Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 25
Паяц
V
ОглавлениеЗмена была абсалютна знешняй, гэта зразумела само сабою. Мая зацікаўленасць вялікім прадпрыемствам па гандлі драўнінай пана Шліфогта была зусім нязначнай, і я сядзеў на крэсле-круцёлцы пад газавай лямпай у цесным і змрочным кабінеце гэтаксама адчужана і абыякава, як і раней на школьнай лаве. Цяпер, праўда, у мяне было менш клопату; у гэтым палягала розніца.
Пан Шліфогт, мужчына ў целе з чырвоным тварам і сівой шорсткай шкіперскай бародкаю, мала цікавіўся мною, бо ён найчасцей бавіўся на лесапільні, якая знаходзілася даволі далёка ад канторы і склада, а службоўцы прадпрыемства ставіліся да мяне з пашанаю. У сяброўскіх дачыненнях я быў толькі з адным з іх – здольным і задаволеным маладым чалавекам з добрай сям’і, з якім я быў знаёмы яшчэ са школы і якога, між іншым, звалі Шылінг. Ён, як і я, пакепліваў з усяго на свеце, але адначасова выяўляў і вялікую цікавасць да гандлю драўнінай, і не было такога дня, калі б ён не выказаў пэўнага намеру разбагацець.
Што да мяне, то я механічна выконваў свае службовыя абавязкі, каб, сярод іншага, пабадзяцца на складзе паміж штабеляў дошак ды рабочых, паглядзець на раку цераз высокую драўляную агароджу, паўз якую час ад часу праходзіў таварны цягнік, і пры гэтым згадаць які-небудзь спектакль ці канцэрт, на якім я прысутнічаў, або кнігу, якую чытаў.
Я чытаў шмат, чытаў усё, што трапляла пад руку, і мая ўражлівасць была вялікай. Кожны паэтычны вобраз я разумеў пачуццёва, мне здавалася, што ў ім я пазнаю самога сябе, і я ўяўляў і адчуваў сябе так доўга ў палоне стылю кнігі, аж пакуль новая не пачынала рабіць на мяне сваё ўздзеянне. У пакоі, у якім я калісьці ладзіў спектаклі лялечнага тэатра, я цяпер сядзеў з кнігаю на каленях і пазіраў на партрэты маіх дваіх продкаў, каб яшчэ ўтрымаць на нейкі час асалоду ад меладычнасці мовы, што брала мяне ў палон, у той час як ува мне тоўпіўся бясплённы хаос невыразных думак і фантастычных вобразаў…
Мае сёстры хутка адна за адною павыходзілі замуж, і я часцяком – калі быў не на прадпрыемстве – спускаўся ўніз у гасцёўню, дзе маці, якая раз-пораз прыхворвала і твар якой рабіўся ўсё больш дзіцячым і ціхім, сядзела часцей за ўсё ў адзіноце. Пасля таго, як яна грала мне нешта з Шапэна, а я паказваў ёй новую ідэю гарманічнай сувязі, яна часам пыталася ў мяне, ці задаволены я сваёй прафесіяй і ці шчаслівы… Несумненна, я быў шчаслівы.
Мне было крыху за дваццаць, маё жыццёвае становішча было толькі часовым, і для мяне не чужою была думка, што я зусім не абавязаны праводзіць усё сваё жыццё ў пана Шліфогта ці на якім яшчэ больш значным прадпрыемстве па гандлі драўнінай; што некалі можна і звольніцца, каб пакінуць гэты горад з яго франтонамі і дзе-небудзь у свеце аддацца сваім схільнасцям: чытаць добрыя і вытанчана напісаныя раманы, хадзіць у тэатр, крышку займацца музыкай… Шчаслівы? Але я выдатна харчаваўся, быў элегантна апрануты, і даволі рана, калі я яшчэ ў школьныя гады бачыў, як бедныя і дрэнна апранутыя таварышы па звычцы ўцягвалі галаву ў плечы і з нейкім ліслівым страхам ахвотна прызнавалі мяне і да мяне падобных вяльможнымі панамі і правадырамі, мне са свядомай весялосцю зрабілася зразумела, што я належу да вышэйшых, да багатых, да тых, каму зайздросцяць, да тых, хто мае права з зычлівай пагардай пазіраць зверху ўніз на бедных, няшчасных і зайздроснікаў. Як я мог не быць шчаслівым? Няхай усё ідзе як ідзе. Спачатку мяне цешыла, што я магу існаваць з пачуццём адчужанасці, перавагі і радасці сярод гэтых сваякоў і знаёмых, з абмежаванасці якіх я пакепліваў, у той час як сам, адчуваючы задавальненне ад таго, што падабаюся, абыходзіўся з імі з далікатнай зычлівасцю і з прыемнасцю, купаўся ў невыразнай павазе, якую выяўлялі ўсе гэтыя людзі да маёй сутнасці, бо яны ў гэтым падазравалі штосьці апазіцыйнае і экстравагантнае.