Читать книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк - Страница 6
Коля
ОглавлениеПадзеі для іншага месца звычайныя і банальныя, як прыезд вандроўнага цырку, візіт прэзідэнта або прэм’ерміністра, у малых мястэчках адкладваюцца ў памяці на доўгія гады, а нават набіраюць прыкмету несмяротнасці.
Дакладна так было са з’яўленнем першага ў нас партрэта аголенай жанчыны. Усё здарылася нечакана, і – як ні дзіўна – мая набожная цётка Люба мела да гэтай гісторыі вялікае дачыненне.
– Будзем красіць кватэру. Даволi цярпець шэрыя сцены. Трэба ўсё зрабiць, як у людзей, паместачковаму, – сказала аднойчы цётка, стаўляючы на стол талерку дранікаў. Дзядзька Коля вылавіў з талеркі тоўстую шкварку, запёр яе языком за зубы і, высмоктваючы раскошлівую сакавітасць, згодна хістнуў галавой: – Ага, давай.
Ён слухаў сваю жонку вопытам супольных гадоў і ведаў, што гэтая шкварка, затопленая ў пульхных абдымках бульбіны, мае сэнс, а ў дыскусію з цёткай Любай паглыбляцца дарэмна. Прыпаміналася таксама няшчасная паездка ў ларок за пляшкай, калі ён быў “за”, а цётка “супраць”, а ў канчатковым выніку праўда аказалася на яе баку.
– А хто памалюе? – Дзядзька Коля справіўся з апошнім дранікам, падняўся зза стала, сытым, спакойным позіркам прайшоўся па сценах. Цягам дзесяці гадоў вочы зжыліся з аднастайнасцю найбліжэйшага краявіду, ды і зараз сцяна не адгукнулася ні адным словам, ні адной яркай плямкай, што магла б парушыць звычайны выгляд дня.
– Зэнік памалюе. Лепшага ў Мястэчку і не знайсці.
– Ага, Зэнік. Ён ведае, што і як, – пагадзіўся дзядзька, аддаючы лёс сваіх сцен на літасць местачковага маляра.
Аднак цётка Люба была асобай канкрэтнай, добра арганізаванай і ні за што на свеце не рызыкнула б вызначыць заўтрашні дзень латарэяй выпадковых здарэнняў. Калі наступнага дня ў хату завітаў маэстра, уся інвестыцыя размеркавалася на канкрэтныя колеры, кожная дэталь стаяла на сваім месцы, а форма завяршалася прызначанай сабе лініяй.
– Тут лужок на ўзлеску, там алень з узнятымi рагамi, побач экзатычная пальма, залатое сонейка, тры лiсткi клёну ў кожным навугольнiку. А ўсё на ясназялёным фоне, дакладна, як у краўца Клюка.
Кравец Клюк ішоў праз жыццё насуперак сацыялістычнай дзяржаве. Днямi i адвячоркамi выцiскаў грошы з даваеннага зiнгера. А затым, начамі, забiваў iх у ёмiстыя мяшэчкi i, заплюшчыўшы вочы, пад шолах банкнотаў мроiў сонныя дзівацтвы. Можна сказаць – быў ён авангардам гэтага Мястэчка, яго падпольным правадніком на шляху ад бяспечнай сярмяжнасці сённяшняга дня да рызыкоўнай краіны лепшай будучыні. Людзі ніколі не спыняюцца на гэтым шляху. Ідуць так доўга, як доўга прадчуванне несмяротнасці бярэ перавагу над упэўненасцю ў смерці. І таму ніколі яны не знікаюць.
– Дакладна так павінна быць, – сказала цётка, прэзентуючы маэстру сцены, абкладзеныя шэрай каймой.
Маэстра абмацваў сцены, глядзеў на цётку Любу, слухаў яе словы, але за ягонымі зрэнкамі разгарталіся свае накіды і эскiзы, свае капрызы i страхі. Звычайнага смяротнiка прыадзяваюць яны ў стрыказаты плашч смешнасцi, а вось творчай асобе працягваюць руку дапамогі ў самую важную хвiлiну, у той момант, калi з бяскшталтнай матэрыi вытыркаецца фрагмент сусвету, зразумелы нават простай душы i вачам, неадукаваным у мастацкай справе.
– Усё будзе добра. Пэрфэкт, – запэўніў майстар. – Можа нават і лепей, як у Клюка. Але ёсць адна ўмова. Калі ўжо пачну маляваць, не хачу тут ніякіх сведкаў.
– Ну, як жа так? – спрабавала дамовіцца цётка Люба.
– Я ціхенька пастаю ў куточку. Пагляджу адным вокам, і толькі адзін разочак.
Апошнія словы разбіліся аб дзверы, закрытыя наглуха, бо нельга таргавацца з мастацтвам. Можна сказаць – і дзверы з гэтай хвіліны не дзверы ўжо, а таемны занавес, царскія вароты, і пераступаць парог дазваляецца адно абранцам божым – святарам або маэстрам.
Але за бліжэйшы тыдзень Зэнік не перабраў у сваіх правах. Раз на дзень, большменш апоўдні, прыадкрываў занавес для чыста фізічнай стравы. Цялесныя патрэбы маэстра нельга лічыць складанымі. Часцей за ўсё яны не сягалі далей за пляшку, як прадукт выключна гігіенічны, неабходны для нармальнага функцыянавання арганізма, прысуджанага на непасрэдны кантакт з атрутнай хіміяй.
– Бо тыя лакі і алеі, і растваральнікі… Разумееце, цётка, надыхаецца чалавек, накаўкаецца, то і прапаласкаць трэба, – масуючы набрынялы кадык, усміхаўся Зэнік.
– Не разумею, – рашуча адказвала цётка Люба. – Калі ласка – і капустачка, і катлецік, і картопелькі, калі ласка. А алкаголь – у ніякім выпадку. Алкаголь – і сам па сабе грэх, і прычына другім грахам.
Аб грахах меркаванне цёткі Любы было простае і яснае. Яе свет бег наўпрасткі, як дарога з пушчы ў Мястэчка, разганяючы на адзін бок сцежкі дабро, на другі зло…
– Значыць – не? – упэўніваўся маэстра. Але ўпэўніваўся адно для віду. У такія хвіліны – хвіліны канчатковага выпрабавання – цётка Люба мела ў сабе адвагу сэрца святога Юр’я, які перамагаў пякельнага цмока, і ўпэўненасць рукі архангела Міхала, калі ён вострым мячом скідваў антыхрыста ў самыя глыбокія закавулкі пекла, і бесцырымоннасць першых крыжаносцаў, адпраўленых у чужы свет, каб вогнішчам добрай навіны асвятляць морак сярэднявечча.
Ва ўстрыманні і творчай самоце маэстра выстаяў тыдзень.
Кажуць, усё найлепшае, што стварыў чалавек, ён выказаў голасам крыўды, размаляваў пэндзлем пакуты, выразаў долатам адзіноты. Гэта абсалютная праўда. Калі Зэнік адчараваў дзверы, калі адкрыў іх насцеж, цётка Люба аж пляснула ў далоні. Сцяна, з падлогi па столь, прыадзелася кветкамі. Расцвiла ружамi, канваліямі, польнымi макамi. А ўсё напоенае расою, скручанае ў гiрлянды, у лiпеньскiя букеты, здаецца – толькі хвiлiну раней згарнулi iх з поля, з агарода, з лясной паляны. I калi зараз не прыйшлi цётцы Любе на думку цудныя сады Семiрамiды, то, мабыць, адно па той прычыне, што нiчога пра іх iснаванне не ведала.
А потым вочы цёткі злёталі на другую сцяну, і адбылося непрыемнае.
– А курва твая маць! – сказала яна нечакана.
Можна зразумець яе гнеў. На супрацьлеглай тапчану сцяне было менш кветак. Праўда, таксама ж сакавiтыя i натуральныя там колеры. I кожны пялёстак, i паасобная жылка жыўцом скапiраваныя з натуры, i ўсё ўкладваецца ў фантазiйны прамавугольнiк, у раму – не сустрэць прыгажэйшую ў самых лепшых галерэях свету. А вось цэнтр малюнка, усю яго сутнасць запаўняе дашчэнту аголеная, чужая панюся. Разлажылася i ляжыць – метр над падлогай, бы законная тут гаспадыня. Левая рука, сагнутая ў локцi, падпiрае нязначна ўзведзеную галаву, другая далонь – кветка там мiж пальцаў – пяшчотна гладзiць пурпуровы сасок. Ёсць i чорны трохвугольнiчак нiжэй жывата, над трохвугольнiчкам каляровы матыль. А затым толькі ногi – доўгiя, да акна.
– А ё… тваю маць! – паўтарыла на мове дзяцінства цётка Люба. У сітуацыях экстрэмальных людзі адклікаюцца да сваіх прапачаткаў, шукаюць там падтрымку, пакаленнямі нажытыя правілы, здольныя супрацьпаставіцца нахабным прыступам актуальнай хвіліны.
Маэстра, не сканфужаны адмоўнай рэцэнзіяй, ветліва ўсмiхнуўся, паклаў на стомленыя вейкі свае залатыя рукі.
– Вось, цётачка, было б i ўсё. Яшчэ толькi пратэрмінаваны паёк. Сем пляшак, як сем дзён – паказаў на пальцах. – У іншым выпадку гэтая вось паненка застанецца тут. На век вечны.
Ажыццяўляючы пагрозу, загарнуў у ёмiстую торбу пэндзлікі, бляшанкi, бутэлькi.
– А ты нават і не думай. Грошы – калi ласка. Называй цану, плачу ўсё, да апошняй капейкі. А гарэлка – не!
– вочы цёткі прыжмурыліся, пахаладзелі, зацягнуліся шырмай лютасці. У такі момант працягваць дыскусію можа толькі той, хто сустракае цётку Любу першы раз. І Зэнік адступіў: – Ну, няхай сёння так. Але, каб усё было ясна – кожны прамаруджаны дзень падвышае плату на адну пляшку, – і крокам, упэўненым у перамозе, пераступіў парог, зачыніў дзверы.
Складанае жыццё людзей, якія аддаюць сябе iдэi. Спапяляюцца яны на вогнiшчах, з’язджаюць у чужыя краiны, прыжываюць туберкулёз у сырых турэмных склепах. Шмат якiя прыклады прапануе тут гiсторыя чалавецтва. I цётка Люба, хай сабе i не зусiм свядома, ступiла ў бясконцы шэраг iдэйных пакутнiкаў.
Жанчына “ню”… А якое тут дзіва?! Сцены луўраў і прадаў, і трацякоўскіх галерэй ужо і тады ламаліся ад аголеных малюнкаў. Але ж гэты парыжскі ці пецярбургскі свет быў нашмат старэйшы і ў працэсе дэгенерацыі забрыў значна далей за нашае Мястэчка. Толькі праз такія гарадкі і вёсачкі чалавецтва пакуль сяк-так трымаецца на нагах, не правальваецца ў бяздонне і нябыт. Яны – справядлівая шаля сусветнай вагі.
Вечарам, пакуль цётка Люба заснула, з перспектывы тапчана доўга ўглядалася ў аголены жывот нахабнай кватаранткi, прыходзілі ёй на памяць усялякія прароцтвы і знакі, што апавяшчаюць правал нашага свету i банкруцтва роду чалавечага. З малюнка вочы беглі на ікону святой Марыі, скоўзваліся назад і сарамлівым крокам святататніцы вярталіся да аблічча Божай Маці, быццам шукаючы там пацвярджэння правільна пражытаму дню. Але аблічча іконы было таямнічае, непранікальнае, непарушнае. І толькі пасля поўначы, калі не вельмі вядома, дзе канчаецца ява і пачынаецца сон, святыя вусны адказалі ветлівай усмешкай. Супакоіўшы думкі, цётка Люба заснула. Зза яе спiны, у той жа жывот i ў чорны трохвугольнiчак, i ў даўжэзныя ногi ўглядаўся дзядзька Коля. А затым уздыхнуў i спiнаю павярнуўся да цёткi. Але не спалася дзядзьку Колю. Круцiўся ён, варочаўся туды i сюды, з левага боку на правы, з правага на левы, а за прымкнёнымi вейкамi разгарталіся абразкi i працавала ўяўленне, i параўноўваліся дэталi. Аж на досвiтку прыйшла на думку слушная выснова: жыццё ўсётакi несправядлiвае. Таму, што складаюць яго не тыя рэчы, што недаступныя нiколi i нiкому, але тыя, што недасягальныя нам i зараз.
Наступнага дня дзядзька Коля не ўзняўся з пасцелі з ранішнім сонцам. А дзень уставаў прыгожы – як маладая панна ў храме, і гучны, як касцёльны звон, і адпуцаваны, як дэпутат мясцовага самакіравання ў дзень сесіі сваёй рады. Нават у маі, калі дастаткова колераў і гукаў, не заўжды ўдаецца натуры давесці працу да межаў такой дасканаласці.
Але дзядзька Коля быў бязмежна смутны і ў сваім смутку замкнёны на чатыры замкі цярпення. Зпад коўдры, зацягнутай да падбародка, адным вокам зірыў карціну на сцяне, а за другой вейкай, прымкнёнай, разгарталіся зусім іншыя лініі – авальныя, расцягнутыя – і складаліся яны кропля ў кроплю ў буйную фігуру цёткі Любы.
На трэці дзень у свядомасці дзядзькі Колі пачалі ўзнікаць абгрунтаваныя прыгажосцю малюнка падазрэнні – абмінула яго ў жыцці нешта незвычайнае і ў той жа час простае – каханне.
Бо жыццё дзядзькі Колі запаўняла выпадковая жанчына. Раздабытая ў суседнім мікрараёне клапатлівымі сваякамі, праз месяц заехала яна ў дом шлюбнай жонкай. А затым доўгімі дзесяцігоддзямі ішлі да сябе, набліжаліся на дотык далоні, адгукаліся на сакрэтную інтанацыю штодзённых слоў, калі ўжо не мае значэння – вядзецца размова голасам сэрца ці рэхам супольных дзён і начэй.
Вечарам дзядзька Коля дайшоў да высновы, што ў яго датыхчасовым жыцці не было ніякага сэнсу, і, гартаючы манатоннае мінулае, прызнаў рацыю даўганосага Косціка. У нядзельныя поранкі, калі жанчыны выпраўляліся ў царкву, мужчыны выстаўлялі на вуліцу столік і, шчыльна абсеўшы яго, гулялі ў “казла”.
– А дзяўчынку накрыем хлопчыкам, – забіваючы віновую даму віновым каралём, казаў даўганосы Косцік. – Во, як спакусліва застагнала князёўна.
– Э, усе яны аднолькава войкаюць і стогнуць. І князёўны, і тыя з тэлевізара, і доктаркі, і нашыя на фабрыцы, – згартаючы карты, пярэчыў дзядзька Коля.
– Ну, ты мне скажаш. Вось і не ўсе! – усміхаўся сваім тайным думкам Косцік. – Адна будзе ляжаць, бы мёртвае бервяно, а другая ўюном віцца, – трыумфальным жэстам забіваў яшчэ адну карту, канчаткова завяршаючы сваю над імі перамогу: “Туз! Мая бярэ ўсё”.
На чацвёрты дзень дзядзька Коля вырашыў, што ўвесь вонкавы свет не заслугоўвае таго, каб весці з ім якікольвек дыялог – і канчаткова адышоў у маўчанне. Адмовіўся ад слоў, і нават на звычаёвае “есці будзеш?”, як адзіны адказ, быў адмоўны ківок галавой. Ішоў на кухню, чарпаў вялікі кубак вады, пякучым сцюдзёным холадам забіваў правакацыйны пах яечні. Затым вяртаўся на тапчан.
На пяты дзень адмовіўся ад вады, а шостым адвячоркам, калі цётка Люба неспадзявана ўварвалася ў пакой, заспела яго з носам, забітым у малюнак, з пальцамі, што згартаюць з доўгіх да акна ног апошнія промні сонца. “Кахаю цябе”, – не звяртаючы ўвагі на жонку, ён выяўляў сцяне хваляванні свайго сэрца.
І цётка Люба спалохалася. Словам “каханне” вылузваўся на белы свет абразок, прыхаваны глыбока, у самых сакрэтных закавулках свядомасці. Вяселле лепшай сяброўкі, старэйшы сват, шклянка віна, перамешанага са спіртам, музыка, танец. І чарговая шклянка, і чарговы танец. Затым здарэнні хістануліся, паплылі вольнай, спакойнай рэчкай, што выходзіць з берагоў, згартае ўсё і ўсіх, і нясе – ніхто не ведае куды. У спіну муляў жытні снапок, а ў твар зацята дыхаў падпіты сват. “Гэта каханне?” – пытала сама сябе раніцой, цішком, крадком, задворкамі ступаючы да дома на прадмесці. І доўгімі гадамі адказвала: “Не, гэта не каханне”. З хадою гадоў вобраз, старанна загорнуты ў хустачкі забыцця, таксама адыходзіў, рассыпаўся дробным макам у бясформеннасць, у нерэальнасць. Аж з’явілася ўпэўненасць: ніколі і нідзе ў свеце не было ні гэтага жытняга снапка, ні падпітага свата, як нідзе і ніколі ў свеце няма і не было кахання.
Спыняючы каскад незразумелых здарэнняў, што пхаюць маленькі чалавечы свет у напрамку няўхільнай катастрофы, цётка Люба наведала бацюшку Сцяпана. Блытаючы словы і думкі, абмінаючы межы сораму, аддала ў ягоныя рукі ўсе свае хваляванні і спадзяванні. Бацюшка зайшоў адвячоркам. Зірнуў – па службовым абавязку – на малюнак, папрасіў захінуць сцяну капай або дываном, пакрапіў гэты дыван свянцонай вадой і пайшоў. Пагасіўшы электрычную лямпачку, у паўзмрочнай цішыні плябаніі доўга думаў пра хітрасці сатаны, што фальшывай, зведзенай да ніжэйшых інстынктаў прыгажосцю, склікае ў свае абдымкі просты народ.
Чарговыя два дні дзядзька Коля застыў на тапчане з позіркам, паглыбленым у дыван. З вычварнага спляцення нітак, са складаных скрыжаванняў асновы і матываў спрабаваў адчытаць таямніцу чалавечага лёсу, адшукаць сакрэтны ключ, што аднаму чалавеку адчыняе ўсе дзверы, а другому закрывае іх, прыбіваючы пальцы і мроі да нябачнага касяка.
Час ад часу прыпаміналася Зінка, прыбіральшчыца на фабрыцы. Прызабытая і далёкая, зараз выходзіла са сцяны назойлівым малюнкам. Не памятаў яе твару, але ў вечаровым паўсвятле ўсміхалася ўсмешкай Зэнікавай прыгажуні. Раскладзеныя на сцяне ногі прыпадабняліся да тых, бачаных начной зменай на фабрыцы, калі складалі з Зінкай свежыя дошкі ў вялікую кучу. Схілялася за дошкай Зінка і схіляўся ён. Сінхронна. Кранаў позіркам загарэлыя сцёгны, а сэрца адгукалася паскоранай пульсацыяй.
Пад раніцу, калі дырэктары і кіраўнікі насычаюцца апошнімі снамі і калі ўсе дошкі складзены, як трэба, на прадбачанае месца, рабочыя дружнай брыгадай падымаюць тост, закусваючы пакамечанымі бутэрбродамі. Часам тосты працягваюцца другой, а нават і трэцяй бутэлькай. Тады таксама працягнуліся, а што было далей, дзядзька Коля не памятае. Праз нейкі час Зінка прынеслася на парог цёткі Любы з клуначкам у руках. “Сын вам нарадзіўся. Гадуйце Булу”, – уручыла клунак, і больш яе не бачылі ні на фабрыцы, ні ў Мястэчку.
– Твой? – пытала цётка, а калі дзядзька Коля ў адказ паціскаў плячыма, лямантавала: «Ага, гарэліца, тваю маць! Яна ж ніколі да дабра не давядзе».
– Наш, – усміхалася бабка Сонька, казычучы маленькі тварык. – Выліты Коля.
– Кажуць – мой, – адказваў. “Можа і так яно”, – намагаўся прыпомніць твар Зінкі.
Цяпер гэты твар быў як рукой падаць, выходзіў са сцяны і напаўняў дзядзьку Колю ўпэўненасцю: гэта было каханне – адзінае, непаўторнае, сапраўднае. Назваўшы яго, зведаўшы і страціўшы, можна жыць далей, хоць не вельмі вядома, навошта.
Тым часам бабка Сонька і цётка Люба не спынялі намаганняў вярнуць Колю сабе і Мястэчку. Засеўшы на кухні, гарталі святыя кнігі. Іх цені, бесцялеснымі абрысамі хістаючыся на сцяне, рабілі ўражанне надчасовасці. У прыпушчанскіх вёсках ёсць такія жанчыны. Недацёпы называюць іх шаптухамі. Але гэта няпраўда. Яны – адлюстраванне вечнасці, якая паглыбляецца сама ў сябе, у пошукі першага слова, універсальнага жэсту, што ў змозе адмяніць усе астатнія словы, затрымаць час або накіраваць яго цячэнне ў карысным сабе напрамку.
Першая шаптуха, запрошаная з суседняй вёскі, пачала з малітвы.
“Як засеяны мак цяжка з зямлі падняць, так цяжка ад маўчання і раба божага Мікалая выратаваць. Як памерлыя ног не ўзнімаюць, так бы і маўчанне на раба божага не ішло. Святы Мікола Угоднік, выратуй раба божага ў вадзе, агні і на зямлі. Амінь”.
Але дзядзька Коля маўчаў чарговыя два дні, як надмагільны камень, і другая шаптуха, пакліканая з іншай вёскі, прапанавала адкрыць малюнак. А калі згарнулі дыван, набрала поўныя лёгкія паветра, дзьмухнула ў распятыя на сцяне ружовыя шчокі, адвярнулася, плюнула пад ногі. Паўтарыла цырымонію і з пурпурнымі саскамі, і з доўгімі да акна нагамі. На заканчэнне ўзяла хустачку, якой выціраліся слёзы цёткі Любы, працерла знерухамелае, напалову мёртвае аблічча дзядзькі Колі гэтай хустачкай і спаліла яе на свечцы, кажучы: – Ты спалі, агонь, мае слёзы гаручыя, загані бяду ў лес дрымучы, хай яна там заблукае і ніколі ў дом не вяртаецца, хай у мужа майго сэрца зжаліцца….
У выніку дзядзька падняўся з тапчана, падступіў да малюнка найбліжэй, як падступіць можна, і, кранаючы пальцам карміновыя вусны, сказаў: – Гляньце, усміхнулася. – І дадаў, памаўчаўшы: – Я кахаю яе ўсмешку…
Але гэта былі адзіныя словы, моўленыя ім ў той дзень.
Менавіта ў той дзень пайшла таксама па Мястэчку вестка пра дзіўную з’яву – каханне. Гаманілі аб ім у цэнтры і на прадмесці, у блоках і маленькіх доміках, на працы і за бестурботным адпачынкам. На пачатку шэптам, сарамліва, а затым уголас, адважна. Тыя, хто ніколі не шукаў кахання, пераклікаліся з тымі, хто згубіў яго. Даводзілі сваю праўду з зацятасцю, як заўсёды, калі чалавек падсвядома разумее памылку і хоча апраўдацца ў ёй – перш за ўсё перад самім сабой. Свет, у звычайныя дні прымушаны чалавечымі кулакамі рухацца наперад, зараз сноўдаў нага за нагой, ішоў па інерцыі, па звычцы, абы сяк-так скарыстаць дораны сабе час. І толькі ў хатку цёткі Любы з раніцы да вечара цягнуліся паломніцтвы. Разглядаючы малюнак на сцяне, мужчыны крадком цмокалі ад захаплення, а жанчыны, ледзь глянуўшы, дэманстратыўна адварочвалі твары. Адыходзячы, сумна ківалі галовамі, паўтараючы ў адзін голас: “Коля, адумайся. Навошта табе гэтае каханне? Ну, сам скажы, навошта яно?”
Але дзядзька Коля маўчаў. І бабка Сонька знайшла трэцюю шаптуху. “Ратуй, – злажыла рукі на сваіх абымшэлых шчоках. – Ратуй майго Колю!” Шаптуха, для разнастайнасці, вялікімі кравецкімі нажніцамі адчыкнула з дзядзькавай галавы касмыль сівых валасоў, спапяліла іх у полымі грамнічнай свячы, і попел, у суправаджэнні тайных закляццяў, панесла на край Мястэчка, раскінула на чатыры бакі свету. Дзядзька і не здрыгануўся. Адзінае, убачыўшы лязо нажніц, паслаў у пустэчу дыямантавы, халодны позірк. “Зусім як стары пан Драгабыцкі, калі першыя саветы вялі яго пад расстрэл”, – прыпомнілася бабцы Соньцы.
– Каханне дорыць чалавеку волю, а воля не баіцца смерці, – сказаў дзядзька Коля. Ягоныя думкі перасякалі мяжу краіны, даступнай цётцы Любе і ўсім астатнім жыхарам Мястэчка.
– Люба, каханне – гэта чалавечая хвароба, і ніякая сіла не вылечыць яе, апроч чалавека. Усёткі шукай Зэніка, – адчайным, пазбаўленым надзеі голасам сказала бабка Сонька.
Ноччу сасніўся цётцы маэстра Зэнік. Стаяў на высокай да хмарын драбіне і размалёўваў неба ў блакітную кветку. Гэтая кветка, агромная, пялёсткамі краналася гарызонту, а зялёным сцяблом знікала ў расхлістанай майскім ветрам бутэльцы Белавежскай пушчы. Пад драбінай стаяў дзядзька Коля і клікаў незнаёмую прыгажуню. Сон дэфармаваў яе імя, загартаў у бяздонне начных басаў. Цётка Люба, напружваючы слых да межаў магчымага, не здолела яго зразумець. А потым краявід запоўніўся імглой. Белая імгла – як звычайна ў снах – з’яўляецца з нябыту, прымае любыя формы і імёны – так і цяпер выйшла з ніадкуль, разгарнулася над пушчай, пераўтварылася ў постаць прыгожай незнаёмкі. “Хадзі!” – дзядзька Коля паўтарыў імя прыгажуні. Прыгажуня пачула кліч, пераступаючы доўгімі нагамі вяршыні дубоў і соснаў, пабегла яму насустрач. “Стойце!” – бязгучным голасам закрычала цётка Люба, але яны не чулі, не спыніліся. Нават у заблытанай ірацыянальнасці сна цётка Люба зразумела: вось яны з дзядзькам Колем апынуліся раптам па розных баках сна, а, мабыць, і явы, і сцежкі іх разыходзяцца на век вечны.
Найбліжэйшай раніцай, памаліўшыся прасвятой Багародзіцы, папрасіўшы прабачэння ў малым граху, які ў канчатковым разліку ратуе ад куды большага зла, яна прыцягнула на сваёй спіне скрынку чыстай гарэлкі. Знайшла маэстра, а ён, крануўшы сцяну чарадзейскім пэндзлікам, пераўтварыў аголеную незнаёмку ў раззораны кветкамі гарод. Ён стаіць там па сённяшні дзень, наперакор тром дзесяцігоддзям, сакавіты і свежы, бо маэстра Зэнік не падманваў ні працай, ні матэрыяламі. Не тое, што другія пакаёвыя маляры, каму не праблема прыкласці да сцяны кардонавы шаблон і хітрай помпай дзьмухнуць туды абыякую фарбу.
Яшчэ і сёння, калі ніхто не бачыць, абапіраючыся на старэчую трысцінку, дзядзька Коля падыходзіць да квяцістай сцяны, працягвае руку, разгортвае пунсовыя макі, снежныя канваліі, дробную, як местачковыя праблемы, мацыёлу. А можа зза пялёсткаў і густога лістоўя пакажацца ж прыгажуня!? Але зараз дзядзька Коля штораз менш упэўнены – была яна сапраўды ці толькі саснілася.