Читать книгу У віры быцця - Ніл Гілевіч - Страница 68
Запісы розных гадоў
І станавіцца нормай…
ОглавлениеЗа апошнія два дзясяткі гадоў істотна перайначыліся ў лепшы бок гуманітарныя навукі ў Беларусі, асабліва – гістарыяграфія. Гэтыя перамены выспявалі яшчэ ў нетрах хрушчоўскай, а затым брэжнеўскай эпохі. З пачаткам перабудовы нашы гуманітарныя навукі імкліва ірванулі наперад – да перагляду канцэпцый, тэарэтычных пастулатаў, ацэнак гістарычных фактаў. Вучоным, якія няйначай як вырваліся з руціны, стала ясна: далей так існаваць гуманітарная навука не можа! Бо – ганьба і сорам! Бо – свет і далей будзе глядзець на нас з пагардлівай насмешкай. Намаганнямі і старэйшых навукоўцаў і іх вучняў, маладых, былі пастаўлены заслоны перад напорамі хлусні, крывадушша, прыстасавальніцтва і элементарнай прафанацыі. Заслоны, вядома ж, не зусім шчыльныя, і ўсё ж, і ўсё ж!.. У асяроддзі навукоўцаў-гуманітарыяў зноў пачало адраджацца і станавіцца нормай пачуццё годнасці і гонару, якое было моцным у пакаленні М. Доўнар-Запольскага, У. Ігнатоўскага, А. Смоліча, В. Ластоўскага, С. Некрашэвіча… Зноў набывае сілу маральны крытэрый: «Не пераступі!..»
2005