Читать книгу Праўда ў вочы - Міхась Сліва - Страница 5

Рабы кахання
Праўда ў вочы

Оглавление

Аднойчы ў абедзенны перапынак супрацоўнікі нашай фірмы завялі размову пра паводзіны эканаміста Сямёнава.

– Ён увесь час гаворыць усім толькі прыемныя словы, кампліменты мне сыпле, але ж я не веру ў шчырасць яго слоў! – катэгарычна заявіла галоўны бухгалтар Інэса Алегаўна.

– Сапраўды, – падтрымаў яе начальнік аддзела кадраў Рамізін, – ён, у адрозненне ад нас, ніколі не выказаў свайго абурэння паводзінамі дырэктара. Хіба ён не ведае, што шэф з намі грубы, з кліентамі нахабнічае… Дык не, Сямёнаў і слова дрэннага не скажа!

– Ён проста баіцца сказаць людзям праўду ў вочы! – уключылася ў размову і менеджар Ганна Патапаўна, стрыечная сястра дырэктара. – Хіба ў нас няма недахопаў? Хоча быць для ўсіх добранькім. А трэба быць прынцыповым!..

Усю гэтую размову чуў сам эканаміст, бо яго кабінет быў побач, а гукаізаляцыя дрэнная. Сямёнаў набраўся цярпення і зрабіў выгляд, што нічога не ведае. Але ж зерне, кінутае калегамі, дало свае ўсходы. «Можа, і сапраўды, яны маюць рацыю? – пачалі свідраваць думкі. – Відаць, трэба быць смялейшым, не баяцца выказаць сваё меркаванне, тым больш што гэта будзе імпанаваць супрацоўнікам фірмы».

…І вось праз дзень-другі Сямёнаў, забіраючы ў галоўнага бухгалтара накладныя на чарговую партыю тавараў, не стрымаўся і сказаў тое, што думаў. А менавіта выказаў абурэнне, што Інэса Алегаўна, як заўсёды, затрымала аплату па дакументах, няўважліва адносіцца да даручэнняў кіраўніцтва і наогул тармозіць многія добрыя пачынанні. Інэса Алегаўна пазелянела ад злосці і сціснула кулачкі. Стала падбіраць патрэбныя словы, каб выказаць сваё абурэнне паводзінамі Сямёнава, але ён хуценька шмыгнуў за дзверы.

Назаўтра эканаміст у размове з сакратаркай у прысутнасці начальніка аддзела кадраў выказаў нязгоду з новымі ідэямі і патрабаваннямі дырэктара. А потым, разгарачыўшыся, ляпнуў, што дырэктар – яшчэ большы лайдак, чым менеджар Ганна Патапаўна…

Праз некаторы час з Сямёнавым перастала вітацца Ганна Патапаўна, галоўны бухгалтар пры сустрэчах злосна зыркала на яго, а дырэктар не запрашаў да сябе, як раней, каб параіцца.

А неўзабаве начальнік аддзела кадраў Рамізін зайшоў у кабінет эканаміста і паведаміў, што праз месяц з ім заканчваецца кантракт. Але ўжо вядома рашэнне дырэктара, што на новы тэрмін ён падпісаны не будзе…

Праўда ў вочы

Подняться наверх