Читать книгу Праўда ў вочы - Міхась Сліва - Страница 7
Рабы кахання
Дакладная запiска
ОглавлениеНачальніку райсельгасхарчу
Чарназёмаву Івану Кузьмічу
ад дырэктара саўгаса
«Шырокія гарызонты»
Пеўнікава Віктара Пятровіча
Даводжу да Вашага ведама, што рэдакцыя нашай раённай газеты праводзіць няправільную работу. Мяркуйце самі.
У апошнім нумары газеты быў надрукаваны крытычны матэрыял, у якім расказвалася аб дрэннай арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў нашым саўгасе «Шырокія гарызонты». Да таго ж былі змешчаны і фотаздымкі, якія адлюстроўваюць непрывабны стан спраў у гаспадарцы, якой я паспяхова кірую ўжо некалькі гадоў.
Сапраўды, як Вы і самі добра ведаеце, ураджай збожжавых і іншых культур мы вырасцілі нядрэнны, але загубілі, своечасова не ўбралі. Праўда і тое, што надоі малака знізіліся ўдвая, а прывагі буйной рагатай жывёлы ў нас ніжэй, чым у самых адсталых гаспадарках. Дапусцілі мы і падзёж жывёлы, а на ферму ў нас не зайсці з-за гною і бруду. Згодзен, шмат недаробак і ў іншых справах. Дастаткова ўспомніць, колькі новай тэхнікі мы ўгробілі за апошнія два гады, амаль уся яна стаіць пад плотам.
Можна сказаць, што сваім крытычным матэрыялам газета пляснула мяне тварам у лужыну. Але ж і на Вас пырскі паляцелі. Цяпер кожны жук і жаба паказвае пальцам на мяне, не ведаю ўжо, куды вочы дзяваць. Карацей кажучы, заварылі кашу газетчыкі.
Улічыце, шаноўны Іван Кузьміч, што публікацыя ў газеце матэрыялаў, якія раскрываюць нашу безгаспадарчасць, наносіць вялікую шкоду нашаму з Вамі аўтарытэту.
Улічваючы ўсе гэтыя акалічнасці, прашу Вас, Іван Кузьміч, націснуць на ўсе кнопкі, каб у газеце больш не паяўлялася крытычных матэрыялаў у наш адрас, а змяшчаліся толькі станоўчыя.
З надзеяй на дапамогу,
В. Пеўнікаў