Читать книгу Бог кахання Марс - Сяргей Балахонаў - Страница 7
5
ОглавлениеЗдарэнні ў Канстанцы і над Прыднястроўем трохі зацьмілі думкі Ягора пра Марыну і Марку. Але не так моцна, каб ён зусім перастаў цікавіцца іх жыццём. Заблакаваны імі паўсюль, дзе толькі магчыма, цікаўнік мусіў шукаць пралазы. Перабіраў розныя варыянты, каб здабыць доступ да іх старонак. Ад марных высілкаў страціў надзею і збіраўся адкласці тэлефон. Варта было і пра навуку падумаць. У апошні момант, аднак, натрапіў на перасланыя яшчэ тады – падчас Гедройца – вясельныя фотаздымкі. Адкрыў адну. Пасля другую. Трэцяй быць не мусіла. Але яна была! І чацвёртая! І пятая! І сто сорак восьмая! Дзякуючы памылцы распрацоўшчыкаў сацыяльнай сеткі Руткоўскі здолеў прагледзець усе здымкі, якія Марына выстаўляла на сваёй старонцы. Як і меркаваў, на публіку ішоў суцэльны пазітыў, блізір шчасця, яркія абразкі насычанага шчаслівым каханнем жыцця. Абдымкі, пацалункі, шпацыр пад ручку. А яшчэ аладкі з чарнічным сочывам. А яшчэ сушы магура і тыгравыя крэветкі. Мяса і віно. Балконы. Мансарды. Тэрасы. І матацыкл. І мора. Мора шчасця і кахання…
Праглядаючы здымкі, Ягор адчуваў, як сціскалася, абрывалася і падала ў бездань яго сэрца. Але працягваў глядзець, нібы не катаваў сябе гэтым, а загартоўваў. З фотаздымкаў хацеў атрымаць хаця б маленечкі намёк на тое, як Марына і Марку мяркуюць будаваць свой лёс далей, пасля ўніверсітэта. Сёе-тое мог бы «раскапаць» і за час канферэнцыі ў Канстанцы. Ды якое там!
Паклаўшы тэлефон на тумбачку, ён ляжаў на бальнічным ложку і вытрэшчваўся ў столю. Ведаў, што працяг будзе. Не мог даўмецца, які менавіта. «Эх, Гваздовіч, Гваздовіч…» – прашаптаў Ягор, ледзьве ходаючы хвалю маляўнічых карцін гульні ўяўлення, як бы ўсё магло быць, калі б не…
– Гэй, хлопец, табе пагана? Можа, доктара гукнуць? – падаў голас мужчына з суседняга ложка, учуўшы шэпт.
– Не, дзякуй. Са мной усё добра, – душачыся смехам, прагугнявіў Руткоўскі.
– У аднаго шаптуна таксама гэтак добра было. А назаўтра яго з галавой разбітай знайшлі, – зазначыў іншы сусед па палаце.
– Такі лёс, – падвёў рысу шаптун і адвярнуўся тварам да сцяны.
Злавіўшы сябе на думцы, што Марына пасля замужжа пакінула дзявочае прозвішча, ён развесяліўся: дробязь, а прыемна! – і неўзабаве заснуў.
Наступным днём Руткоўскага выпісалі. Не паспеў ён увайсці ў кватэру, як пачуў тэлефонны званок. На хатні нумар тэлефанавалі з усходнееўрапейскай філіі «Coböl Engineering», просячы згоду на запіс тых самых беларускіх песень ад адзіноты, пра якія ён рабіў даклад у Канстанцы. Зварот у чымсьці быў нечаканым, але і дужа здзіўляцца прычын не было. Ягор ветліва патлумачыў, што дазвол залішні, бо гаворка пра народныя песні. Абяцаў не марудзіць з удакладненнем іх спіса і неўзабаве даслаць разам з тэкстамі. На тым канцы лініі пульсавала напятая ўдзячнасць, праз якую прагучала яшчэ адна просьба:
– Не маглі б вы параіць выканаўцаў з вашай краіны, якія б праспявалі гэтыя песні?
– «Млын Сонца», «Балкомъ-Песъ», «Ягорава Гара», «Šuma»… – адразу ж з галавы пералічыў беларус, а праз імгненне дадаў: – Але адну я хацеў бы праспяваць сам.
– Тую, што спявалі на канферэнцыі?
– Так. Гэта магчыма?
– Магчыма. У нас пярэчыць не стануць.
– А чаму ў «Coböl Engineering» увогуле зацікавіліся гэтым?
– У межах захадаў па прафілактыцы сіндрому татальнай адзіноты сярод супрацоўнікаў карпарацыі. Плануецца, што рэліз з беларускімі песнямі будзе разасланы паўсюль, дзе ёсць філіі «Coböl Engineering».
– То-бок па ўсім свеце.
– Менавіта.
Калі гутарка скончылася, Ягор задумаўся пра чарговыя дзівацтвы карпарацыі. Яго выснова цалкам укладвалася ў даўняе народнае выслоўе: як топішся, то і за лязо ўхопішся. Раней за пашырэннем загадкавай пошасці ён не сачыў. Але цяпер усё выдавала на тое, што праблема напраўду была сур’ёзная, што вырашыць яе намагаюцца абсалютна рознымі сродкамі. Нават такімі экзатычнымі, як беларускія народныя песні. «Ляцелі гусі з Белае Русі…»
Сярод папер, якія Руткоўскі выграб з паштовай скрыні, былі два апавяшчэнні: адно на атрыманне бандэролі, другое – на заказны ліст. Пакруціўшы іх, ён зірнуў на гадзіннік і пасунуўся на пошту. Не стаў чакаць да заўтра, бо ліст прыйшоў з Румыніі. У галаве стрэліла шалёная думка: а раптам гэта Марына яму нешта напісала? Крадком ад мужа. Усхваляваны фантазіямі, атрымальнік не ішоў, а ляцеў – вогкімі крыламі біў, атрасаючы хмельныя росы нецярплівасці. Ледзь не праскочыў паўз патрэбныя дзверы старасвецкага купецкага даходнага дома, багата аздобленага ляпнінай. На першым паверсе і месцілася такое жаданае аддзяленне сувязі.
З усіх акенцаў працавала палова. Паўсюль стаялі чэргі. У памяшканні панавала задуха. Уключаныя кандыцыянеры не дапамагалі. Заняўшы месца ў адной з чэргаў, Ягор праз секунду адчуў, як пакрыўся потам. Шчодрыя кроплі праявіліся на лбе. Па спіне паплыў казытлівы ручаёк. Чаканне нараджала дзіўную мяшанку думак і вобразаў, якія нагадвалі такі сабе сон наяве. У няспынным віры гэтай мяшанкі апынуліся і Марына з мужам, і музычны эцюд «Gnossienne 3» Эрыка Саці, і карціна Язэпа Драздовіча «Вечар у пустэльні на Марсе». Людзі, яму здавалася, застылі і не рухаліся. Жаданне ж атрымаць запаветны ліст расло і расло.
– На Марсе, напэўна, чэргаў няма, – вырываючыся з абдымкаў вірлівага наслання, выдаў Руткоўскі ўголас.
– То і ляціце, мужчынка, на свой Марс, толькі не дурыце тут людзям галавы, – адгукнулася інтэлігентнага выгляду пенсіянерка, за якой ён акурат стаяў. – Дазвольце нам спакойна аплаціць камунальныя паслугі.
– «Утверждают космонавты и романтики, что на Марсе будут яблони цвести», – зухавата праспяваў дзядок, які стаяў паперадзе незадаволенай жанчыны.
– Скора зацвітуць, – заўважыў мацак, які заняў чаргу за Руткоўскім. – Сягоння чытаў у інтэрнэце, што з мінералу, каторы на Марсе знайшлі, будуць рабіць лякарства ад сінтатадзіну. Так што прыйдзецца ляцець асвойваць чацвёртую планету.
– Ой, гадоў дзесяць таму ўжо трубілі і барабанілі, што вось-вось паляцяць. Кастынгі па ўсім свеце праводзілі. Каманду, здаецца, сабралі. І што? Ніхто нікуды не паляцеў. Разышлося, як заечае сала. Таму давядзецца нам і без лякарства ад адзіноты, і без яблыкаў марсіянскіх жыць, – не прамінула свае тры грошыкі прыткнуць злёгку манерная дама з суседняй чаргі.
Завязалася спрэчка. Ягор моўчкі назіраў і быў не рады, што стаў яе міжвольным завадатарам. На шчасце, чарга праявіла прыкметы жыцця не толькі ў амаль шабельных дыскусіях пра марсіянскія сады, але і ў пасоўванні да аванпостаў будучыні. Не паспеўшы памерці ад духаты і вакольных баталій, навуковец атрымаў на рукі капэрту з лістом і бандэроль. На капэрце прыкмеціў надпіс «Constanţa» і, не разглядаючы, шпарка памкнуўся да выхаду. Разумеў, што данесці пасланне дадому не дазволіць гарачая цікаўнасць. Перасек вуліцу і скіраваўся на пляцоўку перад медычным універсітэтам. Усеўся на лаўку, абраўшы збольшага цяністае месцейка. Людзей на пляцоўцы амаль не было. Некалькі падлеткаў на аэраскейтах гойсалі над сцежкамі і кветнікамі, кружляючы вакол скульптуры мяшчанкі і закаханага ў яе хлопца, які марыў ператварыцца ў птушку. Турысты закідвалі манетку ў музычны аўтамат, што адгукаўся песняй, сюжэт якой і ўвасобіўся ў згаданай скульптуры:
Праўлесная дзяўчоначка, праўлесціла ты мяне,
Жысць наша з табой няшчасная, што ўлюбіўся я ў цябе.
Не жалаў бы большэ шчасця – сізы крылушкі сабе…
Абстрагаваўшыся ад усяго, Руткоўскі уважліва зірнуў на капэрту і мусіў расчаравана прабурчаць:
Дзед пасеяў з бабай лён,
а ўрадзіла віка.
Пісьмы носіць паштальён,
А зладзюга – піку.
На капэрце красаваў надпіс «Ministerul Afacerilor Interne» («Якая ўжо ж табе Марына!»). Паліцыя Канстанцы даслала афіцыйны дакумент аб выніках следства па факце здарэння.
Дакумент паведамляў, што следства зайшло ў тупік («Ды няўжо!»), што новых сведак адшукаць не ўдалося («Хто б сумняваўся!»), што скрадзены мабільны тэлефон знайсці не атрымліваецца («І не трэба!»). Разам з тым, паліцэйскі чын запэўніваў, што следства не спыняецца, і абяцаў трымаць беларуса ў курсе, калі той сам пажадае («Пішыце пісьмы дробным почыркам»).
Ягор паставіўся да клапатлівасці румынскай паліцыі з капкай іроніі. Дапускаў, што румынам хацелася захаваць перад ім аблічча. Сам жа лічыў, што стаў тады банальнай ахвярай звычайнага вулічнага злодзея. «Гоп-стоп, мы подошли из-за угла». Што праўда, смылела думка пра Ядранку і расказанае ёю прароцтва. Але зноўку шчарэпіцца за містыку не браўся, адганяючы смарагдавых мух здрадлівых подумаў. Бандэроль на пляцоўцы распакоўваць не схацеў. Па зваротным адрасе дапяў, што з Мінска даслалі гістарычны альманах, для якога ён некалі падаваў артыкул.
Пасля выпіскі Руткоўскі яшчэ з тыдзень быў вольны ад працы. Ва ўніверсітэт не цягнула. Аднойчы ў жыцці яму выпала з паважнай прычыны пазбегнуць мітусні першага летняга месяца з сесіяй, генеральным тэставаннем і цэлай торбай іншых выкладчыцкіх радасцей. А вось прапускаць планаваныя на ліпень раскопкі археолаг не жадаў. Раскопкам здрадзіць не мог. І калі б яны меліся быць у чэрвені, то Ягор без ваганняў уцёк бы з бальніцы яшчэ да выпіскі.
Удакладняючы пытанні з арганізацыяй раскопак, ён зрабіў пару-тройку важных тэлефанаванняў, прызначыў некалькі не менш важных сустрэч. Папярэдне справа выглядала так, нібыта ўсё добра і планам нічога не пагражала. Але навуковец даўно ведаў, што гэты выгляд можа быць падманлівым, што справа любіць свавольна пакаціцца да чорта лысага на рагатку, калі ўчасна не пракантраляваць усе звёны ланцуга пад назвай «Падрыхтоўка археалагічных раскопак».
* * *
Праз пару дзён на сувязь выйшла Ядранка. Размаўлялі цэлую гадзіну праз антыскайп. Жанчына радавалася, што Ягора ўжо выпісалі, падзялілася навіной пра сваё павышэнне, асцярожна намякнула на верагоднасць прыезду ў Беларусь. Ягор стараўся быць прыязным і ветлівым, але не забываўся трымаць эмацыйную дыстанцыю, каб суразмоўца крый божа не набудавала крышталёвых замкаў, адкуль пачнецца снайперская страляніна па яго галаве. Расказаў пра ліст з Румыніі.
– А ты не думаеш, што на цябе напалі праз тую дзяўчыну? – мімаходзь пацікавілася харватка.
– Праз якую? – неразуменне Руткоўскага, як і раней, патыхала непраўдападобнасцю.
– Усё ты разумееш. Не выдурняйся, – па-свойску паўшчувала Іванкавіч. – Тваё з’яўленне ў Канстанцы магло раззлаваць яе бойфрэнда…
– Мужа… – паправіў Ягор, сцяміўшы, што адпірацца сэнсу не больш, чым кроіць хлеб гальштукам.
– Пагатоў. Ты так намагаўся не глядзець на яе ў кулуарах, што выйшла акурат наадварот – талопіўся, быццам зноў і зноў распранаў. Якому мужу гэта спадабаецца?
– Ты перабольшваеш.
– Гэта ты перамяншаеш.
– Думаеш, яе муж ужарыў мне па галаве дзеля помсты, а тэлефон забраў, каб зымітаваць рабунак?
– Лагічна ж! – аперэткава ўсклікнула жанчына. – А як скрадзены ў цябе тэлефон нідзе не ўсплыў, то, хутчэй за ўсё, нападніку ён і не быў патрэбны. Нападнік проста яго знішчыў. Трэба падкінуць гэтую версію румынскай паліцыі. Няхай там разбіраюцца.
– Я гэтага рабіць не буду і прашу цябе таксама ўстрымацца, – беларус быў вельмі катэгарычным. – Нават калі гэта ўчыніў асабіста яе муж, мне не хочацца даваць яму рады праз кагосьці.
– Дык жа не праз абстрактнага кагосьці, а праз паліцыю! Гэта ж нармальная практыка, – пачутае вельмі здзівіла яе крываватасцю логікі.
Яна паспрабавала яшчэ раз давесці слушнасць сваёй ідэі, але без плёну. На тым размову і спынілі. Падрыхтаваныя ім пытанні пра містычны складнік здарэння Руткоўскі задаць не наважыўся. Адарваўшыся ад камп’ютара, ён падняўся і стаў хадзіць па кватэры. Агучаная харваткай версія атрутнай скабкай засела ў галаве.
Наразаючы кругі і петлі па кватэры, Ягор машынальна вызіраў у вокны. За аднымі стаяла ваенная тэхніка – гэта быў падворак музея вайсковай славы. У звыклым краявідзе з танкаў, самаходных гармат, бронетранспарцёраў і нават самалёта-знішчальніка зрок выхапіў верацяно ракеты класа «зямля-паветра». Не, ракета не была новым экспанатам, і раней даводзілася бачыць яе незлічонае мноства разоў. Проста цяпер яна падалася асабліва пагрозлівай, дарма што была скіравана ў процілеглы ад вокнаў бок.
За іншымі шыбамі праглядаўся дворык, абсечаны старой цаглянай агароджай. Дворык быў такі маленькі, што колькі прыпаркаваных у ім машын амаль не пакідалі вольнага месца для дзіцячых забаў. Таму дзеці сноўдалі між клумбамі і вузкай дарожкай каля двухпавярховага дома, дзе жыў Руткоўскі. «Заціснутасць» дома ў абцугах дзвюх вуліц адбілася літарай «А» ў яго адрасе. «Не прышый кабыле хвост», – казалі на гэты конт некаторыя. Але сам Ягор любіў і дом, і двор, і адметнасці іх размяшчэння.
Адчыніўшы акно, што выходзіла на дворык, ён стаў сведкам гульні чародкі пяці-шасцігадовай малечы.
– Што гэта такое? – імітуючы ўладны голас, прамаўляў адзін з іх.
– Прабачце, сэр, але я звальняюся з фірмы, – з наўмыснай млявасцю тлумачыў другі.
– Чаму? Мы ж табе так добра плацім. Пяцьсот тысяч долараў у год табе мала? Давай мы тады табе будзем восемсот тысяч плаціць. Згода?
– Не, сэр. Я не хачу ніякіх грошай. Я хачу спакойна пажыць дзе-небудзь за горадам.
– Ясна. Трэба выклікаць доктара. Доктар! Доктар!
Да іх адразу ж далучыўся трэці ўдзельнік гульні – дзяўчынка ў белай шапачцы.
– Што ў вас тут? Хто захварэў? – дзелавіта казала яна, паглядаючы на сяброў.
– Доктар, праверце вось гэтага працаўніка, – загадаў хлопчык, што выконваў ролю дырэктара. – А то ён неяк дзіўна сябе паводзіць.
– Зараз мы ўсё хуценька праверым, – стала завіхацца дзяўчынка, адкрываючы валізку з цацачнага набору «Юны медык».
На хвіліну разляглося маўчанне. Дзяўчо корпалася з цацачнымі інструментамі, беручы «аналізы» ў «хворага».
– Усё зразумела. У вас сімптрон таптальнага янота. Медыцына тут бяссільная, – заявіла яна і развяла рукі, паказваючы бездапаможнасць.
Нечакана падгледжаная сцэнка вельмі ўразіла Руткоўскага. Уразіла не так манерай гульні – ён ведаў, што дзеці ў захапленні могуць выконваць ролі вельмі таленавіта. Уразіла, бо яскрава сведчыла, што праблема сінтатадзіну перастала быць праблемай, цікавай адно спецыялістам.
Ён вярнуўся да камп’ютара і пашукаў у інтэрнэце навіны, ці не дакаціўся сіндром да Беларусі. Знайшоўся адзін беларускі сайт, прысвечаны незвычайнай хваробе. Было бачна, што ён рэгулярна абнаўляўся. Ягор праглядзеў з дзясятак старонак. Сімптомы. Меркаваныя спосабы прафілактыкі. Хроніка хваробы па іншых краінах. У Беларусі аніводнага выпадку. «Гэта пакуль», – песімістычна зазначыў сам сабе навуковец, узяў са стала дасланы з Мінска альманах і скіраваўся да канапы, лежачы на якой любіў чытаць.
Свой артыкул, прысвечаны сістэматызацыі балцкай тапанімікі гомельскага Пасожжа ў святле археалагічных звестак, навуковец толькі прагледзеў, высвятляючы, ці абышлося ў публікацыі без ляпаў кшталту выпадзення сказаў ці цэлых абзацаў. Гэтым разам пашэнціла. Тады ён стаў гартаць альманах, спадзеючыся, што які-небудзь з артыкулаў яго зацікавіць. Аўтары былі з розных куткоў Беларусі і сумежных краін. Тэматычны, як і храналагічны, разбег публікацый уражваў шырынёй. Як той казаў, ад мамантаў да адкрыцця Астравецкай АЭС.
«Кухня “крывавага вяселля”: рэканструкцыя меню княскага шлюбнага застолля ў Полацку 980 г.». «Дзявочы забег на абцасах як элемент гарадской карнавальнай традыцыі першай трэці ХХІ ст.». «Францішак Багушэвіч і дамскія моды “Северо-Западного края” ў 70-я гг. ХІХ ст.». «Фемінісцкая рэвізія касмічнай тэмы твораў Язэпа Драздовіча ў святле крытычных падыходаў метамадэрнізму». «Гомельские кафтаны и проваленные петровские виктории. К вопросу о суевериях и предрассудках в российской армии времён Второй Северной войны (на материалах юго-восточной Беларуси)». «Боршч у кантэксце трансфармацыі ліцвінскага патрыятызму ў беларускую нацыянальную ідэю (канец XVIII – пачатак ХХ ст.)». «Салем і салемські процес в публіцистиці професури Києво-Могилянської академії XVIII століття». «“Crossparty ў нашай хаце”: механізмы масавай культуры і пазіцыянаванне сярод усходнееўрапейскай моладзі прывабнага вобраза рэформ выбарчых сістэм у другой чвэрці ХХІ ст.».
Урэшце Ягор звярнуў увагу на артыкул маладога мазырскага гісторыка Мікалая Лабановіча-Аскеркі. У альманаху той публікаваў абсяжныя фрагменты трактата часоў Вялікага княства Літоўскага, якія сведчылі пра захаванне язычніцкай абраднасці на паўднёвым усходзе Беларусі першай паловы XVI стагоддзя. Трактат меў красамоўную, уласцівую свайму часу назву: «Обычай, анимуш а звыкливость балвохвалцев днешних ведле многих книгочиев, кройникаров и послухов притомных описаные». Яго ананімны аўтар сцвярджаў, што ў азначаны час для некаторых жыхароў нізоўя Прыпяці было характэрным не толькі «певанье песень, которыми фалчевых богов забегають, “Коледа! Коледа!” покрыкиваючи», але і «балвохвалство, кгды в леску балвана ставили, абы втым бити ему поклоны, молитвы поганские отдавати, пляски бесовские скакати, спросность а шкаредность вшелякия, встыд а сором откинувши, чынити». Апроч усяго, аўтар трактата даў і апісанне ідала, якому «за господаря кроля Жикгимонта, за держанем пана Богдана Сербина» нібыта пакланяліся некаторыя сяляне вёскі Юравічы, якія «балвохвалницу велми скрыто, потайне в гаю на горе уставили»: «А балвана того вчынили з кости звера старовечного. Была кость тая боком одным гнутой, якобы серп або месяц молодый. Вчынивши, меж собой молвили, дей то ест кость волота або олбрима, в давнюю бытность которых теж неразумне верили. А як бы кость гнутой не была, аж бы з двух мужей взростом стала. Иллуминовали ее оздобне балвохвалцы юровския стрихами, взорами а иншими направами размоитыми».
Руткоўскі ажно падскочыў з канапы – апісаны ў трактаце ідал дужа нагадваў фрагмент, знойдзены ім у Юравічах. Позірк нецярпліва бег па радках далей: «И мнимали оные геретыки, плюгавые отметники от веры хрестьянской, иж балван той ест втеленьем змышленого ими божка поганого, некоторой планиты опекуна». Навуковец цяжка задыхаў. Раней невядомы яму гістарычны дакумент ясна сведчыў, што юравіцкі ідал XVI стагоддзя быў увасабленнем божышча нейкага нябеснага свяціла. Лабановіч-Аскерка быў упэўнены, што на ўвазе меўся Марс. Пры гэтым ён няпэўна спасылаўся на ўскосныя звесткі, змест якіх у артыкуле не канкрэтызаваў.
Артыкул мазыраніна неспадзявана ўзрушыў і даў глебу для роздуму. «Няўжо гэта той самы ідал? Ці ўсё ж супадзенне? – утрапёна разважаў Ягор. – Але ж мы знайшлі кавалак не ў слаях XVI стагоддзя. У нас адназначна гаворка пра часы першабытнасці. Слядоў пазнейшага ўмяшання ў паслядоўнасць культурных слаёў не было. Таму нельга меркаваць, што знойдзены намі фрагмент апрацаванага біўня маманта закапалі – напрыклад, хаваючыся ад пераследу, – жыхары Юравічаў часоў Вялікага княства Літоўскага. Але ж і звесткі трактата, напэўна, не на пустым месцы ўзніклі. А з улікам нашых ведаў яны не падобныя да фантазій. Так дэталёва апісаць паганскі стод мог толькі той, хто або навочна яго бачыў, або добра ведаў з нечага маляўнічага апісання. Значыць, артэфакт «за господаря кроля Жикгимонта, за держанем пана Богдана Сербина» сапраўды існаваў. Ясна, што бівень маманта тагачасныя людзі ўважалі за парэшткі легендарных веліканаў. Але ці насамрэч вераадступнікі апрацавалі яго, надаўшы атрыманай фігуры сакральны сэнс? Ці ўсё-ткі ім трапіўся адзін з імаверных варыянтаў першабытнага ідала, які мог з нейкай прычыны апынуцца па-за межамі свайго слоя? Я не веру, што ён перахоўваўся мясцовым людам некалькі дзясяткаў тысяч гадоў як рэліквія. Ніякай непарыўнай рэлігійнай сувязі ці прамой пераемнасці між першабытнымі жыхарамі тых мясцін і сучаснікамі Францыска Скарыны быць не магло. А менавіта на такую пераемнасць язычніцкіх традыцый намякае аўтар артыкула, узгадваючы ў апошнім абзацы маю знаходку. Мегаламанія нейкая. Трэба як-небудзь пагутарыць з ім».
Не валаводзячы, Руткоўскі патэлефанаваў свайму старэйшаму калегу, спадзеючыся, што той мог ведаць гэтага мазырскага гісторыка. Калега трохі здзівіўся, але адказаў, што хлопец яму знаёмы, ахарактарызаваў як неблагога ўседлівага даследчыка першакрыніц, згадаўшы, праўда, схільнасць да сенсацыйных высноў там, дзе варта было б яшчэ шмат разоў правяраць увесь комплекс наяўных звестак і прыцягваць дадатковыя крыніцы. І хоць калега часцяком так казаў ці не пра ўсіх маладых гісторыкаў, яго словы збольшага супакоілі нечаканую расхістанасць Ягора, навёўшы на думку, што трэба сядаць за напісанне дыскусійнага артыкула. Як ні круці, з публікацыі Мікалая Лабановіча-Аскеркі вынікала, што ўся кніга гомельскага археолага – адна суцэльная памылка. Думкі працягвалі віраваць, дарма што галава прасіла адпачынку. Археолаг вырашыў трохі праветрыцца і выправіўся на шпацыр.
* * *
Быў пяшчотны летні адвячорак. Сонца пачынала патроху хавацца за невідочнымі з цеснага дворыка гарадскімі даляглядамі. Уздоўж цаглянай агароджы Ягор падаўся да Румянцаўскай, дзе апынуўся праз паўхвіліны, шмыгнуўшы ў вузкі праход між домам і сцяной «дошкі пашаны» за конным помнікам вялікаму князю Альгерду. Яшчэ летась між іншых на «дошцы» вісела і шыльда, прысвечаная паспяховай археалагічнай экспедыцыі Руткоўскага. Цяпер ён нават не згадаў пра гэтае ганараванне. Абмінуўшы помнік, шаноўны археолаг збочыў на ходнік і папраставаў да галоўнай плошчы. На языку закруцілася напісаная ім яшчэ ў часы студэнцкай маладосці песенька:
Па бруку брыў вікарый –
Масон і карбанарый.
Ён брыў у серпентарый
Гаргону спавядаць.
Любіў яе ціхенька напяваць, калі апынаўся пасярод людской плыні.
Людзей на вуліцы сапраўды было багата. Кампаніі, парачкі і самотныя мінакі рухаліся з рознай ступенню імпэту паабапал напоўненай транспартным тэтрысам дарогі. Манеўруючы, між людствам праязджалі раварысты – хтосьці асцярожна, а хтосьці з рызыкай для сябе і небяспекай для мінакоў. Адзін такі рызыкант нават змусіў задуменнага археолага таргануцца, калі прамчаўся паблізу. Давялося толькі азірнуцца і няўхвальным позіркам правесці нахабніка, які за секунды паспеў даехаць аж да сквера. «Добра, што не матацыкліст», – сам сабе ўхмыльнуўся Ягор, не губляючы здатнасці іранізаваць. Імгненнем пазней ухмылка растала – заныла галава. Давялося спыніцца і моцна заплюшчыць вочы. Расплюшчыўшы, мусіў ратаваць зрок з васільковых плямаў, на тле якіх людзі на ходніках здаваліся шкілетамі. Як толькі насланнё скончылася, ён рушыў далей.
Каля кавярні «хатняй кухні» прыспешыў хаду – не меў корці назіраць за адпачыннікамі з півам, што туліліся на летняй тэрасе, а таксама не хацеў, каб адтуль нехта лупіўся на яго. Каля святлафора дзяўчына ў лёгкай маечцы з надпісам «Гэта Гомель, дзетка!» і шчодра вытатуяванымі на правай руцэ кветкамі з вяззю «In Cherry Family» папрасіла ў яго закурыць. Адмовіўшы, ён здзівіўся, чаму гэтая лялька звярнулася менавіта да яго, а не да каго-небудзь іншага. Хаця б да кампаніі хлопцаў, якія, прыкрываючыся намёкамі на змярканне, соўгаліся пры дзвюх машынах на сумежнай вуліцы, рыхтуючыся прычасціцца проста з багажніка «чым бог паслаў». Шпацыруючы, туды некалі часта Ягор і Марына збочвалі, калі меркавалі прыхавацца ад лішніх вачэй. І нярэдка відовішча было падобным: хлопцы каля багажнікаў, выкідайла ў форме чырвонаармейца на дзвярах рэстарацыі, падлеткі з грымоткімі калонкамі ў руках уздоўж кавярні.
Еду в город Гомель, в магазин «Світанак»,
А она колдун ест, хоть говорит, что драник.
Адольваючы хвалю ўспамінаў, Руткоўскі адмахнуўся ад спакусы прайсціся іх з каханай колішнімі ваколіцамі. Пайшоў міжволі абраным маршрутам. Абмінуў ладную купу дзяўчат, якія жыва абмяркоўвалі, дзе б выпіць добрага ліманаду. «Божа! Божа! Нанясі нежанатага – жонку дадзім!» – шукаючы ў вачах Ягора падтрымкі, пракаментаваў усмешлівы дзядулька. Ягор адно паціснуў плячыма і злёгку пасміхнуўся. Вулічны музыка каля «Бэкер-Бара» зацягваў пад электрагітарку нешта да свербу знаёмае: «It’s a god-awful small affair». Пры будыніне колішняга «Руска-Азіяцкага банка» мільганула знаёмая постаць. Сяброўка і аднакурсніца Марыны. Археолага ўразіла яе светла-чырвоная сукенка ў белы буйны гарох – гэткае наўмыснае рэтра, якое чарговым разам вярталася ў моду. Дзяўчына павіталася першай.
– Наста Ройтшванец, калі не памыляюся? – дзеля прыліку спытаў Ягор, дарма што памятаў, як яе завуць.
– Так, не памыляецеся, – з троху сарамлівай усмешкай пацвердзіла яна.
– Як поспехі? – неспадзявана для сябе працягнуў Руткоўскі, за імгненне перад тым не збіраючыся тут запыняцца.
– Дзякуй, збольшага добра, – ахвотна стала расказваць дзяўчына. – Універ скончыла. Да чырвонага дыплома не дацягнула. Выпускны ўчора адгулялі. Лімузін. Шампанскае. Асобная зала ў «Еўропе». Тамада харошы і конкурсы цікавыя. Цяпер вось да сярэдзіны жніўня вольная. А потым давядзецца па размеркаванні ехаць.
– І як, калі не сакрэт, называецца месца, куды вас размеркавалі? – не змог сысці выкладчык, спакваля здагадваючыся, чаму не хоча абмяжоўвацца абменам адно стандартных фраз, так уласцівых падобнага кшталту сустрэчам.
– Марс, – прамовіла нядаўняя студэнтка, і яе вочы хітравата бліснулі.
– Жартуеце? – страпянуўшыся, напяўся ў паняверцы суразмоўца.
– Не, – праз лёгкі смяшок узялася тлумачыць Наста. – Пасёлак Марс у Лоеўскім раёне. Настаўніца хіміі і біялогіі. Ужо ўяўляю радасці працы з юнымі марсіянамі.
– А божа! Я і забыўся, што на Гомельшчыне ёсць вёска з такой назвай, – навуковец пастараўся выглядаць нязмушана. – І ніякіх шанцаў выпліснуцца з гэтага шчасцейка няма?
– Хіба толькі замуж за гамяльчаніна, які тут пастаянна працуе. Але і з гэтым ёсць пэўныя нюансы…
– Ясна… – сказаў Руткоўскі і зрабіў паўзу, якая пагражала стаць пачаткам развітання, але ён учасна агоўтаўся і пацікавіўся: – А вы цяпер адна прагульваецеся ці, можа, кудысьці спяшаецеся?
– Адна, – шчыра прызналася дзяўчына. – Ведаеце, такі настрой пасля выпускнога… Задумлівы… Новы этап у жыцці пачынаецца.
– Калі я не перашкоджу вашай задумлівасці, то мо пройдземся разам? Мяркую, што тэм для гутаркі ў нас хопіць, – прапанаваў Ягор, заззяўшы ўсмешкай, якая цалкам адпавядала свайму фірмоваму эталону.
– Я не супраць, – трошкі чырванеючы, без манежанняў пагадзілася Наста.
«Яснымі зоркамі абсеялася. Залатым абручом абнялася». Яе чырвань кранула Ягора, але выдаваць сябе ў гэтым ён тут жа зарокся.
Яны пайшлі разам.
Міма старэнькага будынка гарадской думы, у прахадным двары якога віравала чарговае вулічнае свята, што нагадвала пра сябе казытлівым водарам кавы, няўрымслівым гукам клавішных і расхрыстанай стракатасцю разявак.
Міма Саборнай плошчы, дзе між паркам, тэатрам і адноўленым касцёлам бурліў чарговы байкерскі фэст, які апавяшчаў пра сябе рыкам матораў і шызай дымкай над галовамі цікаўнікаў, амаль заглушаючы электронную музыку з пляцоўкі перад так званымі «рэбрамі» – сталёвай канструкцыяй, што лічылася помнікам легендарнаму гомельскаму электроншчыку, піянеру і аксакалу беларускага вітч-хаўзу Мікіту Васільеву.
Наста пасмялела яшчэ больш і павяла гутарку сама. Пацікавілася навінамі з жыцця спадарожніка. Прызналася, што ведала нешта з чутак і з інтэрнэту. Праявіла жаданне даведацца пра ўсё з першых вуснаў. Той, намагаючыся не раскідвацца падрабязнасцямі, выразнымі мазкамі распісаў агульную карціну апошніх здарэнняў. Але ні словам, ні жэстам не згадваў Марыну. Яна лунала ў іх гутарцы, быццам прывід, застаючыся фігурай умаўчання. Зрэшты, доўга так працягвацца не магло. Ройтшванец сама, як нічога ніякага, задала пытанне ў лоб:
– А вы з Гваздовіч яшчэ кантактуеце?
Пытанне супала з цэлым шэрагам вакольных фактаў: бязногі жабрак, сабраўшы сваю ялмужыну, падняўся і пашыбаваў на прыпынак; купка бурклівых галубоў разляцелася гадзіць ў іншых мясцінах горада; у саборы святых Пятра і Паўла грымнуў харавы спеў:
Мне бы июньскую ночь,
Лунную ночь – и тебя…
Руткоўскі, намагаючыся прыхаваць збянтэжанасць, перахрысціўся. Дзяўчына на аўтамаце зрабіла тое ж. «Бачылі цудатворцы, якія мы багамольцы», – папікаючы, кінула ім пажылая жанчына. «Бачылі багамольцы, якія вы камсамольцы», – з’едліва астудзіў яе запал франтаваты мужчына ў гадах. Але шпацыравальнікі, нібыта нічога ні бачылі і не чулі, пазіралі адно на другога.
– Напэўна, Марыне цяпер не вельмі хочацца, – урэшце парупіўся з адказам Ягор.
– Дзіўна. Вы ж так сябравалі. Яна пра вас заўсёды з такім захапленнем гаварыла!
– Ключавое слова – «гаварыла», – вылецела ў спадарожніка.
– Так, апошнім часам чамусьці не згадвае. Хаця гэта зразумела. У яе ж там хлопец, які цяпер і мужам стаць паспеў…
– А вы часта з ёй кантакт трымаеце?
– Не сказаць, каб часта, але што рэгулярна, то дакладна. У асноўным праз сеткі і антыскайп. Але калі яна прыязджае ў Гомель, то абавязкова бачымся – прагульваемся, ходзім у кавярню. Але ведаеце…
– Што?
– Гэта ўсё не тое. Калі б яна заставалася тут, было б іначай. Было б больш жыцця і больш праўды. А так яна паказвае толькі парадны бок свайго існавання… Іншым разам гэта мяне натуральным чынам вар’юе. Але я не магу ёй сказаць нічога супраць. Яна ж каралеўна! Упірлівая паненка! Пакрыўдзіцца адразу і выкрасліць з кола сяброў. А я гэтага, нягледзячы на ўсе яе – прабачце за слова! – зэхеры, зусім не хачу…
Ягор з разуменнем кіўнуў.
– Яна, дарэчы, не збіраецца разам з мужам пераязджаць сюды? – яму кепска давалася гульня ў абыякавасць.
– О, я пыталася ў яе пра гэта! І яна сказала, што ні ў якім разе, бо ёсць прычыны…
«Самую важкую прычыну я цудоўна ведаю», – зазначыў ён сам сабе, але ўголас агучыў іншае:
– У Румыніі добра?
– Яна казала, што там у яе гарантаванае працоўнае месца з высокім заробкам. Маўляў, лабараторыя пры нейкім багатым фондзе забірае з рукамі і нагамі.
– А муж? Таксама па навуковай сцяжыне пойдзе? Ці, можа, у зоркі матацыклетнага спорту – прабачце і вы! – намыліўся?
Дзяўчына хіхікнула.
– Па шчырасці, Марына з гэтым увесь час нешта цямніла, – шчыра прызналася яна. – З іншых яе слоў я зразумела, што Марку будзе працаваць разам з ёй. Ледзьве не пад адным дахам. Здаецца, яго бацькі дапамаглі. Як казаў у такіх выпадках мой дзядуля, ґэльт фарэнфэрт. Грошы вырашаюць.
Выпадковыя суразмоўцы акурат паспелі прайсці праз цэнтральную частку парку і спусціліся да Лебядзінай сажалкі – рэчышча старажытнага ручая, на беразе якога калісьці ўзнік Гомель. На старасвецкім каменным мастку круціліся гамяльчане і госці горада. Нехта фатаграфаваўся, нехта проста назіраў за лебедзямі. Але позіркі Ягора і Насты чамусьці спыніліся на маладой пары, якая стаяла пасярэдзіне моста і самазабыўна цалавалася. Ягор непрыкметна пракаўтнуў сліну. Нядаўняя студэнтка зрабіла выгляд, быццам не заўважыла ні гэтага каўтка, ні палкай парачкі на мосце. Спадарожнік паспеў у думках падзякаваць ёй за гэта, але яна зусім нечакана абрынула яго хісткі спакой пытаннем:
– А вам цікава ведаць, чым жыве Марына, бо ніяк не можаце забыцца на яе?
– На яе немагчыма забыцца, – адганяючы разгубленасць, вырашыў не віхляць Ягор.
– Але ж Марына, як бы там ні было, зрабіла свой выбар, – гнула дзяўчына далей. – Хай ён і сто разоў няправільны, з вашага пункту погляду.
– Можа, Бог выпрабоўвае такім чынам наша каханне, – лёгкім узмахам рукі Руткоўскі адкінуў апошнія элементы маскіроўкі.
– Той самы бог, пра якога вы кніжку напісалі? – стаўшы перад мостам, задала Наста новае пытанне і выпрабавальна зірнула суразмоўцу проста ў вочы.
– Хто ведае, – выціснуў ён з сябе без лёгкасці папярэдняй рэплікі.
– А на іншых жанчын глядзець не спрабавалі? – не збаўляла абаротаў Ройтшванец. – Вы ж падабаецеся многім…
– Нават табе? – мужчына няўважна перайшоў на «ты».
– І мне ў тым ліку, – не пнулася аднеквацца Наста.
Нейкія імгненні яны стаялі моўчкі, пільна гледзячы адно на аднаго і нічога пры гэтым не робячы. Злева ад моста гучала акустычная гітара, пад якую спявалі вернікі адной з пратэстанцкіх галін. «Но вот заря взошла, и вера чистая прогнала прочь тоску и всю печаль». Справа, дзе сярод іншых інструментаў верхаводзіла дуда, звінеў жаночы голас. «Закіпела ў калодзежы вада, забалела ў молайца сэрца».
Калі б нехта стаяў з секундамерам, то засек бы, як на сёмай секундзе ўсё перамянілася. Бяздзеянне Ягора і Насты, нібыта ў яркай успышцы растаяўшы, абарвалася гарачымі абдымкамі і прагнымі пацалункамі. Перапыняючыся на нейкую хвілю, яны зноў злучаліся вуснамі, цалкам адключыўшыся ад вакольнага свету. Для іх тады не існавала ні людзей, ні музыкі, ні спеваў. У вулічным тлуме нярэдка каханне ўскіпае.
Амаль страціўшы адчуванне рэальнасці, яны пашыбавалі з парку. Узаемнае жаданне было такім вялікім і неўтаймоўным, што кіламетр з гакам да Ягоравага дома здаваўся адлегласцю касмічных маштабаў. Давялося выклікаць міжпланетны дырыжабль – таксоўку, на якой, не перастаючы цалавацца, яны імгненна адолелі плошчу і тры кварталы. Адолелі, каб потым забегчы ў пад’езд, падняцца на другі паверх, ускочыць у кватэру і пачаць, нарэшце, хоць у нечым новае жыццё.