Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 28

Паяц
VIII

Оглавление

Месца было выбрана някепска: рэспектабельнае, яшчэ без шумнай мітусні вялікага горада і занадта вольнага прадпрымальніцкага духу, з некалькімі даволі значнымі старымі плошчамі і вулічным жыццём, якому не бракуе ані ажыўленасці, ані элегантнасці. Мясцовасць можа пахваліцца і пэўнымі прыемнымі кропкамі; але я заўсёды аддаваў перавагу з густам аздобленаму бульвару, які працягваецца ўздоўж "Жаваранкавай гары" – вузкага і доўгага ўзгорка, з якім мяжуе вялікая частка горада і з якога можна атрымліваць асалоду, разглядаючы па-над дамамі, кірхамі і лёгка пакручастай ракою далёкія абшары. У паасобных месцах, асабліва калі ў цудоўныя летнія надвячоркі грае вайсковы аркестр і сюды-туды рухаюцца экіпажы, там прыходзіць на памяць Пінча…[36] Але ў мяне будзе яшчэ выпадак згадаць гэты бульвар…

Ніхто не паверыць, з якім грунтоўным задавальненнем я абжываў прасторны пакой, які я разам са спальняй зняў амаль што ў цэнтры горада, у ажыўленым месцы. Бацькоўская мэбля, што праўда, большай часткаю перайшла ва ўласнасць маіх сясцёр, а мне ўсё-такі дасталася тое, што трэба было: салідныя і якасныя рэчы, якія прыбылі разам з маімі кнігамі, двума партрэтамі маіх продкаў; але, галоўнае, тут быў стары раяль, які маці завяшчала мне.

Сапраўды, калі ўсё было расстаўлена і ўпарадкавана, калі фотакарткі, якія я сабраў у час вандровак, упрыгожылі ўсе сцены, а таксама пісьмовы стол з чырвонага дрэва ды бухматую камоду, і калі я задаволена і ўтульна апусціўся ў крэсла з высокай спінкаю каля акна, каб па чарзе разглядаць то вуліцы за ім, то сваю новую кватэру, мая задаволенасць не мела меж. І ўсё-такі – я гэтага моманту не забыў – усё-такі, побач з задавальненнем і даверам ува мне лагодна варушылася нешта іншае, нейкае слабае пачуццё страху і неспакою, ціхае ўсведамленне свайго кшталту злосці і супраціву сіле, якая пагражае… Лёгкая прыгнятальная думка, што маё становішча, якое дагэтуль не было нічым іншым, як тым, што мінае, цяпер упершыню падалося пэўным і нязменным.

Я не ўтойваю, што гэтае і падобныя адчуванні сяды-тады паўтараліся. Але ж ці можна пазбегнуць пэўных надвячоркавых гадзін, калі глядзіш за акно ў набіраючы сілу змрок ды яшчэ, магчыма, у няспешны дождж і робішся ахвярай журботных прыступаў? Ва ўсякім разе, было зразумела, што мая будучыня цалкам забяспечана. Я даверыў круглую суму ў 80 тысяч марак гарадскому банку, працэнты складалі – о, Бог, нядобрыя часы! – шэсцьсот марак за чвэрць года і дазвалялі мне, такім чынам, жыць прыстойна, забяспечваць сябе чытанкай, час ад часу хадзіць у тэатр – не выключаючы кроплі больш лёгкага правядзення часу.

Мае дні праходзілі і надалей сапраўды адпаведна ідэалу, які даўно ўжо быў маёй мэтай. Я ўставаў каля дзясятай гадзіны, снедаў і да паўдня бавіў час пры фартэпіяна ды за чытаннем літаратурнага часопіса або кнігі. Потым я шпацыраваў па вуліцы ўверх да рэстарана, у якім я бываў рэгулярна, палуднаваў і затым рабіў больш працяглы шпацыр па вуліцах, цераз галерэю, у наваколле, на Жаваранкаву гару. Я вяртаўся дадому і зноў працягваў ранейшы, як да паўдня, занятак: я чытаў, займаўся музыкай, бавіўся нават часам нечым падобным да жывапісу ці акуратна пісаў ліст. Калі пасля вячэры я не выпраўляўся ў тэатр ці на канцэрт, то бавіў нейкі час у кавярні, а перад сном чытаў газеты. Я лічыў, што дзень атрымаўся ўдалым і цудоўным, быў напоўнены зместам з дамешкам шчасця, калі мне за фартэпіяна ўдаваўся фрагмент, які здаваўся новым і прыгожым, калі я з чытання навелы, з разглядання карціны атрымліваў пяшчотны і ўстойлівы настрой.

Між іншым, я не праміну сказаць, што ў сваіх схільнасцях я браўся за справу з пэўным ідэалізмам і цалкам сур’ёзна імкнуўся надаць сваім дням па магчымасці найбольш "зместу". Я харчаваўся сціпла, меў, як правіла, толькі адзін касцюм; карацей кажучы, абмяжоўваў свае матэрыяльныя патрэбы асцярожна, каб яшчэ й быць здольным заплаціць высокую цану за добрае месца ў оперы ці на канцэрце, набыць літаратурныя выданні, наведаць тую ці іншую мастацкую выставу.

Але дні праходзілі, з іх складваліся тыдні і месяцы – сум? Я прызнаюся: не толькі кніга ў руцэ можа надаць сэнс шэрагу гадзін; між іншым, ты спрабаваў без усялякага поспеху імправізаваць на піяніна, ты сядзіш каля акна, паліш цыгарэты, і неадольна ў цябе закрадваецца пачуццё непрымання ўсяго свету і самога сябе; страх зноў апаноўвае цябе, агідны страх, і ты падхопліваешся і кідаешся наўцёкі, каб на вуліцы, з вясёлым торганнем плячыма шчасліўца, разглядваць прафесіяналаў і рабочых, якія духоўна і матэрыяльна для вольнага часу і ўцех папросту непрыдатныя.

36

Пінча – паўночны ўзгорак у Рыме.

Смерць у Венецыі

Подняться наверх