Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 23

Паяц
III

Оглавление

Як жа праходзіла маё маленства ў вялікім доме, у ніжніх памяшканнях якога займаўся сваёй справай бацька, у той час як мая маці марыла, седзячы ў крэсле, або ціха і задуменна грала на раялі, а мае дзве сястры, старэйшыя за мяне на два і тры гады, уходжваліся на кухні ці каля шаф для бялізны? Я мала што памятаю з гэтага часу.

Дакладна вядома, што я быў надзвычай жывым хлопчыкам, што я сумеў заслужыць павагу і любоў сваіх таварышаў па вучобе: дзякуючы прывілеяванаму паходжанню, узорнаму перадражніванню настаўнікаў, дзякуючы тысячы п’ес і выдатнаму ўменню выказвацца. Але з вучобай справы ў мяне ішлі кепска, бо я занадта быў заглыблены ў пошуках смешнага ў жэстах і рухах настаўнікаў, каб у мяне яшчэ заставалася ўвага на ўсё астатняе, а дома ў мяне галава была напоўніцу напханая матэрыяламі для опер, вершамі і ўсялякаю лухтой, і ў выніку не заставалася магчымасці заняцца чымсьці сур’ёзным.

"Фу, – гаварыў мой бацька, і складкі паміж яго бровамі паглыбляліся яшчэ больш, калі я пасля полудня прыносіў яму ў гасціную пасведчанне з адзнакамі, і ён, трымаючы руку за абшлагам сюртука, прачытваў гэтую паперыну. – Ты прыносіш мала радасці, гэта праўда. Што з цябе будзе, калі ты маеш ласку сказаць мне гэта? У жыцці ты аніколі не выкараскаешся на паверхню…"

Гэта ўсё засмучала; але і не перашкаджала таму, што я пасля вячэры чытаў ужо бацькам і сёстрам верш, які я напісаў апоўдні. Бацька пры гэтым смяяўся так, што аж падскоквала пенснэ на яго камізэльцы… "Што за дурноты!" – усклікваў ён раз-пораз. А мама прытульвала мяне да сябе, адкідвала мне з ілба валасы і казала: "Зусім нядрэнна, мой хлопчык, я лічу што ў вершы ёсць парачка сімпатычных месцаў".

Гэта ўсё засмучала; але і не перашкаджала таму, што я пасля вячэры чытаў ужо бацькам і сёстрам верш, які я напісаў апоўдні. Бацька пры гэтым смяяўся так, што аж падскоквала пенснэ на яго камізэльцы… "Што за дурноты!" – усклікваў ён раз-пораз. А мама прытульвала мяне да сябе, адкідвала мне з ілба валасы і казала: "Зусім нядрэнна, мой хлопчык, я лічу што ў вершы ёсць парачка сімпатычных месцаў".

Пазней, калі я крыху падрос, то самастойна навучыўся трохі граць на піяніна. Я пачаў з акордаў у фа-дыез мажор, бо чорныя клавішы мяне вабілі асабліва; пазнаходзіў пераходы да іншых танальнасцей і паступова набыў, праводзячы гадзіны за раялем, пэўныя навыкі ў змене гармоній без такту і мелодыі – прычым я ўкладваў у гэта містычнае гайданне так шмат экспрэсіі, колькі было ў маіх здольнасцях.

Маці казала: "Ён валодае піянізмам, у яго відавочны густ". І яна дамаглася, каб я атрымаў музычную падрыхтоўку, якая доўжылася, што праўда, толькі паўгода, бо, папраўдзе, я не быў здольны вывучыць адпаведную працу пальцамі і такт.

І вось, гады праходзілі, і я рос насуперак турботам, якія мне прыносіла школа, надзвычай весела. Я ладна бавіўся ў коле маіх знаёмых і сваякоў; мяне любілі, і я быў вясёлы, спрытны і добразычлівы, бо мне падабалася ўдаваць з сябе добразычлівага хлапца, хоць усімі гэтымі людзьмі, чэрствымі і абдзеленымі фантазіяй, я пачаў інстыктыўна пагарджаць.

Смерць у Венецыі

Подняться наверх