Читать книгу Бог кахання Марс - Сяргей Балахонаў - Страница 6

4

Оглавление

У спальным адсеку, дзе царавала любоў, выразна чулася бушаванне ветру звонку. Ён раз-пораз узмацняўся, але не набываў хуткасці і парывістасці, якія лічыліся б небяспечнымі. Прынамсі, сігналаў трывогі не было, і каханкам не давялося пакідаць ложак, каб сыграць на клавішных дадатковай абароны базы. Калі-нікалі паўтараўся і знаёмы рытмічны грукат у раёне «дальнякоў» – ланцугу аддаленых адсекаў, чыё прызначэнне пасяленцы так і не змаглі высветліць. Пэўнай заканамернасці ў аднаўленні грукату не заўважалася. Інтэрвалы паміж серыямі ўдараў былі нераўнамернымі. Іх інтэнсіўнасць не нарастала. Каханкі – ці то дзеля смеху, ці то з выклікам невядомасці – супольнымі рухамі спрабавалі імітаваць рытміку загадкавага грукатання. Спрабавалі, але збіваліся адразу ж, як толькі справа даходзіла да фінішнай стужкі пяшчотнай дзеі.

Умоўнай раніцай – а да марсіянскіх солаў пасяленцы прыстасоўвацца адмаўляліся – Ягор прачнуўся і падняўся з пасцелі першым. Была яго чарга гаспадарыць на кухні. Па дарозе ў душ ён не прамінуў зірнуць, ці не сышла бура. «Як яна мне ўстыла», – расчаравана буркнуў мужчына, убачыўшы ў ілюмінатары ранейшую карціну. Паветраны душ яго і ўзбадзёрыў, і чарговым разам падштурхнуў да роздумаў. Ваду пакуль даводзілася здабываць аквагенатарам, на што выдаткоўвалася шмат электрычнасці. Здабытай вадой карысталіся ашчадна: найперш для гатавання і піцця, потым – для палівання градак і толькі пасля гэтага – для мыцця ў душы па адным разе на ўмоўны тыдзень. Усё астатняе, у тым ліку пранне, рабілася праз прадзіманне.

Аквагенатар, адзін з шэдэўраў «Coböl Engineering», не павінен быў заставацца асноўнай крыніцай вады. Меркаваўся паступовы пераход на ваду з тутэйшага лёду. Гэта вымагала няпростай працы па-за межамі «прыстанішча». Праца ўскладнялася тым, што ад каманды засталося толькі два чалавекі. Руткоўскі ўсведамляў, з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца. Але крылы не раскапусціў – ведаў, што хоць і не крыжацкім наскокам, а паціху-патроху яны з Марынай зробяць усё патрэбнае.

Тэма не выходзіла ў яго з галавы і за гатаваннем аладак. Уяўляў, якой будзе на смак марсіянская вада. Думаючы пра адлогі лёду, Ягор нечакана злавіў сябе на міжвольным цытаванні Маркеса – не даслоўна, па памяці, але ўсё-ткі: «Міне шмат гадоў, калі палкоўнік Аўрэліяна Буэндыа, стоячы каля сцяны за чаканнем расстрэлу, успомніць той даўні надвячорак, калі бацька павёў яго глядзець на лёд».

– Што ты там мармычаш, любы? – пачуўся вясёлы голас Марыны, якая акурат кіравалася ў душ.

– Ды вось кажу, што без спасу кахаю адну дзяўчыну і неўзабаве пачастую яе сваімі фірмовымі аладкамі з джэмам пад кубак духмянай гарбаты на зёлках, – імгненна пераключыўся ён.

– Шанцуе ж гэтай дзяўчыне, – яшчэ больш развесялілася каханая. – А яе кот атрымае што-небудзь на сняданак?

Варгін адразу ж падаў голас і стаў церціся аб ногі мужчыны.

– Гэты кантрабандны ненажэра, дай яму толькі волю, усе нашы склады за месяц уходае! – удавана абурыўся Ягор.

– Ён кляўся разабрацца са складамі толькі ў двух выпадках: калі тут яго перастануць карміць або калі там завядуцца мышы. Як што другі выпадак зусім нерэальны, то лепш не таўхаць каточка да ліха з першым.

– Добра, атрымае каток кансервы шматок, – удаванае абурэнне саступіла месца шчырай дураслівасці.

Смеючыся, жанчына знікла за створкамі душа. Руткоўскі адрасаваў Варгіну цэлую чародку ласкавых слоў, самай пяшчотнай камбінацыяй з якіх было спалучэнне «нахабная пыса», дастаў з лядоўні ўскрытую раней бляшанку і выклаў у каціную талерку лыжак пяць тушаніны. Кот, не марудзячы, накінуўся на ежу, быццам яго тыдзень трымалі на галодным пайку. Гаспадар адно чмыхнуў, паставіў грэцца ваду і пачаў чараваць з зёлкамі і рознымі гатункамі гарбаты, якія раней пашанцавала адшукаць у складскіх адсеках.

– Ууу, як смачна пахне! Сапраўды духмяна. Ты неяк па-новаму прыгатаваў? – вярнуўшыся, захоплена пыталася жанчына.

– Трошкі па-новаму, – захоўваючы інтрыгу, гарэзіў Ягор.

– І як?

– Прыгатаваў з яшчэ большай закаханасцю, – красаваў усмешкай кухмістр-задавака.

– Во ўжо дзе зусранец! Людзечкі добрыя, ратуйце! – тэатральна забожкала Марына і, падышоўшы ўсутыч, абняла каханага і пацалавала ў вусны. Ён любіў яе пацалункі і тое, як дзіўна яна па-беларуску вымаўляла слова «засранец».

За сняданкам гаспадыня агучыла напалеонаўскія планы на дзень: працаваць у «цяпліцах» – аранжарэйных адсеках, каб нарэшце скончыць падрыхтоўку да запуску на базе «Біясферы-М». Гэта дазволіла б з цягам часу яшчэ больш зменшыць залежнасць ад складскіх прыпасаў. Руткоўскі не пярэчыў, хаця і ведаў, што адзін дзень нават самай плённай працы пакуль нічога не зменіць.

Тым часам на «дальняках» аднавіўся грукат.

– Мяркую, мне ўсё ж варта выйсці вонкі і праверыць, адкуль ён бярэцца, – дужаючы сумневы, выдаў бліскучую ідэйку Ягор.

– Не трэба туды ісці, – злёгку нервова адрэагавала Марына. – Ты ж у курсе, якая там бачнасць. Руку перад сабой выцягнеш – і кончыкаў пальцаў не відно.

– Канешне, не відно. Пальцы ж у пальчатках скафандра, – нягеглай скамарошынкай Руткоўскі парываўся залагодзіць узніклую напружанасць.

– Мне не смешна, – зацялася каханая.

– Ды ўсё будзе добра, Гваздулька! Я цеплавізар вазьму.

– З такім самым поспехам яго можна ўзяць і на «дальнякі», каб без рызыкі праверыць базу знутры.

– Але ж дзеля гэтага давядзецца адключыць адзін, а то і два шлейфы абароны. А рабіць такое непажадана. Сама ж ведаеш…

– Так, я не падумала… Але адпускаць цябе за сцены «прыстанішча» не збіраюся. Гэта вельмі небяспечна. Мне не хочацца, каб ты адважнічаў невядома дзеля чаго.

– А раптам гэта марсіяне ўскрываюць нашу базу, як бляшанку з кансервамі? – не змаўчаў Ягор, нібы наўмысна пацвельваў.

– Ды перастань! – спалохана выкрыкнула яна, але праз міг сцішылася. – Няма тут, на Марсе, нікога жывога, акрамя нас з табой і Варгіна.

– А што ж тады там грукае?

– Мо кавалак абшыўкі ад разбітага «насавіка» бурай прыгнала. Кавалак мог зачапіцца за камяні ці захраснуць у пясчаных наносах, а варушыцца пад павевамі ветру. Калі павевы моцныя, парывістыя, тады ён стукаецца аб сцяну ці дах «дальнякоў».

– Вельмі рацыянальная версія, але ўзмацненні ветру не супадаюць з пачаткам кожнай новай серыі грукату. Дый цяжка верыцца, каб сюды даляцела абшыўка з месца крушэння насавой часткі «Навухаданосара». Адлегласць хоць узглядна і невялікая, але з такім рэльефам складана паверыць…

– Калі бура з полюса прыйшла, то чаму б і не? Пагатоў, нават каля нас вецер часам быў пад саракоўку за гадзіну. А там магла і ўся сотка быць. Што да залежнасці грукату ад узмацнення ветру, то ты ж дакладна нічога не правяраў – не засякаў час, не фіксаваў хуткасць ветру.

– Але мне так здалося…

– А мне здалося інакш. Таму лепш за ўсё не давярацца голым уражанням, а праверыць іх вопытам.

– Добра. Угаварыла. Хай будзе па-твойму. Але ўсё адно, як толькі бура ўляжацца, я абавязкова праверу месца навочна.

– Калі бура ўляжацца, усё можна будзе праверыць, настроіўшы знадворныя камеры.

Мужчына не разумеў, ці каханая сапраўды стала баяцца выхаду вонкі, ці наўмысна ятрыла яго, помсцячы за недалужныя жарты.

У «цяпліцах», як і чакалася, улягалі да сёмай пагібелі. Работы там напраўду было не абабрацца: і з грунтам, і з раслінамі, і з абсталяваннем. Аддалена гэта нагадвала раскопкі. Але менавіта аддалена, бо бліжэйшай аналогіяй было лецішча, а корпанні ў агародзе Ягор не любіў яшчэ з юнацтва. І вось цяпер тое, чым ён некалі ахвотна грэбаваў, стала неад’емнай часткай яго паўсядзённасці, якую час ад часу разбаўляў важданінай у майстэрні пры ангары. Марыне ж гародніцтва прыносіла толькі задавальненне – што на Зямлі, што на Марсе.

Даўно падлічылі, што складскіх прыпасаў ім магло хапіць аж да старасці. Аднак спадзявацца толькі на «склады» было рызыкоўна. «Біясфера-М» патрабавалася да зарэзу. З ёю разгрузіліся б аксігенатары. А гэта, зноў-ткі, эканомія каштоўнай электрычнасці, без якой няма гаворкі пра чалавечае жыццё на Марсе. Пытанне, колькі часу Ягору з Марынай давядзецца заставацца на чырвонай планеце, выразнага адказу не мела. Але міжволі яны вярталіся і вярталіся да яго.

– Як думаеш, ці спрабуюць на Зямлі даведацца пра наш лёс? – пачала жанчына падчас аднаго з перапынкаў у працы. – Дагэтуль ад іх ні слыху ні прослыху.

– Можа, і спрабуюць, – няпэўна прамармытаў Руткоўскі, задуменна пазіраючы ў сэрцу мілае нікуды. – Думаю, нешта перашкаджае сувязі. Тая ж пылавая бура, напрыклад. А з іншага боку, яны маглі атрымаць з борта «Навухаданосара» паведамленне пра немінучую катастрофу. Тады ім нічога не замінае лічыць нас усіх мерцвякамі, а місію праваленай.

– А адпраўка новага карабля можа быць рэальнай?

– Адно дзеля нашага ратунку?

– Не, наогул. Для выканання той жа місіі.

– Дарагая цацачка. «Coböl Engineering» пойдзе на гэта толькі тады, калі каштоўнасць здабытага мінералу з лішкам пакрые выдаткі і дасць велізарныя прыбыткі звыш таго. Але ж адна падрыхтоўка можа заняць некалькі гадоў. Дый мы з табой не ведаем, што цяпер дзеецца на Зямлі. А раптам сіндром татальнай адзіноты накрыў усіх жыхароў планеты, не прамінуўшы нават дзялкоў магутных карпарацый? Калі там віруе глабальная пандэмія, ніхто і думаць не стане пра нейкі марсіянскі мінерал…

– Гэта значыць, што мы тут назаўсёды? – У голасе Марыны адчуўся ледзь прыкметны надрыў, нібы яна адважна змагалася з навальнай патрэбай выплакацца.

– Старая песня… Мы павінны быць гатовымі і да такога павароту. І я паўтару табе тое, што казаў раней. Галоўнае не апанурвацца. Трэба верыць у свае сілы і памнажаць веды. Розум вядзе караблі, накіроўвае вёслы і ветразь! Будзем клапаціцца, каб тэхніка нас не падвяла. Мы столькі працуем над тым, каб наша жыццё працягвалася, што грэх паддавацца роспачы. «Цяпліцы» і цяпер даюць нам не толькі вітаміны, але і істотны адсотак кіслароду. Далей аддача будзе толькі расці. Дамо адпачыць аскігенатарам. Зоймемся іх амартызацыяй. Ветракі, дзякуй богу, працуюць без збояў. Скончыцца бура – адразу ж запражом «сланечнікі». Будзем па сітуацыі чаргаваць крыніцы электраэнергіі. А калі пачнём здабываць ваду, то можна і пра запуск партатыўнай АЭС падумаць. Глядзіш, і на Зямлі тым часам нешта зменіцца. Хваробы, нават такія дзіўныя, як сінтатадзін, не вечныя. А вось цяга да космасу ў здаровых людзей ёсць заўсёды. Хто ведае, мо і прыляцяць калі-небудзь… Не дзеля мінералу… Але мне не хацелася б гэтага. Мне дастаткова, што мы з табой разам.

Ён прыгарнуў каханую. Яна не вытрымала напругі і расплакалася.

– Абяцай… Чуеш? Абяцай, што ты не памрэш раней за мяне, што мы застанёмся з табой разам да канца, – скрозь слёзы ўмольвала Марына.

– Як Сід і Нэнсі? – тоячы трывогу, падкрэслена бадзёра спытаў Ягор.

– Як шчаслівец Дамп і яго міс Гамп, – жанчына нясмела ўсміхнулася.

– Эпічная парачка, – блазнавата мовіў каханак, спадзеючыся цалкам пераключыць увагу на іншае. – Самая ўдалая партыя на «Навухаданосары». Хто б мог падумаць, што навуковец і пілатэса так пакахаюць адно аднаго! Дамп, канешне, не без фанабэрынкі дзядзька быў. Казырнуцца любіў. Пра мнагажонства нясмешна жартаваў. Але…

– Але ў часіну ікс даказаў, што міс Гамп для яго – як здароўе тое…

– Сігануў да яе ў пультавы адсек, і нават капітан не пасмеў яго адтуль выгнаць.

– Да канца.

– Да самага.

– Я не перажыву адзіноты, – вярнулася да сваіх дакучлівых думак пасяленка. – Дзяцей у нас не будзе. Кот да таго часу ўжо апражэцца. А кнігі і фільмы мне не дапамогуць. Таму ўсё ж не памірай першым.

– Абяцаць не магу, але буду старацца, – развітаўшыся з блазнаватасцю, прачула запэўніў Ягор. – Што б там ні здарылася, не кідайся ў крайнасці. Жыві столькі, колькі адмерана. І наконт кніг ты дарэмна…

Спрацавала сістэма апавяшчэння. Нехта намагаўся звязацца з базай. Пара вомільгам ускочыла і подбегам рушыла ў рубку сувязі. Сігналу бракавала ўстойлівасці. Прабіваўся ён скрозь безліч перашкод – шыпенне, трэск, свіст… Чулася кепска. Але відавочным было адно: на сувязь выйшла Зямля.

Бог кахання Марс

Подняться наверх