Читать книгу Усё ўлічана. All inclusive - Сяргей Календа - Страница 4
Кантынэнтальны сьняданак
Парэнчы
ОглавлениеДванаццаць ночы, апошні вячэрні самалёт прызямліўся каля адзінаццатай, амаль усе пасажыры, расейскія бізнэсоўцы, на таксоўках дабраліся да гатэлю, і амаль усе яны, пятнаццаць мужчын, былі разьмешчаныя на трэцім паверсе… Цішыня ў калідорах, начны мэнэджар Хасан сноўдае, трымаючыся сьценак, яго сумныя вочы амаль нічога не перадаюць, ніякай інфармацыі з глыбіні, проста сумныя стомленыя вочы чалавека, які ўжо пяць год запар працуе кожную ноч у гатэлі. На трэцім паверсе заселены пажыцьцёва прэзыдэнт гатэлю й групы кампаній міжнароднай сеткі гатэляў Ніндзя. Цяпер ён часта наведвае Менск, разводзіцца з жонкай-беларускай, зь якой у яго два сыны й дваццаць год шчасьлівага жыцьця. Ён пасьпеў ужо намыліць начнога мэнэджара, і той нагадваў брынзу, белую й разламаную на кавалкі.
Менавіта на трэці паверх, пераблытаўшы ліфты, падняліся тры асобы, дзьверы адчыніліся, і яны апынуліся ў напаўцёмным калідоры, у якім не было нічога, акрамя паху парфумы начнога мэнэджара.
Тры асобы – гэта Сьвета (трыццаць год), яе сяброўка Валя (трыццаць год) і Вальчын мужык Саша (трыццаць пяць год). Яны прыехалі ў начны клюб, які месьціцца на трэцім паверсе па-над казыно, што знаходзіцца ў гатэлі ў левым крыле. Начны клюб мае свой асобны ліфт. Каб патрапіць у клюб, ня трэба мець спэцыяльных ведаў, навыкаў альбо валодаць нейкім сакрэтам. Дастаткова проста націснуць на кнопку, каб прыехаў патрэбны ліфт, знутры ўвесь у чырвоным шоўку, сесьці ў яго й націснуць на трэці паверх… Але госьці патрапілі ў суседні, сіні ліфт, які даставіў іх да гатэльных нумароў… Трэба адзначыць, Сьвета й Валя былі п’янымі й вясёлымі, Сьветцы хацелася мужыка, бо яна нядаўна разышлася са сваім старым, а Вальцы хацелася яшчэ выпіць, а Сашку хацелася сцаць і спаць.
– Блядзь, дзе гэта мы? – Валька пазірала няўцямна ў змрочную прастору.
Яны ўтрох, ледзь перасоўваючы ногі, бадзяліся па калідоры з нумарамі, пакуль не знайшлі лесьвіцу, якая завівалася ўверх і ўніз (а трэба дадаць, што гатэльная частка, дзе разьмяшчаліся нумары, была скразной, то-бок з кожнага паверху была магчымасьць бачыць першы паверх і рэцэпцыю, карацей – італійскі дворык). Валька прапанавала спусьціцца і на рэцэпцыі запытацца пра клюб, бо яны адназначна ня там, дзе мусяць быць, і яшчэ Валька прапанавала зьехаць на парэнчах уніз, так будзе весялей і хутчэй.
Камэры зафіксавалі, як нейкая п’яная баба на неверагоднай хуткасьці зьяжджае ўніз да другога паверху. Потым наступныя камэры фіксуюць, як тая ж баба, узрадаваная ўдаламу спуску, ізноў ускараскалася на парэнчы, каб ехаць на першы паверх. Сьвета задзірае да грудзей спадніцу, закідвае нагу на парэнчы і, перавесіўшыся празь іх п’яным целам, звальваецца ў скразную адтуліну, што вядзе да нулявога паверху, дзе месьціцца пэрсанал гатэлю… Камэра далей фіксуе, як на другім паверсе Сьвета б’ецца аб парэнчы галавою й каменем падае на мармур нулявога паверху.
Мужчына, які спазьніўся на цягнік, толькі зайшоў у гатэль і накіраваўся да рэцэпцыі, аказаўся ліванскім доктарам Саідам, што прыехаў на сэмінар з Горадні, дзе месяц гасьцяваў у каханкі… Усе зьбегліся на лямант начной пакаёўкі, якая ішла за горкімі чакалядкамі, каб раскласьці ў пустых нумарох на ложкі.
Кроў была паўсюль. Яна распляскалася па сьценах ды столі, чырвоны колер патрапіў на лямпачкі, дзьверы й шыльды “Staff only”. Сьвета наскрозь прабіла чэрап, зламала ключыцу, нагу й сківіцу, паламала пальцы на руках, якія на вачах апухлі й ператварыліся ў перавараныя сардэлькі… Ліванскі доктар пасьпеў дастаць ёй язык, прыліплы да нёба, дзяўчына харкала крывёю, з вушэй, носа й вачэй цякла кроў. П’яныя сябрукі Валя з Сашам, апынуўшыся на першым паверсе, спачатку знайшлі перапужанага ахоўніка ў фае, які ня мог пакінуць сваё працоўнае месца і, трымаючы дрыготкаю рукою рацыю, перамаўляўся з ахоўнікам на другім паверсе, пытаўся ў яго, ці бачыў той што, ловячы вухам навіны ад ахоўніка, які ўжо бег на нулявы паверх… Узрадаваныя Валька з Сашкам удакладнілі, дзе той ліфт, што вядзе да клюба на трэцім паверсе, а потым выправіліся шукаць Сьвятлану, якая іх так расьсьмяшыла, перакульнуўшыся праз парэнчы… Але тую ўжо пакавалі ў машыну хуткай дапамогі, таму ім больш нічога не заставалася, як ісьці жлукціць далей.
Сьвета апынулася ў рэанімацыі. Стабільна цяжкае становішча. Да яе за ўвесь час ніхто не прыяжджаў, акрамя галоўнага мэнэджара гатэлю Міхаліны, якая, адчуўшы спагаду да гэтай самотнай жанчыны, ня ведаючы, што рабіць, вазіла ёй мандарыны, але тыя даходзілі толькі да мэдсясьцёр, бо няшчаснай ахвяры яшчэ доўга не давядзецца есьці ўласным ротам – усё праз трубачкі, праз тэатральныя лялечныя нітачкі, ад якіх цяпер залежала жыцьцё.
Празь некалькі дзён аналізы выявілі ў дзяўчыны СНІД… Доктар Саід, які раптоўна, па-галівудзку выратоўваў Сьвятлану голымі рукамі, засоўваючы пальцы ў горла, трымаючы язык і адначасова сьціскаючы ёй расплюшчаную галаву, каб тая, як пабіты гарбуз, не развалілася на кавалкі, з ног да галавы быў у крыві. Цяпер ён мусіць чакаць шэсьць месяцаў. Шэсьць доўгіх месяцаў, калі па ягоных аналізах магчыма будзе ўпэўнена сказаць, захварэў ён на СНІД ці не.
І трэба дадаць, што праблема СНІДу ў гэтым апавяданьні распаўсюджваецца не толькі на аднаго доктара, бо хто яго ведае, зь якімі пастаяльцамі прывабная Сьвета пасьпела пераспаць. Але гэта ўжо іншая гісторыя, якую гатэль пасьпее схаваць у сваіх шматлікіх пакоях.