Читать книгу Дэманы доктара Глінскага - Сяргей Егарэйчанка - Страница 3

Частка першая
2. Кабінет намесніка Генеральнага сакратара ААН у XXI стагоддзі

Оглавление

Дваццатае стагоддзе гранічна абвастрыла мяжу паміж дабром і злом. У сярэдзіне дваццаць першага гэтая мяжа практычна знікла.

Яшчэ ў той час, калі я хадзіў у школу, нават у галовах дарослых і разумных людзей свет падзяляўся на «нашых» і «тых, чужых». Гэта быў час, калі чарвяк сумневаў ужо пачаў запаўзаць у масавую свядомасць, «жалезная заслона» прыадчынялася, рыпаючы нязмазанымі паліспастамі, павольна, па міліметры, яшчэ не ў стане даць дастаткова прасторы для новых ідэй і светапоглядаў. «Нашы» былі добрыя. «Тыя, чужыя» – дрэнныя. Мільёнам людзей так было прасцей жыць.

Потым раптам ўсё знікла. Аказалася, што «яны» мала чым адрозніваюцца ад нас. Яны сварацца і мірацца, мараць пра светлае «заўтра». Яны любяць сваіх дзяцей не менш, чым мы. І дрэнных сярод іх ніяк не больш, чым сярод нас.

Гэта было як выбух у замкнёнай прасторы. Ранейшых простых ісцін больш не існавала. З’явілася нешта новае, складанае, захапляльнае і страшнае. Прычым страшнага для многіх аказалася больш. Тыя, хто не змог перастроіцца пад новы свет, закансервавалі сваё ўспрыманне добрага і дрэннага. Яны і зараз жывуць з ім. Гэтыя людзі, напэўна, шчаслівыя. Для іх усё зразумела.

Калі ў Афганістан зайшлі «нашы», гэта было добра.

Калі зайшлі «яны» – дрэнна.

Усё было проста, нават вайна. Былі тыя, хто змагаўся па розныя бакі раздзяляльнай паласы, і мы заўжды ведалі, хто дзе.

Калі стрэлы раздаліся ва Украіне, бакоў не было. Тыя самыя «нашы» з закансерваванай свядомасцю для прастаты ўспрымання назвалі гэта грамадзянскай вайной. Для ўсіх астатніх быў створаны новы тэрмін – «гібрыдная вайна».

Мяжа знікла. Больш не было варагуючых бакоў, не было нават «нашых» і «чужых». Было пекла. І хоць усе разумелі ў глабальным сэнсе, хто ў каго страляе, сам факт таго, што вайны няма, а ёсць нейкая аморфная «антытэрарыстычная аперацыя», войск няма, а ёсць апалчэнне, якое купіла ў «Ваенгандлі» ракетныя ўстаноўкі і АК апошняй, «сотай», серыі, зламаў успрыманне звыклага свету занадта многім.

Калі была створана Ісламская дзяржава, спачатку ніхто не надаў гэтаму належнага значэння. Гэта чалавечая прырода. Прасцей заняцца тым, што зразумела – аддача будзе большая. Але ўсё аказалася нашмат складаней.

Я мару дажыць да таго дня, калі Ісламская дзяржава стане толькі артыкулам у Вікіпедыі. Пакуль жа арміі прасуюць Блізкі Усход высокадакладнымі бомбамі, якія нібы канструююцца ўжо з убудаваным штабам ІД – куды бомба ўпала, там і штаб ІДЗІЛ.

Гібрыдная вайна на самой справе не была вынаходствам дваццаць першага стагоддзя. Яна была заўсёды. Анекдоты пра савецкага лётчыка «Лі Сі Цына» ў В’етнаме – найлепшае таму пацвярджэнне.

Але яшчэ ніколі яна не была настолькі небяспечная для ўсіх нас.

Другі раз пасля стварэння ядзернай зброі людзі пачынаюць вучыцца жыць з узведзенай бомбай пад уласным крэслам.

Раней сродкам ад параноі была сістэма стрымак і проціваг, якой аперыравалі ААН і найбуйнейшыя дзяржавы свету. У выпадку гібрыднай вайны гэтая сістэма выявілася практычна бескарыснай. Складана кантраляваць тых, у каго няма імя.

Новых лекаў пакуль не знайшлося.

Самае страшнае тое, што патрэба ў сродках ад гэтай хваробы відавочная сёння далёка не ўсім.

Пакуль хтосьці думае, што, раз страляюць недзе там і на сусветную вайну яно не цягне – значыць не так ужо і страшна, стрэлы пачынаюць гучаць зусім побач.

Калі ў Кіеве снайперы расстралялі дэманстрантаў на Інстытуцкай, я плакаў, зноў і зноў пераглядаючы гэтыя кадры.

Я рабіў гэта наўмысна, каб убіць сабе ў душу нянавісць да тых, хто лічыць гэта магчымым сёння. У сістэме майго светапогляду ёсць месца для кожнага чалавека на зямлі, за адным толькі выключэннем. У маім свеце няма месца тым, хто аддае загад націснуць на курок і хто лічыць дапушчальным для сябе гэты загад выканаць.

Побач з тымі, хто ўпаў, былі тады мае сябры, і я задыхаўся ад адной думкі пра тое, што яны маглі быць на месцы людзей, якія хапаюцца за горла і падаюць на маставую, каб ужо не падняцца.

Вайна, якая пачалася адразу пасля гэтага, так ці інакш закранула ўсіх. Усё часцей на вуліцах маёй краіны на пытанне «Адкуль вы?» гучаў адказ «З Украіны». У збітым транспартніку ІЛ–76 загінуў сябар майго таварыша, у мірным жыцці малады кандыдат навук, які стаў дэсантнікам, каб вайны ў яго краіне не было. Так апасродкавана мы ўбіралі асновы «гібрыднага канфлікту» і задаваліся пытаннем: калі гэта адбылося там, дзе два гады таму ніхто не мог нават ўявіць сабе такога пекла, чаму заўтра тое ж не можа здарыцца ўжо на вуліцах нашага горада?

І гэтыя пытанні задавалі сабе не толькі мы, але і ўсе нашы суседзі. Дзе сродак ад «ветлівых людзей» без апазнавальных знакаў і якая прафілактыка ад гэтай бацылы?

Далёкая вайна раптам стала блізкай.

Многіх гэта прымусіла пасталець.

Сталенне не закранула толькі тых, «закансерваваных».

Для іх свет па-ранейшаму быў просты.

Што мог зрабіць з гэтым я?

Нічога.

Мяне завуць Якуб Глінскі.

Мне трыццаць шэсць гадоў. Я атрымаў доктарскую ступень па паліталогіі ў Варшаўскім універсітэце, затым стажыраваўся ў ЗША, там жа вывучаў сацыялогію.

Калі я быў зусім малады, яшчэ да Варшавы і Стэнфорда, пасля заканчэння бакалаўрыята ў сябе на радзіме я працаваў «хлопчыкам на пабягушках» у сістэме дзяржкіравання, якая захрасла ў савецкай рэальнасці на многія гады наперад. Ужо пасля гэтага мне давялося прымаць удзел у працы розных, у першую чаргу міжнародных, праектаў.

Я бачыў у гэтым сэнс і карысць. Гэта мне падабалася. Напэўна, менавіта таму ў мяне не прыжыліся комплексы маіх аднагодкаў аб немагчымасці перамен. Мяне не паспела раздушыць безвыходнасць, якая кіравала балем у абшарпаных калідорах міністэрстваў. Так-так, вы ўсё зразумелі правільна, у гэтым свеце яшчэ ёсць краіны, дзе нават у міністэрствах са сцен адвальваецца фарба, а да канца года заканчваюцца не толькі папяровыя канверты для карэспандэнцыі, але і гадавы бюджэт на набыццё новых.

Я наіўны. Занадта наіўны, каб вярнуцца ў гэтую сістэму, бо на кожным кроку ў мяне будзе ўзнікаць пытанне «Божа, ну як жа так?!»

Многія мае прапановы падаюцца ўтапічнымі нават тым, хто быў пазбаўлены сумнеўнага задавальнення жыць і працаваць ва Усходняй Еўропе пасля распаду Савецкага Саюза. Іншыя ж прымаліся на «ўра» толькі з-за таго, што я не абмяжоўваў сябе умоўнымі рамкамі, заўсёды прапаноўваў тое, што не рабіў яшчэ ніхто да мяне, – і яно працавала.

Наіўнасць пайшла мне на карысць і служыла рухавіком майго развіцця. Калі б я застаўся там, дзе пачынаў, наіўнасць была б прычынай маёй галоднай смерці.

Я бываў у розных частках свету. Мяне закідвала туды, дзе вакол ляжалі мерцвякі і шанец атрымаць адпушчэнне грахоў быў вышэйшы, чым у самагубцаў на дахах шматпавярховак. Я бачыў многае. І многае я хацеў бы забыць. Кожны раз мяне прымушала працаваць у такіх месцах толькі адна думка: я тут для таго, каб палегчыць долю людзей, якія жывуць у гэтым пекле, у мяне ёсць магчымасць кінуць усё і вярнуцца на свой хутар у лесе, дзе не страляюць, а ў іх – няма. Мне не было шкада сябе. І чым цяжэй і страшней рабілася, тым больш спартыўнай злосці і азарту было ў мяне.

На маёй пакуль яшчэ ціхай радзіме расла мая маленькая дачка. Напэўна, я дзейнічаў не так, як належыць бацьку, але я хацеў зразумець усе небяспекі, якія могуць непасільным цяжарам легчы на яе плечы – каб умець своечасова іх прадухіліць. Менавіта таму я часцей бываў там, дзе страшна, убіраючы усю брыдоту чалавечай прыроды, – каб дачка ніколі не ўбачыла ашчэр забойцы ў форме.

Нават цывілізаванае грамадства можа стаць зграяй галодных ваўкоў у лічаныя месяцы, гэта я зразумеў з гранічнай дакладнасцю. Парад украінскіх ваеннапалонных у Данецку стаў апошнім элементам гэтага разумення.

Я адчуваў сябе героем вядомага анекдота пра таксіста, які ведае, як трэба кіраваць краінай, але няма часу – бо таксаваць трэба.

Я ведаў, што трэба рабіць. Не ведаў – як. Дакладней сказаць, не ведаў, дзе знайсці патрэбныя каталізатары працэсу. Была праграма – не было тых, каму яна патрэбная.

Перада мной былі толькі адны дзверы, у якія я мог увайсці, і я стаяў перад імі, утойваючы прывід надзеі глыбока ў душы, роўна як і поўную гатоўнасць сустрэць смех і сарказм. Мне было не прывыкаць.

Сёння, у панядзелак, 20 чэрвеня 2017 года я стаяў перад будынкам Сакратарыята штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку са змяшанымі пачуццямі.

Мне было добра знаёмае гэтае месца. Я бываў тут шмат разоў раней, і, верагодна, пабываю тут яшчэ не раз.

Трыццаць дзевяць паверхаў са шкла, сталі і бетону на працягу шасцідзесяці гадоў былі цэнтрам свету. Цяпер іх роля з кожным днём сыходзіла ў мінулае. Мары Дага Хамаршольда павольна, але дакладна прыходзіў канец.

Другі Генеральны сакратар ААН быў творцам і, у нейкай ступені, рамантыкам. Менавіта гэта дазволіла Арганізацыі стаць тым, чым яна была столькі гадоў.

Сёння ёй кіравалі нават не палітыкі, а чыноўнікі.

Я добра ведаў гэты тып людзей. У пагоні за захаваннем status quo яны развучыліся рэагаваць на пагрозы. Як вядома, нестандартная небяспека патрабуе прыняцця нестандартных рашэнняў.

Усе рашэнні былі рэгламентаваныя інструкцыямі, прыняцце якіх патрабуе некалькіх гадоў, у той час як праблема прагрэсуе штодня толькі за кошт таго, што яна развіваецца не па інструкцыі.

У маштабах гэтага месца і людзей, якія бывалі тут за апошнія паўстагоддзя, я быў нікім. Тое, што я нёс з сабой, было, магчыма, не пад сілу рэалізаваць і самому Хамаршольду. Я ішоў сюды толькі таму, што я не ўмею працаваць у стол. Я быў абавязаны паспрабаваць.

Я грукаў у адзіныя дзверы, да якіх мог дацягнуцца.

Намеснік Генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях доктар Эдмон Эш не быў падобны да таго падцягнутага энергічнага чалавека, якога я шмат разоў бачыў на фотаздымках. У жыцці ён горбіўся, знакаміты бляск вачэй аслабеў, лініі зморшчынак цягнуліся праз увесь твар дадолу, з-за чаго ўся энергічнасць сыходзіла на нішто. Яму было, калі не памыляюся, пяцьдзясят восем гадоў, але выглядаў ён значна старэйшым.

Апускаючыся ў крэсла, ён па-старэчы абцягнуў калашыны штаноў і крэкнуў, канчаткова сеўшы.

Лакіраваная стальніца была абсалютна чыстая, калі не лічыць шырокага манітора, пісьмовага набору і рамкі з фотаздымкам, якая была павернута так, каб выяву бачыў толькі гаспадар кабінета.

У мяне ніколі не атрымлівалася ўтрымліваць стол у такой чысціні больш за дзве гадзіны. Тое, што звычайна называецца «творчым беспарадкам» чароўным чынам узнікала з ніадкуль, насуперак універсальнаму закону захавання энергіі, аднак, у поўнай адпаведнасці з ім, зусім не спяшалася знікаць нікуды.

Мяне гэта не турбавала, я апраўдваў сябе перадусімі навокал і самім сабой цытуючы эйнштэйнаўскае «Парадак неабходны толькі дурням, геній пануе над хаосам».

Доктар Эдмон Гаспар Эш зусім не быў дурнем. Як і належыць чыноўніку яго ўзроўню і пасады, ён быў больш чым праніклівы, разумны і цынічны. Менавіта цынізм, уласцівы выключна людзям з высокім інтэлектам, быў часткай тых маральных якасцей, якія, як мне здаецца, варта было б пісаць у рэзюмэ кожнага топ-мэнэджэра. Эш быў надзелены гэтай якасцю спаўна.

Кабінет намесніка Генеральнага сакратара самай уплывовай міжнароднай арганізацыі планеты ўяўляў сабой узор аскетызму.

Як я ўжо сказаў, тут знаходзіўся стол гаспадара памяшкання, які ўтвараў з далучаным доўгім сталом для перамоў класічную «Т»–падобную канструкцыю. Для наведвальнікаў было пастаўлена шэсць пар простых у афармленні, але зручных для працяглага сядзення крэслаў. Што тычыцца крэсла самога Эша, то яно адрознівалася ад іншых досыць незвычайнай формай: перакрыжаваныя ножкі неслі вузкую платформу сядзення без абіўкі, на якую была пакладзена тонкая вязаная падушка, закліканая надаць драўлянай аснове хоць трохі камфорту; выгнутыя падлакотнікі былі быццам працягам ножак, завяршаючы вобраз перакрыжавання; разная спінка была ўпрыгожана барэльефам, якія адлюстроўваў, хутчэй за ўсё, нейкіх міфалагічных персанажаў.

Злавіўшы мой зацікаўлены погляд, Эш дазволіў сабе злёгку ўсміхнуцца, прыпадняўшы куткі вуснаў.

– Вам таксама спадабалася гэтае крэсла, доктар? Вы не першы, каму яно прыйшлося да душы.

– Прызнацца, ніколі не бачыў такіх раней.

– Вы не цікавіцеся антыкварыятам?

– Не магу назваць сябе знаўцам.

– Гэта шмат што тлумачыць. Я паставіў яго у кабінеце сам, калі заняў пасаду намесніка Генеральнага Сакратара дванаццаць гадоў таму. Яно належыць маёй сям’і ўжо чатыры пакаленні. Гэта так званае курульнае крэсла, традыцыя іх вырабу паходзіць з часоў Рымскай Імперыі. Падобныя крэслы рабілі для чыноўнікаў, якія займалі высокія пасады. Што вы пра яго думаеце?

– Яно больш чым вытанчанае і саліднае. Мяркую, яно павінна быць дастаткова зручным, раз такімі карысталіся людзі, якія мелі шмат улады?

– Вы памыляецеся, доктар. Гэта былі жорсткія, але шмат у чым справядлівыя часы. Курульнае крэсла выглядае сапраўды вытанчана, аднак яно вельмі нязручнае для працяглага знаходжання ў ім. Як вы разумееце, у гэтым былі асаблівы сэнс і іронія, уласцівыя жыхарам адной з самых магутных імперый у гісторыі. Тым самым яны намякалі на тое, што дзяржаўная срака павінна выконваць свае справы як мага хутчэй і эфектыўней, бо менавіта для гэтага яна і была прызначаная на высокую пасаду.

– Для дыпламата і палітыка вы абіраеце смелыя выразы, спадар Эш.

– Ох, калі ласка, я лічу за лепшае пакідаць мудрагелістыя і прыгожыя фразы для трыбун і журналістаў. Вы разумны чалавек, доктар, з вамі можна гаварыць проста, не саромеючыся ў падборы прыгожых сінонімаў да словазлучэння «дзяржаўная срака».

– Ці адносіце вы сябе да такіх?

– Я больш не служу канкрэтнай дзяржаве, доктар Глінскі. З таго часу, калі я пакінуў пасаду міністра замежных спраў Францыі, я працую для кожнай краіны і ні для адной з краін паасобку. Зрэшты, форма змянілася, сэнс застаўся тым жа: я чыноўнік. Таму, напэўна, выраз, які збянтэжыў вас, смела можна ўжываць і ў дачыненні да мяне. Аднак, не хвалюйцеся, на публіцы я не прамаўляю падобных крамольных слоў. Мне падабаецца філасофія, якую нясе ў сабе гэты прадмет інтэр’еру, вось і ўсё. На жаль, я паддаўся слабасці: як бачыце, я паклаў на сядзенне падушку, каб яна надавала троху камфорту дрэву, прызванаму падтрымліваць маю старэчую пятую кропку.

– Вас жа нельга назваць кабінетным работнікам, доктар Эш.

– Гэта праўда. Я дастаткова рэдка бываю ў гэтым кабінеце. Па праўдзе сказаць, куды больш часу я праводжу ў зручным крэсле самалёта. Аднак, я ж дыпламат, вы памятаеце? Мне можна быць трохі крывадушнікам.

– Гэта не крывадушнасць, доктар – проста жаданне выглядаць лепш ва ўласных вачах. Мне таксама гэта ўласціва.

– Вы праніклівы, mon cher. Але што мне падабаецца ў вас яшчэ больш – вы не імкнецеся дагадзіць мне, пазбягаючы нязручных фраз і пытанняў, як гэта робяць многія іншыя. Хочаце кавы?

– Не адмоўлюся.

Да майго здзіўлення, Эш не пацягнуўся да слухаўкі ўнутранага тэлефона, а пачаў са значным высілкам падымацца са свайго філасофскага крэсла. Пасля гэтага ён прайшоў да дзвярэй убудаванай шафы, за якой, як высветлілася, размясцілася значных памераў кава-машына.

– Вы самі варыце сабе каву, доктар Эш?

– Ведаеце, бюджэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый хоць і здаецца на першы погляд досыць вялікім, але не з’яўляецца такім на самой справе, – прымаючы пад увагу разнастайнасць напрамкаў дзейнасці нашай місіі. Мой памочнік атрымлівае свае грошы зусім не за тое, што варыць мне каву.

– З вашымі поглядамі не пагодзяцца вельмі многія.

– Хай так. Хіба вас хвалюе, што будуць казаць пра вашы звычкі чужыя людзі?

– Ніколькі.

– Я прытрымліваюся таго ж меркавання.

Эш акуратна паднёс і перадаў мне сподак з кубкам. Водар кавы быў густы і даўкі, з ледзь улоўнымі ноткамі карыцы.

Я падзякаваў яму позіркам, зрабіў невялікі глыток і прасачыў за тым, як Эш паморшчыўся, калі ўсаджваўся зноў на сваё месца.

– Пяройдзем да справы, доктар. Я ўважліва прачытаў усё, што вы падрыхтавалі для мяне, – ён адкрыў шуфлядку і дастаў з яе шырокі канверт. Даволі нядбайна пляснуўшы пакетам аб стол, Эш адным рухам вярнуў шуфлядку на месца. – Маю адзначыць, што я азнаёміўся з вашымі матэрыяламі з вялікай цікавасцю. Я па палічках разабраў кожную старонку, кожную прапанову, і ў мяне засталося толькі адно пытанне да вас.

– Якое?

– Што гэта ўсё такое?

– Мне здавалася, што я досыць недвухсэнсоўна выклаў сваю ідэю.

– Доктар, я хачу, каб вы самі, гледзячы мне ў вочы, сваімі словамі распавялі, чаго менавіта вы дамагаецеся.

– Калі ласка. Доктар Эш, матэрыялы, якія я падрыхтаваў для вас, утрымліваюць прапанову па стварэнні новай арганізацыі ў структуры ААН – арганізацыі, якая курыравала б пытанні навуковых і гуманітарных распрацовак, што маюць надзвычайную каштоўнасць для ўсяго чалавецтва ў цэлым. Час гэтых распрацовак ўжо прыйшоў, але рэалізацыя знаходзіцца на зачаткавым узроўні.

– Прабачце, я адразу перапыню вас. Вы пералічылі цэлы шэраг сфер, у якіх павінна працаваць гэтая арганізацыя. Зялёная энергетыка, медыцына, прамысловае апрасненне вады, барацьба з голадам, распрацоўка і ўкараненне новых падыходаў у адукацыі і многае іншае. Але хіба ўсё гэта не з’яўляецца кампетэнцыяй ЮНЕСКА, СААЗ і шэрагу іншых структур, падначаленых Арганізацыі Аб’яднаных Нацый?

– Вы замілоўваеце мяне, доктар Эш. Няўжо вы верыце, што пералічаныя структуры ў стане рэагаваць на свет, які змяняецца хутчэй, чым мы з вамі п’ём нашу каву? Якую ацэнку вы як намеснік Генеральнага сакратара можаце даць дзейнасці ЮНЕСКА?

У вачах Эша з’явілася неразуменне і адчуванне схаванай пагрозы.

– А якую ацэнку, па-вашаму, я павінен даць? Можа быць, вы абвергнеце той факт, што дзякуючы ЮНЕСКА на планеце былі выратаваны сотні тысяч жыццяў, масавая непісьменнасць была ліквідаваная ў дзясятках краін, паспяхова праходзіла ліквідацыя наступстваў велізарнай колькасці гуманітарных катастроф, значна скарацілася колькасць памерлых ад хвароб, якія носяць глабальны характар, дзякуючы прапагандзе ўсеагульнай вакцынацыі дзіцячая смяротнасць знізілася да ўзроўню, які немагчыма было ўявіць сабе яшчэ два дзесяцігоддзі таму?

– Я прашу вас, доктар, не трэба эмоцый. Вы не зусім зразумелі мяне і маю прапанову. Ужо даўно сыходзяць у мінулае тыя часы, калі перспектыўнымі распрацоўкамі, якія могуць змяніць свет, займаюцца толькі дзяржаўныя лабараторыі. Мы з вамі цудоўна ведаем, што NASA актыўна карыстаецца ракетамі «SpaceX» і што іншая кампанія, якая належыць уладальніку SpaceX Ілану Маску – «Tesla» – зрабіла рэвалюцыю ў аўтамабілебудаванні, што ў корані зменіць наша ўяўленне пра тое, якім павінен быць транспарт будучыні. Прататып кампактнага тэрмаядзернага рэактара распрацавалі ў «Lockheed Martin», сістэму прамысловай ачысткі вады для самых бедных рэгіёнаў свету ўкараняе ўладальнік «Microsoft» Біл Гейтс. Гэты спіс можна працягваць бясконца. Урады аддалі на водкуп прыватным карпарацыям тое, што, здавалася б, не пад сілу нікому, акрамя дзяржавы, і мы бачым, што там, дзе няма ўрадавага кантролю, гэта атрымліваецца значна больш эфектыўна, хутка і рацыянальна. Што застаецца самім урадам? Мабыць, «выказваць глыбокую заклапочанасць чарговымі парушэннямі міжнародных дамоўленасцей» на пасяджэннях Савета Бяспекі і Генасамблеі ААН, прычым, як правіла, гэта датычыцца парушэнняў гэтых самых дамоўленасцей з боку каго-небудзь з пастаянных членаў Савета Бяспекі. Мы бачым, як на пасяджэннях, незлічоных камісіях і міжнародных семінарах прадстаўнікі дзяржаў толькі і робяць, што выказваюць глыбокую заклапочанасць. Дыпламаты, якія прадстаўляюць свае дзяржавы ў ААН, ператварыліся ў пасмешышчы, якія, не маючы ніякіх рэальных паўнамоцтваў, адбываюць ганаровую ссылку, атрымліваючы за гэта салідны паёк, між тым як сапраўдныя праблемы застаюцца нявырашанымі, а тыя сферы, дзе прадстаўнікі ўсяго чалавецтва павінны аб’ядноўваць намаганні дзеля выгоды кожнай краіны, шчасна рэалізуюцца геніяльнымі энтузіястамі. У мяне складваецца ўражанне, што ўсе даўно забыліся, для чаго на самой справе стваралася Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, і цяпер зацыкленыя на мерапрыемствах, дзе людзі ў дарагіх гарнітурах абмяркоўваюць праблемы імплементацыі норм гуманітарнага права ў ваенных канфліктах – замест таго, каб шукаць шляхі вырашэння і, д’ябал, прадухілення саміх ваенных канфліктаў! Я не адмаўляю бясконцага ўкладу ААН у выратаване мільёнаў жыццяў на планеце, але гэты гіганцкі бюракратычны волат страшна стаміўся і пастарэў. Свет паскорыўся ў развіцці за апошнія дваццаць гадоў настолькі, што арганізацыя, якая абвясціла пастулаты ўстойлівага развіцця як догму для ўсёй чалавечай супольнасці, згубіла гэта самае развіццё з-пад свайго кантролю, а зараз толькі, падобна да старца, спачывае на лаўрах і з насцярожанасцю сочыць за тым, як падлеткі гуляюць у незразумелыя састарэламу розуму гульні. Гэтыя гульні могуць быць цалкам бяскрыўднымі і нават карыснымі, але карысць ужо не настолькі відавочная апекуну – як мінімум таму, што ён страціў нітку падзей. У сваю чаргу, яны могуць быць надзвычай небяспечнымі, але, зноў жа, гэта губляецца з вышыні старэчага маразму, і той, хто павінен, з дапамогай сістэмы стрымак і проціваг, па-майстэрску кантраляваць гульню, у стане толькі паўшчуваць гарэзлівых вісусаў, не ў стане зразумець, што ўчарашнія свавольнікі заўтра могуць стаць ужо крымінальнікамі міжнароднага маштабу.

Вось што я меў на ўвазе пад неабходнасцю стварэння новай структуры, якая, верагодна, запатрабуе рэформы ўсёй сістэмы ААН. Мы павінны звярнуць свой позірк туды, дзе людзі, якія не патрабуюць сусветнага ўплыву, непрыкметна для нашага погляду змяняюць свет да лепшага, робячы тое, што павінны рабіць мы. ААН стваралася як пляцоўка, дзе найлепшыя дыпламаты ўсіх дзяржаў вырашаюць праблемы, якія не вырашацца самі па сабе, а замест гэтага яны крычаць «Злодзей!» – «Сам злодзей!» на пасяджэннях Савета Бяспекі. Назавіце мне хоць адзін буйны і небяспечны для ўсяго чалавецтва канфлікт, які шчасна скончыўся з дапамогай Генасамблеі за апошнія дваццаць гадоў? Югаславія? Афганістан? Украіна? Сірыя? Божа, няўжо вы не бачыце, што права «вета» ў Савеце Бяспекі цягне свет на дно?

Больш за тое, няўжо вы не бачыце, што эпоха вуглевадароднага паліва імкліва сыходзіць у мінулае, у той час як краіны, якія недальнабачна адмовіліся інвеставаць у новыя галіны, наіўна мяркуючы, што з гэтай праблемай давядзецца разбірацца толькі нашчадкам (ды і то пасля поўнага вычарпання выкапняў), пачынаюць маштабную грызню, як быццам нафта заканчваецца ўжо сёння і трэба біцца за апошнія кроплі? Чаму ніхто – і, у першую чаргу, Генасамблея ААН – не хоча пакласці гэтаму канец, арыентуючы гэтыя краіны на пераход да новых форм энергазабеспячэння і, як следства, да новых форм эканомікі? Чаму да гэтага часу няма нікога, хто заняўся б гэтымі распрацоўкамі на міждзяржаўным узроўні па-за камерцыйнымі карпарацыямі, хто быў бы гатовы даваць тэхналогіі ў абмен на мірнае развіццё і поўную адмову ад узброеных сутыкненняў, сапраўднай прычынай якіх з’яўляюцца вуглевадародныя энерганосьбіты?

Вы хацелі, каб я выклаў па пунктах сваімі словамі прапановы, апісаныя ў дакуменце, што ляжыць перад вамі. Што ж, калі ласка.

Па-першае, я прапаную стварыць міждзяржаўную навуковую арганізацыю, фінансаваную з бюджэта ААН, якая будзе займацца як мінімум дзясяткам прыярытэтных для ўсяго чалавецтва напрамкаў даследаванняў і распрацовак, прычым як у рамках дакладных і прыродазнаўчых навук, так і гуманітарных – сацыялагічнымі і паліталагічнымі пытаннямі. Сярод гэтых напрамкаў «зялёная» энергетыка, якая дазваляе цалкам вызваліць свет ад вуглевадароднай паліўнай іголкі, медыцына – перш за ўсё імуналогія і фармакалогія, інжынерыя аднаўляльных рэсурсаў, высокія тэхналогіі, фундаментальная фізіка як базіс для будучых даследаванняў, фенаменалогія канфліктаў і шэраг іншых сфер. Кожная дзяржава на планеце павінна зразумець, што зараз мы не можам накарміць і абагрэць ўсіх, але наш розум здольны даць нам інструменты да суіснавання без грызні за крошкі хлеба. Спецыялісты, якія будуць працаваць у гэтай, безумоўна, найбуйнейшай у гісторыі навуковай арганізацыі, будуць знаходзіцца па-за юрысдыкцыяй канкрэтных дзяржаў, яны павінны ўсведамляць, што больш яны не ўдзельнічаюць у гонцы за лідарства, што яны працуюць дзеля выжывання і росквіту ўсіх людзей на планеце. Мы можам прыцягваць навукоўцаў з нацыянальных інстытутаў і камерцыйных карпарацый – гэта павінны быць самыя высокааплатныя спецыялісты ў свеце. Аднак мы павінны даць ім яшчэ і тое, што не здольныя забяспечыць ніводная дзяржава і ніводная карпарацыя паасобку – адчуванне таго, што яны працуюць не дзеля чужых палітычных і фінансавых амбіцый, а дзеля навукі і прагрэсу ўсяго чалавецтва. І, паверце мне, доктар Эш, мы прыцягнем лепшых з лепшых, таму што толькі для выбітных навукоўцаў не існуе іншых мэт акрамя радасці пазнання Сусвету.

Па-другое, для стварэння падобнай структуры, на маю думку, будзе неабходна поўнае пераарыентаванне дзейнасці самога сакратарыята ААН: з гэтага часу ён будзе займацца палітычнымі пытаннямі, вырашэннем гуманітарных і ваенных крызісаў, прычым, калі гэта неабходна, – самымі радыкальнымі спосабамі. Мы не адменім права «вета» ў Савеце Бяспекі сваёй воляй і не правядзем зараз такое рашэнне на Генасамблеі, але рана ці позна ўсім, хто пажадае далучыцца да працы нашай навуковай структуры, стане ясна, што неабходнасць у вайне як сродку адстойвання сваіх інтарэсаў ужо адпала. І, як следства, адпала неабходнасць не толькі ў інстытуце права «вета», але і ў самім Савеце Бяспекі. Навошта ваяваць, калі можна дасягнуць мэт з дапамогай навукі і дыпламатыі? Навошта інвеставаць грошы ў зброю, калі значна прасцей ўкласці гэтыя сродкі ў мірныя шляхі павышэння дабрабыту народаў?

Мы павінны аб’явіць любую вайну заганнай і незаконнай, а любую дзяржаву, якая праявіць агрэсію, злачыннай. Любы агрэсар павінен быць цалкам ізаляваны ад сусветнай супольнасці усімі сродкамі: адмовай ад пастаўкі ці, наадварот, куплі энергіі і тэхналогій, адключэннем ад SWIFT, калі спатрэбіцца – ваенным прымусам да міру і вяртаннем status quo любымі даступнымі сродкамі. Кожны, хто пажадаў бы першым адкрыць агонь, павінен ведаць, што ўжо заўтра яго краіна абрынецца ў каменны век. Хіба гэта не лепшы сродак вырашэння ўсіх спрэчак? Гэта жорстка і недыпламатычна, затое дзейсна. Інструментам для вырашэння любых дамаганняў – тэрытарыяльных, эканамічных, нацыянальных – якраз і павінна стаць Генасамблея ААН, у гэтым яе сапраўдная роля – быць вярхоўным медыятарам ва ўсіх міждзяржаўных спрэчках. Калі бакі ігнаруюць рашэнні вярхоўнага медыятара, яны павінны сысці прэч з палітычнага поля і забыцца пра любую будучыню ў рамках агульначалавечай сям’і.

Па-трэцяе (і апошняе), мы павінны зрабіць створаную арганізацыю і новую дактрыну міждзяржаўнай палітыкі цэнтральнай кропкай для асвятлення ўсімі інфармацыйнымі рэсурсамі кожнай краіны свету на многія гады наперад. Цяпер чалавецтва не гатовае да такіх радыкальных захадаў, але гэта толькі пытанне свядомасці абывацеля. Між іншым, Гітлер убіў чалавеканенавісніцкую дактрыну ў галовы мільёнаў немцаў усяго за некалькі гадоў з дапамогай прапагандысцкай машыны Гебельса і татальнай хлусні. Нам жа не трэба хлусіць, наша дактрына чалавекалюбная, у ёй ёсць месца для кожнага жыхара Зямлі, чаму ж мы не хочам даць ёй ход?

Я замоўк, каб перавесці дух.

– Гэта максімальна кароткі пераказ усяго таго, над чым я працаваў апошні год, таго, што распісана куды больш падрабязна, даходліва і значна менш эмацыйна ў дакументах, якія вы прасілі мяне патлумачыць, доктар Эш. Я гатовы адказаць на ўсе вашы пытанні, аднак, апярэджваючы іх, я хачу заўважыць, што я ні ў якім разе не чакаю, што вы кінецеся з гэтым пакетам дакументаў у кабінет Генеральнага Сакратара і будзеце патрабаваць іх разгляду на Генасамблеі. Гэта было б занадта ўтапічна нават для мяне.

Эш сядзеў з каменным тварам, слухаючы мяне. За гэтай маскай немагчыма было разгледзець і адгадаць, што адбываецца ў яго галаве: ці было гэта разуменне і адабрэнне, рэзкае адмаўленне і абурэнне, альбо ж саркастычная пагарда.

На хвіліну ў кабінеце ўсталявалася мёртвая цішыня. Затым Эш задуменна падціснуў вусны з тым, каб у наступную хвіліну расцягнуць іх ў лёгкім падабенстве ўсмешкі.

– Вам трэба было нарадзiцца Напалеонам, вы так не думаеце, доктар Глінскі? Вы хочаце зламаць усю сістэму міждзяржаўных адносін адным сваім жаданнем, і – вы дазволіце гаварыць шчыра? – вашы прапановы настолькі ўтапічныя і нават месцамі дзіцячыя, што я не зусім разумею, дзе вы гаворыце сур’ёзна, а дзе жартуеце.

– Вы параўналі мяне з Напалеонам, доктар Эш, гэта прыемна. У мяне ёсць адна рыса, якая яднае мяне не толькі з гэтым выбітным гістарычным дзеячам, але і з іншымі вялікімі заваёўнікамі ў гісторыі чалавецтва, і яшчэ адна, якая цалкам зводзіць усё падабенства на нішто. Чынгісхан казаў так: «Ведаеш чаго я хачу? Я хачу каб прыгожая дзяўчына ў прыгожых строях пранесла залатое блюда ад Жоўтага мора да Чырвонага і не баялася ані за сваё блюда, ані за сваё адзенне, ані за свой гонар». Чулі гэтую фразу?

– Прызнацца, не.

– Я чуў яе ад прэзідэнта Татарстана Менціміра Шайміева. Не магу паручыцца за тое, што яна на самой справе належыць Чынгісхану, роўна як і за дакладнасць цытавання. Аднак, калі прыняць на веру, што гэта праўда, то я магу сказаць пра сябе, што я сапраўды хацеў бы таго ж. Вось толькі, у адрозненне ад Вялікіх мінулага, я не хачу вайны і крыві для будучага росквіту. Я лічу, што дасягнуць яго можна без забойстваў, пакут і гвалту.

– Ухвальна. Але так заяўлялі многія, і ніхто з іх не стаў Месіем – хтосьці быў проста вар’ятам, а хтосьці нарадзіўся нашмат раней за свой час і, не сустрэўшы разумення, памёр у невядомасці і бяссіллі. Вашы прапановы нежыццяздольная, так да каго ж вы можаце аднесці сябе: да вар’ятаў, або да тых, хто жыве не ў сваю эпоху?

– Што ж, не мне судзіць аб уласнай адэкватнасці. Што ж тычыцца другога варыянту – вы самі не можаце вызначыцца. Спачатку вы сказалі, што я спазніўся гадоў на дзвесце, цяпер сцвярджаеце, што мой час, наадварот, пакуль не прыйшоў.

– Я проста выказаў здагадку. Нават калі вашы прапановы – гэта дзіцячая наіўнасць, здараецца, што і яна таксама па-свойму геніяльная, бо дзіця пазбаўлена штампаў і забабонаў дарослага і бачыць усё максімальна проста, без паўтонаў, якія часам існуюць толькі ў свядомасці старэйшых. Аднак раскажыце мне, чаго вы хочаце? Як вы правільна заўважылі, я не кінуся на прыём да Генеральнага сакратара з гэтымі паперамі, што ж тады я магу зрабіць для вас і вашай работы?

– Мне патрэбна меркаванне дарослага і дасведчанага чалавека, які бачыць усё паўтоны.

– Ваша іронія зусім не была тонкай, доктар Глінскі. Я хачу, каб вы разумелі, што я зараз размаўляю з вамі толькі таму, што ў мінулым мы шматкроць звярталіся да вас і, верагодна, будзем звяртацца ў будучыні – за распрацоўкай сацыялагічных і паліталагічных праграм, якія рэальна працуюць на практыцы. Дарэчы, дазвольце мне трохі адхіліцца ад тэмы. Скажыце, чаму вы не пагадзіліся на пастаянную працу ў Сакратарыяце? Мы прапаноўвалі вам дастаткова высокія пасады шмат разоў, аднак вы заўсёды адхілялі нашы прапановы. Што кіруе вамі?

– Доктар Эш, я нагаварыў шмат непрыемных рэчаў пра сістэму, у якой вы працуеце і ў якую хочаце зацягнуць мяне. Я зарабляю дастаткова грошай для існавання, якое мяне задавальняе, у тым ліку і на кантрактах з вамі. Мне не трэба больш. Але я хачу разумець, што я магу рабіць тое, што лічу патрэбным – нават калі гэта не знаходзіць разумення. Мне даводзілася працаваць у бюракратычнай дзяржаўнай сістэме, калі я быў маладзейшы – ва Усходняй Еўропе непаваротлівы дзяржапарат – гэта, на жаль, норма жыцця. Я быў вымушаны выконваць абсалютна бескарысную, на маю думку, працу, якая ніколі не прыносіла ані задавальнення мне, ані карысці людзям. Так, сэнс Сакратарыята ААН зусім іншы, аднак форма шмат у чым падобная: усе бюракратычныя сістэмы ў свеце амаль аднолькавыя. Я ўжо стаміўся ад гэтай бессэнсоўнасці, фальшу і фальсіфікацыі рэальнай працы ў маладосці, так навошта я павінен паўтараць гэтую памылку цяпер?

– Што ж, па меншай меры гэта было шчыра. Не магу пагадзіцца з вамі ва ўсім, аднак і спрачацца не стану – у першую чаргу таму, што вы падумаеце, быццам я абараняю Сакратарыят і яго працу як сваё дзецішча, хоць гэта зусім не так. Аднак я падыскутую з вамі з нагоды тэзісаў, якія вы выклалі.

Як я ўжо сказаў, вы хочаце зламаць усю далікатную сістэму міждзяржаўных адносінаў адной толькі сваёй воляй, але вы не разумееце, што для будаўніцтва нават гэтай, мякка кажучы, няўстойлівай сістэмы спатрэбілася сусветная вайна, пагроза ядзернага апакаліпсісу, незлічоная колькасць гуманітарных і ваенных крызісаў. Усё гэта прымусіла краіны хоць неяк дамаўляцца паміж сабой, каб пазбегнуць банальнага знікнення з палітычнай карты свету. Вы, здаецца, забываеце, што ААН – гэта не наглядны орган, не міжнародны паліцэйскі, які з дубінкай стаіць на скрыжаванні, і нават не пажылы дзед, які назірае, па вашых словах, за небяспечнымі гульнямі падлеткаў. ААН – гэта ўсяго толькі перамоўная пляцоўка, дзе бакі, якія маюць свае інтарэсы, адрозныя ад інтарэсаў іншых, могуць вырашаць канфліктныя сітуацыі неваенным шляхам. Могуць – і часам нават імкнуцца гэта рабіць. ААН не можа прымусіць кагосьці да міру, даць ці не даць тэхналогіі і эканамічныя прэферэнцыі ў абмен на адмаўленне ад вайны. Гэта робяць самі краіны, якія ўдзельнічаюць у перамовах у залах пасяджэнняў Савета Бяспекі і Генасамблеі. Вы першапачаткова пераблыталі магазін адзення з краўцом, дык што вы хацелі пачуць ад нас? Для таго, каб вашы прапановы былі ператвораныя ў жыццё, патрэбныя заявы ў іх падтрымку ад кіраўнікоў найбольш уплывовых краін свету. Вы зможаце забяспечыць такія заявы хоць бы ад кіраўнікоў ЗША, Расіі і Кітая? Асабіста я – не. Заўважце, я нават не кажу пра ўсе дзяржавы, якія засядаюць у Савеце Бяспекі, і ўжо тым больш проста пра большасць на Генасамблеі.

Гэта першае. Далей – вы патрабуеце перагляду бюджэту ААН з мэтай фінансавання гэтай арганізацыі. Скажу вам яшчэ больш: мала проста перагледзець гэты бюджэт і пераразмеркаваць артыкулы. Неабходна радыкальна павялічыць бюджэт. Колькі вам спатрэбіцца на стварэнне такой арганізацыі, матэрыяльнай базы, лабараторый, палігонаў, на прыцягненне спецыялістаў, лагістыку і забеспячэнне? Дзесяць мільярдаў? Дваццаць? Сто? І гаворка ж ідзе толькі пра пачатковую стадыю. Бюджэт ААН на 2014–2015 гады склаў пяць з паловай мільярдаў долараў. А хто працягне фінансаванне арганізацыі міратворчых місій, неабходнасць у якіх не знікне нават пры ўмове рэалізацыі вашых мар яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў? Хто будзе працягваць фінансаванне дзеля рэагавання на гуманітарныя крызісы? На працу Сакратарыята, Генасамблеі і Савета Бяспекі? У рэшце рэшт, чаму вы забываеце пра тое, што гэты самы бюджэт складаецца з унёскаў усё тых жа краін-удзельніц? Таму такое рашэнне прымаецца імі ж на Генасамблеі, а не ў кулуарах офіса ў Нью-Ёрку ці Жэневе. Вы павінны пераконваць не мяне, а краіны-донары. І, паверце, калі здарыцца цуд і вы пераканаеце іх, Сакратарыят не толькі не будзе мець жадання, але і юрыдычнага права перашкаджаць рашэнню Генасамблеі. Але для гэтага трэба быць не проста Напалеонам, з якім я вас параўнаў першапачаткова. Для гэтага вы павінны мець як мінімум аўтарытэт Напалеона, Гая Юлія Цэзара, Аляксандра Македонскага і прэзідэнта ЗША ў дадатак. Прабачце ўжо мяне за шчырасць, але пакуль вы не валодаеце такім аўтарытэтам.

Вы бачыце ідэальныя карцінкі ўтапічнага свету, у якім няма вайны і ўсім хапае хлеба, вады і бензіну. Ах, выбачайце, у сістэму вашага свету бензін не ўпісваецца, я забыўся. Але мы жывём у рэальнасці, закіданай інфармацыйнымі зводкамі з палёў бітваў і месцаў захопу закладнікаў. І нафта тут усё яшчэ найкаштоўнейшы рэсурс, а не анахранізм, якім яе бачыце вы ўжо сёння. Чалавек забіваў заўсёды, і, верагодна, будзе забіваць надалей, я не бачу перадумоў для таго, каб змяніць гэтую сітуацыю. У гісторыі не было зваротнага і, баюся, не будзе. Наша задача – зрабіць так, каб прадухіліць не ўсе смерці, а тысячу, дзве, тры, сто тысяч; каб мужчыны забівалі толькі ўзброеных мужчын, а не бяззбройных жанчын, дзяцей і старых. Каб, нарэшце, палегчыць пакуты тых, хто ўсё-ткі трапіў пад абстрэл, за кошт забароны боепрыпасаў са змешчаным цэнтрам цяжару, супрацьпяхотных мін і бомб, баявым элементам якіх з’яўляецца белы фосфар. Чаму вы лічыце, што нашых намаганняў недастаткова?

– Ці спрабаваў хто-небудзь у гісторыі, доктар Эш, пераадолець цягу чалавека да забойства за кошт страху перад адсутнасцю будучыні ці, наадварот, прэферэнцый, пры якіх забойства стане бессэнсоўным? Альбо мы так і будзем вечна скуголіць аб тым, што ў гісторыі не было такіх прэцэдэнтаў і не будзе ніколі – па меншай меры пры нашым жыцці? Мне здаецца, што гэта замкнёнае заганнае кола, якое мы нават не хочам паспрабаваць разарваць.

– Ну што ж, кідайце выклік сістэме, доктар Глінскі. Калі ваша мара – барацьба з ветракамі, то я ўмываю рукі. Дарэчы, я не скончыў свае высновы. Апошняй вашай прапановай было ўнушэнне абывацелям ва ўсім свеце выключнай важнасці і патрэбнасці вашай праграмы. Няўжо вы не ведаеце, наколькі небяспечна гуляць са свядомасцю мас, нават маючы на ўвазе добрыя мэты? Усе эксперыменты, якія праводзіліся на гэтую тэму, былі праваленыя з трэскам. Некаторыя скончыліся вялікай крывёй і прывялі да незваротных наступстваў. Вы хочаце паспрабаваць яшчэ раз?

– Паўтаруся, я не заклікаю да гвалту, змены дзяржаўных межаў, пераследу па тых ці іншых прыкметах. Мая дактрына – гэта гуманізм ва ўсіх яго праявах. Роўныя магчымасці для кожнага – так, гэта агучвалі многія, але ніхто з іх не думаў, што будзе, калі даць гэтыя самыя роўныя магчымасці людзям ва ўмовах дэфіцыту прадуктаў харчавання, энергіі і доступу да выгод, з якім мы сутыкаемся ўжо цяпер. Я думаю пра тое, як вырашыць корань праблемы, а не яе следства, як зрабіць так, каб больш не было сэнсу змагацца за стратэгічныя крошкі.

– Вы і сапраўды ўявілі сябе месіем.

– Не, усяго толькі чалавекам, які не блытае хвост з галавой.

– Адкуль вы ведаеце, што на самой справе што? І чаму вы лічыце, што толькі вы бачыце свет у адзіна правільным святле?

Я ўздыхнуў.

– Я разумею, доктар Эш. Вам здаецца, што я вар’ят. Але ж вар’яцтвам было б патрабаваць ад вас імгненных дзеянняў, а я ўсяго толькі прапаную сваё бачанне праблемы, не чакаючы, што вы будзеце ўвасабляць у жыццё ідэі, якія падаюцца вам утапічнымі.

Эш раптоўна абмяк у сваім крэсле.

– Вы нават не ўяўляеце, як моцна я стаміўся за гэтыя дванаццаць гадоў. Калі я заняў свой пост, я быў энергічны, як шчанюк джэк-расэл-тэр’ера. На твары не было маршчын, а на галаве – ніводнага сівога воласа. Зараз я стары, які з цяжкасцю перасоўваецца з кабінета ў аўтамабіль. Можа быць, вы якраз мелі на ўвазе мяне, калі параўноўвалі ўсю сістэму ААН з састарэлым маразматыкам?

– Крый божа. Я не схільны атаясамліваць цэлую сістэму з адным чалавекам.

– Я ў апошні час часта задаю сабе пытанне, чаму я так рэзка пастарэў за гэтыя гады. Задаю – і ніяк не магу знайсці адказу. Прабачце за бестактоўнае пытанне, колькі вам гадоў, доктар?

– Трыццаць шэсць.

– Вы зусім малады. Але чаму ў вас ужо паўгалавы пасівела, хоць вам яшчэ нават не споўнілася столькі гадоў, колькі было мне, калі я заняў крэсла намесніка Генеральнага сакратара?

Я нацягнута ўсміхнуўся.

– Усё занадта проста, доктар Эш. У вашым жыцці ніколі не было безнадзейнасці, якая ціснула б на вас са дня ў дзень, з года ў год. Гэты прэс зваліўся на вас разам з непасільнай ношай вашай пасады. Вы нарадзіліся ў нябеднай сям’і, хадзілі ў прыстойную школу, вучыліся ў Сарбоне, ваша кар’ера ішла ўгору і вы не думалі ні пра што, акрамя як пра наступную прыступку вашага развіцця. Усё ваша жыццё складалася з ланцужка «праблема-рашэнне-крок на наступны ўзровень». Вы не апускалі галаву, таму што бачылі перад сабой цікавыя задачы і іх рашэнне. Вы не ведалі галечы, закона джунгляў звычайнай школы для простых смяротных у бедных краінах. Для вас ніколі не існавала маральнага выбару, які ўзнікае ў чалавека, што толькі атрымаў зарплату і ў тую ж хвіліну думае не пра тое, на якія добрыя рэчы ён яе выдаткуе, а пра тое, як яму паступіць: заплаціць за чарговы рамонт старой машыны, адкласці смешныя капейкі на далёкую і амаль нязбытную мару або плюнуць на ўсё і спусціць усе грошы на дзіця, якому так хочацца купіць на лета новую вопратку і вялікую цацку. Вы ніколі не ведалі, як гэта – мець на руках толькі што атрыманыя капейкі, думкамі ўжо быць там, дзе ад іх не засталося нічога, а наступная зарплата толькі праз тыдзень. Вы не ведалі, што ўласнае жыллё, якое памерам і якасцю ледзь пераўзыходзіць сабачую будку, можа быць нязбытнай марай. Не ведалі, што падарожжы нават у суседнія краіны могуць быць страшным цяжарам для сямейнага бюджэту, адужаць які практычна не ўяўляецца магчымым, асабліва калі на руках малое дзіця, якому патрэбнымінімальны ўзровень камфорту і запас асабістых рэчаў – чаго не могуць прапанаваць малабюджэтныя авіярэйсы. Божа, ды пра што я кажу, вы нават не зусім можаце ўявіць сабе краіну, у якой няма лаўкост-перавозчыкаў! А так жывуць мільёны, калі не мільярды людзей ва ўсім свеце! Калі б вы паглядзелі на простых мужчын і жанчын вашага ўзросту ў маёй краіне, вы жахнуліся б ад таго, якімі старымі яны выглядаюць, калі, вядома, наогул яны дажываюць да такіх гадоў.

Я сам так пражыў больш за палову свайго жыцця. Але я змог вырвацца з гэтай страшнай багны і пазбавіцца таго самага прэсу, які цісне на звычайных людзей штосекундна, нават у моманты радасці, а ўжо тым больш у хвіліны няшчасця. Я сказаў бы, што гэта поспех, але я не веру ў яго – толькі ў пякельную працу, якая не пакідае сіл ні на што: ні на падарожжы, ні на забавы, ні, часам, нават на сям’ю.

А гэта ж норма для многіх там, дзе само асяроддзе не дае думкі пра тое, што бывае іншае жыццё. Яны рана старэюць і рана паміраюць, пакінуўшы самае святое, што было ў іх – свае нерэалізаваныя мары. Менавіта яны – мары – згінаюць іх пазваночнік, шчодра пасыпаюць інеем галовы, тупым нажом размякчаюць лінію зморшчын на твары. І так з года ў год, з пакалення ў пакаленне. Вы пражылі шчаслівае жыццё, у якім не было гэтага прэсу, здольнага давесці да вар’яцтва. Я адказаў на ваша пытанне?

Эш пацягнуўся і ўзяў са стала рамку з фатаграфіяй.

– Вы дарэмна гаворыце пра мяне як пра чалавека, які не бачыў пакут у сваім жыцці. Па службе мне, як, зрэшты, і вам, даводзілася бываць у такіх месцах, у параўнанні з якімі тое, што вы апісваеце, падалося б раем проста таму што ёсць само жыццё і ёсць праца, якая можа хоць неяк гэтае жыццё забяспечыць.

– Вы бачылі гэта, доктар Эш, а бачыць і быць часткай гэтага – дзве вялікія розніцы. Вы заўсёды вярталіся, вам было куды вярнуцца. У людзей, якія жывуць такім жыццём, вяртацца няма куды.

– У вас ёсць дзеці, доктар Глінскі?

– Дачка.

– Колькі ёй?

– Нядаўна споўнілася пяць гадоў.

– І вы часта бачыцеся з ёй?

– Не так часта, як хацелася б. Мы з жонкай развяліся, калі дзіцёнку было два гады. З таго часу ў мяне атрымліваецца быць з ёй у лепшым выпадку два-тры месяцы на год.

– У мяне таксама дачка. Яна дарослая, ёй дваццаць дзевяць. Яна даўно жыве сваім жыццём, і я бачу яе значна радзей, чым вы сваю, доктар. Яна не шкадуе аб гэтым. Я быў дрэнным бацькам: знікаў на працы, прычым мая кар’ера заўсёды прадугледжвала, што большую частку свайго часу я буду праводзіць далёка ад дому. Яна вырасла без майго асаблівага ўдзелу. Без яго ж вывучылася, занялася працай у гуманітарных місіях. Мне часам здаецца, што яна мае на мяне крыўду за тое, што мяне было так мала ў яе дзяцінстве. Але часцей я думаю, што ёй ужо даўно ўсё роўна. Яна згадвае мяне на святы, часам тэлефануе, але не больш за тое. Я сам вінаваты ў гэтым.

Эш працягнуў мне рамку. Я ўзяў яе і з цікавасцю зірнуў на выяву. Гэта быў не сучасны фотаздымак, а старая картка, з якой на мяне глядзела дзяўчынка гадоў дзесяці побач з самім Эшам, якому было тады на дваццаць гадоў менш, а выглядаў ён маладзейшым гадоў на трыццаць пяць. Дачка шчасліва смяялася ў руках бацькі.

– Яе імя Элеанора. Я нават дакладна не ведаю, у якой частцы свету яна знаходзіцца зараз: у Афрыцы або ў Азіі.

– Дзіўнае імя для французскай дзяўчынкі.

– Мама Элі была амерыканка. Яна была вельмі таленавітай і амбітнай жанчынай. Многія, дарэчы, укладваюць у слова «амбіцыйнасць» негатыўны сэнс, хоць я лічу, што гэта цудоўная якасць, якой павінен валодаць кожны чалавек. Вялікіх учынкаў не бывае без амбіцыйных памкненняў. Мая жонка не здзейсніла нічога вялікага, хоць яна марыла пра тое, каб быць карыснай усім людзям. Гэта яна выбрала імя Элеанора – у гонар свайго куміра, Элеаноры Рузвельт.

– Больш чым годны прыклад для пераймання.

– Я быў супраць. Але якое права голасу я меў, калі не мог нават павіншаваць дзяўчынку на Каляды? Яна настаяла, і я змірыўся. Зрэшты, мне здаецца, маёй дачцэ падыходзіць гэтае імя. Яна амбіцыйная, валявая, імклівая. Не такая, як я. Я тройчы падумаю, перад тым, як нешта зрабіць, але гэта асаблівасці маёй інэртнасці і, што тут хаваць, майго ўзросту. Яна ж паступае так, як лічыць патрэбным, рашэнне яна прымае імгненна і заўсёды яно аказваецца правільным. Напэўна, гэта свайго роду інтуіцыя, якой Гасподзь надзяліў мяне куды менш, чым яе. Усе мае рашэнні дакладна вывераныя і прааналізаваныя. Яна абыходзіцца без пакутлівых роздумаў – проста робіць тое, што лічыць патрэбным, і ніколі не памыляецца.

– Вы шкадуеце аб тым, што ваша жыццё склалася менавіта так?

– Хутчэй не, чым так. Ведаеце, я прагматычны чалавек. Я зрабіў шмат важных рэчаў, якія прынеслі карысць многім людзям – хай мае дзеянні, як вы толькі што пераканаўча мне даказвалі, былі зусім не такімі эфектыўнымі, як хацелася б. Мая дачка вырасла самастойным і незалежным чалавекам, які ніколі не згубіцца ў жыцці. Я шкадую толькі аб тым, што так мала бачыў яе, калі яна была дзіцем. Гэта, хутчэй, эгаізм, чым нешта іншае, але адзіныя дні, якія я хацеў бы змяніць, былі менавіта тады. І яшчэ я шкадую, што так і не даў маці Элі таго, што яна хацела – адчування моцнай сям’і. Яна памерла некалькі гадоў таму, так і не дачакаўшыся мяне з чарговай камандзіроўкі. Цяпер мы не зможам разам сустрэць старасць, а значыць і мне засталося толькі працаваць да апошняга моманту, бо знік адзіны сэнс майго выхаду ў адстаўку.

– І вы будзеце чапляцца за працу ў Сакратарыяце толькі таму, што баіцеся старасці?

– Я баюся не старасці, я баюся старасці ў адзіноце. Гэта сапраўды мая фобія, і я не хаваю яе. Зрэшты, ці буду я працаваць у Сакратарыяце, вырашаць не мне. Мне важны сам факт працы.

– Дзеля самой працы, а не дзеля выніку?

– Я палічыў бы за лепшае не адказваць на гэтае пытанне. Вынікі ацэняць пасля таго, як мяне не стане.

– Вам жа больш няма чаго губляць, доктар Эш? Вы дасягнулі вяршыні свайго жыцця, вам няма чым рызыкаваць. Вы намеснік Генеральнага сакратара ААН, у вас мноства рычагоў уздзеяння. Я гатовы проста зараз перадаць вам поўны пакет дакументаў і права на іх выкарыстанне, гатовы забыцца аб сваім аўтарстве на іх і ніколі больш не ўспамінаць аб ім. Там распісана ўсё: стратэгія, планаванне, бюджэт, чаканыя вынікі і рызыкі. Дайце гэтым дакументам ход, няхай іх абмяркуюць усе зацікаўленыя. Мне не патрэбныя лаўры пераможцы, я хачу толькі, каб мая распрацоўка прынесла карысць людям. Хай рэалізуюцца не ўсе мае прапановы, хай гэта будзе выглядаць не зусім так, як я ўяўляў, проста дайце шанец усім нам!

– Вы памыляецеся. Мне ёсць чым рызыкаваць. Пагадзіцеся, ёсць розніца паміж старым вар’ятам і намеснікам Генеральнага сакратара найбуйнейшай міждзяржаўнай арганізацыі ў гісторыі чалавецтва. Я хацеў бы застацца ў памяці людзей не першым, а другім. Мы можам абмяркоўваць з вамі ў сяброўскай гутарцы любыя ўтапічныя ідэі, але паверце, як толькі я – не вы! – вынесу іх з гэтага кабінета, Генасамблея і Савет Бяспекі вырашаць, што я з’ехаў з глузду. Я страчу ўсё, што стварыў за сваё жыццё ў лічаныя дні. Чаму вы думаеце, што я павінен нават не рызыкаваць – гарантавана знішчаць сваё жыццё і сваю рэпутацыю?

– Дапусцiм. Дайце тады хоць бы савет, што мне рабіць далей?

– Вам? Вяртацца да сваёй дачкі і не паўтараць маіх памылак. Рабіце тое ж, што і раней: займайцеся распрацоўкай праектаў, якія сапраўды працуюць і прыносяць карысць.

– Але ж гэтага недастаткова.

– Лепш малая карысць, чым ніякая, хіба не так?

– Іншымі словамі, вы раіце мне знішчыць прапанаваны вам дакумент і ніколі больш не вяртацца да яго, каб не стаць пасмешышчам?

– Навошта знішчаць? Захавайце яго. Быць можа, аднойчы свет будзе гатовы да перамен і вашы прапановы знойдуць патрэбных людзей.

– Свет ужо змяняецца, доктар Эш. Да перамен павінен быць гатовы не ён, а мы.

– Хіба не мы з вамі – не дэлегаты Генасамблеі, не палітыкі, навукоўцы, рабочыя і хатнія гаспадыні – і ёсць свет? Вы маеце поўнае права не прыслухоўвацца да маіх парад. Але вы павінны ведаць, што грамадства не любіць Дон-Кіхотаў. І калі аднойчы вас заклеймяць, у гэтым будзеце вінаватыя толькі вы.

– Я і так не прывык нікога вінаваціць у сваіх бедах, доктар Эш. Я ўсё жыццё выцягваю людзей з іх бед, куды іх зацягнулі іншыя, але мае няўдачы належаць толькі мне.

– Гэта ваша крэда?

– Не, гэта ўсяго толькі вынік доўгіх разважанняў. Я прыйшоў да высновы, што, калі вінаваціць кагосьці ў тым, што ў цябе не атрымліваецца выцягваць самога сябе за валасы наверх, шанцы на поспех рэзка змяншаюцца.

– Вы амбіцыйны чалавек, доктар Глінскі, і мне гэта падабаецца. Мне было б шкада, калі б вы, працягваючы ўпарціцца ў прасоўванні сваіх ідэй, сталі пудзілам для грамадства і засталіся ў баку ад той працы, у якой вы, несумненна, можаце зрабіць яшчэ вельмі многае. Аднак пакуль што іншы вынік мне ўяўляецца сапраўднай фантастыкай. Я прашу вас, кіньце вашу задуму.

Я падняўся.

– Я падумаю над гэтай прапановай, спадар Эш. Прашу вас, не ўставайце, мяне не трэба праводзіць. Дазвольце, я толькі забяру ў вас свае паперы.

Эш кінуў на іх задуменны погляд.

– Вы не маглі б пакінуць іх мне?

– Навошта яны вам? Вы ж не бачыце ў іх ніякай перспектывы.

– Я не сказаў, што ў іх няма рацыянальнага зерня, доктар Глінскі. Я казаў, што я не бачу перспектывы рэалізацыі вашай прапановы, але гэта не значыць, што яна пазбаўленая сэнсу і практычнай карысці. Скажам так, я хацеў бы пакінуць іх для асабістага карыстання і я абяцаю, што інфармацыя, якая там утрымліваецца, не будзе выкарыстана не па прызначэнні.

– Ці значыць гэта, што ў мяне ёсць шанец, што аднойчы вы скарыстаецеся гэтай інфармацыяй так, як мы абмяркоўвалі з вамі?

– Баюся, што не. Я проста прашу вас зрабіць мне падарунак.

– Што ж, мне не шкада паперы, доктар Эш.

– Вы дорыце мне не паперу, а матэрыял для разважанняў. Гэта непамерна больш каштоўны прадукт.

Я падсунуў сваё крэсла да стала і падаў руку намесніку Генеральнага сакратара па палітычных пытаннях доктару Эдману Гаспару Эшу. Ён паціснуў яе, усё-ткі падняўшыся на ногі.

– Выкарыстоўвайце гэтыя паперы так, як вам будзе заўгодна, доктар Эш.

– Дзякуй. Думаю, хутка мы зноў папросім вашай дапамогі, Якуб. Будзьце на сувязі.

– Не ў бліжэйшы месяц. Я планую адпачыць ад усяго ў сваім лесе.

– Дамовіліся. Не ў бліжэйшы месяц. Дзякуй вам за гэтую гутарку.

– Дзякуй вам. Бывайце.

Эш кіўнуў.

За мной зачыніліся дзверы. Тыя самыя, адзіныя, у якія я мог пастукацца з надзеяй на разуменне.

Я вяртаўся дамоў.

Дэманы доктара Глінскага

Подняться наверх