Читать книгу Усё ўлічана. All inclusive - Сяргей Календа - Страница 3
Кантынэнтальны сьняданак
Чырвонае паліто
ОглавлениеЧатыры гадзіны ночы. Жонка трасе мяне за плячо й напружана, зь вялікім трапятаньнем, шэпча, што ў нашыя вокны хтосьці грукаецца, я ледзь прачынаюся, скрозь сон думаю, што яна сасьніла нейкі жах. Расплюшчваю вочы й чую – хтосьці насамрэч грукаецца ў нашыя вокны, настойліва, гучна, вусьцішна. Вакол цемра. Я ўсхопліваюся з ложка, скокаю, запальваю сьвятло і наступным рухам бегма да фіранак – рэзка расхінаю.
На мяне глядзіць жанчына ў чырвоным паліто й грукае ў шыбу, вочы чорныя, вусны скрыўленыя. Я ледзь ня страціў прытомнасьць, мая каханая падскочыла, накінула на сябе плед і ўтаропілася круглымі вачыма на прыхадня… Крык, лямант, я адчыняю дзьверы на гаўбец і з жахам і злосьцю крычу. І адначасова вакно, чырвонае паліто, ноч, усё гэтае невялікае інтэр’ернае хоку распадаецца на тысячы аскепкаў, як толькі жанчына скокае з гаўбца.
У нас першы паверх, і мясцовая старая алькагалічка, пагнаная ў шыю са сьвята, вырашыла вярнуцца на яго праз гаўбец, а дамы ў нашым раёне, як і амаль ва ўсіх раёнах горада, падобныя – салатавага колеру… Тут нават цьвярозьнік пераблытаць можа.
Раней да мяне так завітвалі толькі коткі, але розьніца адчувальная: мяккая хада коткі, вуркатаньне, а тут – старая баба ў чырвоным паліто сярод ночы.
Наш двор – Стамбул Котак. Іх тут каля дваццаці пад пад’ездам, і кожная адрозная па колерах, па характары: тэмпэрамэнтныя й у яблыкі, лагодныя і белыя, яскравыя й пэгія, рахманыя і блакітна-шэрыя, ганарлівыя, свавольныя, брудныя, лахматыя, пухнатыя, вялікія тыгровыя, маленькія і пантэрныя, гнуткія й салодкія, фанабэрыстыя й пабітыя жыцьцём. Коткі жывуць пад машынамі і на машынах, пад каруселямі і на дахах дзіцячых домікаў, у падвалах і ў пад’ездах, на сьметніцы й на клюмбах, яны гуляюцца й мяўкаюць, б’юцца й забаўляюцца, заляцаюцца й грэюцца на сонцы, мерзнуць пад кватэрамі й хаваюцца на чужых гаўбцах ад дажджоў і сьнегу, нябачна трапляюць у чужыя кватэры й гайдаюцца на фортках як каскадзёры. Котак у нашым двары ўсе ведаюць, бачаць, любяць, кормяць і песьцяць, жывецца ім тут, як у цэнтры турэцкай сталіцы, – прывольна.
Пасьля чатырох ночы я так і не заснуў, праляжаў пры сьвятле з кнігаю, бессэнсоўна перагортваючы старонкі… Пакуль не надышоў час зьбірацца на працу ў гатэль.
Жонка заснула хутка – раніцою на працу: хто б што ні казаў, хто б тут ноччу ні біўся ў шыбы, ёсьць раніца й ёсьць грэбаная праца.