Читать книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк - Страница 4

Мястэчка

Оглавление

Над Мястэчкам заўсёды стаяў цень пушчы і пах жывіцы. Прадмесце выходзіла з дрэў аднапавярховымі домікамі, якія расстаўляліся ўздоўж завулкаў, а крутыя, гравейныя завулкі, склікаючыся ў пары, у тройкі, выбягалі на выкладзеныя камянямі вулачкі. Не даходзячы да цэнтра, брук перадаваў палачку асфальтаваму палатну галоўнай вуліцы, а драўляныя хаткі саступалі месца шматпавярховым бетонным блокам.

Па адзін бок гэтай асфальтавай стужкі шэрым прамавугольнікам стаяў магістрат, па другі – фабрыка. У сценах магістрату вырашаліся шляхі Мястэчка, у фабрычных цэхах прыходзілі на свет сталы і крэслы. Час ад часу нейкі рабочы развітваўся з цікавай блузай і станком і перасяляўся ў магістрат або фабрычны кабінет. Здаралася так, бо мясцовы свет быў вельмі малады, і лёсы людзей пісаліся ад рукі, не зважаючы на рэкамендацыі ранейшых пакаленняў, а нават і універсітэцкія дыпломы.

Чалавек вяртаўся дамоў, адчыняў шафу, даставаў адтуль касцюм, падступаў бліжэй да вакна, цаля за цаляй ацэньваючы прыдатнасць старой вопраткі да новага жыцця. Апярэджваючы збянтэжаны позірк шлюбнай жонкі, казаў: “А раніцай пайду не на фабрыку, а ў магістрат. Бо я ўжо інспектар”. Або: “Падрыхтуй белую кашулю. З заўтрашняга дня я не за станком, а пры стале, у кабінеце”.

Да поўначы ён вывучаў мудрагелісты шыфр гальштука, а яна прасавала кашулі. Уяўляла пры тым вочы бліжэйшай суседкі, калі раніцой у чарзе па хлеб выявіць для яе шэптам сваю найнавейшую таямніцу: “Ведаеш? У мяне зараз супольная падушка з кіраўніком цэха”. А калі суседка ад хвалявання каўкне сліну і разявіць раптоўна засохлыя вусны, бо першая здагадка, якая прыйдзе на думку, будзе цалкам непрыстойнай, тады вось, не шэптам ужо, а поўным голасам скажа: “Майго вылучылі, ён цяпер кіраўнік цэха”.

Разглядаючы цэнтр Мястэчка, хтось можа здзівіцца адсутнасці ратушы, пышных палацаў, экзатычных паркаў, спярэшчаных фантанамі або тоўсценькімі купідонамі. Але здзіўляцца не трэба. Мястэчка яшчэ малодшае за бліжэйшы свет, і не так, здаецца, даўно ў цэнтры яго расла пушча і сюды прыязджалі пастраляць зуброў літоўскі князь або польскі кароль. Потым высеклі дрэвы, узнікла фабрыка, а прыцэліцца на буйную звярыну пасунуліся міністры ды ўсялякага калібру дырэктары і сакратары. Бо свет мае свае прынцыпы і беражэ іх як зрэнку. За кожнай уладай, вызначанай – не мае значэння – Богам ці выбарчым бюлетэнем, крочыць нязменная цяга да дубальтоўкі або штуцара.

Усе першыя жыхары Мястэчка былі сталярамі і на сваёй фабрыцы даставалі з пушчанскіх дрэў пякучы шкіпінар, мэблю, дошкі і дылёўкі – доўгія, жоўтыя, бы грамнічныя свечкі. Такому занятку аддаваліся з панядзелка да суботы. Восеньскімі і зімовымі досвіткамі, раней за сонца, чорныя фігуркі людзей высыпаліся з маленькіх домікаў, утыкаліся ў морак завулкаў, каб, давалокшыся да галоўнай вуліцы, выявіцца нанава святлу і свету. А вуліца згартала іх і, падштурхоўваючы стрэлкамі гадзіннікаў, што няўхільна набліжаюцца да шостай гадзіны, кіравала на раззораны ліхтарамі фабрычны пляц. Перасякалі браму сотнямі. І толькі іх твары, хвілінай раней высечаныя з адной глыбы паўсвятла, заставаліся ананімнымі, кропля ў кроплю падобнымі адзін да аднаго. Калі якраз у такі момант Юры Гагарын кружыў у сваёй бліскучай бляшанцы над Зямлёй і калі б час дазволіў яму назіраць гэты абразок, не магла б яму прыйсці ў галаву іншая думка, чым уяўленне бязмежнага сабора, што, прадчуваючы блізкі канец свету, склікае да алтара ўсіх, хто жывы.

А потым, як штодзень падымалася сонца і вандравала з усходу на захад – у дзве гадзіны пасля поўдня фабрычная брама выпускала людзей на вуліцу. Разам з сонечным святлом кожнаму чалавеку вяртаўся свой твар, у кожнага ўзнікалі свае думкі і раскрываліся свае сцежкі. Сямейныя няспешна ішлі дадому, халасцякі зачэпліваліся за бар “Сонейка”, а маладыя і закаханыя ляцелі імклівым крокам насустрач свайму каханню.

Суботнімі надвячоркамі сталяры крочылі ў лазню адмыцца ад жывічных водараў. Але лясны водар быў мацнейшы за ўсе лазні свету – уціскаўся пад пазногці, учэпліваўся ў валасы, насычаў скуру, і сёмага дня, у нядзелю, накрываючы яго святочнымі касцюмамі, яны ішлі ў царкоўку або касцёлік згаварыць малітву за спакой і нязменнасць шасці бліжэйшых дзён.

Побач з лазняй стаяў музей. Будынак быў невысокі, але прасторны. Дакладна такія павінны быць музеі пралетарскай рэвалюцыі, ды і ўсе астатнія. У мінуўшчыну трэба заходзіць з пахіленай галавой, вандраваць зігзагамі калідораў, у якіх не ведаеш, а толькі здагадваешся, што чакае за чарговым паваротам. Час у музеях не цячэ жывымі струменямі – ён выстаўлены там на агляд паасобнымі, замарожанымі фрагментамі. Найважнейшымі – на думку тых, хто ў дадзены момант валодае светам. У залах гэтага музея ў шкляных вітрынах як доказ пралетарскага паходжання жоўклі партыйныя білеты, агітацыйныя лістоўкі і газеткі Мястэчка. Зза чырвоных сцягоў вытыркаліся барадатыя партрэты. У непарушнай цішыні Ленін з Марксам назіралі, ці не зварочвае са шляху парадак свету, вызначаны іх тоўстымі кніжкамі і канчаткова замацаваны салютам “Аўроры”.

Па суседстве з музеем знаходзіўся Дом партыі. Гэты гмах, які заўсёды зірыў на вуліцу высокімі, чорнымі вокнамі, рабіў уражанне мёртвага, пакінутага самому сабе, і толькі ў першы майскі дзень вокны яго раскрываліся, а вялікі балкон ажываў і запаўняўся гоманам. Мёртвасць была ўсё-ткі толькі павярхоўнай. За тоўстымі сценамі, за густымі заслонамі, праз якія не прабіцца ані святлу, ані слову, вырашаліся справы куды важнейшыя, чым у магістраце. Менавіта тут, пакуль чалавек рабіўся сапраўдным чалавекам, праходзіў ён своеасаблівы каранцін. Кандыдаты ў кіраўнікі або дырэктары, бы цацачныя салдацікі, доўга круціліся ў тоўстых пальцах сакратароў. Цацкі ўсміхаліся какетлівымі ўсмешкамі, тактоўна пералічвалі заслугі, вышэптвалі ўсе гісторыі свайго жыцця – чыстыя, бы сляза анёла. Дакладна так паводзяць сябе маладыя паненкі, калі створаны ў марах прынц абдорвае іх выпадковай ласкай, і гэтую ласку хочацца ім затрымаць за сабой на ўсё астатняе жыццё. А стомленыя вочы сакратароў, разгледзеўшы дэталёва чалавечыя фігуркі, рабілі баланс усіх “за” і “супраць”, падводзілі рыску і вырашалі – хто застаецца на стале, а хто ідзе пад стол.

У такі свет заехала аднойчы на трох фурманках Сонька Іванюк. На пляц побач з домікам сястры Марусі разгрузіла сваю хатку, а рукі суседзяў і нават зусім незнаёмых людзей, узамен за добрае слова, хутка паднялі яе на фундаменты. Шмат якія местачкоўцы былі тады яшчэ малодшымі за сваё Мястэчка і слова “дзякуй” кружылася з рук у рукі паўнацэннай манетай.

З першага дня ў Мястэчку дзецям пачалі блытацца сцежкі. На пачатку ўсё выглядала нявінна, нават смешна. Малы Антон, адпраўлены ў школу, міжвольна кіраваўся на лес. Высланы ў ларок па хлеб, Коля вяртаўся, сціскаючы ў пальцах жоўты лімон. А наймалодшы, Сашка, зусім забыў дарогу ў даросласць. Праходзілі дні і месяцы, а ён заставаўся ў краіне дзяцінства. Ледзь навучыўшыся хадзіць, пачаў паспяхова набіраць шлях на фабрыку. Абмінаючы чуйны позірк маці, незаўважна вышмыгваў з панадворка. Гравейкамі, маставой, асфальтам дабіраўся да фабрычнай брамы.

– Таксама хачу быць сталяром, – выпінаючы маленькія грудзі, зазіраў у вочы вахцёрам.

– Гадоў праз пятнаццаць, – смяяліся вахцёры. – І не забудзь падрасці!

Аднак Сашка, які ведаў толькі гэтую адну сцежку і забыўся на ўсе астатнія, нават на існаванне часу, з’яўляўся ў фабрычнай браме, не чакаючы прызначаны тэрмін. Прыходзіў праз тыдзень, праз месяц.

– Падрос я? – пытаў. – Хачу быць найбольшым сталяром у Мястэчку.

Але і праз год, і праз два гады нязменна гучаў адказ: “А ні халеры не пнешся ты ўверх. Вось дзіва!”. І Сашка смутнеў. А калі чарговыя пяць гадоў паднялі яго толькі на адзін сантыметр, расплакаўся.

– Не плач! – сказалі вахцёры. – Не можаш быць найбольшым, заставайся найменшым. Найменшых таксама здалёк бачна.

З гэтага дня ў Сашкі завязалася асаблівае сяброўства з кравецкім сантыметрам. Раскладваў яго на поўную даўжыню, прытрымліваў нагой адзін канец, другі працягваў да макаўкі. Працэдура была складаная, а дакладнасць памераў далёкая ад дасканаласці. Аднойчы на касяку кухонных дзвярэй ён паставіў рыску. Падступаў да яе два разы ў дзень – раніцой і вечарам. Прымерваўся, поўны хваляванняў і неспакою, а калі аказвалася, што сёння таксама, нават на волас, не перасякаецца запаветны знак, уздыхаў з палёгкай.

– І чаму ж ты не расцеш? – бедавала Сонька. Варыла зёлкі, шаптала над імі таемныя закляцці, дом насычаўся лясным пахам, а Сашка надалей заставаўся малы. Зёлкі выліваў крадком за парог, а магічныя словы праходзілі міма, не кранаючы яго, бо закляцці спрацоўваюць толькі тады, калі чалавек выходзіць ім насустрач.

Аднойчы, калі Валодзя забыў сваё імя і на сходах чужой хаты прасядзеў да прыцемкаў, пакуль не знялі яго адтуль рукі выпадковых людзей, Сонька спалохалася канчаткова.

– Ну, як цябе завуць? Прыпомні. Гэта ж так звалі твайго бацьку, і твайго дзеда, і дзеда твайго дзеда.

Яна любіла Валодзю мацней за ўсіх сваіх сыноў. Быў найстарэйшы, і ад бацькі, апроч імя, узяў таксама вочы – светласінія, кранутыя здзіўленнем і задумай. Але Валодзя нічога не мог прыпомніць.

– Не ведаю. Не ведаю, хто я.

Менавіта ў той дзень чатыры сыны Сонькі пачулі дзіўную гісторыю.

“Калі ўдарыў гром, расшчапляючы на дзве раўнюткія палавіны тысячагадовае дрэва, пачаўся наш свет. Дрэва, узятае на прыцэл вогненнай куляй, было вышэйшым за ўсе астатнія дрэвы, і, быццам міфічная вавілонская вежа, краналася неба. Гэтае дрэва немагчыма прыпісаць у якую-небудзь катэгорыю, вядомую сучаснаму чалавеку, бо было яно створанае як першае і апошняе, з адной мэтай – на волю агню. Сухое, жылястае валакно дубіны спляталася там з вальховымі слаямі – ружовымі і сакавітымі. Сталёва-шэрую грандыёзнасць граба перабягалі мяккай, алебастрава-белай фастрыгай ліпавыя ніткі, задуменная хмурнасць елкі хаатычнай асновай перасякалася з ветрагоннай палахлівасцю вярбы. Калі магутны гром пераліўся з аднаго канца пушчы на другі канец і калі развеяўся дым, а прыведзеныя цікавасцю птушкі вярнуліся на суседнія дрэвы, з расшчэпленага пня выйшлі мужчына і жанчына. Мужчыну звалі Валодзем, а жанчыну Сонькай. З іх пачалося нашае Мястэчка і нашая сям’я”.

Такі аповед перадала Сонька Іванюк сынам, сабраўшы іх за кухонным сталом, калі яны пачалі губляць памяць і блытаць сцежкі. Прыдумала яго на ляту, з першага па апошняе слова свядома абмінаючы фізіку, гісторыю і біялогію, бо кожнай сям’і неабходныя свае імёны і свая памяць, і яны важнейшыя за ўсе, пацверджаныя навукай, але чужыя праўды.

Гісторыю Валодзя занёс на паперу, прыадзеўшы яе ў параўнанні ды эпітэты. Быў такі сшытак у клетку на трыццаць дзве старонкі, які з таго дня пачаў хутка запаўняцца, бо траплялі туды кожны дзень кожнае слова і думка. Запоўніўшы адзін сшытак, працягваў пісаць у наступным. З часам назбіралася іх непраўдападобна шмат, займалі ўсе шуфляды, ляжалі на стале і на паліцах, спускаліся на падлогу, праз кухню і сенцы выходзілі на сходы, на панадворак і далей, у бліжэйшыя вулачкі. Не ўдавалася іх абмінуць, але можна было па іх ступаць, як па знаёмых слядах.

Лісткі, запісаныя ў першых сшытках, прыпаміналі дрэва, з якога пачалося Мястэчка. Двор пана Драгабыцкага пераклікаўся там з маленькім дамком на граніцы. Чорны амерыканскі конь хадзіў у пары з белым Султанам, савецкі капітан, засеўшы пад грушай, піў чарку з прыгожымі нямецкімі хлопцамі, а ўсе закусвалі яечняй, падсмажанай рукамі Сонькі.

– Пісьменнік ты мой, – усміхалася Сонька, запускаючы пальцы ў светлыя валасы, нахіленыя над сшыткам. Але, па праўдзе, яна казытала белагаловы цень Уладзіміра, што нават гэтымі вулачкамі ступаў яе следам, выяўляўся раз майскім воблакам, другі раз срэбным узорам на зімовым акне. І тады першы раз з вуснаў Сонькі зляцела сумнай усмешкай: “Твой бацька павінен быў стаць паэтам”.

Сяк-так замацаваўшыся на новых сцежках, хлопцы пачалі вызначацца на будучыню.

– Я буду міліцыянерам. Міліцыянераў усе баяцца, – сказаў Антон, калі ў пошуках самагонкі іх дом наведалі незнаёмыя мужчыны ў сініх мундзірах. Пайшлі з нічым, бо Сонька ведала закавулкі свайго панадворка лепей за іх, але дзіўны цень страху тоўкся ў яе вачах яшчэ некалькі дзён.

– Я таксама хачу быць міліцыянерам, – адгукнуўся Коля.

У доўгія зімовыя вечары марылі, хто кім стане ў дарослым жыцці. Не здагадваючыся пра існаванне магістратаў і дамоў партыі, размалёўвалі абразкі не менш фантастычныя, чым выведзеныя пэндзлікамі марозу на аконным шкле. А затым раніца сцірала ўсё, а новы дзень прыносіў новыя планы.

– Я буду лётчыкам, – над Мястэчкам упершыню прагудзеў самалёт, блакіт неба размяжоўваўся на дзве часткі белай стужкай дыму, Антон суправаджаў яго вачыма, намагаючыся ўявіць свет з вышыні палёту.

– І я таксама буду лётчыкам, – рэхам адазваўся Коля. Яны былі блізняты і заўсёды трымаліся разам. Але, калі б дакладна адсачыць іх сцежку, можна сказаць – вызначаў яе Антон, а Коля ступаў следам. Капіраваў вопратку і прычоску, паўтараў жэсты і позіркі, і калі б чалавек складаўся толькі з жэстаў і вопраткі, раней ці пазней яны зліліся б у адну постаць, у адну асобу, і нат бабка Сонька не змагла б падзяліць іх і кожнаму даць уласнае імя.

Аднак людзей ствараюць перш за ўсё пачуцці. Пачынаецца чалавек з простай радасці, з часам ускладняецца злосцю, затым нянавісцю, аж даходзіць да самага незвычайнага – кахання. Можна скапіраваць чужую радасць і паўтарыць чужую нянавісць, але з каханнем у кожнага свая гісторыя. Адны знаходзяць яго, а другія ніяк.

У шаснаццаць год Антон закахаўся ў дзяўчыну з суседняй вуліцы. Ніякая іншая дзяўчына ў Мястэчку не ўсміхалася прыгажэй за яе і не распускала прыгажэй валасы на летнім ветры. Усе хадзілі вулачкамі, а гэтая над Мястэчкам крыліла матылём. Так казаў Антон. А Коля глядзеў на дзяўчыну і бачыў звычайныя вочы і звычайныя валасы. “Дзяўчо як дзяўчо”, – абыякава паціскаў плячыма. Блізнячыя сцежкі братоў пачалі разыходзіцца.

Але дзяўчына глядзела на Антона і таксама не знаходзіла ў ім нічога незвычайнага. І ён адступаў у доўгае цярпенне, у балючыя задумы, у самоту, дзе не існуе нічога, апроч уздыханняў і думкі пра небыццё. А калі прычына пакуты з’ехала кудысьці ў свет, Антон пакляўся ніколі ўжо не выстаўляць сябе на здзекі кахання.

“Я таксама ніколі не закахаюся”, – прысягнуў Коля. Але ўсётакі не змог вярнуцца да брата так блізка, як тады, калі адсачыўшы лёт самалёта, паўтарыў рэхам “і я буду лётчыкам”, а Сашка, трымаючыся ранейшых планаў, адазваўся: – А я буду сталяром.

– Ты? Сталяром? – скептычна паківаў галавой Антон.

– Курдупляў не бяруць на фабрыку. Хіба што ў цырк.

– Не бяруць курдупляў на фабрыку. Хіба што ў цырк, – пацвердзіў Коля.

Але Сашку такія словы ўжо не краналі. Ён канчаткова спыніўся ў росце і нават да рыскі на касяку прыстаўляўся не штодзень, а для спакою душы раз на месяц, а потым і раз на паўгода.

– А вось і буду. І не абыякім, а самым маленькім на фабрыцы. І найлепшым. А вы ў дупу паляціце, а не ў неба, – надзімаючы губы, адыходзіў, зашываўся ў хлеўчыку, дзе побач з адзіным вакном Сонька адвяла яму месца на маленечкую майстэрню. Быў там у яго маленькі малаток, долата, абцужкі і бліскучая ручная піла. З аскепкаў драўніны Сашка складаў і кармушкі сініцам, і домікі для шпакоў, і мэблю для лялек.

Усе тыя домікі, кармушкі і самалёты ў небе Валодзя зачароўваў у літары і запісваў у сшытак.

– Мой ты пісьменнік, – паўтарала Сонька. А калі ў чарговы раз з яе вуснаў сумам зляцела: “Твой бацька павінен быць паэтам”, – з Валодзі выліўся на паперу першы верш. Першы і апошні.

Бо далягляд не стаяў ужо на месцы. Ён пашыраўся, перасякаў чарговыя вуліцы, затым межы Мястэчка, і ў сшыткі, і ў дом пачалі заходзіць новыя людзі і аднаго за другім выцягваць хлопцаў у свет. Першым пайшоў на фабрыку Антон, яго следам Коля, а потым Сашка. Валодзя з’ехаў у Варшаву ў політэхнічны інстытут, праз чатыры гады вярнуўся і як дыпламаваны інжынер засеў у фабрычным офісе і зусім забыўся пра свой першы верш.

Вуліца Добрай Надзеі (зборнік)

Подняться наверх