Читать книгу Дэманы доктара Глінскага - Сяргей Егарэйчанка - Страница 4

Частка першая
3. Палкоўнік Гор

Оглавление

Быў вечар, калі я пакінуў кабінет доктара Эша. Самалёт, на якім я павінен быў вяртацца дадому, вылятаў толькі наступным днём з Нюарка. Мяне чакаў дзевяцігадзінны пералёт на 767–м і чатырохгадзінная стыкоўка ў Вене.

З дзяцінства самалёты прыводзілі мяне ў захапленне. Пачуццё глыбокай павагі перад імі не прайшло да гэтага часу, але боязь палётаў я так і не змог перамагчы. Я ненавідзеў палёты. Ненавідзеў лятаць у прынцыпе, таму знаходзіцца ў салоне самалёта больш за тры гадзіны было для мяне непераноснай пакутай.

Што праўда, страх палётаў быў у мяне не заўсёды, ён з’явіўся раптоўна, на пустым месцы. Мне хапіла некалькіх дзён зносін з чалавекам, які пакутаваў на жудасную аэрофобію, падчас адной з маіх самых першых замежных камандзіровак. Тады мне было дваццаць пяць. З тых часоў на ўзлётна-пасадачнай паласе перад разгонам я заўсёды змагаўся з панічнай атакай, прымушаючы сябе дыхаць настолькі глыбока і павольна, наколькі гэта было магчыма. І яшчэ я ніколі не глядзеў у ілюмінатар пры ўзлёце. Спрабаваў прымусіць сябе расплюшчыць вочы, але не мог. Я так ніколі і не бачыў моманту адрыву самалёта ад зямлі.

Трохі супакойваўся я толькі калі самалёт клаўся на зададзены эшалон. Ужо на пасадцы я адчуваў сябе ў поўным парадку, хоць галавой я заўсёды разумеў, што гэта самая небяспечная частка палёту. Але блізка зямля была для мяне пазбаўленнем ад маіх пакут, і сваім знаёмым я жартам казаў, што на пасадцы ўжо не страшна падаць: што такое пару соцень метраў уніз? Суразмоўцы ўсміхаліся.

Зрэшты, я заўсёды ведаў, чаму мне страшна лятаць. Я намагаўся кантраляваць сваё жыццё і ступень небяспекі, якой я яго падвяргаю. Некалькі разоў я бываў за крок ад сур’ёзных аварый, знаходзячыся за рулём, і ў такіх выпадках я заўсёды сам змагаўся за сваё жыццё – хай на рэфлексах і не аддаючы сабе справаздачы ў сваіх дзеяннях, паспяваючы спалохацца толькі пасля таго, як усё было ўжо скончана. Думка пра падзенне самалёта, калі ты нічога не можаш зрабіць для свайго выратавання, была для мяне непераноснай, і менавіта гэтай вымушанай пакоры няўхільнаму лёсу я баяўся больш чым самой смерці.

Заўтра мне трэба было зноў самавольна замкнуць сябе ўнутры вялізнага лайнера на паўдня і спрабаваць не даць паніцы вырвацца вонкі.

Гэта было цяжка не толькі маральна, але і фізічна. Улічваючы тое, што я толькі ўчора прайшоў праз гэтую працэдуру і не паспеў як след адысці ад стомы, у мяне не было ніякіх іншых жаданняў, акрамя як зваліцца на ложак і заснуць, набіраючыся сіл перад будучай экзэкуцыяй. Я ведаў, што паспаць у самалёце ў мяне ўсё роўна не атрымаецца.

Гасцініца «Hampton inn», дзе я ўчора спыніўся, знаходзілася ў двух кроках ад Сакратарыята, на 42–й вуліцы. Гэта было не самае таннае месца з усіх магчымых, але яно было ідэальнае у плане размяшчэння і выгод у выпадку рабочай паездкі. Зрэшты, дарагой гэтую гасцініцу назваць таксама было нельга: яна цалкам адпавядала маім фінансавым магчымасцям. Я жыў у ёй і раней, у свае папярэднія паездкі ў Нью-Ёрк, і не хацеў змяняць звычкі.

Сказаць па праўдзе, я быў зусім не такі пераборлівы ў пытаннях выбару гатэляў. Я памятаў свае першыя камандзіроўкі ў сябе на радзіме, у якіх я мог дазволіць сабе толькі месца ў клапоўніку, які, па дзіўным непаразуменні, насіў ганарлівую назву «гасцініца». У такіх установах было страшна ўсё: невыносная спякота летам і холад, які прабіраў да касцей, узімку, процьма казурак у нумарах, ложак, старэйшы за самога пастаяльца, і пастаяннае карканне варон пад акном. Мяне собіла спыніцца ў такой праз шмат гадоў пасля знаёмства з гэтым тыпам гасцініц – тры гады таму, і я быў нямала здзіўлены, што за дзесяць гадоў не змянілася нічога. І пра даброты цывілізацыі накшталт кандыцыянераў і бесправаднога інтэрнэту адміністратар тут добра калі чытаў у газетах. Так жыла і, мабыць, будзе жыць яшчэ доўгія гады правінцыя ў мяне дома. Я не сталічны сноб, але пасля такіх месцаў практычна любыя гасцініцы цалкам адпавядалі маім сціплым патрабаванням.

Адкрыўшы дзверы магнітнай карткай, я закінуў партфель у кут, сцягнуў туфлі, не расшнуроўваючы іх, і паваліўся на шырокі ложак.

Я дрэнна сябе адчуваў, што было характэрна для мяне пры моцнай стомленасці. Вельмі балеў страўнік і нылі цягліцы ў нагах – тыповыя сімптомы маёй дарожнай хваробы.

Хацелася забрацца пад коўдру і забыцца хутчэй, але ў мяне не было сіл нават зняць адзенне, не кажучы ўжо пра тое, каб схадзіць у душ – чаго настойліва патрабавала спатнелае цела.

Так я і ляжаў амаль дзве гадзіны, пагрузіўшыся ў свае думкі.

Вынік сённяшняга дня быў цалкам заканамерны і чаканы. Я спадзяваўся незразумела на што, замаўляючы квіткі ў Нью-Ёрк. Надзеі больш не было, і мне трэба было вырашыць, што рабіць далей.

Я вырашыў пакінуць пакутлівыя разважанні на час палёту.

Верагодней за ўсё, я быў вымушаны так ці інакш паслухацца парады Эша. Самая высокая інстанцыя, у якую я мог звярнуцца, аказалася безуважнай да мяне.

Мне быў патрэбны час, каб прымірыцца з гэтым.

Гэты час я хацеў правесці на радзіме.

Я раптам пакутліва захацеў дадому.

Там, у васьмі тысячах кіламетраў ад Нью-Ёрка, мяне чакае двухпавярховы драўляны домік, які стаіць на краі ляснога масіву. Я рэдка бываў у ім, марнуючы большую частку свайго часу ў паездках, і ад гэтага мяне яшчэ больш цягнула да яго.

Я прадаў кватэру ў горадзе і ўклаў грошы ў будаўніцтва, як толькі зразумеў, што мяне больш нішто не ўтрымлівае ў шэрых панэльных шматпавярхоўках – ні жаданне быць сярод іншых людзей, ні неабходнасць ездзіць кожную раніцу на працу ў пэўнае месца, ні, тым больш, сумніўнае задавальненне хадзіць у супермаркеты, нібы на экскурсію.

Мне было добра аднаму.

І яшчэ лепш мне было з дачкой.

Я вяртаўся, каб прысвяціць ёй увесь наступны месяц.

А потым, растварыўшы ўсю сваю стомленасць ў лесе, зноў заняцца тым, што ў мяне атрымлівалася добра.

Я заснуў, так і не разаслаўшы ложак і не зняўшы вопратку.

Сняданак я, вядома, праспаў. Праспаў бы і абед, калі б ён уваходзіў у кошт майго нумара.

Калі я прывёў сябе ў парадак, часу было ўжо ўпрытык.

Экспрэс ад «Гранд Сэнтрал» даставіў мяне ў Нюарк прыкладна за пятнаццаць хвілін да завяршэння рэгістрацыі на рэйс.

Я праігнараваў электронныя тэрміналы і накіраваўся да ўсмешлівай дзяўчыны за стойкай «Аўстрыйскіх авіяліній». Яна бегла прагартала мой пашпарт, прасканавала яго, пацікавілася наяўнасцю багажу. Я пакруціў галавой. Мае сціплыя пажыткі цалкам змяшчаліся ў ручную паклажу, таму я стараўся ніколі не падарожнічаць з чамаданамі.

Мне вярнулі пашпарт з укладзеным у яго пасадачным талонам, суправаджаючы гэтую працэдуру інструкцыямі па выхадзе на пасадку і пажаданнем прыемнага палёту. Я падзякаваў дзяўчыне і адправіўся ў паказаным кірунку.

Яшчэ праз дваццаць хвілін, пасля праходжання працэдур мытнага кантролю, кішка тэлетрапа вывела мяне ў салон Боінга 767–300. Ён быў запоўнены практычна цалкам, таму выбраць месца на рэгістрацыі мне не прапаноўвалі. Пасадачны талон сцвярджаў, што маё крэсла размяшчалася ў бакавым шэрагу ў праходзе. Улічваючы маю нелюбоў да віду з ілюмінатара, я быў задаволены гэтым фактам.

Перад тым, як закінуць сумку на багажную паліцу, я выняў адтуль планшэт, затым зняў пінжак, нядбайна запхнуў яго разам з сумкай наверх і сеў у крэсла. Хацелася піць, але я вырашыў дачакацца ўзлёту.

Суседняе ад мяне месца пуставала, нягледзячы на тое, што пасадка была ўжо скончана і іншых свабодных крэслаў я не бачыў.

У разліковы час узлёту самалёт усё яшчэ стаяў ля тэлетрапа. Сцюардэсы паведамілі, што вылет затрымліваецца. Я адкінуў галаву на падгалоўнік і закрыў вочы.

Прыкладна праз дзесяць хвілін прычына затрымкі стала зразумелая.

У салон бадзёрым крокам увайшоў мужчына гадоў сарака —мяркуючы па твары, араб – апрануты ў белую кашулю і светлыя штаны. Ён быў коратка стрыжаны, дзе-нідзе праглядвала сівізна, на твары было жорсткае, ідэальна выраўнаванае шчацінне.

Расцягнуўшы вусны ў вінаватай усмешцы, ён выбачыўся перад сцюардэсай, тая, у сваю чаргу, таксама усміхаючыся яму, паказала, як прайсці да яго крэсла.

Як я ўжо згадваў, адзінае вольнае месца знаходзілася каля ілюмінатара побач са мной, таму я практычна не сумняваўся, што наступныя дзевяць гадзін я правяду ў кампаніі з віноўнікам затрымкі нашага вылету.

Сапраўды, параўняўшыся са мной, мужчына спыніўся, кінуў позірк на пасадачны талон, затым на нумар месца, пасля чаго ўтрамбаваў невялікую дарожную сумку на багажную паліцу побач з маім партфелем.

Я падняўся ў праход, каб ён мог бесперашкодна сесці ў сваё крэсла, аднак мой спадарожнік чамусьці не спяшаўся скарыстацца маёй прапановай. З сумам паглядзеўшы на ілюмінатар, ён зноў расцягнуў на твары тую ж вінаватую ўсмешку, з якой заходзіў у самалёт, і звярнуўся да мяне.

– Я прашу прабачэння, магу я папрасіць вас памяняцца са мной месцамі? Разумееце, я вельмі баюся лятаць, і ад віду вышыні ў ілюмінатары мяне пачынае нудзіць. Не магу настойваць на сваёй просьбе, аднак буду вельмі ўдзячны вам, калі вас яна не абцяжарыць.

Спачатку я хацеў быў адказаць яму, што ў мяне тая ж праблема, аднак затым перадумаў. У рэшце рэшт, я бачыў людзей са значна больш цяжкай аэрофобіяй, чым у мяне самога, і месца было для мяне не прынцыповым пытаннем. У вакно я мог цалкам сабе не глядзець. З усмешкай кіўнуўшы галавой, я сеў у далёкае крэсла, у той час як мой спадарожнік прызямліўся побач і ў тую ж хвіліну зашпіліў рамяні.

– Вялікі вам дзякуй, вы моцна мне дапамаглі.

– Не варта. Магу зразумець вашу праблему.

– На самой справе? У вас нешта падобнае? Можа быць, мне не трэбабыло вас прасіць аб гэтай паслузе?

– Усё добра. Я таксама крыху баюся лятаць, але для мяне няма вялікай розніцы, у якім крэсле пераносіць палёт.

Араб усім сваім выглядам выказваў шкадаванне.

– Яшчэ не позна памяняцца. Мне вельмі няёмка, што я прымусіў вас перасесці.

– Мы ўжо на рулёжцы. Не будзем нерваваць сцюардэс. Мне сапраўды не прынцыпова месца ў салоне, таму вы ніколькі мяне не абцяжарылі.

– Што ж, у такім выпадку яшчэ раз дзякуй. Прабачце мне маю дапытлівасць, вы ляціце да Вены?

– Не, далей у мяне яшчэ адна перасадка, ужо дадому.

– У мяне таксама, – араб цяжка ўздыхнуў. – Чортавыя самалёты. Часам я зайздрошчу людзям, якія яшчэ пяцьдзясят-шэсцьдзясят гадоў таму падарожнічалі ў Амерыку на караблях.

– На караблях гайданка, таксама не самае прыемнае выпрабаванне.

– Не магу судзіць аб гэтым, я не пакутую на марскую хваробу. У самалёце мяне ванітуе не ад гайданкі, а ад адчування, што да паверхні матухны-зямлі трыццаць тысяч футаў пустаты. Пачынаеш адчуваць уласную нікчэмнасць і бездапаможнасць. А я, ведаеце, не люблю адчуваць сябе нікчэмным – выдаткі тэмпераменту.

Я ўсміхнуўся.

– Але ж вам ніхто не забараняе і сёння перасоўвацца праз акіян па моры.

– Мой дарагі сябар, мы жывём у свеце, які не церпіць ні дня прамаруджвання. Морам можна плыць у Штаты ў сваё задавальненне, калі ты нікуды не спяшаешся. Страціць больш за тыдзень проста таму, што баішся лятаць, недаравальна для чалавека, якому трэба вырашаць неадкладныя пытанні.

Гаваркі араб пачынаў мне падабацца.

– Адкуль вы?

– Катар. Дазвольце прадставіцца, Тамім Гор.

Я паціснуў працягнутую руку.

– Якуб Глінскі.

– Вы паляк? – Гор ажывіўся. – Мне шмат даводзілася працаваць з палякамі.

– Вымушаны расчараваць. Я беларус. Мой дзед быў паляк, мяне назвалі ў яго гонар.

– Беларус? У вашай краіне, на жаль, бываць не даводзілася.

– Гэта звычайная гісторыя. Многія замежнікі ў падарожжах па Усходняй Еўропе не бываюць далей за Варшаву. А калі і бываюць, то накіроўваюцца наўпрост у Маскву. Гэта сумны факт для нас. Але мне прыемна, што вы хаця б не пытаецеся, у якой частцы Расіі знаходзіцца мясцовасць, адкуль я родам.

– Ну што вы. Я даволі нядрэнна арыентуюся ў мапе свету. Хоць падазраю, што ваша іронія заснавана на горкім вопыце.

– Мабыць, так.

Самалёт спыніўся на ўзлётнай паласе. Гор глыбока ўздыхнуў.

– Прашу мне прабачыць. Я вымушаны перарваць нашу размову. На ўзлёце мне заўжды становіцца млосна.

– Хацеў сказаць вам тое самае.

– Мяне суцяшае, што я знайшоў душу, якая мяне разумее. Яшчэ раз дзякуй вам за тое, што ласкава пагадзіліся выручыць мяне.

Гор адкінуўся на спінку крэсла і заплюшчыў вочы.

Рухавікі зараўлі, і мяне ўціснула ў сядзенне. Мімаходам я падумаў пра тое, якой вар’яцкі магутнай павінна быць цяга, здольная адарваць шырокафюзеляжны самалёт ад зямлі і не даць яму абрынуцца ўніз. Потым думкі зніклі, я прымушаў сябе павольна і глыбока ўдыхаць, супакойваючы шалёны грукат сэрца.

Разбег, здавалася, доўжыўся цэлую вечнасць, а затым з’явілася тое самае ненавіснае мной пачуццё: яшчэ не бязважкасць, але ўжо адсутнасць чагосьці надзвычай неабходнага для камфортнага існавання. 767–ы цягнула ўверх быццам на нябачных тросах, гэтае напружанне я фізічна адчуваў кожнай клетачкай цела, і ўва мне не засталося нічога, акрамя жывёльнага страху перад магчымым абрывам гэтых тросаў ад нечалавечага нацяжэння.

Праз хвіліну я расплюшчыў вочы і паглядзеў у ілюмінатар.

Мы былі ўжо высока.

Гор ўсё яшчэ сядзеў з заплюшчанымі вачыма, учапіўшыся збялелымі пальцамі ў падлакотнік. Узлёт даваўся яму відавочна цяжэй, чым мне. Праз нейкі час ён нарэшце з асцярогай разляпіў павекі і агледзеўся па баках. Яго дыханне пакуль яшчэ не прыйшло ў норму, і ён баяўся адпусціць рукі.

– І гэта ж толькі пачатак, – прастагнаў ён. – Чортаў прагрэс, чортавая глабалізацыя, чортавае сціранне межаў! Лепш месяц скакаць на кані, чым хвіліну правесці ў самалёце.

– Не перабольшвайце. Вы ствараеце ўражанне цывілізаванага чалавека. Няўжо ўсё настолькі дрэнна?

– А вы самі няўжо не замянілі б самалёт на нешта іншае, калі б у вас такая магчымасць?

Я засмяяўся.

– Што ж, можа быць. Вось толькі замест каня, мабыць, я аддаў бы перавагу аўтамабілю. Шкада, што Еўропу і Штаты не звязвае хайвэй.

Гор нарэшце адпусціў няшчасныя падлакотнікі.

– Калі раптам будзем падаць, будзьце ласкавыя, зламайце мне шыю адразу ж.

– Прабачце, не магу. Бо калі я зраблю гэта з вамі, хто акажа мне такую ж паслугу?

Араб агаліў белыя зубы.

– Адзін-адзін, Якуб. Вы дазволіце вас называць вас па імені?

– Калі ласка, Тамім.

– Вы былі ў Нью-Ёрку па нейкіх працоўных пытаннях?

– Хутчэй, па асабістых. А вы?

– Бізнэс, Якуб. Вялікія грошы патрабуюць вялікіх пакут, як бачыце.

– Вы гэта пра самалёты?

– Вядома.

– А якога роду бізнэс, калі не сакрэт?

– Толькі не смейцеся: я займаюся авіяперавозкамі і перапродажам самалётаў.

Не смяяцца я не мог. Гор ветліва ўсміхнуўся за кампанію.

– Прабачце мне… Гэта на самой справе даволі смешна – бачыць чалавека, які зарабляе на авіяцыі і пры гэтым да смерці баіцца лятаць.

– Разумею. Калі б я быў на вашым месцы, то таксама смяяўся б. Што зробіш, гэты бізнэс дастаўся мне ў спадчыну, і я не маю права яго прадаць. Да таго ж, ён прыносіць нядрэнныя прыбыткі.

– Што ж вы тады робіце ў салоне эканом-класа аўстрыйскіх авіяліній?

– Разумею ваш недавер. Аднак арабская марнатраўнасць не больш чым забабон. Мы ўмеем лічыць грошы не горш за іншых. Я мог бы перасоўвацца на асабістым самалёце, але лічу за лепшае накіроўваць сродкі ў тыя сферы, дзе яны насамрэч неабходныя. Для мяне не мае ніякага значэння, каму належыць самалёт, у якім мне страшна лятаць. Так навошта пераплочваць?

– Магчыма, вы і маеце рацыю. Хоць не магу сказаць, як бы я да гэтага ставіўся, калі б мог дазволіць сабе асабісты самалёт.

– Падазраю, што гэтак жа. Мне здаецца, што асабісты самалёт неабходны толькі нуварышам, якія яшчэ не паспелі найграцца ў сваё багацце, або суперзоркам, якім хочацца спакою і адзіноты хоць бы ў небе. Калі ты проста заможны чалавек, якога, аднак, не пазнае на вуліцах кожны другі, то і патрэбы ў гэтым прадмеце раскошы няма ніякай. А чым вы зарабляеце на жыццё, Якуб?

– Збольшага пісанінай.

– То бок, вы пішаце кнігі?

– Не зусім. Я пішу планы, праграмы, праекты і іншую бязглуздзіцу. Сацыялагічныя і паліталагічныя даследаванні на службе дзяржаў і грамадскіх арганізацый.

– Вы працуеце самі на сябе?

– Па большай частцы, так.

– І хто ваш апошні кліент, калі не сакрэт?

– ААН і ўрад Бельгіі.

– Нядрэнна, трэба сказаць! Напэўна, вы добра зарабляеце?

– Гледзячы з чым параўноўваць, – я ўсміхнуўся. – У параўнанні з вамі я жабрак, але, тым не менш, мне хапае на жыццё. Скардзіцца было б несумленна.

– Што ж, гэта цалкам годны падыход. Вы, здаецца, казалі, што накіроўваецеся дадому?

– Так. Хачу адпачыць ад паездак і працы хоць бы месяц.

– Мне таксама хацелася б кінуць усё і адправіцца да сябе. Парадокс заключаецца ў тым, што ў мяне гэта атрымаецца толькі калі мая справа пацерпіць крах.

– Як гэта?

– Разумееце, я лячу ў Вену, не ведаючы, куды адпраўлюся далей. Усё залежыць ад таго, ці змагу я пераканаць патрэбнага мне чалавека дапамагчы мне ў маёй працы. Калі я акажуся недастаткова пераканаўчым, мне давядзецца, так ці інакш, адправіцца ў Доху. Калі ж мне пашанцуе, хутчэй за ўсё, мяне чакае яшчэ адно падарожжа праз паўсвету.

– Чаго вы хочаце больш?

– Слова гонару, я стаміўся ад самалётаў да азвярэння. Але разумееце, ад размовы ў Вене залежыць не толькі поспех маёй справы, але і рэалізацыя вельмі важнага праекта, які мае значэнне не толькі для мяне.

– У такім выпадку, жадаю вам поспеху.

– Дзякуй. Я адлучуся на хвіліну.

Гор адшпіліў рамяні і падняўся.

Я адвярнуўся да ілюмінатара. Далёка ўнізе сінеў акіян. Мы яшчэ не ляглі на эшалон, аднак табло «Прышпіліць рамяні» ўжо згасла.

Гор падаўся мне цікавым чалавекам. Мая першапачатковая насцярожанасць у дачыненні да яго практычна цалкам знікла, саступіўшы месца зацікаўленасці. Хоць мне было камфортней падарожнічаць, не кантактуючы ні з кім, аднак я ўсё-ткі быў рады, што побач са мной апынуўся добры суразмоўца, а не маўклівы надзьмуты балван.

Сцюардэсы разносілі напоі. Я папрасіў віна. Выканаўшы маю просьбу, сцюардэса павярнулася да Гора, які вяртаўся з прыбіральні.

– Чаго жадаеце?

– Будзьце ласкавыя, піва.

Араб злавіў мой здзіўлены погляд.

– Асуджаеце?

– Крый Божа. Не маю на тое ніякага права.

– Я мусульманін, але я ўсё-ткі прагрэсіўны і цывілізаваны чалавек, як вы заўважылі, Якуб. Хрысціяне таксама далёка не заўсёды строга прытрымліваюцца Бібліі, і гэта не замінае ім лічыць сябе добрапрыстойнымі паслядоўнікамі Хрыста. Я не злоўжываю алкаголем, аднак магу зрэдку яго сабе дазволіць. Напрыклад, для зняцця стрэсу, як цяпер.

– Нічога не маю супраць, Тамім. Наадварот рады, што вы не закасцянелі ў рэлігійных догмах, як многія іншыя.

– Усё павінна быць у меру, я лічу. І ўзровень рэлігійнасці, і адступленні ад яе. Тады чалавек становіцца збалансаваным і гатовым да жыцця ва ўсіх яго праявах.

Я падняў бакал.

– Ваша здароў’е, Тамім.

– Ваша, Якуб.

Самалёт выраўняўся. Мы выйшлі на эшалон. Наступныя сем з паловай гадзін пры нармальным збегу абставін павінны былі прайсці без усялякіх змен.

– Дык значыць вы, Якуб, працуеце, па большай частцы, з буйнымі гульцамі на рынку. А вам даводзілася выконваць працу для камерцыйных арганізацый?

– Даследаванні рынку і ўсё ў гэтым духу? Не, гэта не мой профіль. А вы хочаце прапанаваць мне працу?

Гор шлынуў піва і ўсміхнуўся.

– Не, мой бізнэс не мае патрэбы ў даследаванні рынка. У мяне ёсць кліенцкая база, пад патрэбы якой я працую, і ніякага жадання пашырацца ў мяне няма.

– Дзіўныя словы для бізнэсмена. Як правіла, усе хочуць маштабаваць сваю справу.

– Толькі не я. Ведаеце, я кантралюю невялікі сегмент рынку, які дазваляе мне не бедаваць. Сам бізнэс даўно надакучыў, дакладней надакучыла матывацыя. Грошай мне хапала заўсёды, а вось бізнэс дзеля бізнэсу мяне ніколі не вабіў. Вось чаго сапраўды хацелася б – дык гэта паменшыць уласны галаўны боль, які ўзнікае па прычыне залішняй занятасці. Як я ўжо казаў, прадаць справу я не магу (такія ўмовы тэстаменту), але ў ім нічога не сказана пра тое, што я павінен гэтую самую справу развіваць да нейкіх сапраўды сур’ёзных маштабаў.

– Вы хочаце шчаслівай бяздзейнасці?

– Не зусім. Я хачу рабіць штосьці, што мне падабаецца. У апошні час я атрымліваю задавальненне ад дабрачыннасці. Што вы думаеце пра гэтую з’яву?

– Гледзячы што вы маеце на ўвазе. Адзін мудры чалавек сказаў аднойчы, што дабрачыннасць – гэта калі ты з жонкай не пасварыўся з раніцы, і ведаеце, Тамім, у яго словах нешта ёсць. Так пра якую дабрачыннасць вы кажаце?

– Мы дапамагаем дзецям, Якуб. Тым, хто мае патрэбу ў тэрміновым лячэнні, тым, хто пацярпеў ад баявых дзеянняў, тым, хто страціў бацькоў і апекуноў.

– У Катары ёсць такая праблема?

– Хіба я згадаў дзесьці Катар? Мы прымаем дзяцей з усяго свету, аказваем ім медычную і рэабілітацыйную дапамогу цалкам бясплатна, лечым іх, вучым, дапамагаем адысці ад мінулага жыцця і навучыцца самім клапаціцца пра сябе. Гэта пачаў рабіць яшчэ мой бацька, пры ім быў заснаваны рэабілітацыйны цэнтр у Доху, якім я зараз фармальна кірую.

– Чаму фармальна?

– Таму што я не спецыяліст. Я выконваю выключна адміністрацыйную і апякунскую функцыі. Пэўны адсотак ад прыбытку майго бізнэсу я пералічваю на развіццё гэтага цэнтра. У планах адкрыць міжнародную школу для дзяцей, якія страцілі бацькоў праз войны. Мая мара – зрабіць так, каб дзеці, якія будуць там вучыцца, вырасталі сапраўднымі грамадзянамі свету, пазбаўленымі забабонаў і страхаў, якія навязваюць звычайным дзецям іх асяроддзе і сваякі, што ніколі не бачылі рэальнага жыцця.

– Антыглабалісты вас задзяўбуць.

– А ім зусім неабавязкова ведаць пра гэта. На жаль, нашы магчымасці шырокія, але не бязмежныя. У свеце жывуць тысячы і тысячы дзяцей, якім мы хацелі б дапамагчы, але не маем магчымасці. Нават самыя багатыя кампаніі ў свеце не ў стане вылечыць усіх і даць ім адукацыю. Мы не афішуем сваю дзейнасць, таму што ў адваротным выпадку нам давялося б шмат адмаўляць тым, каму мы не можам дапамагчы, а гэта занадта жорстка: працягнуць руку адным і не прыняць іншых.

– Тады па якім прынцыпе вы выбіраеце тых, каму будзеце аказваць дапамогу?

– У нашым штаце ёсць некалькі супрацоўнікаў, якія займаюцца пастаянным маніторынгам дабрачынных фондаў і навінных стужак па ўсім свеце. Мы старанна правяраем усіх, хто, на нашу думку, сапраўды мае патрэбу ў нашай дапамозе, вывучаем іх гісторыі, ацэньваем нашы магчымасці ў адпаведнасці з іх патрэбамі. Амаль палова з усіх першапачаткова запоўненых электронных картак адсейваецца – гэта тыя, хто можа пачакаць, каму здольныя аказаць дапамогу і аказваюць яе іншыя, або тыя, каму дапамагаць ўжо занадта позна. Досыць вялікі працэнт складаюць фіктыўныя гісторыі – прыдуманыя ашуканцамі, часцяком настолькі ўмела і з выкарыстаннем настолькі якасных падробленых дакументаў, што нават сур’ёзныя дабрачынныя арганізацыі не заўважаюць падвоху. Мы ўмеем вылічаць такіх і перадаём інфармацыю сілавым структурам, у чыёй юрысдыкцыі знаходзяцца злодзеі. Аднак, нягледзячы на нашы намаганні, гэта цэлы нелегальны рынак, які зарабляе на даверлівасці людзей з вялікім сэрцам. Фінальнай стадыяй нашай праверкі, дарэчы, з’яўляецца вочная стаўка з тымі, хто будзе з’яўляцца канчатковым атрымальнікам нашай дапамогі – з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Гэтыя самыя супрацоўнікі, якія працуюць у нас, знаходзяцца ў пастаянным руху па ўсім свеце, і паведамленне з нашай прапановай аб дапамозе не атрымлівае ніхто без такой вочнай стаўкі. Хоць часам бывае неверагодна цяжка знайсці тых, хто нам патрэбны, бо ў большасці сваёй мы працуем у самых бедных краінах свету, там, дзе ў самым разгары альбо толькі што скончыліся баявыя дзеянні.

– Якой колькасці людзей вы можаце дапамагчы ў год?

– Гэта вельмі невялікія лічбы, Якуб: парадку трыццаці чалавек. Пры гэтым трэба разумець, што мы не можам вылечыць дзіця або паставіць яму пратэзы і выкінуць яго назад у той кашмар, з якога мы забралі яго. Даводзіцца шукаць для такіх дзяцей новы дом і новую будучыню. Пошукі часам займаюць працяглы тэрмін і адбіраюць шмат дадатковых сродкаў. І нават калі яны заканчваюцца поспехам, далёка не ўсе пакідаюць сцены нашага рэабілітацыйнага цэнтра ўсяго праз год. Таму рэальная лічба тых, хто штогод атрымлівае шчаслівы білет, на жаль, яшчэ меншая.

– Але ж тых, хто мае патрэбу не трыццаць, а значна больш. Як вы выбіраеце?

– Сляпы выпадак. Кампутарная праграма рандомнага выбару. Калі ўсё толькі пачыналася, адбор рабіўся кіраўніком фонда ўручную. Мой бацька ўсляпую даставаў з мяшка картку з напісаным на ёй імем дзіцяці. Я змяніў гэтую сістэму, таму што я не магу выконваць функцыі Усявышняга, гэта вельмі вялікі маральны цяжар. Цяпер кожнаму кандыдату мы прысвойваем шыфр, і кампутар выпадкова вызначае патрэбную нам колькасць шыфраў. Я нават скінуў з сябе абавязак націскаць на кнопку запуску праграмы – зараз гэта робіць адзін з нашых супрацоўнікаў.

– Колькі гадоў ваша арганізацыя ўжо займаецца гэтым?

– З тысяча дзевяцьсот васьмідзясятага года. Ужо трыццаць шэсць гадоў. З іх шаснаццаць ёй кірую я – пасля смерці бацькі.

Колькім дзецям вы дапамаглі?

– Сямісот дваццаці чатыром. Гэта калі не лічыць тых, хто цяпер знаходзіцца пад нашай апекай. У нас былі дзеці з усяго зямнога шара. І ўладкоўваем іх мы таксама па ўсім свеце. Большасць з іх ужо дарослыя і цалкам самастойныя людзі. Самым першым дзецям, прынятым на лячэнне ў Доху, ўжо больш гадоў, чым мне самому, бо бацька заснаваў гэты цэнтр, калі мне было чатыры гады.

– Ваш бацька, мяркуючы па ўсім, быў вялікі чалавек, Тамім.

– Зусім не – калі, вядома, не блытаць веліч з нормай. Ён быў тым, да чаго павінен імкнуцца кожны: чалавекам, які дабіўся поспеху сам і які накіраваў поспех у добрую справу. Тут няма подзвігу і няма велічы, ёсць толькі нармальная мадэль паводзінаў любога чалавека, які любіць жыццё – сваё і чужое, незалежна ад веравызнання. Я імкнуся да таго ж, хоць мушу прызнаць, што часам маіх намаганняў і маёй матывацыі недастаткова.

– Але тады чаму вы не хочаце маштабаваць бізнэс хаця б дзеля таго, каб перанакіроўваць больш грошай на развіццё вашага цэнтра?

– Вы думаеце абсалютна правільна, Якуб. Дабрачыннасць павінна быць разумнай, і мала карысці ад чалавека, які ахвяраваў усё сваё жыццё выключна служэнню астатнім. Чалавек, у якога нічога няма, няшмат можа даць тым, хто жыве ў нястачы. Значна больш разумная мадэль – дамагчыся поспеху самому і ахвяраваць непараўнальна больш. Так рабіў мой бацька. Верагодна, аднойчы я прыйду да таго, каб прызначыць кіраўніка для маёй кампаніі, які зможа зрабіць больш чым я. У мяне няма ўласнага самалёта, я прадаў яго на карысць цэнтра, ёсць толькі самалёт, які належыць кампаніі, яго я пазбавіцца не магу, хоць бы таму што неабходнасць у ім для справы мне відавочная. Аднак з продажам самалёта ў мяне атрымалася перадаць больш за дваццаць мільёнаў на добрую справу – гэта звыш таго, што я штогод пералічваю ад даходаў майго бізнесу. Магчыма, гадоў праз дзесяць я вырашу цалкам пакінуць сямейную справу і тады зраблю менавіта так: застануся ўладальнікам, але перадам кіраванне камусьці больш кампетэнтнаму. Аднак цяпер ёсць яшчэ адзін праект, над якім я працую, і гэта не дазваляе мне пераключыцца цалкам.

– Вы аперыруеце вельмі маштабнымі ідэямі і сумамі, Тамім. Верагодна, ваш новы праект з той жа серыі? Гэта таямніца, у чым ён заключаецца?

Гор паціснуў плячыма.

– Пакуль што я звязаны пэўнымі абавязацельствамі і не магу раскрываць падрабязнасцей. Аднак гэтая справа значна маштабней чым усё, пра што я вам расказаў, і, спадзяюся, яна прынясе яшчэ больш карысці.

– Дзеля яе вы ляціце ў Вену?

– Па большай частцы, так. Як я ўжо казаў, мне трэба заручыцца падтрымкай аднаго чалавека для паспяховай рэалізацыі праекта. Гэта вельмі мудры чалавек, але пераканаць яго будзе нялёгка, тым больш, што ў мяне будзе вельмі мала часу, каб зрабіць гэта. Аднак я павінен хаця б пастарацца.

– Мне знаёмае гэтае пачуццё – калі ад цябе мала што залежыць, але прыкладаць намаганні ўсё адно трэба, проста таму што інакш нельга. Не далей чым учора я адчуваў яго.

– У вас не атрымалася?

– На жаль, не.

– Але вы ўсё роўна не здаяцеся?

– Цяжка не здавацца, калі не бачыш іншых шляхоў. Аднак я спадзяюся, што гэта яшчэ не канец. Назавём гэта адступленнем для перагрупоўкі.

– Ды вы стратэг, Якуб! Мой бацька казаў, што настойлівасць – гэта рыса не толькі смелых, але і ўдачлівых. Я ўпэўнены, што вам пашанцуе.

– Дзякуй.

– З вашага дазволу, я паспрабую паспаць. Хто ведае, калі ў наступны раз у мяне атрымаецца заснуць, трэба выкарыстоўваць любую магчымасць.

– Я вам зайздрошчу. Хоць, здаецца, я не так моцна баюся лятаць як вы, Тамім, аднак спаць у паветры я катэгарычна не магу.

– Гэта ўсяго толькі ўменне кантраляваць свой арганізм. Для гэтага патрэбны воля, доўгія трэніроўкі і веданне некалькіх простых прыёмаў. Прымусіць сябе адключыцца можна ў любых умовах, нават пад абстрэлам. Я хачу папрасіць вас: калі прынясуць вячэру, скажыце, каб не будзілі мяне. Без ежы я магу жыць значна даўжэй, чым без сну.

– Дамовіліся.

Гор апусціў спінку крэсла, выцягнуў ногі і заплюшчыў вочы. Праз хвіліну ён ужо сапраўды спаў. Я падумаў пра тое, што трэба будзе папрасіць яго перад пасадкай раскрыць свой сакрэт і, пры магчымасці, патрэніравацца самому. Падобнае ўменне, відавочна, не зашкодзіла б і мне.

Наступныя гадзіны прайшлі ў кампаніі мультымедыйнай сістэмы 767–га. Гор спаў неверагодна моцна, і нават невялікая трасяніна на пятай гадзіне палёту не разбудзіла яго, ён толькі нячутна прамармытаў нешта і павярнуў галаву на іншы бок. Улічваючы, што мяне турбулентнасць здольная была нават падняць з мёртвых, на хвіліну я засумняваўся, ці не разыграў ён спектакль пра сваю боязь палётаў.

А восьмай раніцы па часе Вены запалілася табло «прышпіліць рамяні». Мы заходзілі на пасадку.

Гор расплюшчыў вочы і развёў рукамі, размінаючы мышцы.

– Як прайшоў палёт?

– Як бачыце, мы ўсё яшчэ жывыя, Тамім, – значыць усё добра.

– Так, сапраўды. Як кажуць пілоты, удалай пасадкай лічыцца тая, з якой ты можаш сысці сваімі нагамі… Зрэшты, мы яшчэ не селі, так што расслабляцца рана.

– А вы, я гляджу, аптыміст. Як спалася?

– Выдатна. Я нават адчуваю сябе бадзёрым, а гэтага эфекту вельмі цяжка дасягнуць у крэсле самалёта. А вы так і не паспалі?

– Ніколі не спаў у самалёце. Не магу. Падзяліцеся сваім метадам, раптам мне спатрэбіцца.

– Я магу параіць вам пэўную літаратуру, якая вам дапаможа. А ў цэлым, усё досыць проста. Трэба ўмець правільна дыхаць і цалкам адключаць свае думкі, не пакідаючы ў свядомасці нічога, акрамя пустэчы.

– Гэта як?

– У кожнага свае спосабы. Мне асабіста дапамагае прадстаўляць, што я кірую сваёй свядомасцю, як пілот кіруе самалётам: я магу шчоўкнуць спецыяльным тумблерам, і запальванне выключыцца. Адзін шчаўчок – і свет вакол знікае. Але гэтаму трэба вучыцца і трэніраваць свае здольнасці. Перад сном паспрабуйце цалкам супакоіць і розум, і цела, глыбока дыхайце, думайце пра што-небудзь прыемнае і ненавязлівае. Разважайце пра тое, што вы хацелі б убачыць у сне. А потым, калі падрыхтуеце сябе, уявіце гэты самы тумблер і зрабіце з ім тое, што павінны зрабіць. Адразу, хачу папярэдзіць: ні з першага разу, ні з другога ў вас, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Так трэба рабіць кожны раз перад сном на працягу месяца, двух або больш – у кожнага па-свойму. Аднак рана ці позна гэта ўвойдзе ў звычку, і, каб спакойна заснуць, вам не давядзецца нават рыхтаваць сябе да гэтага – будзе дастаткова шчоўкнуць тумблерам. У вас ёсць візітоўка? Я адправіў бы вам штосьці пачытаць па гэтай тэме.

Я дастаў з кішэні візітоўніцу і ўручыў Гору картку.

– Ці магу я, у сваю чаргу, атрымаць вашу візітоўку?

Араб відавочна збянтэжыўся.

– Прабачце, Якуб, я раздаў у Нью-Ёрку ўсе свае запасы. Але, калі хочаце, я дашлю свае каардынаты ў лісце са спасылкамі.

– Буду ўдзячны.

Па салоне ў апошні раз прайшлі сцюардэсы, правяраючы зашпіленыя рамяні, узнятыя столікі і шторкі ілюмінатараў. Неўзабаве яны таксама занялі свае месцы і прышпіліліся. Да пасадкі заставалася некалькі хвілін.

Я з цікавасцю глядзеў у ілюмінатар.

Я шмат разоў бываў у Вене.

Мне не вельмі падабаўся гэты горад. Я не любіў пампезную архітэктуру імперскіх гарадоў. Гэта тычылася не толькі Вены, але і Лондана, Масквы, Санкт-Пецярбурга і падобных ім. Куды больш мне былі па душы маленькія сярэднявечныя гарады Еўропы або каланіяльная забудова Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Мала хто згаджаўся з маім меркаваннем, але я і не настойваў.

Сёння, зрэшты, мне не трэба было ацэньваць прыгажосць горада. Я не збіраўся пакідаць межы аэрапорта.

Як і на ўзлёце, Гор закрыў вочы і ўчапіўся рукамі ў падлакотнікі. Я ж наадварот адчуваў сябе цалкам нядрэнна і назіраў за тым, як імкліва набліжаецца зямля. Спераду вынырнуў бетон пасадачнай паласы, і праз пару секунд прагучаў удар, які абвяшчаў пра дотык шасі. Зароў рэверс рухавікоў, як быццам салон на некаторы час апынуўся ў самым эпіцэнтры буры, а затым усё сціхла.

Мы каціліся па рулёжцы ў напрамку тэрміналаў з тэлетрапамі. Гор асцярожна расплюшчыў вочы.

– Усё?

– Усё, – засмяяўся я. – Цяпер вы сапраўды зможаце сысці сваімі нагамі, так што пасадка для вас лічыцца ўдалай.

– Нарэшце гэта ўсё скончылася. Шкада толькі, што зусім хутка зноў трэба лезці ў кансервавую банку.

– Мне таксама. Але мяне радуе, што мой наступны палёт будзе доўжыцца менш за дзве гадзіны. Вам, мяркуючы па ўсім, прыйдзецца горш.

– Хто ведае, – задуменна працягнуў Гор.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Не, прабачце, гэта ўсяго толькі думкі ўслых.

Самалёт мякка спыніўся, пасля чаго да яго прыстыкавалася кішка тэлетрапа.

– Мяркуючы па ўсім, нам пара развітвацца, Тамім. Мне ў транзітную залу, вам – на сваю сустрэчу. Я шчыра рады знаёмству з вамі. На жаль, не кожны палёт праходзіць з такім цікавым спадарожнікам. Буду чакаць ад вас паведамлення.

– Не спяшайцеся пакуль развітвацца, Якуб. Мне таксама трэба ў транзітную залу, як і вам.

– Як жа так? А ваша сустрэча?

– Яна і павінна там адбыцца. Справа ў тым, што чалавек, які мне патрэбны, як і вы, у Вене толькі праездам. Таму я і казаў, што ў мяне вельмі мала часу, каб пагаварыць з ім і пераканаць у грунтоўнасці маіх довадаў.

– Мабыць, транзітная зала міжнароднага аэрапорта – гэта адно з самых незвычайных месцаў для запланаванай дзелавой сустрэчы.

– Умоўнасці і выдаткі глабалізацыі, мой дарагі. Сустрэчы прызначаюцца там, дзе гэта магчыма для абодвух суразмоўцаў, і тады, калі ў абодвух ёсць некалькі вольных хвілін. Часам гэта сапраўды даволі незвычайныя месцы і незвычайны час.

– Іншымі словамі, вы праляцелі паўсвету дзеля кароткай размовы ў аэрапорце?

Гор ўхмыльнуўся.

– Магчыма, яно таго вартае. А можа быць і не, але так нават яшчэ цікавей. Давайце будзем выходзіць.

Мы падняліся ў праход, забралі сваю ручную паклажу і рушылі да выхаду. Развітваючыся са сцюардэсай, Гор па-ўсходняму прыклаў руку да грудзей і нахіліў галаву.

У транзітнай зоне я спыніўся перад табло вылету, вывучаючы расклад.

– Колькі ў вас часу? – спытаў Гор.

– Крыху менш за чатыры гадзіны. А ў вас?

– Пакуль не ведаю. Я ж казаў, што мой далейшы кірунак залежыць ад выніку перамоў.

– Але ж у вас павінны быць квіткі на наступны рэйс, інакш вы б не патрапілі ў транзітную залу.

– У мяне на ўсялякі выпадак ёсць квіткі для абодвух кірункаў. Адзін з іх я магу ануляваць, атрымаўшы кампенсацыю.

– А калі вы павінны сустрэцца са сваім суразмоўцам?

– О, досыць хутка. Але пакуль што ў мяне ёсць яшчэ нейкі час. Не хочаце прагуляцца па д’юці-фры?

– Не, дзякуй, я даўно астыў да гэтай забаўкі.

– У такім выпадку, прапаную вам знайсці свабодныя крэслы і прысесці.

– Можа быць, вы хочаце перакусіць? Вы ж у палёце вы нічога не елі.

– Не, дзякуй, я не галодны. Хоць, магчыма, вы хацелі б падсілкавацца? Не? Тады давайце уладкуемся проста тут, – Гор кінуў невялікую сумку побач са свабодным сядзеннем.

Я паклаў свой багаж побач, выцягнуўшы папярэдне планшэт, і мы селі.

– Я праверу пошту. Не люблю доўга пакідаць лісты без адказу.

– Калі ласка, Якуб. Я схаджу вазьму кавы. Не жадаеце?

– Так, калі можна. Вазьміце мне двайны эспрэса.

Тамім кіўнуў і пайшоў. Я падключыў планшэт да сеткі аэрапорта і залез у паштовую скрыню. Сярод спаму не было нічога важнага, толькі ў канцы спісу свежых ўваходных вісеў ліст з паштовай скрыні маёй дачкі.

«Прывітанне, тата! Я сумую. Калі ты вернешся?»

Ліст быў амаль без памылак. Мая малайчынка вучылася хутка.

«Я сёння ж прыеду да цябе, сонейка. Таксама вельмі моцна сумую. Мы цэлы месяц будзем разам. Чакай сёння званка ад мяне. Цалую, тата».

Затым я заўважыў, што да ліста быў прымацаваны файл. Гэта быў фотаздымак. На ім мая дзяўчынка ўсміхалася і махала мне ручкай.

– Гэта ваша дачка? – прагучала за маёй спінай.

Я павярнуўся. Гор стаяў з двума кубачкамі кавы ў руках.

– Калі ласка, прабачце. Я паступіў дрэнна. Я мімаходам убачыў фотаздымак у вас на экране і не ўтрымаўся ад пытання.

– Усё добра, Тамім. Так, гэта мая дзяўчынка.

– Сімпатычная. Колькі ёй?

– Пяць гадоў. Яна ўжо зусім дарослая.

– Сама піша вам лісты?

– Як бачыце.

– Малайчынка. У мяне сын. Ён старэйшы: яму дванаццаць. Завальвае мяне паведамленнямі ў WhatsApp. Вось ваша кава.

– Дзякуй. Колькі я вам вінен?

– Супакойцеся, Якуб. Я зараз таксама вам пакажу фатаграфію свайго сына, калі вы не супраць.

Гор паставіў кубачак на сядзенне і адкрыў сумку. Мяркуючы па ўсім, планшэт ляжаў у самым нізе, таму арабу давялося выцягнуць некалькі празрыстых папак з паперамі, перш чым ён дакапаўся да шуканага прадмета. Папкі ён паклаў побач з кавай, на самы край. Выкладаючы планшэт, ён зачапіў іх рукой, і яны ўпалі на падлогу. Частка папер разляцелася.

Гор вылаяўся скрозь зубы.

– Я дапамагу вам, – я нагнуўся за паваленымі дакументамі.

У наступную секунду я павольна споўз на падлогу, не ў сілах паверыць сваім вачам.

Я трымаў у руках старонку свайго ўласнага праекта, копію якога пакінуў учора ў кабінеце намесніка Генеральнага Сакратара ААН Эдмона Гаспара Эша.

Гор сядзеў над россыпам папер і ўсміхаўся.

– Па праўдзе сказаць, я хацеў абысціся без гэтай залішняй тэатральнасці, але нічога лепш не прыдумаў.

– Якога д’ябла?! Адкуль у вас гэта? Па якім праве вы займелі гэтыя дакументы? Вы выкралі іх з Сакратарыята?

– Прашу вас, Якуб, не так гучна, інакш намі зацікавіцца служба бяспекі аэрапорта, а гэта не патрэбна ні мне, ні вам.

– Я якраз не адмоўлюся, каб вамі зацікавіліся адпаведныя службы. Вы злодзей, які скраў маю ўласнасць!

– Супакойцеся, Якуб, я нічога не краў. Сядзьце назад, і мы з вамі спакойна пагаворым.

Марна спрабуючы трымаць сябе ў руках, я вярнуўся на крэсла.

– Што ж, я вас слухаю. Мне вельмі цікава, хто вы такі на самой справе, як да вас патрапілі гэтыя паперы і што вам ад мяне трэба.

Гор выцягнуў тэлефон.

– Для пачатку я хачу даказаць вам, што не краў гэтыя дакументы. Я пры вас патэлефаную доктару Эшу, і вы самі з ім пагаворыце.

Ён набраў нумар і працягнуў мне трубку.

На тым канцы лініі адгукнуліся практычна імгненна.

– Добры дзень, доктар Глінскі. Спектакль ужо адбыўся?

Голас без сумневу належаў намесніку Генеральнага сакратара.

– Добры дзень, доктар Эш. Можа быць, вы растлумачыце мне, што ўсё гэта значыць?

– Лепш за мяне вам усё растлумачыць палкоўнік Гор. Мая місія заключаецца ў тым, каб пацвердзіць вам факт перадачы вашых дакументаў ад мяне да яго. Ён нічога не скраў, аднак, прадбачачы тое, што вы падумаеце менавіта так, мы запланавалі гэтую размову.

– Палкоўнік? Які, да чорта, палкоўнік?

– Не кіпяціцеся, калі ласка. Лепш пагаварыце з ім. Са свайго боку я прашу прабачэння за тое, што перадаў без вашага ведама праект трэцім асобам. Аднак я хачу запэўніць вас, што я зрабіў так з лепшых памкненняў, і вы можаце безумоўна давяраць гэтаму чалавеку. Я ведаю яго даўно, і ніколі ў мяне не ўзнікала прычын сумнявацца ў ім.

– Цяпер я ўжо не бачу падстаў давяраць нават вам, доктар Эш.

– Гэта ваша права. Тым не менш, я думаю, вам будзе карысна выслухаць Гора. Затым вы будзеце самі прымаць рашэнне, ці верыць яму і мне. Я прашу мне прабачыць, я вымушаны ісці і не магу гаварыць больш. Аднак, калі вы захочаце пасля звязацца са мной, мой асабісты нумар тэлефона вам у любы момант прадаставіць Тамім. Усяго добрага, Якуб. І не прымайце паспешных рашэнняў.

У слухаўцы загучалі кароткія гудкі.

Я цяжка глядзеў на чалавека, які, прадставіўшыся мне бізнэсменам і мецэнатам, апынуўся кімсьці зусім іншым, з няяснымі для мяне мэтамі і намерамі.

– Значыць палкоўнік, так?

– На жаль, не мільянер, усяго толькі палкоўнік, хоць і ў адстаўцы. Я не з’яўляюся дзеючым ваеннаслужачым, але маім старым знаёмым зручна зваць мяне менавіта так.

– Добра. Я вас слухаю. У вас ёсць дваццаць хвілін, каб пераканаць мяне ў тым, што я павінен даверыцца вам.

– Я паспрабую ўкласціся ў адведзены мне час. А далей вы самі вырашыце, ці варта працягваць размову. Хоць мне здаецца, тэма вас зацікавіць.

Мяне сапраўды завуць Тамім Гор. Я родам з Катара. Доўгі час быў на службе ва ўзброеных сілах гэтай краіны. Па абавязку службы мне даводзілася выконваць самыя розныя даручэнні, у тым ліку першых асоб маёй краіны. Адзін час я адказваў за ахову эміра і, па вялікім рахунку, быў яго спецпасланнікам. Зараз я служу не дзяржаве, а канкрэтнаму чалавеку, імя якога я пакуль не магу агучыць, ды яно і наўрад ці пра што-небудзь вам скажа. Гэта вельмі багаты чалавек, і часткова легенду, якую я распавёў вам падчас палёту, я запазычыў з яго ўласнай біяграфіі. За адным толькі выключэннем: я, мякка кажучы, прыменшыў памеры багацця гэтага чалавека і сферы яго інтарэсаў.

Два месяцы таму яму патэлефанаваў доктар Эш і расказаў пра вашу праграму, якую вы даслалі яму для ацэнкі. Мой начальнік (ці гаспадар – як заўгодна) вельмі зацікавіўся вашым праектам. Эш адразу сказаў, што па цэлым шэрагу прычын яго магчымасцей недастаткова нават для таго, каб ініцыяваць разгляд вашых дакументаў, тое ж самае ён, наколькі я ведаю, паўтарыў і вам ўчора. Але ён ведаў, як дапамагчы вам іншым спосабам. У свеце ёсць людзі, для якіх дзяржаўныя інстытуты і нават наднацыянальныя арганізацыі значаць няшмат, а магчымасці ў такіх людзей практычна бязмежныя. Хтосьці выкарыстоўвае гэтыя магчымасці дзеля ўласнага ўзбагачэння, нехта – для патурання ўласнаму славалюбству, хтосьці – на карысць сваім палітычным амбіцыям. Аднак ёсць і такія, каму ўсё вышэйпералічанае мала цікава. Ім цікавыя маштабныя і нават ўтапічныя праекты. Мой гаспадар з такіх. Ён – адзін з нямногіх людзей на зямлі, калі не адзіны, хто мае магчымасці і жаданне дапамагчы вам даць хаця б старт той справе, якую вы прапанавалі Эшу.

У нас ёсць пэўная інфраструктура і рэсурсы, якія мы можам перадаць для развіцця праекта. Мне было даручана сустрэцца з вамі, каб асабіста ацаніць ступень сур’ёзнасці вашых намераў. Нам важна ведаць, наколькі далёка вы гатовыя зайсці. Для нас гэта таксама свайго роду гульня ва-банк. Учора, пасля вашага сыходу з Сакратарыята, я пабываў у Эша і падрабязна абмеркаваў з ім план дзеянняў. Ад яго ж я і атрымаў копію дакумента. Мы прынялі рашэнне даць вам час падумаць аб вашых далейшых кроках і зразумець, што іншых варыянтаў у вас няма. А пакуль што я павінен быў пазнаёміцца з вамі, увайсці да вас у давер. Значна менш шанцаў у мяне было б, калі б я падышоў да вас і расказаў пра ўсё ў лоб. Баюся, вы не сталі б нават слухаць мяне.

Я павінен зрабіць вам канкрэтную прапанову. У вас ёсць два варыянты: пагадзіцца з ёй ці забыць і пра мае словы, і пра мяне, і пра гэтую сустрэчу, назаўжды развітаўшыся са сваёй марай. Я разумею, што вы таксама рызыкуеце ўсім і не абавязаны верыць мне, аднак іншага шанцу, на жаль, у вас не будзе. Вы гатовыя выслухаць гэтую прапанову?

– А ў мяне ёсць выбар?

– Выбар ёсць заўсёды, Якуб. Аднак, я мяркую, што гэта быў станоўчы адказ. Вось прапанова, якую я павінен вам перадаць. Мой гаспадар цалкам згаджаецца з усімі пунктамі, выкладзенымі ў вашай праграме, згаджаецца з яе мэтамі і задачамі. Ён абавязваецца не выкарыстоўваць вашу працу ў сваіх карыслівых мэтах і запэўнівае вас у выключна гуманістычных пазіцыях, на якіх ён аказвае вам падтрымку. Ён перадае вам ва ўпраўленне адасобленую тэрыторыю для пачатку працы над вашай праграмай, інфраструктуру, пабудаваную на яго сродкі; абавязваецца ўкласці сур’ёзныя сродкі ў вашу ідэю з тым, каб даць ёй годны старт. Гэтых сродкаў вам хопіць як мінімум на некалькі гадоў працы.

– А што ўзамен?

– Нічога. Аднак вам давядзецца пагадзіцца з некаторымі зменамі ў праграме, неабходнымі не з-за капрызу майго гаспадара, а з саміх рэалій, у якіх вам давядзецца працаваць. Акрамя таго, вы павінны дазволіць яму апасродкавана ўдзельнічаць у кіраўніцтве вашай праграмай. У яго не будзе ніякага права «вета», вы толькі даяце згоду ўлічваць яго меркаванне і яго пажаданні настолькі, наколькі самі палічыце патрэбным. Гэта ўсё.

– І вы хочаце, каб я пагадзіўся проста тут, у гэтую самую секунду, не ведаючы пакуль нічога, не маючы ніякіх гарантый, не бачачы твару чалавека, які робіць мне гэтую прапанову?

– Што да апошняга – такія яго ўмовы. Ён хоча застацца невядомым нават вузкаму колу людзей, якія будуць працаваць у праекце. Па-першае, ён досыць замкнёны, а па-другое, як я ўжо сказаў, ён кіруецца выключна прынцыпамі гуманнасці, філантропіі і цягі да прагрэсу. Яму не патрэбныя падзякі. Людзі, якія дасягнулі ў жыцці значна большага, чым простыя смяротныя, як мы з вамі, аперыруюць іншымі катэгорыямі каштоўнасцей. Што тычыцца доказаў, я сапраўды не магу даць іх вам у гэтую секунду. У мяне проста іх няма. Аднак я змагу прадэманстраваць іх вам вельмі хутка.

– Калі ж?

– Прыкладна праз дваццаць гадзін – калі вы пагадзіцеся азнаёміцца з імі.

– Патлумачце.

– Я хачу паказаць вам тую самую тэрыторыю, якую мы гатовыя вам перадаць, тыя магчымасці, якія будуць у вашым распараджэнні. Хачу, каб вы ўбачылі ўсё на свае вочы. І толькі тады вы прымеце сваё рашэнне. Вы маеце права адмовіцца зараз і адправіцца дадому, але вы павінны ведаць, што мы больш ніколі не вернемся да гэтай размовы. Альбо вы згаджаецеся проста ацаніць на свае вочы маштаб нашай прапановы, і ўжо тады рабіць свой выбар. Дваццаць гадзін, Якуб – гэта той час, які аддзяляе вас ад доказаў.

– Я ўсё яшчэ не разумею, што значыць гэты адрэзак часу.

– Гэта дарога, якую нам з вамі давядзецца пераадолець.

– Вы хочаце сказаць, што я павінен праляцець паўсвету, каб убачыць тое, што вы хочаце мне паказаць?

– Менавіта. Роўна столькі ў нас зойме пералёт на самалёце, які чакае нас тут, у Швешахце. Гэта з улікам дазапраўкі на Карыбскіх выспах.

– Чалавек, з якім была ў вас запланавана сустрэча ў Вене…

– Не ведаў, пра яе, Якуб. Гэта былі вы.

– Я абяцаў дачцэ, што сёння вярнуся да яе.

– Вы потым папросіце прабачэння перад ёй.

– Гэта нейкі страшны сон.

– Зусім не, Якуб. Вы толькі што атрымалі самую важную прапанову ў сваім жыцці. Хіба гэта можна назваць страшным сном?

Гор падняўся.

– Вы гатовыя адправіцца са мной? Ці мы развітаемся тут?

– Чорт бы вас пабраў. Вы ўявілі сябе Белым Трусам з Краіны цудаў, а мяне хочаце прымусіць згуляць ролю Алісы.

– Гэта не зусім дакладнае параўнанне, аднак, калі яно вам да душы, я не буду з ім спрачацца.

Я цяжка ўстаў.

– Мне трэба будзе патэлефанаваць дачцэ.

– Вы зможаце зрабіць гэта ў самалёце, доктар Глінскі.

– Адкуль мне ведаць, што вы не хочаце нашкодзіць мне?

– О, я клянуся вам, што прымяню гвалт толькі ў тым выпадку, калі самалёт пачне падаць, і мне давядзецца, у адпаведнасці з вашым жа пажаданнем, зламаць вам шыю.

– Хадзем.

Гор падхапіў маю сумку ў свабодную руку і, не азіраючыся, пайшоў да выхаду з транзітнай залы.

Дэманы доктара Глінскага

Подняться наверх