Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 26

Паяц
VI

Оглавление

З бацькам пачалі адбывацца нейкія перамены. Калі ён а чацвёртай гадзіне падыходзіў да стала, то складкі паміж яго бровамі, здавалася, кожнага дня паглыбляліся, і ён ужо не закладваў з выразам велічнасці на твары руку за абшлаг сурдута, а ўяўляў сабою прыгнечаную, нервовую, баязлівую істоту.

Аднаго разу ён сказаў мне:

"Ты дастаткова дарослы, каб узяць на сябе частку клопатаў, якія руйнуюць маё здароўе. Між іншым, пазнаёміць цябе з імі – мой абавязак, каб ты не жыў у падманным спадзяванні адносна свайго будучага жыццёвага становішча. Ты ведаеш, што шлюбы тваіх сясцёр запатрабавалі значных ахвяр. Нядаўна фірма панесла страты, якія прывялі да значнага змяншэння яе маёмасці. Я – стары чалавек, адчуваю сябе знявераным і не думаю, што яшчэ адбудуцца нейкія істотныя змены. Я прашу цябе заўважыць, што ты павінен будзеш разлічваць толькі на сябе…"

Ён сказаў гэта недзе за два месяцы да сваёй смерці. Аднойчы яго знайшлі пажаўцелым, паралізаваным у крэсле яго прыватнай канторы; ён адно нешта невыразна мармытаў, а праз тыдзень у яго пахаванні браў удзел увесь горад.

Маці сядзела, кволая і ціхая, на канапе каля круглага стала ў гасцёўні, і амаль увесь час яе вочы былі заплюшчаныя. Калі сёстры і я завіхаліся каля яе, то яна часам ківала галавою ды ўсміхалася, пасля чаго зноў маўчала і нерухома, склаўшы рукі на падоле, разглядала шырока расплюшчанымі, адчужанымі і сумнымі вачыма выяву багоў на шпалерах. Калі прыходзілі паны ў сурдутах са справаздачамі аб ходзе ліквідацыі, то яна таксама ківала галавою і зноў заплюшчвала вочы.

Яна больш не грала Шапэна, і калі час ад часу праводзіла па галаве рукою, то тая, бледная, кволая і зняможаная, дрыжала. Амаль праз паўгода пасля смерці бацькі яна прылегла і памерла, без адзінага гуку скаргі на боль, без змагання за жыццё…

Вось і закончылася ўсё. Што яшчэ мяне ўтрымлівала тут? З прадпрыемствамі, добра ці дрэнна, расквіталіся; выявілася, што на маю долю спадчыны выпала каля ста тысяч марак, і гэтага было дастаткова, каб зрабіць мяне незалежным – ад усяго свету, пагатоў мяне, няважна з якой прычыны, прызналі непрыдатным да вайсковай службы.

Больш нічога не звязвала мяне з людзьмі, сярод якіх я гадаваўся, вочы якіх разглядалі мяне ўсё больш адчужана і здзіўлена, а светапогляды якіх былі занадта аднабаковымі, каб я быў схільны іх падзяляць. Варта прызнацца, што яны мяне разумелі правільна, менавіта як закончана бескарыснага чалавека; так разумеў сябе і я. Але скептычна і даволі фатальна, каб – як казаў мой бацька – ставіцца да сваіх "талентаў паяца". Весела і радасна згадзіўшыся атрымліваць асалоду ад жыцця па-свойму, я не пакутаваў ад недахопу самазадаволенасці.

Я атрымаў сваю невялічкую долю маёмасці і, амаль не развітваючыся, пакінуў горад, каб у першую чаргу павандраваць па свеце.

Смерць у Венецыі

Подняться наверх