Читать книгу Усё ўлічана. All inclusive - Сяргей Календа - Страница 10

Кантынэнтальны сьняданак
Цыганка

Оглавление

Чорныя вочы, чорныя бровы, цёмная скура, тоўстыя вусны, пазногці, даўжэйшыя за кіпцюры драпежніка, звычайна з “фрэнч”-пакрыцьцём. У яе вялікі мажны азадак, тонкая талія й начасаныя выбеленыя пэргідрытам доўгія валасы, якія штодня яна гадзінамі ўкладвае з фэнам на брашынг… Цыганка стала дырэктаркай спа-цэнтру выпадкова, яна ўсё жыцьцё толькі й шукала выхаду да прыватнага бізнэсу. І так сталася, што яе кліенткаю, якую яна стрыгла, аказалася адна жанчына з канцэнтраваным пахам поту. Гэтая потная жанчына атрымала вельмі буйную пасаду ў парлямэнце краіны, памяняўшы фартух паварыхі на чамадан чыноўніка, і цыганка Раміна Гайдараўна атрымала ўласны салён, фітнэс, басэйн і масажню, але ненадоўга, хапіла аднаго году.

Гатэль, як толькі адчыніўся пасьля “рэканструкцыі” (раней на ягоным месцы быў таксама гатэль, гістарычная каштоўнасьць, але адной ноччу за будаўнічым плотам усё раптоўна зьнікла й “рэканструявалася” ў новы гатэль), пасьпяхова здаваўся ў арэнду, так зьявіліся прыватнае казыно, рэстарацыя й начны клюб, цыганка выкупіла сабе на год салён з зонаю спа й апантана кінулася ў бойку зь цяпер ужо ўласным пэрсаналам. Яна пачала кіраваць, валадарыць і зрабілася сапраўдным дыктатарам.

Калі Раміна Гайдараўна раніцою толькі прыходзіла на працу, усе навокал – адміністратар, стылісты, асыстэнты, манікюрысты, мэнэджар Юлія Цімафееўна, бухгальтар Люся, масажысты Ганна і Лера, інструктары па фітнэсе – пачыналі адчуваць сябе блага, быццам бы раптоўна захварэлі. Цыганка была сапраўднай хваробаю, чымсьці кшталту непрыемнага й маруднага герпэсу на вуснах, ад якога вельмі цяжка пазбавіцца, а калі пачынаеш яго калупаць альбо грызьці, ён цячэ, распаўсюджваецца й становіцца горш. Менавіта паводле гэтага прынцыпу цыганка кіравала спа-цэнтрам: спачатку патрабавала да сябе татальнай увагі – яе мылі, сушылі фэнам, потым падкручвалі брашынгам, потым начэсвалі валасы, потым пакрывалі лакам пазногці на руках і нагах, наносілі крэм супраць старэньня, рабілі масаж плячэй, і ўжо пасьля абеду пачынала працу – гістэрыла, звальняла, псыхавала, потым лаялася на супрацоўнікаў, бо гаўняна яе прычасалі, а потым скардзілася, што за дзень мала грошай прынесьлі ў касу (вядома, а як жа пасьпець, калі ўвесь працоўны час яна засяроджвала ўвагу на сябе, адкуль у касе зьявяцца грошы?). Некалькі разоў на тыдзень Раміна Гайдараўна шалёна насілася па цырульні, пакуючы цырульніцкі рыштунак, і зьяжджала стрыгчы нейкага Мясковіча ды сваю дурную, цяпер ужо сяброўку, потную чыноўніцу, якой кожны месяц даплочвала за ліцэнзію й за “крышу”, але спа-цэнтар існаваў ня толькі дзеля яе. У цыганкі была маленькая дачка, чарнавокая соска з паганымі паводзінамі, пагардлівым позіркам і зьнявагай да ўсіх, акрамя сваёй парцалянавай маці. Твар цыганскай дачкі, яе аблічча прысутнічалі паўсюль: вось яна, шчарбата ўсьміхаючыся, паглядае на вас з буклетаў, флаераў і візытовак, вось яна з кучаравымі валасамі глядзіць на вас з расьцяжкі на сьцяне, вось яе імя ў назве салёна (праз год кіраўніцтва гатэлю яго прыбрала), вось яна сядзіць у зоне чаканьня кліентаў, вось яна, блядзь, калупаецца ў носе… “Паглядзіце на маю прыгажуньку! Ай ты мая цукерачка, ай ты мая жопачка! Ай на нэ, цыганэ, ай на нэ!” Потым, калі цыганка нарэшце спыняла свае мілаваньні, яна азіралася на супрацоўнікаў і чакала ад іх такога ж бязглуздага замілаваньня сваёй цукерачкай, і ўсе пачыналі енчыць, ціўкаць і замілоўвацца: “Ай на нэ, ай на нэ! Якая паненка тут па спа ходзіць!” А цыганская дачка толькі апускала вочкі й чырванела, і пасьміхалася, а праз хвіліну ўжо сядзела ў фатэлі мамкі й сваім тоненькім прыгожанькім роцікам спрабавала кіраваць і патрабаваць.

Гэтыя няшчасныя паўтары цыганкі, гэтая сямейка пратрымалася роўна год, і потым жанчына й недарослае дзяўчо зьніклі, а гатэль забраў сабе спа-цэнтар і ўжо нікому не прадаваў, прэзыдэнту сеткі гатэляў Ніндзю дужа спадабалася наведваць салён і масажню, а тымі рэчамі, якія яму падабаліся, ён абавязкова завалодваў.

Цыганы зьніклі раптоўна, як і зьявіліся, але з помпаю: выкрылі клептаманію бухгальтара Люсі, выгналі ўвесь стары пэрсанал, а некаторых супрацоўнікаў звольнілі паводле артыкулу, каб не выёбваліся, скралі грошы, затрымалі заробкі на два месяцы й так іх і не аддалі… І толькі аднаму чалавеку, які сутыкнуўся з Рамінай Гайдараўнай і яе дачкой, за ўвесь гэты год было на ўсё абыякава – цырульніцы Марыне, бо яна была баптысткай і ўсё прабачала, і зь ёй цыганка амаль не кантактавала. Тую проста скасабочвала ад адной толькі шчырай і добрай усьмешкі Марыны, якая, да ўсяго, была яшчэ цяжарнаю і ўяўляла сабою адну вялікую й пільную ўвагу да свайго здароўя, да свайго цела, сочачы, ці добра праходзіць цяжарнасць, чытаючы Біблію і вяжучы ваўняныя шкарпэткі, утульна ўладкаваўшыся ў куточку. Калі Антон часта вар’яцеў і мацюкаўся на цыганку, якую звычайна прычэсваў Віталь, Марына проста сядзела на залі й вязала, за што праз колькі дзён былі абвешчаны новыя законы: забарона сядзець бяз працы, забарона на чытаньне на залі, забарона на вязаньне, прагляд тэлевізара, карыстаньне мабільным тэлефонам й забарона на размовы паміж сабой… Толькі праца, суворая праца. Дазволеныя адно забаўлялкі з цыганскай разбэшчанай дачкой, якой толькі споўнілася восем. Маці на працягу трох год рабіла ёй меліраваньне, а цяпер лячыла дачцэ валасы ампуламі й таніравала іх у натуральны карычневы колер. Дачка бегала па спа-цэнтры з алейнымі валасамі, пэцкала сабе вусны чырвонай памадаю і вельмі ўдала капіявала манеры маці…

Дачка ведала, што хутка, калі стане дарослай, яна будзе ня толькі падобнай да маці, але нават звышпадобнай. Бо гэта гістарычны факт: аднойчы Чарлі Чаплін заняў другое месца ў конкурсе двайнікоў Чарлі Чапліна.

Усё ўлічана. All inclusive

Подняться наверх