Читать книгу Праўда ў вочы - Міхась Сліва - Страница 3
Рабы кахання
Рэцэпт для пахудзення
ОглавлениеЗ самай раніцы наш аддзел гудзеў, як пчаліны рой у спякотны дзень.
– Ой, дзяўчаткі! – радасна расказвала эканаміст Інэса Данілаўна. – Такога рэцэпта вы яшчэ не ведаеце! Напісана, што за месяц можна лёгенька, не напружваючыся, скінуць больш за пяць кілаграмаў. Акрамя таго, умацоўваецца імунітэт, павышаюцца абарончыя здольнасці арганізма супраць многіх інфекцыйных захворванняў. Цуд!
Інэса Данілаўна хуценька зрабіла на ксераксе некалькі копій і пачала раздаваць усім жадаючым. Нам з Мікалаем Кірылавічам, маім калегам, таксама інжынерам, рэцэпта не дасталося, але ён нам і не патрэбен. Астатнія ж супрацоўнікі нашага аддзела – дзяўчаты і замужнія жанчыны – тут жа прачыталі рэцэпт і дамовіліся худзець калектыўна.
Сталі заварваць і піць імбірны чай. Хтосьці прынёс з дому вялізны тэрмас, і сама Інэса Данілаўна рыхтуе лячэбны адвар. П’юць яго жанчыны амаль праз кожную гадзіну: чым часцей прымаеш, тым большы эфект. А ўсім жа хочацца, каб атрымалася як мага хутчэй. П’юць дружна, па ўказанай норме. Па добрай традыцыі кожны раз перад прыняццем лячэбнага эліксіру жанчыны па чарзе ходзяць у буфет. Як заўсёды, прыносяць што-небудзь новенькае і смачнае: то пірожныя, то булачкі з макам, то пончыкі, то піражкі з мясам або капустай, павідлам ці тварагом, а часта і бутэрброды з каўбасой. У нашым буфеце выбар вялікі, можна задаволіць любы густ!..
Трэба адзначыць, што рэцэпт для пахудзення спадабаўся ўсім. Цяпер гэты вопыт пераймаюць іншыя аддзелы і ўпраўленні нашай арганізацыі. Усе жанчыны з нецярпеннем чакаюць канца месяца, калі будуць узважвацца. Мы з Мікалаем Кірылавічам нават не сумняваемся, што вынікі такога напружанага пахудзення будуць ашаламляльныя…