Читать книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк - Страница 3

Уладзімір

Оглавление

Дзеда Уладзіміра, што старгаваў у савецкага капітана невялікі драбок краіны сваіх беларускіх дзядоў, каб перадаць яго ў краіну сваіх польскіх унукаў, я ніколі не бачыў. Ён выбраўся з нашага свету ў той час, калі точкі на сценах прадвяшчалі ўжо непраўдападобную экспансію чалавечага розуму, але пушчанскія рачулкі яшчэ кіпелі срэбнай рыбай, людзі нічога не ведалі пра трансплантацыю сэрца і палёты ў космас. Праўда, хвілінай раней выйшлі яны з вялікай вайны, ды што ў тым новага? Вайна заўсёды жыла побач, як блохі і хваробы, кармілася людзьмі, вызначаючы адных у жывыя ахвяры, іншых у мёртвыя героі. Пры тым, якая б ні была, сусветная ці суседская, завяршалася нязменнай цырымоніяй: падзелам вялікіх краін або малых загонаў.

Усё, што ведаю пра дзеда Уладзіміра, дайшло да мяне вакольнымі шляхамі – аповедамі бабкі Сонькі, занатоўкамі ў сшытках майго бацькі Валодзі, хаатычнай мазаікай слоў, падслуханых у дзядзькоў і цётак. Гэта далёка не дасканалыя крыніцы. Усё там дэфармаванае прызмай суб’ектывізму і фільтрамі часу. Але лепшых крыніц у нас не было. Маю тут на ўвазе алейныя позіркі родавых партрэтаў, спічастыя знакі замкаў, рассеяныя ў бязмежжы стагоддзяў, азызлыя торсы летапісаў, адзетыя ў мундзіры з цялячай скуры і расстаўленыя вайсковым строем у палацавых бібліятэках. Было толькі мімалётнае слова. На пачатак і на заканчэнне.

Па словах бабкі Сонькі, Уладзімір быў мужчына статны, высокага росту, сінявокі. Блакіт яго вачэй заходзіў так глыбока, што спалучаўся з сэрцам. Менавіта пра такіх людзей і кажуць, што яны сэрцам глядзяць на свет. А яшчэ з бяздонным блакітам вачэй пераклікалася здзіўленне. Уладзіміра здзіўляла ўсё: усход і захад сонца, вяртанне буслоў з далёкіх краін, кветка рамонка ў траве і халодны лапух на зімовай шыбе. “Ён павінен быў стаць паэтам”, – скажа бабка Сонька. Скажа гэтыя словы на ўсю вечнасць пазней, калі ўжо сяк-так пачне арыентавацца ў лабірынтах літар.

Але ў маладосці, калі наканаванасць, не ўпэўненая ў сваіх сілах, яшчэ паддаецца чалавечым пажаданням або волі выпадку, у свеце дзеда Уладзіміра нічога не ведалі пра паэтаў. У тыя гады іншы быў таксама час – не дазваляў абыкаму закідваць яго ў віртуальныя астрогі камп’ютэраў, закоўваць у цэлулоідныя калодкі кіно, а потым забаўляцца, соўваючы здарэнні наперад і назад, як мэблю па гасцінным пакоі, або, памыліўшыся шляхам, вяртацца да зыходнага пункту і пачынаць новую вандроўку. Кожнай рэчы вызначалася канкрэтнае заданне, а чалавеку – месца.

Таму вось дзед Уладзімір стаў фурманам у двары пана Драгабыцкага. Па буднях звозіў з палёў буракі і снапы жыта, а ў святочныя дні закладаў у брычку Султана і каціў гаспадароў у Кляшчэлі, у касцёл. Конь белы, як выліты з восеньскай iмглы, падрываў капыты, раскiдваў грыву, уступаў у гонку з ветрам. “І будзь тут разумны, і скажы – дзе канчаецца грыва, а дзе пачынаецца вецер”, – здзіўляліся сінія вочы.

Імчаліся праз Войнаўку, Палічну, Курашава, а імпэт здзіраў з галоў мужыцкія шапкі, і мужыкі схіляліся: “Дзень добры, пан! Дзень добры, Султан! Дзень добры, фурман Уладзімір!” – Малайчына, Уладзімір, – пан Драгабыцкі ўсміхаўся і сяброўскім жэстам ляпаў фурмана па плячы, а калі пространь між дваром і касцёлам удавалася прашмыргнуць за адну гадзіну, частаваў яго сапраўднай цыгарэткай.

Двор стаяў за вёскай, на ўскрайку лесу. Сярод вясковых хат белы будынак выдзяляўся памерамі і формай. Тры сцяны раскрываліся ганкамі, а драўляныя слупыкалонкі трымалі панад сходамі трохвугольныя дашкі. Паўднёвыя сходы выходзілі ў сад, паўночныя на шырокі дзядзінец, а ўсходнія ў невялікі парк, дзе ліпамі і клёнамі вызначаліся цяністыя алейкі. “Прагуляемся, сонейка?” – стары пан падстаўляў плячо сваёй старой пані, і яны адыходзілі ў ліпавы цень. Або, прысеўшы познім пасляпоўднем на ганку, пытаў яе: – Сонейка, а, можа, мы гарбатку папілі б?

Да ўсіх астатніх пан Драгабыцкі звяртаўся “сэрдэнько”. Такім словам клікаў свайго сына Стасінка і вітаў гасцей, што час ад часу наведвалі двор, і нават смургаляваты пастушок, захоплены знянацку ў дворскіх яблынях і грушах, мог спадзявацца на цёплае: “А што ж ты, сэрдэнько, яблыкі падбіраеш, а? А дрэнна так рабіць, і непрыгожа”. Часам удзел у размове прымала лакіраваная кульба, стаўляючы на спіне пастушка завяршальную кропку. Была гэта аперацыя выключна прафілактычная, каб маладога чалавека, падбадзёранага поспехам у чужым садзе, спакусы не паклікалі ў шлях куды значнейшых злачынстваў – пацягнуць цэнтнер жыта з дворскага свірана, затым авечку з пашы, а можа нават і Султана, які капытамі і грывай заступаўся за гонар двара і толькі панічу Стасінку і фурману Уладзіміру даваўся закладаць у аглоблі.

Па словах бабкі Сонькі, Уладзімір быў найпрыгажэйшым фурманам у свеце, і ўжо па гэтай хаця б прычыне не маглі яны размінуцца. А затым пайшлі на свой хлеб, збудавалі дом, прыкупілі кавалак зямлі, вывелі на свет трох сыноў, і ў такой кампаніі застала іх вайна.

Прывезлі яе на матацыклах чатыры немцы, якія раскватараваліся ў Саўчуковай хаце, што на ўскраіне вёскі і, не зачапіўшы пальцам за палец, прасядзелі так тыдзень. Гэта нармальна. Хлопцы былі маладыя і стройныя, а іх мундзіры прыгажэйшыя за святочны касцюм пана Драгабыцкага, і ў такіх мундзірах можна, аблакаціўшыся на стол пад грушай, разважаць пра музыку паноў Моцарта і Бетховена або гавэндаць пра вялікія пачыны старажытных рыцараў, а ў самым горшым выпадку прагуляцца матацыклам у поле, зірнуць, як парабкі выбіраюць там бульбу і ці не зашмат яе пакідаюць у зямлі, каб потым, пад покрывам ночы, вярнуцца і завяршыць працу. Але чатыры нямецкія хлопцы не цікавіліся ні музыкай, ні бульбай. З раніцы да поўдня чысцілі свае аўтаматы, хухалі на іх і дзьмухалі, націралі нейкай маззю і глянцавалі суконнымі анучкамі, заўзята, пакуль на карычневых прыкладах не ўзышло вераснёўскае сонца. Аднойчы вечарам, нават не развітаўшыся з гаспадарамі, у якіх кватаравалі сем дзён, яны запусцілі маторы і ад’ехалі на захад.

Раніцой з усходу прыйшлі рускія. Іх мундзіры не прыцягвалі вачэй такой беззаганнасцю, як мундзіры чатырох нямецкіх хлопцаў, і рускія, не губляючы лішне час, закасаўшы рукавы, узяліся за справу. На пачатак расстралялі пана Драгабыцкага, запісалі ў калгас ягоную зямлю, кароў і коней. Нават Султана, які ўжо па сваіх конскіх календарах быў старэйшы за свайго пана і спакойна перажоўваў у стайні фураж мінулай славы, залажылі ў плуг і вытурылі ў поле. Старшынёй калгаса рускія прызначылі Пашку Лушча, якога мясцовыя клікалі ПашкаПляшка, бо ў Пашкі ніколі не было сваёй зямлі, затое часу хоць адбаўляй, і ён бавіў гэты час у карчме Ёшкі Блума, распавядаючы гісторыі пра краіны, дзе ўсе людзі роўныя і аднолькавыя, бы штыкеціны ў плоце, а сваю зямлю не закоўваюць яны ў межы прыватных загонаў. Але зараз Ёшку даручаліся сур’ёзныя абавязкі калгаснага бухгалтара, карчма зачынілася, дык і ў Пашкі паявілася магчымасць старшыняваць калгасам.

Праз паўтара гады, калі ў разгары стаяла лета, неба загудзела самалётамі, з самалётаў выходзілі чорныя ніткі і вогненнымі клубкамі разрываліся на зямлі, пераўтвараючы чыгуначны вузел у Чаромсе ў нікому не патрэбную кучу металалому. Рускія пакінулі ўсе незавершаныя справы і стрымгалоў кінуліся да сябе дамоў, а на танках і матацыклах прыехалі немцы. У параўнанні са сваімі калегамі, якіх бачылі тут раней, гэтыя не выглядалі ўжо так элегантна. Мундзіры запыліліся ў дарозе, а з аўтаматаў не ўсміхалася сонца. Пэўна таму, апусціўшыся з танкавых вежаў, неадкладна кінуліся шукаць які-небудзь занятак. На пачатак павялі пад расстрэл Ёшку і Пашку. Ёшка плакаў, а Пашку было ўсё адно. Гадзінай раней ён высмактаў паўтарачку самагонкі, і вось зараз, у чым быў абсалютна перакананы, ішоў на спачын, як і штодзень, падтрыманы бяспечнымі рукамі кампаньёнаў.

За танкістамі ў легкавых машынах прыкацілі геадэзы і калгасную зямлю пана Драгабыцкага вярнулі ў гістарычныя межы. Танкі пасунуліся далей на ўсход, пакідаючы асноўныя паўнамоцтвы на руках тоўстага Казіміра Валанцея. Раней ён быў аканомам у двары, а зараз пераапрануўся ў паліцэйскі мундзір, снаваў з хаты ў хату і казаў: “Яны там гуляюць на матацыклах, а тут усё на маёй галаве. Аднаму дай падводы, другому забяспеч шарварак, а трэцяму хоць зпад зямлі дастань, а знайдзі добраахвотнікаў на працу ў Германію. Аж галава трашчыць”. Зімой у пушчы завяліся партызаны, пашыраючы дыяпазон паліцэйскіх абавязкаў на ахову чыгункі, якую вельмі сабе ўпадабалі, час ад часу выпраўляючы ў неба загружаны жалезам эшалон.

Апошні раз матарызаваная нямецкая калона наведала вёску гады праз тры, але цяпер, збягаючы з усходу на захад, не затрымлівалася ні на хвіліну. За спінай немцаў пешаком крочылі рускія, ды крочылі так шпарка, што танкам і матацыклам не было часу спыняцца.

Гэтыя рускія таксама нічым не прыпаміналі бачаных раней. Вядома, традыцыйна запусцілі кулю ў натруджаны лоб паліцэйскага Валанцея, які зза сваёй тлустасці не паспеў зачапіцца за які-небудзь танк або матацыкл, а потым чарнявыя, касавокія жаўнеры аддаліся захапленню. Захапляліся ўсім, чым сустракаў іх мясцовы свет. Ціканнем гадзінніка, курыным яйкам, пчалой, што вяртаецца ў вулей з крошкай мёду на ножках. А калі ў паўзмрочнай стайні адшнырылі Султана, захапіліся дашчэнту, але іначай. Зусім як сустрэчай з добра вядомым суседам або краявідам. У такіх выпадках чалавека агортвае радасць. Чалавек усміхаецца вачыма і вуснамі, і поўным тварам, і ўсёй постаццю.

– Ах ты, родненькі мой. Ну, давай, пайшлі, – жаўнерская ўсмешка пералілася з твару ў рукі, і далоні пяшчотным жэстам кранулі пасівелую конскую галаву, загортваючы яе ў жоўтыя раменьчыкі аброці. І Султан не пратэставаў. Ён зусім ужо страціў зрок і, блытаючы капытамі, ішоў, куды скажуць.

– Харошая лёшадь. Харошая. Малядэц, – шаптаў у конскае вуха касавокі жаўнер, а ягоныя пальцы няспынна гладзілі конскую грыву і шыю. А як адступілі за стадолу на крокаў дваццаць, пальцы слізганулі ў кішэню, і бліснула на сонцы крывое лязо сцізорыка, беспамылкова знайшло на конскай шыі патрэбную сабе жылку, і Султан, згінаючы калені, апусціўся ў траву. Кульнуўся на хрыбет, капыты затанчылі, перабіраючы залатыя струны сонца. Затым, пасечаны на кускі, танчыў у кіпячай вадзе яшчэ двое сутак пад гукі гармоніка і глухія бубны жаўнерскіх страўнікаў.

Дзесьці на захадзе заядлымі салютамі заходзіліся гарматы, самалёты разбівалі ў пух варшаўскіх паўстанцаў, а паніч Стасінак на гусеніцах нямецкіх танкаў высякаў шабляй апошні раздзел гісторыі роду Драгабыцкіх, і тады ў Іванюкоў нарадзіўся наймалодшы сын, Сашка. Потым з’явіўся ў вёсцы капітан Жлуктоў, а праз колькі месяцаў прыйшлі геадэзы і пасеклі на кавалкі зямлю пана Драгабыцкага. Працэс называўся парцэляцыяй і здзяйсняў сабой акт гістарычнай справядлівасці.

– Бярэм? – спытала Сонька. – Нядрэнны кусок нам даюць. Там у пана Драгабыцкага заўжды найлепшая капуста і буракі выводзіліся.

Уладзімір маўчаў. Ён сядзеў пад яблынькай, прыдбанай з дворскага саду ў выніку маленькай, асабістай парцэляцыі і бачыў, як пяццю гадамі раней жаўнеры вядуць на расстрэл старога пана. Ідуць праз вёску, мужыкі здымаюць шапкі і апускаюць вочы ў зямлю, жанчыны пазіраюць зза штыкецін, крадком выціраючы слёзы, тры савецкія жаўнеры за спінай пана Драгабыцкага пасвістваюць вясёлую песеньку, а пан крочыць з высока ўзнятай галавой, адзначае кожны крок лакіраванай кульбай, а дыямантавым позіркам развітваецца са светам і яго малымі праблемамі. Потым, праз груз і попел, Уладзімір бачыў яшчэ, як нямецкія гусеніцы раз’язджаюць паніча Стасінка ў чырвоную пляму, і чуў, як намаршыраваўшыся ўдосталь, усе арміі свету сыходзяць у казармы, з грукатам зачыняючы за сабой дзверы. З такім грукатам друкуюцца пасведчанні аб тымчасовай зямной уласнасці.

Адразу пасля заканчэння сяўбы геадэзы вярнуліся. Пад наглядам камісараўагітатараў адмянілі сваю ранейшую працу, спайваючы паасобныя загоны ў адзін бязмежны арганізм.

– Што тут цяпер будзе? – пыталі мужыкі.

– Тут цяпер будзе калгас. Вялікі Савецкі Саюз зноў ідзе да нас з братэрскай падтрымкай і дае прыклад, як добраўпарадкаваць зямлю, – вывучанай фразай адказвалі камісары.

– Ну вось, нікуды мы і не дзеліся, – сказала бабка Сонька, агортваючы позіркам доўгія радкі капусты. Дворская зямля раскрылася якраз зялёнымі лісткамі, і яны радасна выбягалі да сонца і да людзей для агульнага карыстання.

Калгас выстаяў год. Прытаіў дыханне да жніва, адгарланіў восень, сяк-так перазімаваў. Напрадвесні разваліўся, а вясной людзі выйшлі ў поле шукаць кожны сваю мяжу.

Зямля, загартаваная ў доўгай гісторыі ледавікамі, землятрусамі і шматлікімі сутычкамі з каметамі і астэроідамі, і гэты кароткі эксперымент вытрымала, не міргнуўшы вокам. Больш пацярпела яе жывая матэрыя. У полі асот узяў перамогу над аўсом, а коні, прастаяўшы зіму на поснай сечцы, дайшлі да вясны моцна скарочанай чарадой. Але тады жыхарам маленькай Апакі працягнула руку дапамогі заакіянская імперыя. У выпадку Уладзіміра Іванюка падтрымка выявілася чорным, смалістым канём. У гонар ахвяравальнікаў назвалі яго Унрам.

“Якое цікавае жыццё. Раз чалавек на белым кані, другі раз на чорным”, – здзіўляўся Уладзімір, закладваючы хамут на смалістую шыю Унры.

Загледжаны ў чорную кропку, Уладзімір ішоў за плугам і думаў: “А калі б так даць каню абсалютную волю, мабыць, пралажыў бы ён скібу аж у сваю далёкую Амерыку? А можа, плюнуў бы на плуг ды праляжаў бы ў цяньку дзень да вечара?”

Часам, калі жаўрукі песняй збівалі з прасторы пах неба і скідалі яго ўніз, спыняў каня і слухаў. Затым схіляўся, набіраў жменю пяску, нюхаў яго. Прыжмурыўшы вочы, чарговы раз трапляў у здзіўленне: “Водар нябёсаў нічым не адрозніваецца ад водару зямлі. Значыць, хто ведае пах зямлі, не заблудзіць і ў небе”.

Аднойчы, калі жаўрукі ашалелі ў бясконцай песні ды цягнулі яе так доўга, пакуль неба поўнасцю не звалілася на поле і лес, а дзед Уладзімір, прысеўшы на кукішкі, насычаў ноздры водарам блакітаў, чорны Унра капытом, магутнейшым за кулак Махамеда Алі, пацэліў яму дакладна ў патыліцу. Засталося зрабіць адзін крок і ступіць у нябёсы.

– Усе імперыі на тое і ўзнікаюць, каб тутэйшага праваслаўнага мужыка шпарыць з абедзвюх рук па мухаедах, – сцвердзіла бабка Сонька. – І лепей тры разы прамаўчаць, як тры разы сказаць “так” або “не”.

На тры фурманкі яна загрузіла хатку і сыноў і выправілася ў Мястэчка, дзе раней пасялілася яе малодшая сястра Маруся, што за ваенным часам насіла ў лес партызанам хлеб і маленькую жменьку звычайнай, жаночай радасці. Зараз, заваяваўшы магістраты і іншыя важныя ўстановы, партызаны паклікалі за сабой і яе. Уладкавалі вахцёркай на фабрыцы і кожны год у Дзень перамогі прыхарошвалі яе бліскучым медалём або ордэнам.

– Дом патрабуе жанчыну, а зямля мужчыну. А ў Мястэчку можна жыць і без зямлі. Вось і выжывеш, – разважыла Маруся.

І паехалі.

Вуліца Добрай Надзеі (зборнік)

Подняться наверх