Читать книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк - Страница 5
Дзядзька Ваня
Оглавление“А няхай цябе пекла каўкне”, – сказала аднойчы бабка Сонька. Было гэта ў той год, калi Велiкоднае свята прыйшло напярэдадні святога Юр’я, i калi ў Вялiкую пятнiцу мы iшлi ў царкву, каб там, аб’яднаўшыся з іншымі жыхарамі Мястэчка, чакаць цуду пераўтварэння смерці ў жыццё.
А за нашай спiнаю пружыністым вайсковым крокам маршыраваў дзядзька Ваня. У левым борце ягонага пiнжака чырванеў вялiкi бант, твар святлеў ад бязмежнай радасцi, а думкі крылілі над Мястэчкам. Дзядзька Ваня спяшаўся адзначыць перамогу заўтрашняга свету над учарашнiм.
Ранiца стаяла сонечная, і першая зелень ускарасквалася на бярозы. У такiя хвiлiны хочацца чалавеку жыць i спяваць. I дзядзька Ваня напяваў радасную, парэвалюцыйнаму бадзёрую песню.
– Дзень добры, панi Сонька. Таксама на манiфестацыю, а? Дык мо разам? Калi ласка, – усмiхнуўся прыгажэй за майскае сонца i падставіў дапаможнае плячо.
І ў такую ранiцу бабка сказала: “А хай цябе пекла каўкне. Смалу там будзеш жавацьперажоўваць”.
– Ну і файна, пані Сонька, – падхапіў ён. – Пекла таксама для людзей. Цёпла там, кампанiя не з апошніх. А смала? Якая зараз у пекле смала? Уся яна асфальтам ляжыць на дарогах і вуліцах.
А потым я стаяў у царкве, узiраўся ў смутныя аблiччы Марыi i Магдалiны, што трымаюць варту над чорным прамавугольнiкам плашчанiцы. Глядзеў i ў васкавы твар распятага на крыжы Iсуса, i была ў мяне на Iсуса балючая крыўда: чаму якраз у першы дзень мая дазволiў нягоднiкам зрабiць здзек са сваёй асобы? У той дзень, калi ў Мястэчку гучаць духавыя аркестры, вулiцамi пад музыку маршыруюць жаўнеры ў парадных мундзiрах i дзяўчаты ў спартыўных касцюмах, дзядзька Ваня, стоячы на балконе Дома партыі, пасылае зза буйных, чорных вусоў ветлiвую ўсмешку ўсяму свету, а ў кiёску, побач з каталiцкім касцёлам упершыню пасля зiмовага перапынку прадаецца марожанае. А з першага смутку выплываў другi смутак: “Бедны дзядзька. Як жа зараз яму жыць, пасля смерцi з такiмі перспектывамі?”
Нахабнае пытанне таўклося ў маіх грудзях доўгiя днi i месяцы, разгаралася пры нагодзе ўсялякiх харцэрскiх святкаванняў – менавiта тады запрашалi мы дзядзьку Ваню, прысаджвалi яго да вогнiшча, вязалi на шыю чырвоную хустку, а ён, падставiўшы твар да полымя, прыводзiў з далёкай мiнуўшчыны i перадаваў нам выявы вялiкіх подзвігаў.
I я таксама глядзеў у агонь, а вачыма душы ўяўляў, як распаўзаюцца, уздымаюцца чырвоныя языкi, i не паспееш аглянуцца, як бяруць у абдымкi дзядзьку Ваню. З трэскам спапяляюцца ногi, што пратапталi не адну партызанскую сцежку, i рукi, якiя нiколi не прамахнулiся, узяўшы на прыцэл варожы аб’ект, i вочы – яны ж заўсёды адсочвалі пагрозу, нябачную іншым вачам. Уявiўшы такiя пякельныя пакуты, я тайком адступаў ад вогнiшча, стрымгалоў ляцеў да хаты i, забiўшыся пад коўдру, доўга плакаў.
Было ў нас да дзядзькі Ванi асаблiвае пачуццё – мужчынскае каханне, што ўзнiкае ў супольнай барацьбе, асаблiва калi мэта такой барацьбы – перайначыць свет. Праўда, нiколi не стаялi мы з дзядзькам Ванем у акопах, цёмнай ноччу не выходзiлi з пушчы, не паўзлі крадком пад зорамi ў напрамку чыгункi, каб там, адной хiтра пастаўленай мiнай спынiць жалезны кровазварот, што забяспечвае варожую армiю бiнтамі, амунiцыяй i кансервамі. Не дазволiў нам лёс. Шкада.
Дзядзьку Ваню бачу на нашай вуліцы так даўно, як далёка ахоплівае яе мой позірк. Можна сказаць – ён равеснік маёй свядомай памяці. Пэўна таму, што па-суседску з ягоным домам быў домік цёткі Любы і дзядзькі Колі, куды я заходзіў ці не кожны другі дзень. Калі б была цікавасць зазірнуць у сямейныя архівы, выявілася б, што Ваня быў дзядзькам зусім не нам, а толькі рудому Вiцiку, як старэйшы брат ягонай маці, пані Ніны. Нам, згодна з местачковымi канонамi, заставалася афiцыйнае проша пана або – нат i ўзяўшы пад увагу супляменнасць вулiцы – не нашмат iнтымнейшае “пан Ян”. Аднак спакон вякоў мы клiкалi яго дзядзькам, а ён частаваў нас цукеркамi: “Ну, смургалi, марш вучыцца i вырастаць! Айчына чакае афiцэраў, шахцёраў i другiх спецыялiстаў. Крочым у добрым напрамку і ўсё найлепшае – наперадзе!”
У светлы вобраз айчыны і яе будучыні ўносіў дысананс пан Алёшка. Не зважаючы на свой дзевяноста дзевяты год, ён шторанак займаў у мясной лаўцы чаргу за свiнiнай або цяляцiнай. Былі гэта чэргі даўжэйшыя за чыгуначныя эшалоны, што, загружаныя невядома чым, ідуць невядома куды, з аднаго краю свету на другі. Забіваючы доўгае чаканне, пан Алёшка выдаваў зусiм іншыя прагнозы. Прымыкаў вейкі, зазiраў у сваю мiнуўшчыну, выцягваў адтуль абадраных жабракоў, нанова ўладкоўваў iх пад цэрквамi i касцёламi, клiкаў на вулiцу доўгiя шэрагі беспрацоўных, а затым, запаўняючы палiцы кiлбасамi i паляндвiцамi, пускаў у разгон чэргi, што нахабна гуртуюцца ў мясных крамах.
“Трындзіць старык ад залiшне доўгага жыцця, – казаў у такiх выпадках дзядзька Ваня. – Мiнуўшчына не вернецца, бо не дазволіць наш высока ўзняты сцяг!” У такiя хвiлiны нам хацелася стаць дарослымi, пераняць гэты сцяг ды разгарнуць яго на ўвесь свет.
– А дзядзька Ваня, ён праваслаўны цi каталік? – У лугах, што цягнуцца ўскраінай пушчы, мы гулялі ў сцізорык. Заядла, заўзята, быццам на сталёвае лязо абапіраўся лёс свету. Сцізорык быў маленькі, шматкаляровы, якраз выструніўся лязом, але ў пластмасавай ручцы прыхоўваўся штопар, пілка для пазногцяў, невядомага прызначэння шпікульцы. Дакладна такія сцізорыкі прадаюцца падчас царкоўнага фэсту ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, што ў праваслаўным календары адзначаецца за тры дні да заканчэння вакацыяў.
Вастрыё забівалася ў траву, небам ішлі самалёты, знікалі за павеўнымі сукенкамі апошніх летніх аблачын, выходзілі на чыстае поле і зноў чорным пузам рэзалі блакіт.
– Рускія на Чэхаславакію сунуць, – руды Віцік прыклаў далонь да ілба, пальцы склаў у казырок, засланяючы вочы ад нахабных промняў. А дзядзька Ваня кажа: – Ото цяпер ужо добра адлупцуюць пэпікаў па дупе. І менавіта тады нехта ўпершыню паставiў Віціку пытан не – праваслаўны цi каталік дзядзька Ваня? Пачыналi мы неяк здагадвацца, што людзi ў Мястэчку падзяляюцца на тых, хто дзеля гутаркi з Усявышнiм заходзiць у блакiтную царкоўку, ды іншых, якiя з такой жа мэтай бяруць кірунак на белы касцёл у цэнтры Мястэчка. Вiцiк, уладкоўваючы сцiзорык на кончыку носа, адказаў не адразу. Забiўшы як трэба лязо ў траву, зiрнуў на нас вокам пераможцы: “Нi такi дзядзька Ваня, нi сякi. Ён – партыйны!”.
– Значыць – якi? – усе вочы сыйшлiся на рудой чупрыне.
– Партыйны. Чалавек, якi можа ўсё, – удакладнiў Вiцiк.
Здаралася, частаваў цукеркамi i бацюшка Сцяпан, калi пасля святаў Божага Нараджэння сноўдаўся з хаты ў хату з малiтвай. Гэта да ягонага вiзiта рыхтавалася на стале грамнiчная свечка, побач лягала буханка хлеба i ставілася пасудзiна са свянцонай вадой, а мiж iх сарамлiва прысядаў на кукiшках алюмініевы пятак, натапырыўшы крылы, глядзеў з аверса арол, а рэверс выяўляўся рыбаком, што працавiта разгартае сетку. Пакрапiўшы ўсе чатыры сцяны, бацюшка на хвiлiну апускаўся ў крэсла i, уздыхаючы ўголас – заўжды так уздыхаецца пры нагодзе нямiлага абавязку – згартаў у кiшэню пяцёрку.
– Вучыцца трэба добра, быць слухмяным, шанаваць маму i тату, уладу школьную i дзяржаўную, i ўрокi рэлiгii не прапускаць таксама – так ён казаў. Але што бацюшка? Ці здарылася яму калi-небудзь прыадзецца ў партызанскi мундзiр? Зняўшы вiнтоўку з пляча, крыкнуць: «Стой, страляць буду!» I бабах у чорнае бяздонне ночы? Хутчэй за ўсё – не. І галоўнае, не было пэўнасцi: ці бацюшка Сцяпан – чалавек партыйны, хто можа ўсё і заўсёды? Як, скажам, дзядзька Ваня.
На такое пытанне нават бабка Сонька не дала адназначнага адказу. Паглядзела на мяне неяк дзiўна, адвярнулася, плюнула пад ногi. Сказала некалькі слоў пра дурных неадказных партызанаў, пра сала i кажух, падабраныя з кладоўкi. Прыпомнiла таксама свайго брата Арцёма – бачыла яго апошнi раз у сорак трэцiм, у студзеньскi вечар, калi тоўсты паліцыянт Казімір Валанцей даручыў яму варту на чыгуначных рэйках. А ноччу падарваўся там ваенны эшалон, і наступным днём гергатлівыя немцы расстралялі ўсіх вартаўнікоў.
– Усемагутны – там вось, – паказала пальцам у бязмежнае неба. – Адзін Бог усё можа.
Але мяне мучыла, ці ёсць Бог? Пытанне заставалася адкрытым з той хвіліны, калі падчас урока музыкі пан дырэктар Сліва заявіў: – Сусвет нарадзіўся ад вялікага выбуху.
– Як ад атамнай бомбы? – зза апошняй парты вырваўся Віцік. Аб атамных бомбах дзеці ведалі куды больш за сваіх бацькоў, да таго ж, у школьны падвал паміж горкай вугалю і цеснай клеткай пана вознага прадбачлівыя будаўнікі на выпадак ядзернай атакі запіхнулі бункер. Цёмны, агідны, бы амерыканскі цмок, што прытаіўся пад вадой, на зямлі і ў паветры ды чакае моманту, каб патаптаць сінявокія васількі ў нашых агародчыках, а нават разбіць у пух і прах сонца і ўсе астатнія зоры.
– Куды магутнейшы гэты выбух. Як мільярды мільярдаў бомб, – пан дырэктар Сліва разгарнуў футляр, дастаў адтуль скрыпку, бліскучым асколкам каніфолі аб’ехаў хрыбет смыка.
– Дык нехта ж падпаліў кнот, – Віцік не адступіў. – Які імперыяліст амерыканскі або наш партызан, а можа і сам Бог?
– Э, там!…
Азвалася скрыпка, і пайшло! – пан Сліва ўсміхнуўся, смыком крануў струну. “Расцвіталі яблыні і грушы, паплылі туманы над ракой” – гукі ірвануліся, пабеглі школьным калідорам, узняліся да воблакаў, разышліся хваляй, збіваючы з ног усе злыя сілы, што заўпарціліся павярнуць нас і нашых сяброў са шляху ў найлепшую будучыню.
Новыя падзеi, што адбылiся з прыходам зiмы, таксама пярэчылi бабусiным тэорыям. Пасеялi ў маёй свядомасцi і іншыя, зусiм слушныя падазрэннi: бабка, як i ўсе астатнія смяротныя, можа ж памыляцца! Я пачынаў уяўляць i куды страшнейшае: вось жа прыйдзе дзень, i над бабусяй, гарызантальна напружанай на покуцi, бацюшка Сцяпан заспявае “Вечная памяць”, а потым суседзi забяруць яе з хаты, занясуць на могiлкi, апусцяць у глыбокую яму i прысыплюць жоўтым пясочкам. Дакладна так, як адбылося з панам Алёшкам. Звалі яго Жалезным, або Несмяротным, пэўна таму, што ў бліжэйшыя дні збіраўся паставіць крок у другое стагоддзе сваёй зямной вандроўкі. Але дзевятнаццатага снежня з раніцы пайшоў дождж, а апоўдні неба пасвятлела, i з усходу ад пушчы вецер дзьмухнуў прымаразкам. Вулiчны брук прыадзеўся чыстым, халодным шклом.
Пан Алёшка, якi здрамнуў пасля абеду, якраз пралупiў вочы. Пераблытаўшы адвячорак з досвiткам, накiнуў на плечы абшастаную баранiцу, накiраваўся ў мясную краму.
У той дзень у праваслаўным календары адзначаўся святы Мiкалай. I дзядзька Коля з дзядзем Ванем выпiлi суседскую бутэльку. Апошнюю, што прыхавалася ў хаце.
У нас нiколi не адыходзяць ад стала з такой прычыны.
– Злётаю ў краму, – сказаў дзядзька Коля, выводзячы з гаража матацыкл. – Спраўлюся ў тры мiгі.
– Нiкуды не паедзеш, – зачапiлася за задняе крыло матацыкла цётка Люба.
– А от жа i злётаю! – адкрыта, заўзята, як ніколі раней, дзядзька Коля выступіў супраць сваёй жонкі. Пасадзіў на галаву каску i, не зашпiльваючы яе, акiрэчыў цыратавае сядло, левым чаравiкам тузануў стартэр.
– Дуй, Колік, я тут пачакаю, – падмiргнуў дзядзька Ваня.
Стала ясна: нi пры чым тут пратэсты i лямант цёткі Любы. У асаблiвых выпадках жаночы розум прымушаны скарыцца, укленчыць перад мужчынскiм гонарам.
Але матацыкл не дайшоў да мэты. Мабыць, рука самапасам ад святочнай фантазii надта моцна наехала на ручку газу. А можа, вулiчныя камянi ад нечаканай змены надвор’я паднялi нос вышэй за штодзённую норму. А можа, як пры нагодзе незразумелых здарэнняў кажа народ – проста так трэба было!? Адным словам, сцежкi матацыкла i пана Алёшкi перасекліся.
Першай з’явiлася хуткая дапамога, і быў гэта самы лішні ў свеце маршрут. Лекар праверыў пульс, паглядзеў у знерухамелыя вочы пана Алёшкi i развёў рукамi, пацвярджаючы такiм чынам людскую бездапаможнасць у канфрантацыi з нябеснымi рашэннямi. Следам за медыкамі прыляцелі мiлiцыянеры і павалаклi дзядзьку Колю ў напрамку сiняй “ныскi”. I дзядзька Коля не запiраўся, толькі бесперапынна паўтараў “ясна халера” i “холера ясна”. I нi слова больш.
– А гарэлку сёння обыватэль піў? – дапытваўся малады сяржант. Але адказ быў нязменны: «Холера ясна…»
Потым, калi ўжо сумная навіна на добрасуседскіх крылах аб’явілася ўсяму Мястэчку, прыбегла таксама цётка Люба. Яна ўголас рыдала i пыталася, што рабiць адзiнокай жанчыне, муж якой па апошнiя днi свае будзе гнiць у астрозе. Затым гутарыў з мiлiцыянерамi дзядзька Ваня.
– Значыць, пракаціліся мы, – азваўся, хмурна зазiраючы ў вочы сяржанту.
– Ага, – пацвердзiў сяржант.
– А такiя старэчы, што бестурботна i без кантролю малодшых сямейнiкаў сноўдаюць публiчнымi дарогамi – калi не скандалам, як тады iначай назваць? – ад злосцi дзядзька Ваня торгаў доўгiя вусы.
– Ну, – сяржант зняў шапку, пачухаў патылiцу.
– Што – ну? Якое – ну? Аплачвае вас народная ўлада, а нармальнаму грамадзянiну нiяк i праехацца сваёй вулiцай. А ўвогуле вулiца, брукаваная коўзкiмi камянямi, асаблiва ў нашай краiне – адкрытая правакацыя i анахранiзм. I час ужо навесцi тут парадак.
Сяржант, здагадваючыся, што гутарка стае на палiтычныя рэйкi, куды больш коўзкія за вулічны брук, адступiў на два крокi назад. Гэтаму хлопцу, звычайнаму, як і ўсе жыхары Мястэчка, відаць не чужая была тэорыя бабкi Сонькi аб iмперыях, што ўзнікаюць з адной мэтай – з абедзвюх рук шпарыць па мухаедах тутэйшага, праваслаўнага мужыка. Адступiў яшчэ два крокi, трэснуў сiнiмi дзвярыма, на век вечны заключаючы арыштанта ў цёмных вантробах аўто i даў знак: “Паехалi”.
– Не плач, – сказала бабка Сонька, агортваючы цётку Любу словам. – Усё ў Боскіх руках.
Бліжэйшыя дні бабка Сонька пачынала з малітвы за хуткае вяртанне дзядзькі Колі. У царкоўцы з такой жа мэтай кожную нядзелю запальваліся свечкі. Жаночымі слязьмі сплываў воск на падсвечнікі. Але дзядзька Коля не вяртаўся.
– Эх, бабы! Зусім вы, як дзеці! – назіраючы за бясплённымі намаганнямі, сказаў аднойчы дзядзька Ваня.
Ноччу ён сеў на цягнiк i ў дванаццаць хвiлiн на трэцюю адправiўся ў Варшаву. Ніхто не ведаў нічога пэўнага, але ўсе шапталіся: цi не да Герэка паехаў чалавека ратаваць?
Наступным вечарам усе вокны ў Мястэчку азарыліся фіялетава-сінім святлом тэлевізараў. На экраны, як i штодзённа, выходзіў пан Герэк. Ён усмiхаўся, гаварыў прыемныя словы і ні ў якім выпадку не паводзiў сябе як чалавек, які мае нейкі клопат.
“Пэўна, не дайшоў Ваня, куды трэба. Не дазволілі, не дапусцілі. Гляньце, які той Герэк вясёленькі. Напэўна, нічога не ведае і не здагадваецца”, – засумавала цётка Люба.
Дзядзька Ваня вярнуўся праз тры дні. Стомлены, непаголены, вочы абведзеныя чорнымі кругамі. Менавіта так з пераможных паходаў вярталіся сярэднявечныя рыцары і новачасныя партызаны. Адразу на вакзале сеў у таксi, замовіў курс на местачковую турму, і за пяць хвілін выцягнуў адтуль дзядзьку Колю на белы свет.
Пад вясну, ледзь снег паспеў адысці ў далёкае мора, заехалi на вулiцу экскаватары, дарожныя каткi, трактары i іншыя машыны, якiя мы, бачыўшы ўпершыню, не ўмелi назваць. З аграмадных катлоў лiлася на каменне чорная, кiпельная смала.