Читать книгу Бог кахання Марс - Сяргей Балахонаў - Страница 8

6

Оглавление

Неспадзяваны сеанс сувязі з Зямлёй доўжыўся з гадзіну, улічваючы сінхранізацыю. На пасяленцаў ён зрабіў дваістае ўражанне. З аднаго боку, праглядаліся прычыны для радасці. Факт сеанса ўмацоўваў думку, што на іх не забыліся, што дагэтуль спрабуюць дазнацца пра лёс удзельнікаў місіі. Сама ж магчымасць сувязі сведчыла пра змену надвор’я да лепшага. Бура яўна адступала. Хоць не адна яна магла справакаваць працяглы перабой.

З іншага боку, змест размовы быў даволі дзіўным. Прынамсі, на самым яе пачатку, калі штаб касмічных палётаў «Coböl Engineering» стаў цікавіцца спісам ацалелых асоб. Руткоўскі перад тым няпэўна паведаміў, што на сувязі «Bog Blueberry Station», не называючы ні свайго псеўданіма, ні прозвішча каханай. Таксама дадаў стандартную фармулёўку, якой вучылі на курсах па падрыхтоўцы да экспедыцыі: «База разгорнутая на 70 адсоткаў. Умовы аўтаномнага існавання на базе прымальныя».

У адказ пайшоў пералік прозвішчаў усіх дзесяці пілотаў. Ягор паведаміў, што ніхто з іх не выжыў. Лагічным было б пачуць пасля гэтага пытанне пра навуковае падраздзяленне каманды. Але штаб удакладніў, колькі ўвогуле чалавек уратавалася, і толькі потым прагучала пытанне пра іх прозвішчы. Ацалелыя назвалі сябе. Штаб змоўк. Павісла доўгая паўза. Здавалася, што хаваліся за ёй зусім не тэхнічныя праблемы. З’явілася і імкліва нарастала прыкрае адчуванне, быццам там, на Зямлі, папросту не ведаюць, як на пачутае рэагаваць. Быццам у штабе таропка дабіраюць розуму, каб адным прысядкам выпрацаваць уцямны падыход да пары астранаўтаў, што здолелі ўнікнуць гібелі на Марсе.

Калі паўза скончылася, штаб пацвердзіў галоўнае заданне місіі – распрацоўка радовішча мінералу дысбуэндыю, патрэбнага для вытворчасці лекаў ад сіндрому татальнай адзіноты. Што праўда, замест звыклай назвы хваробы пасяленцы пачулі іншую, удакладненую – сіндром усеагульнай асацыяльнай млявасці. З Зямлі асобна растлумачылі, што гаворка ўсё пра тую самую немач. Але прычыну перайменавання не раскрывалі. Паабяцалі неўзабаве звязацца паўторна, каб даць больш дэталёвыя інструкцыі. Датуль жа загадалі рыхтавацца да працы на радовішчы мінералу. Гваздовіч усунулася з пытаннем пра сітуацыю з былым сінтатадзінам на Зямлі. Адказу не далі. Нібы ўвогуле не чулі пытання.

– Нешта яны там туманяць, – заўважыў Ягор апасля.

– Проста сувязь кепская, – падбадзёрвала Марына найперш саму сябе.

– Сувязь, зважаючы на цяперашняе становішча, акурат цярпімая, – не згадзіўся мужчына. – Асінхрон удала згладжваўся. Але іх пытанні… Адкуль такая цікавасць да лёсу пілотаў і няўвага да долі ўсіх іншых?

– Пэўна, хацелі высветліць, ці могуць ацалелыя самі вярнуцца, – нясмела падзялілася здагадкай пасяленка.

– Вярнуцца? – з неўразуменнем выбухнуў Руткоўскі. – На чым бы мы маглі вярнуцца? На беспілотніку? Ці мо на спіне Варгіна? Нешта я не бачыў у нас тут адпаведнага модуля. Можа, ён быў на самім караблі. Але ты і без мяне ведаеш, што сталася з караблём… Пра пілотаў штаб спраўляўся з нейкай іншай прычыны. Але не магу даўмецца, з якой. Па шчырасці, я думаў, што калі не пра ўсіх нас, дык пра шчасліўца Дампа абавязкова запытаюць. Мне чамусьці здавалася, што гэты паўліністы фацэт у іх мусіў быць на асаблівым рахунку…

– А я да апошняга імгнення чакала, што яны назавуць цябе Ягорам Руткоўскім, а не Горанам Бунцічам, – прызналася Марына і, атрымаўшы запытальны позірк, працягнула: – За гэты час там павінны былі высветліць, хто ты насамрэч. Для гэтага нават экспертыз вялікіх праводзіць не трэба. Загрузілі б тваю фотку на фэйсбук, а тамтэйшыя робаты пазналі б цябе за дзве секунды. З тваёй фактурай, мой мілы.

– Неяк адзін мой сябар замест свайго здымка вывесіў фотку Оруэла, – натхнёны нечаканым успамінам, здалёк пачаў пярэчыць Ягор. – Разумееш? Дзяцюк падпісаны сваімі сапраўднымі імем і прозвішчам, але на профільнай выяве ў яго адзін з класікаў антыўтопіі, які памёр ад сухотаў яшчэ ў 1950 годзе. І ведаеш што? Калі раптам дзесьці ў стужцы навін мне трапляўся здымак з Оруэлам, выкладзеным з нейкай нагоды кімсьці яшчэ, разумны фэйсбучак заўсёды прапаноўваў, каб я пазначыў на выяве гэтага сябра. Машыны шмат у чым разбіраюцца, але бываюць і збоі.

– Але ж ты не Оруэл…

– Затое дакументы ў мяне сапраўдныя.

– Такія ж сапраўдныя, як біяграфія харвацкага геолага Горана Бунціча. Ты верыш, што падчас адбору ястрабы з «Coböl Engineering» не правяралі нашы радаводы да пятага калена? Высветліць, што ты не той, за каго сябе выдаеш, можна было б на раз-два-тры.

– Проста я таленавіта выконваў абраную ролю. А ім у ліхаманкавасці, з якой рыхтаваўся палёт, было не да лішніх варушэнняў. Не выклікаў я падазрэнняў адразу, а потым ужо не да таго стала.

– І як яны не пазналі чалавека, які бліснуў на праплочанай імі канферэнцыі ў Канстанцы, а пазней запісаў на іх просьбу песню? Твой фотаздымак, дый не адзін, павінен быць у іх базе звестак. Таму вынікі адбору я лічу вельмі дзіўнымі. Цябе нібыта наўмысна прапіхнулі ў каманду…

– Марына! – не стрываўшы яе закідаў, завіраваў Руткоўскі. – Ну, вядома ж, мяне прапіхнулі! Прапіхнулі, бо я зрабіў усё магчымае для таго, каб апынуцца на адным касмічным караблі з табой! І былі людзі, якія мне дапамагалі… Мы ж з табой ужо абмяркоўвалі гэта. Мой выпадак спецыфічны. Але ён не здымае іншых пытанняў. Псіхалагічнай несумяшчальнасці, напрыклад. Здаецца, толькі пілоты міжсобку не мелі клопату з гэтым. Іх каманда выглядала самай зладжанай. Магчыма, што ключ да разгадкі ўсіх дзівосаў мы адшукаем, даведаўшыся, што не так было з пілотамі.

– Пілоты! Пілоты! Даліся табе тыя пілоты! Як чорт з дудой, з імі носішся, – раздражнёна ўрэзала Гваздовіч. – Выглядалі яны зладжана, бо ад пачатку рыхтаваліся ў камандзе. А не так, як мы – пайшла рында жыта жаць, забылася сярпа ўзяць.

Пасяленец пусціў яе раздражнёнасць міма сябе.

– Успомні, калі ласка, адзін момант, – папрасіў ён. – Ці быў у цябе навушнік унутранай сувязі, калі пачалося аварыйнае адасабленне комплексу базы ад насавой часткі карабля?

– Так. І што? Навушнікі ва ўсіх былі. І ў цябе таксама, – збянтэжылася ад пераходу Марына.

– Ва ўсіх. Але выжылі толькі мы з табой. Ты памятаеш, што капітан сказаў, перш чым унутраная сувязь ляснулася?

– Там было зашмат нервавання. І ў самога капітана, і ў яго памочнікаў, – трохі супакоіўшыся, жанчына пастаралася прыгадаць тыя жудасныя хвіліны. – Вось іх, сваіх памочнікаў, ён, здаецца, і заклікаў з гонарам прыняць лёс. Спрабаваў змірыць з тым, з чым немагчыма змірыцца. Казаў, што іх бокс будзе гарэць яшчэ да ўдару аб паверхню Марса.

– А «бокс» у сэнсе «адсек» ці «бокс» у сэнсе «скрыня»? – Ягор агаломшыў каханую нюансам, пра які яна і не думала.

– Аёй… – ніякавата выдыхнула тая.

– І яшчэ мне падалося, што Смолет не проста выказваў меркаванне, а аддаваў загад спаліць бокс. Тады выходзіць, што на ўвазе мелася ўсё-ткі скрыня. Але якая? Якую скрыню ён мог загадаць знішчыць да сутыкнення з планетай?

– Можа, чорную скрыню? Але ці была яна на караблі?

– Думаю, што была. Аднак, хутчэй за ўсё, гаворка не пра яе.

– Гэта ўсё варажба на варэнні з дурніцаў па драніках, – укруціла Гваздовіч. – Ты не можаш дакладна ведаць, што ён меў на ўвазе.

– Твая праўда, – збавіў абароты Руткоўскі, каб пасля невялікага роздуму дадаць: – Ведаеш што? А ці не адправіць нам, калі бура цалкам уляжацца, беспілотнік да абломкаў «насавіка». Га?

– Але ж у нас няма дакладных каардынат! – прапанова не знайшла падтрымкі.

– У нас покатам часу на патрэбныя падлікі. Квадрат пошукаў максімальна звузім.

– А як жа штабны загад? Хіба не да здабычы мінералу мы мусім зараз рыхтавацца найперш?

– Пайшлі яны к чорту! Я не збіраюся кідаць задуманае толькі дзеля таго, што нехта раптам парупіўся выйсці на сувязь, каб паказаць пальчыкам на фронт работ. Невядома, калі яны зноў з намі звяжуцца. Часу прылёту сюды новай «пасудзіны» нават іх найгалоўнейшы бос не назаве. Дый там, як ты чула, нічога лішняга нам гаварыць не збіраюцца. Пытанні нашы ігнаруюць. Дастаткова важкія падставы, каб не мітусіцца з дысбуэндыем. Свае праблемы для пачатку вырашым.

– Праблемы?

– «Біясфера-М». Забеспячэнне базы мясцовай вадой.

– А-а-а… Тут я з табой пагаджуся. Але мінералам ўсё ж трэба заняцца. Заадно я паспрабавала б яго даследаваць. Хачу высветліць, ці сапраўды ён здольны дапамагчы каму-небудзь ад адзіноты. Раптам гэтая яго ўласцівасць спатрэбіцца ўжо тут, на Марсе…

Марына адвяла позірк, каб не выдаць сябе побліскам новых слёз. Але Ягор і так усё зразумеў – надта ж празрыстым быў пасыл яе апошняй фразы. Не закранаючы слёзнай празрыстасці яе слоў, ён выклаў сваё меркаванне:

– Калі ты лічыш такія доследы патрэбнымі, то калі ласка. Але не думаю, што на базе ёсць умовы для паўнавартаснай распрацоўкі лекаў ад… Як там цяпер гэтую трасцу называюць?

– Сіндром усеагульнай асацыяльнай млявасці, – старанна ўтаймоўваючы ўсхліпы, пераказала Гваздовіч.

– Во-во. Гучыць проста як наша класічнае беларускае азначэнне маркоты – «усеагульная млявасць і абыякавасць да жыцця», – рагатнуў Руткоўскі. – Ці не здзекуюцца яны з нас?

– Ты ж упэўнены, што яны не ведаюць, хто ты гэткі, – ажывілася Марына. – Значыць, калі і здзекуюцца, то толькі з мяне адной.

– Але навошта яны ўвогуле назву памянялі?

– Не ведаю. Думаю, што ранейшая магла ім падацца недастаткова застрашлівай. Разважалі проста: «Ну, адзінота. Ну, татальная. І што з таго? А тут асацыяльная млявасць! Ты такі, курва, млявы, што нясеш небяспеку для соцыуму». То-бок «Coböl Engineering» наўмысна падагравае страх у грамадстве…

– Нешта ў гэтым ёсць. З перапалоханага чалавецтва лягчэй выбіваць грошы на новы карабель.

За вечар яны разоў колькі вярталіся да разваг пра карпарацыю. Пра яе мэты і выгоды, злыбеды і мудрыкі. Пра рэальнасць або, наадварот, сумнеўнасць прылёту новага карабля. Гэта настолькі захапіла іх думкі, што нават ноч – упершыню за доўгі час – каханыя прабавілі амаль выключна за размовамі і хуткаплынным сном.

* * *

Бура аціхала. З дня ў дзень меншала яе сіла. З дня ў дзень большала нагода для радасці. Перастаць быць пустэльнікамі, стоўпнікамі, вырваўшыся нарэшце са змушанай ізаляцыі. Убачыць штосьці, апроч адсекаў і насценных відэаімітацый. Прайсціся па паверхні Марса. Узяцца здзяйсняць задуманае раней.

Грукат на «дальняках» не аднаўляўся. Гэта надало упэўненасці, што быў ён спараджэннем буры і знік разам з яе заціханнем. Ад моманту сувязі з Зямлёй мінуў умоўны тыдзень. Штаб маўчаў і маўчаў. Марына прапаноўвала звязацца самім. Ягор і слухаць не хацеў.

У спадзяваннях, спрэчках і клопатах пасяленцы дачакаліся жаданага дня, калі бура ўляглася зусім. Замест пылавой заслоны праз ілюмінатары стаў праглядацца спакойны марсіянскі краявід. Камяністая даліна, якая раскінулася на прасторы колькіх квадратных кіламетраў, завяршалася на даляглядзе дзвюма невысокімі скалістымі гарамі з вузкай цяснінай між імі. Па даліне пыл асеў нераўнамерна. Дзе-нідзе яна нагадвала вылізаную вятрамі выдму. Але збольшага на яе абшары вытыркаліся макухі зацярушаных пылам камянёў.

Не трэба было ўзбройвацца оптыкай, каб разглядзець шэрань на прылеглым да базы каменні. Агульнай карціне гэта дадавала шарму. Руткоўскі не мог адвесці вачэй, міжволі параўноўваючы з класічным фотаздымкам паверхні Марса, які амерыканская станцыя «Viking-2» зрабіла ў неверагодна даўнім 1979 годзе. Той здымак Ягор ведаў яшчэ са старэйшай школы, калі і думаць не думаў, што лёс закіне яго ажно так далёка.

Бог кахання Марс

Подняться наверх