Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 29

Паяц
IX

Оглавление

А ці здольны ўвогуле дваццацісямігадовы чалавек сур’ёзна верыць у канчатковую нязменнасць свайго становішча, нават калі гэтая нязменнасць толькі занадта верагодная? Шчабятанне птушкі, маленькі кавалачак блакіту неба, якая-небудзь палавінчатая і выцертая з памяці мара ноччу – усё гэта прыдатна, каб раптам нізрынуць у яго сэрца раптоўныя плыні адважных надзей і напоўніць яго ўрачыстым чаканнем вялікага, непрадугледжанага шчасця… Я бяздумна пераходзіў з аднаго дня ў наступны – сузіральна, бязмэтна, заняты той ці іншай малой надзеяй, калі справа была нават толькі ў дні выдання забаўляльнага часопіса, з энергічным перакананнем, што ты шчаслівы, а час ад часу зноў крышку змораны ад адзіноцтва.

Сапраўды, нярэдкімі былі і гадзіны, калі мяне ахоплівала нездавальненне з прычыны адсутнасці зносін і публічнасці, – а ці ёсць неабходнасць тлумачыць гэтую адсутнасць? Мне неставала хоць якой сувязі з добрым атачэннем і з першымі ці другімі коламі горада; каб зрабіць уражанне на залатую моладзь, што я гэткі сабе марнатравец жыцця, у мяне – далібог! – не хапала сродкаў, а з іншага боку – багема? Але ж я добра выхаваны чалавек, на мне чыстая бялізна і цэлы касцюм, і, ва ўсякім разе, у мяне не было жадання весці анархісцкія размовы з неахайнымі людзьмі за бруднымі ад выпівак сталамі. Коратка кажучы, не было пэўнага грамадскага кола, да якога я належаў бы несумненна, а знаёмствы, якія ўтвараліся тым ці іншым чынам самі сабою, былі рэдкімі, павярхоўнымі і прахалоднымі – я сам быў вінаваты, гэта я мушу прызнаць, бо і ў такіх выпадках трымаўся з пачуццём няўпэўненасці недзе на заднім плане і з непрыемным усведамленнем, што я нават бадзяжнаму мастаку не магу коратка, ясна і даверліва сказаць, хто я і што я.

Між іншым, я парваў нават з "грамадствам" і адмовіўся ад яго, ніякім чынам не служачы яму, калі выбраў сабе волю ісці сваім уласным шляхам, і калі я, каб быць шчаслівым, адчуваў бы патрэбу ў "людзях", то павінен быў адважыцца спытаць сябе, ці быў бы я ў гэтым выпадку гатовым зараз жа заняцца тым, каб дабрачынна ўзбагачацца ў якасці "буйнога прадпрымальніка" і набываць сабе ўсеагульную зайздрасць і аўтарытэт.

Смерць у Венецыі

Подняться наверх