, абы не канчаўся нечаканы пачастунак.

Часцей за ўсё прычынай капітуляцыі бывае страх. Звычайная настальгія па сонцы, што заўтра ўзыдзе без нас, шкадаванне жанчын, што ўсміхнуцца каму другому, балючая думка пра ўнукаў, што не прыбягуць нядзельнай раніцай па цукерку ці пяшчоту. Але ў чалавечым жыцці здараюцца хвіліны незвычайныя, і тады капітуляцыя нараджаецца з адвагі. Розныя бываюць крыніцы чалавечай адвагі. Адны высмоктваюць яе з матчынага малака, другія высысаюць з жытняй самагонкі. Набраўшыся смеласці, чалавек можа змяніць свет і перасячы любую мяжу.

– А чорт з табою, старык. За стадолай Саўчука, кажаш? Што ж, пасадзім там граніцу. Саюз вялікі, а бацька далёка – адкуль яму ведаць.

Потым, змяшаўшы сала з мёдам, дружына салідарным салютам ванітавала за Саўчуковай стадолай. У месца, асвечанае крывёй страўніка, жаўнеры забівалі гранічны слуп.

Ноччу сніліся капітану кашмарныя сны. Высыпаліся з мораку белачырвоныя і чырвона-зялёныя слупы. Пераўтвараліся ў салдацікаў, фарміраваліся ў баявы ўзвод, у карны атрад. “Плі!” – голас нябачнага камандзіра выдаўжаўся рэхам выстралаў.

На досвітку ён абудзіўся, абвёў вачыма сцены. Побач на падлозе спачывалі жаўнеры – стомленыя ўчарашнім днём і вячэрай. “Ага, значыць, у Іванюка і начуем”, – мільганула ў галаве. З іконы глядзеў на капітана Хрыстос. У паўсвятле поранка вочы Хрыста наліваліся сур’ёзным, задуменным позіркам Іосіфа Вісарыёнавіча.

– Усё мы ведаем, усё мы бачым, – казалі гэтыя вочы. І з чатырох куткоў пакоя выпаўзаў страх, акірэчваў капітана, прысаджваўся на грудзі, напіраючы каленямі на страўнік, выціскаў душу высока, да самага горла. Капітан апускаў вейкі, затым адрываў іх, глядзеў у ікону і ўжо бачыў там не сур’ёзны позірк Вісарыёнавіча, а добрую, сінявокую ўсмешку старога Іванюка.

– Малайчына, хлапец. Абяцанне стрымаў, – сінявокім шэптам калыхаўся паўзмрочны пакой. У гэтых сініх вачах капітан знаходзіў нешта знаёмае. Пакуль не ведаў што, але думкі міжвольна крылілі ў родныя мясціны. “Бацька… Такія вочы ў майго бацькі. Дакладна”.

– Усё мы ведаем, усё мы бачым, – з першым голасам пераклікаўся другі, і капітану прыпомніліся баі пад Варшавай, і ўсе тыя бомбы і гранаты, што чорнымі ніткамі ў адзін вузел звязваюць жыццё і смерць. Падумаў яшчэ і пра кулі, што прасвісталі побач і, ці не першы раз, пашкадаваў: чаму ж абмінулі ўсе..

За сняданкам капітан азваўся: – Ведаеце, хлопцы, трэба ўсё-ткі вярнуць граніцу назад…

– Як, назад? – сінія вочы Іванюка зліліся з блакітам паўтарачкі, прыведзенай для канчатковага замацавання ўчарашняй перамогі ў маленькай вайне за маленькую тэрыторыю.

– Ну, пакуль што – назад. Праз тыдзень трэба мне ў Маскву, пагавару, папрашу. Сталін не воўк, а чалавек, не пакрыўдзіць, – ці сапраўды так, капітан не ведаў і пры думцы пра сустрэчу з найважнейшым у свеце чалавекам сэрца выдаўжала крок, выбіваючы ў грудзях рытм шалёнага марша. Але ўцячы ад блакітных, па-бацькоўску знаёмых вачэй Іванюка таксама не было як. Адтэрміноўваючы праблему, хаваючыся ад яе ў самую вядомую і самую бяспечную стадыю свядомасці, сказаў: – А цяпер налі. Добрая твая самагонка, старык…

Так было тыдзень таму. І цяпер, выструніўшыся перад генералісімусам, капітан паўтарае: – Вельмі харошая самагонка ў Апацы. Сільная. Пячэ. А больш нічога там няма. Можа быць Саюзу гэтая дзярэўня, а можа і не быць….

– Гм. Харошая, кажаш, самагонка. Лучшэ, чэм віно Цынандалі? – Іосіф Вісарыёнавіч усміхаецца, а на памяць прыходзіць маленькая вінярня ў мястэчку Цынандалі. Залажыў яе Аляксандр Чаўчавадзэ, сын першага грузінскага пасла ў царскім СанктПецярбургу.

З віном “Цынандалі” свет пазнаёміўся ў 1894 годзе. Раскрыў рот, пасмакаваў і захапіўся. А дзяцюк Сасо якраз пачынаў адукацыю ў духоўнай семінарыі, што сваім шляхам раскрывала дзверы ў паўзмрочныя піўнічкі мясцовых айцоў. Таіліся там кадзі, запоўненыя далікатным белым “Напарэулі”, сухім чырвоным, бы кроў горца, “Мукузані”, а самыя сакрэтныя завулкі прыхоўвалі ад нахабнага вока вылузанае грузінскім сонцам з сакавітых шарыкаў “Ркацытэлі” залатое віно “Цынандалі”. А вочы Сасо ў той час былі ўжо хуткія і пранізлівыя.

Зза гэтага “Цынандалі” ён не закончыў духоўнай семінарыі. Але не шкадаваў. Замест беспрадуктыўнага махання крапілам, сціскаючы ў руках аловак і лінейку, мог дзяліць свет на свой і чужы. Прыкладаў лінейку да вялікай мапы Еўропы, алоўкам вызначаў доўгія граніцы: “Гэта нам, а гэта вам!” Вянчаў народы, даваў ім новыя імёны, а калі хто запіраўся, не гуляючы ў залішнія паніхіды, выпраўляў оптам на іншы свет. І была яму гэтая праца даспадобы і куды больш адпаведнай за традыцыйныя шлюбы, хрысціны і паховіны. Пэўна, таму віно “Цынандалі” лічыў самым лепшым прадуктам у свеце.

А самагонку Іосіф Вісарыёнавіч не любіў.

Вось і зараз – прыкладвае люльку да мапы, можа, пацэліў якраз цыбуком у саломай крытую стадолу Уладзіміра Іванюка, а можа, у маленькую хатку Сямёна Ляшука, што згорбілася па супрацьлеглы бок вуліцы? У правую руку бярэ аловак. Яшчэ раз зыркае на капітана Жлуктова, яшчэ раз усміхаецца. “Ну, жартаўнік. Кажа – самагонка добрая там. А няхай і застаецца таварышам палякам гэтае дабро. У нас і сваіх майстроў даволі”, – і аб’язджае алоўкам наўкол запоўненага тытунём пуза. Аловак адштурхоўваецца ад цыбука, абмінае, пакідаючы з польскага боку Войнаўку, зігзагам коўзаецца на ўсход, перабягае прыдворны дзядзінец пана Драгабыцкага, выштурхоўваючы ў Савецкі Саюз дворскі сад і гаспадарчыя будынкі. Рассякае яшчэ напалову Бобінку, адразу за Клякавам вяртаецца ў Белавежскую пушчу. Быццам у кавалак сала паглыбіўшыся, наразае доўгую, дубова-зялёную шкварку і махае яе на захад. Як закуску для апацкай самагонкі.

Калі б летам 1945 людзі маглі кантактавацца паміж сабой шляхам тэлепатыі, першай з вялізнага крамлёўскага кабінета пайшла б інфармацыя ад капітана Жлуктова старому Іванюку. “Бачыш, дзядзька, – перадаў бы капітан. – Маеш, што хацеў. За Саўчуковай стадолай стане граніца”. І Іванюк у гэты момант адкінуў бы прэч малаток і сякерку, і з саламянай страхі нырнуў бы ў высокую траву радасным шчупаком.

Але ў 1945 годзе ўсе, нават першага значэння інфармацыі перамяшчаліся тэлефоннымі дратамі, або эфірнымі сцежкамі радыяграмаў, або стомленымі ад’ютантаміпасланцамі. І стары Іванюк застаўся там, дзе быў.

Ён сядзеў на страсе і абдзіраў яе з саламяных кулёў. І калі апошні снапок апусціўся на зямлю, прыхапіў сякеру, пачаў разбураць латы, енткі, кроквы. Глядзеў пры тым на панадворак, на гранічны слуп, што сумна тырчаў у палове сцежкі між хатай і стадолай.

А потым Іванюк глянуў на захад. Побач з вёскай Пагулянкай разлёгся шырокі луг. Зараз пасвіліся там каровы, але заўтра або паслязаўтра стане там ягоная хата. Трэба толькі добра намагчыся, разбурыць усё, да фундаментаў, а потым ад’ехаць трыста метраў ад польска-савецкай граніцы і нанова ўзвесці сцены, кроквы, дах.

Па другі бок вуліцы ў водгук Іванюку ляпаў малаток Сямёна Ляшука. Ляшук разбураў стадолу і таксама зірыў на захад, у лугі пад Пагулянкай.

Праз месяц, калі ўжо прыйдзе з Масквы добрая навіна, і Ляшук, і Іванюк складуць свае хаткі назад, на старое месца, а граніца расцягнецца пясчанай стужкай, абвядзецца калючым дротам, застыне сакрэтнай электрычнай сістэмай, запануе тут назаўсёды цішыня, і толькі час ад часу ноччу, калі дзік або алень кране яе хвастом безразумнай цікавасці, адгукнецца светлымі ракетамі.

Вуліца Добрай Надзеі (зборнік)

Подняться наверх