Читать книгу Праўда ў вочы - Міхась Сліва - Страница 6
Рабы кахання
Дзень памяцi ахвяр алкагалiзму
ОглавлениеЯкіх толькі свят, знамянальных дат і дзён не адзначаем мы штогод! І ўсе яны патрэбныя. Лічу, што неабходна абавязкова ўключыць у спіс і яшчэ адзін, для некаторых грамадзян надзвычай важны дзень, які многія будуць адзначаць, – Дзень памяці ахвяр алкагалізму.
Упэўнены, што мяне падтрымаюць тыя, хто сутыкнуўся з гэтай з’явай. За прыкладамі далёка хадзіць не буду. Вось быў у мяне сябрук Мікола, разам са мной працаваў на мэблевай фабрыцы. Абодва мы – хлопцы мяккахарактарныя, спагадлівыя. Калі хто папросіць вынесці пару-другую дошак або брускоў, мы не маглі адмовіць. Ну, а ў канцы змены, як і належыць, па пляшцы-другой віна выпівалі. Карацей кажучы, ніколі не прасыхалі! У рэшце рэшт дабрата наша бокам вылезла: мяне з фабрыкі вытурылі, а Мікола – царства яму нябеснае! – і да пенсіі не дажыў… А ўсё яны, гарэлка ды віно праклятыя, вінаватыя ў гэтым! Мы з Міколам – іх ахвяры!
А вунь мой сусед Валодзька Мармузевіч нават начальнікам канторы быў. Няблага, кажуць, кіраваў, але ж вельмі любіў пасля працоўнага дня зняць стрэс. Але неўзабаве і самога знялі… з пасады, а праз год і наогул яго не стала…
Пайшоў у лепшы свет і мой зямляк Антон Нупрэйчыкаў. Як кажуць, кожны дзень «квасіў». Характар, праўда, быў у яго паскудны: напіўшыся, Антон заўсёды пускаў у ход кулакі. Таму пасля таго, як ён цёплым летнім днём захлынуўся ад гарэлкі, жонка надта не бедавала. Але ж многія аднавяскоўцы шкадавалі, бо за шклянку віна ці самагонкі Антон ахвотна дапамагаў і прысядзібныя ўчасткі апрацоўваць, і іншыя гаспадарчыя работы выконваць.
Сярод ахвяр, якія патрабуюць успамінаў і ўшанавання, яшчэ адзін мой сусед – Руслан Пеўнеў. Залатыя рукі былі ў чалавека! Нялёгка яму даводзілася: з-за стану здароўя нельга было чарку браць, але ж за яго працу кожны стараўся наліць. Бо працаваў Руслан слесарам-сантэхнікам.
А колькі небарак у нецвярозым стане згарэла і працягваюць гінуць ва ўласных хатах пры пажарах! А колькі чалавек развіталася з жыццём падчас п’яных разборак з жонкамі ды сябрукамі! Пералік ахвяр Бахуса можна працягваць. Ён патапіў людзей у чарцы больш, чым іх загінула ў акіяне…
Вось я і прапаную ўвесці ў наш ужытак Дзень памяці ахвяр гэтага крыважэрнага цмока – зялёнага змея. Давайце ўспомнім паімённа ўсіх, хто аддаў душу д’яблу п’янства. Лічу, што той, хто жлукціць спіртное, але пакуль яшчэ жывы, будзе ведаць, што імя яго захаваецца ў гісторыі. Праўда, у асобным спісе – п’яніц і алкаголікаў.