Читать книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 11
Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Не гуляйце каля статуі Свабоды
ОглавлениеУ сёмай клясе наш настаўнік геаграфіі стварыў турыстычны гурток. Праграма дзейнасьці была зразумелая й простая, як абвешчаны Хрушчовым плян пабудовы камунізму. Увечары мы хадзілі на таварную станцыю разгружаць вагоны, каб на атрыманыя грошы ўлетку падарожнічаць. Гуляла пагудка, што палову нашага заробку кіраўнік гуртка прысабечыў, але мы не затаілі на яго крыўды, бо на астатнія грошы ён павёз нас у Рыгу.
Рыга была першым убачаным мною вялікім горадам. Падчас разгрузкі вагонаў скрыня з бутэлькамі адціснула нагу майму аднаклясьніку Віцю Скрыпкіну, і ён доўга кульгаў. Віцю перавялі да нас у трэцяй клясе, і мы глядзелі на яго як на дэбіла. Дый хто яшчэ ў нашым уяўленьні мог вучыцца ў адзінай у Полацку беларускай школе, якую якраз тады па просьбах працоўных пасьпяхова зачынілі?
З тых часоў Скрыпкіну вечна не шанцавала. У Рызе ён адно пацьвердзіў рэпутацыю няўдаліцы. На экскурсіі ў зьвярынец Віцю найбольш спадабалася лама, што падышла да самае агароджы і рахмана глядзела на нас пукатымі вачыма нашага завуча Розы Ізрайлеўны. Адламаўшы дубчык, Скрыпкін засунуў яго ламе ў наздрыну і задуменна круціў там, пакуль зьняможаная гэткім экспэрымэнтам жывёліна ня чхнула юнаму натуралісту проста на галаву. У выніку ў маім дзёньніку, дзе я да непрыстойнасьці цнатліва прызнаваўся ў каханьні да аднаклясьніцы Люды, зьявіўся ляпідарны запіс: «В зоопарке лама чихнула на Скрипкина».
Але гэта было ня самае моцнае рыскае ўражаньне. Ня самым моцным было й тое, што ў трамваі з мноствам вольных сядзеньняў мяне зь Віцем прымусілі падняцца й саступіць месца дзьвюм бабулям, і тое, што вакол гаварылі не па-расейску, як у нас, у Полацку, а на зусім незразумелай мове (балазе, настаўнік геаграфіі папярэджваў, што ў Латвіі жывуць нацыяналісты).
Наймацнейшым маім уражаньнем было мора. Плюхаючыся на юрмальскім плыткаводзьдзі паміж далёкімі караблямі ды блізкімі, парослымі хвоямі выдмамі, я злавіў сябе на тым, што пачаў размаўляць зь ім, з морам, і папрасіў яго зрабіць мае пачуцьцё да аднаклясьніцы Люды ўзаемным.
Мора не дапамагло, але з таго часу я заўсёды гавару зь ім і чаго-небудзь у яго прашу.
Гэтыя чульлівыя прыгады спавіваюць мяне ў купэ міжнароднага цягніка «Менск—Талін», вядомага яшчэ як «Чайка». За вакном мяняюцца ахайна-халаднаватыя летувіскія краявіды; сям-там трапечацца на ветры тутэйшы трыкалёр, пад якім вяртаецца да ўлады ці то понас ці то таварыш Бразаўскас зь ягонай былой кампартыяй і жыве мой сябра гісторык Гедымінас, якога днямі ўжо не пусьцілі ў архіў іхняга былога КГБ.
Пасьля першай дзіцячай вандроўкі рыскія пеўні безьліч разоў сустракалі мяне зь менскіх і полацкіх цягнікоў і аўтобусаў, і мне здавалася, што ні ў воднага зь іх ні разу ня ўзьнікла ахвоты зьляцець з свайго сьпічака й дзюбнуць мяне ў тое месца, дзе сьпіна страчвае сваё годнае найменьне.
Я піў з бочкі на хутары пад Рыгаю свойскае піва на латыскім Купальлі – Ліго і, не шкадуючы нырак, асушаў кухаль за кухлем у рыскім бары «Zem ozola», а па-наску – «Пад дубам», дзе праводзіў выязное паседжаньне наш загнаны ў падпольле факультэтаўскім начальствам гістфакаўскі «Клюб аматараў піва».
Я слухаў арганныя канцэрты ў Домскім саборы і слухаў на прыдзьвінскай эсплянадзе бывалага марака Мішу, што пад мэлёдыю завыйнага шлягеру «Сіні лён» апавядаў мне пра рыскія падпольныя публічныя дамы, у адным зь якіх ён, задаволена нацягнуўшы нагавіцы, прачытаў суровае маральнае настаўленьне дзяўчу, што дзяліла зь ім ложак.
Аднаго разу ў студэнцтве я прымудрыўся зьезьдзіць у Рыгу зайцам. (Грошай хапала толькі на піражкі й дарогу ў адзін канец, і я разважыў, што лепей пакінуць іх на зваротны шлях.) Блукаючы пасьля неспакойнай зайцовай ночы па старым горадзе, я апынуўся каля разнасьцежанага вакна: за ім гралі на піяніне Шапэна, а на падваконьні пад аховаю сіямскага ката дымеў вялікі сіні кубак з каваю. Ад’яжджаючы ўвечары ў Полацак, я ўпершыню ў жыцьці ўбачыў хлопца ў белых штанах. Калі правадніца выцягнула жоўты сьцяжок, ён укленчыў у запляваным тамбуры і апошні раз абняў сваю дзяўчыну, што заставалася на рыскім пэроне. З таго часу ў слове Рыга мне чуюцца яшчэ прэлюды Шапэна, пах кавы, кацінае вуркатаньне й сьмешныя словы закаханага юнака ў белых штанах з чорнымі каленямі.
Я люблю цябе, Рыга, і тое, што я ўжо два гады не хадзіў па тваіх вулках, успрымаецца як нейкая недарэчнасьць.
Я люблю цябе, Рыга, і ў вагонным вакне ўжо плывуць твае пеўні.
У гэтай Рызе ня граюць за расчыненымі вокнамі Шапэна і ня ставяць на падваконьні кубкаў зь сьвежаю кавай. Рэч, мабыць, ня толькі ў тым, што на двары восень.
Пазамінулым лістападам разам зь лістотаю рыскіх ліпаў і клёнаў з дамоў абляцелі шыльдачкі са старымі назовамі. Вуліца Леніна ператварылася ў Брывібас, гэта значыць, Свабоды, а вуліца Кірава і наогул зрабілася Элізабэтас.
Мужчыны ў белых штанах сустракаюцца на гэтых вуліцах значна радзей, чым мяняльныя канторы, дзе за нашыя «зайчыкі», ці, як той казаў, «шышкебічы», вы не атрымаеце аніводнага латыскага «рэпшыка», а за сотню расейскіх «ленінак» вам адшпіляць 45 рублісаў – пражыцьцёвы дзённы мінімум беспрытульнага рыскага ката.
Побач са мною йдзе па Элізабэтас чалавек, імя якога вядомае з двух бакоў беларуска-латыскае мяжы. Гэта мастак Вячка Целеш, таму няма нічога дзіўнага, што неўзабаве мы апынемся ў Вячкавай майстэрні на Брывібас, дзе на мальбэрце пачаты партрэт Зоські Верас.
Раней на прытульнае Целешава гарышча, зь якога беларусы мелі выхад да мора, паказваў рукою бронзавы правадыр. Цяпер Ільліча прыбралі, затое – каб мастаку не было маркотна – зьявіўся сын колішняга гаспадара дома, які выцягнуў адпаведныя паперы ды запатрабаваў за арэнду трыста на месяц, прычым ня рублісаў, а даляраў.
Ад гэткае навіны робіцца ніякавата нават мне, госьцю, што трымае ў адной руцэ кілішак, а ў другой – крыло вэнджанай курыцы. Што ўжо казаць пра гаспадара, які звычайнае гарышча, дзе марцавалі рыскія каты, ператварыў у атэлье, вартае Манмартру й Манпарнасу.
На добры лад гэтыя трыста даляраў павінна было б узяць на сябе міністэрства культуры РБ. У Вячкавай майстэрні перавярнулася добрая палова нашага Саюзу мастакоў і чвэртка Саюзу пісьменьнікаў. Зь яе вакна бачылі вежачку на даху суседняга дому Ўладзімер Караткевіч і Рыгор Барадулін, Стэфанія Станюта й Павал Дубашынскі.
Калі ў міністэрства няма грошай на майстэрню, дзе апрача музаў зьбіраюцца на свае паседжаньні сябры беларускага культурнага таварыства ў Рызе «Сьвітанак», няхай купляе на рынку коціка-скарбонку ды пачне зьбіраць валюту хоць на Целешаву кнігу гасьцей. Ужо сёньня гэты фаліянт у брунатным пераплёце дасьць фору шмат якім зборам твораў. Ня буду стамляць імёнамі наведнікаў – народных і заслужаных (афіцыйна і не), вядомых і невядомых (накшталт аўтаркі сьціплага запісу «Вячку я считаю мужчиной»), жывых і адляцелых у вечны вырай, дзе іх таксама, відаць, грэе ўспамін пра рыскае гарышча.
Адных вершаў тут хопіць на самавіты зборнік – ад просьценькіх спробаў зарыфмаваць «Целеш» – «келіх» да выведзеных цьвёрдай рукою Караткевіча амаль клясычных радкоў:
З майстэрні мілай пана Вячкі
Паўзьлі мы ледзь не на карачках.
I дух наш ледзь трымаўся ў целе,
Калі дамоў пусьціў нас Целеш.
Настальгію па былых часінах, калі пісьменьнік Яўген Лецка яшчэ не ўзначальваў беларусаў усяго сьвету дый усе мы жылі лёгка і бесклапотна, абуджаюць радкі ахвярнага песьняра Целешавага Парнасу Сяргея Панізьніка:
Хто ні быў у майстра Вячкі!
I ліцьвінкі, і палячкі
Заключалі творчы пакт.
Вось вам ню, а вось вам акт…
Свой хацеў пакінуць ген
Лецка, той, які – Яўген…
О tempora, о mores!
Пакідаючы мяне нанач у майстэрні, гаспадар раіць не хадзіць на вечаровы шпацыр. Найлепей бавіць рэшту вечара зь ягонай, магчыма, найбагацейшаю ў сьвеце калекцыяй беларускіх паштовых картак. У тым разе, калі я засумую над паштоўкамі, маю адзіноту можа разьвеяць чэрап на паліцы. Перахапіўшы мой позірк, Вячка кажа, што некаторыя з начлежнікаў і нават (што ўжо зусім недаравальна) зь дзеячаў нацыянальнага адраджэньня прыкрывалі чэрап газэцінай, хоць ён, Вячка, і папярэджваў, што гэты знойдзены археолягамі чэрап насіла на прыгожай шыйцы простая беларуская жанчына-працаўніца з-пад Ваўкавыску.
Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталічных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямі каля манумэнту Свабоды абрабавалі самога амэрыканскага пасла, які, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскім народам.
Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпісаны кірыліцаю ліфт і празь дзесяць хвілінаў у чаканьні магчымых экспрапрыяцыяў набліжаюся да статуі Свабоды. Мяне займае адзін істотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавіта: ці лягчэй разьвітвацца з грашыма, калі злодзеі гавораць з табой на тваёй мове?
Рабаўнікоў на прыцемных цэнтральных вуліцах з выключанай рэклямаю пакуль не відаць, як, зрэшты, амаль не відаць і верагодных ахвяраў. Мабыць, і адныя, і другія яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскіх кавярнях. Пералічыўшы свае цэлыя рублісы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столікам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютных, ужо зачыненыя, хоць на гадзіньніку яшчэ бяз чвэрці восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма – наведнікі. Грэючы душу астатняй надзеяй, кіруюся ў знакамітыя «12 крэслаў» каля Домскага сабору. «12 крэслаў» на замку, перададзены вернікам сабор – таксама.
Улякнуўшы ў падваротні нейкую даму з сабачкам, падымаюся ў знаёмым ліфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў ім адно тады, калі я, зачыніўшы дзьверы, нейкім дзівам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.
У майстэрні праблемаў зь сьвятлом ня ўзьнікла, аднак зьявіліся іншыя: а дзявятай гадзіне вечара адначасова адключыліся водаправод і ацяпленьне.
За вокнамі рэдзенька сьвяціўся гатэль «Латвія» і ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталіца незалежнае Латвійскае Рэспублікі.
Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, піў сам з сабою сьветлае грузінскае віно, ад якога рабілася яшчэ халадней, і гаманіў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.
Стоена й гаркава пахлі прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнім люстры клубіліся мае й чужыя ўспаміны.
Майстэрня напоўнілася гаманою, шэптамі, пацалункамі… Я крыху распрануўся і даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруціўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.
З усіх рыскіх пеўняў найбліжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом і гляджу ў бок мора. Зьнізу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон і басэтля. Такую мэлёдыю, толькі выдзьмутую з дуды-дудаса, я чуў на вясковым беларуска-латыскім вясельлі паблізу Рыгі, дзе пазнаёміўся з Андрысам.
Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесіў над сельсаветам латыскі нацыянальны сьцяг. «Запомни, Володя, – казаў ён мне, – русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить». Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.
Спусьціўшыся з сабору, можна паслухаць музыкаў, пакласьці ім нешта ў капялюш і рушыць далей. А можна і не пакласьці.
Але зусім ня так проста разьмінуцца з музыкамі, што ўладкаваліся ў вузкім аркавым праходзе па дарозе да сабору сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакідаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкі праразаюцца сталёвыя ноткі эпохі незалежнасьці й эканамічнага абвалу, і рука сама сабою цягне з кішэні пяць рублісаў.
У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты «Советская молодежь». Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзіць пад таямнічай назваю «СМ – сегодня». Што такое СМ – здагадвайцеся самі. «Современная молодежь? Совковая? Суверенная? Счастливая?» А ня выключана, што і «М» – гэта зусім не «молодежь». «Макулатура? Макуха? Малина?..» Што б там ні было, два тузіны бутлікаў дэзадаранту для цела «Лунная ночь», што стаяць каля ліфта ў Вячкавым пад’езьдзе на Брывібас, выжлукціла відавочна СМ.
На першай старонцы эксклюзіўнае інтэрвію з намесьнікам камандзіра былога рыскага ОМОНу. «Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, – з замілаваным дамскім прыдыханьнем паведамляе газэта, – разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) – симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле». Значыцца, жыў-быў сабе сьціплы расейскі хлопчык, «кушал», хадзіў у бібліятэку чытаць кніжкі і раптам – ні з пушчы, ні з поля – «изменились условия жизни».
Прафэсійна акцэнтаваны здымак: бамбіза ў профіль з кветачкай у руцэ, на заднім пляне – крбты і ахоўнік. «Я просто хочу дать им шанс», – пачынае інтэрвію гаротны намесьнік камандзіра. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такімі патыліцамі, настолькі вузкі, што чытаць далей нецікава.
Станцыя Прыедайнэ. Тут жыве мастак Валера Дэвіскіба. «Дэ» пішацца разам, бо Валеры ніякі не віконт і ўвогуле не француз, а беларус, якога маці нарадзіла ў фашыстоўскім канцлягеры і які потым падаўся зь Беларусі шукаць шчасьця ў Эўропу – у Латвію. Праўда, Бацькаўшчына не адпускала, і Валера то маляваў Скарыну, то ехаў з паходным мальбэртам на родную Гомельшчыну, дзе быў затрыманы міліцыяй у прыстанцыйнай прыбіральні, калі мыў запэцканыя фарбамі рукі: нейкі пільны наведнік паведаміў, што забойца змывае кроў.
Аднойчы Валера стварыў мой партрэт. Гэта здарылася ў чарнобыльскім 1986 годзе, калі я прыехаў на ўзмор’е ў пісьменьніцкі Дом творчасьці «Дубулты».
За сьценамі нашага флігелю шумела мора і – кантрапунктам – прыбярэжныя хвоі. У бары можна было ўбачыць нездаровы азызлы твар рэдактара «Литгазеты» і аднаго з фурманаў яшчэ нерастрэсенага возу СП СССР Аляксандра Чакоўскага зь нязьменнаю люлькаю ў зубах. Па беразе, дыхаючы марскім паветрам, ад відна да відна шнуравалі натоўпы адпачывальнікаў; сярод іх быў мой сусед па сталоўцы маскоўскі быццам бы літаратар, што паўсюль цягаў з сабою яшчэ рэдкі тады мініятурны «Panasonic» і колькі разоў напужаў субратоў па пяры, пракруціўшы іхнія выказваньні наконт «Софьи Власьевны», як дзеля кансьпірацыі яны называлі савецкую ўладу. Уладар «Panasonic»’а пазнаёміўся з пагляднай гамяльчанкаю ды канфідэнцыйна пацікавіўся ў мяне, ці перадаецца радыяцыя палавым шляхам. Я, вядома, запэўніў калегу, што абавязкова перадаецца, прычым у небясьпечных дозах.
Стаяў халодны, з прымаразкамі, верасень, але ў нашых пакоях было так цёпла, што я спаў пад адной прасьцінай. Аднае начы я прачнуўся ад вусьцішнае халадэчы і, надзеўшы на сябе ўсё, што меў, да самае раніцы ляскаў зубамі. На пытаньне, чаму выключылі ацяпленьне, пакаёўка сказала, што ўначы ад’ехаў у Маскву таварыш Чакоўскі.
Найбольш пакутаваў ад холаду мой сусед зьлева, сівы кульгавы сын каўкаскіх вяршыняў. Ён распачаў з дырэктарам Дому творчасьці барацьбу за грамадзянскія правы шараговых пісьменьнікаў, сабраў подпісы, і праз тыдзень батарэі зноў нагрэліся. Шчасьлівы змагар у адзіноце адзначыў перамогу, выйшаў з нумару і, забурыўшыся, са страшэнным грукатам скаціўся па стромкіх драўляных сходах на першы паверх.
Мой сусед зьлева ад холаду не пакутаваў. Ён быў сынам азэрбайджанскага міністра і, мяркуючы па гуках з-за сьцяны, натхнёна зьбіраў матэрыял для будучага сэкс-баевіка.
Пісьменьніца з гораду на Няве на грамадзкіх пачатках крыху займалася маёй адукацыяй. Яна ведала Льва Гумілёва і выклікала зь ім трансцэндэнтныя сілы, пасьля чаго адчайныя экспэрымэнтатары неяк апынуліся ў тэлефоннай будцы на іншым канцы гораду.
Нядаўна Гумілёў апынуўся значна далей. Засталася ягоная тэорыя, згодна зь якой паміж этнасамі існуе невідочная сувязь, што выяўляецца або ў прыцягненьні або ў адкрытым адштурхоўваньні – нешта накшталт узаемадзеяньня плюсавых і мінусавых часьцінак у сьвеце электрамагнітных хваляў. Паводле Гумілёва, на ўзроўні супэрэтнасаў ніякай натуральнай прыязнасьці аднаго да другога нарадзіцца ня можа. Напрыклад – паміж этнасамі заходнеі ўсходне-эўрапейскімі. Прыбалтыку ён адносіў да заходнеэўрапейскага, і яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, калі яна была візытнаю карткай савецкай імпэрыі (а я разгружаў з турыстычным гуртком вагоны), пісаў, што Балтыя неадменна пойдзе на Захад, бо той лічыць яе хоць і задворкамі, але – сваімі.
З думкаю, да якога супэрэтнасу належаць беларусы і ад каго яны мусяць непазьбежна адштурхоўвацца, я выходжу ў Дубултах з электрычкі і заглыбляюся ў жоўта-зялёныя ад лістоты й колеру будынкаў юрмальскія вулачкі.
Зачыненыя кавярні з бруднымі вокнамі. П’яная расейская жанчына просіць пяць рублісаў на чыёсьці пахаваньне. У двух дзейных шапіках прадаюцца літаратурна-мастацкія творы з сэрыі «Жесткий секс для взрослого чтения» па 10 рублісаў за штуку. «Приключения молодой женщины» заважылі на ўсе 15. Магчыма, іх выдае сын азэрбайджанскага міністра.
Павыбіваныя й застаўленыя фанэраю вокны нацыяналізаванага пансіянату «Прибалтика». Дом творчасьці пісьменьнікаў сёлета таксама вярнулі латыскаму народу, прычым кажуць, што ў працэсе вяртаньня былому дырэктару далі аўтаматным прыкладам па галаве.
Не сказаць, каб я надта шкадаваў адданага прыхільніка графаманскіх раманаў А. Чакоўскага, але ісьці да Дому творчасьці мне неахвота. Замест гэтага я паварочваю да мора.
Ад колішніх гаманлівых гурмаў савецкіх працоўных, што прыяжджалі прыгожа адпачыць і паправіць здароўе працэдурамі ды гарэлкаю «Кристалл» з рыскім бальзамам, цяпер засталося толькі некалькі самотных постацяў. Я вітаюся з морам, і ніхто не замінае нашай элегічнай размове.
З выкінутых хвалямі галінак хтосьці выклаў імя жанчыны, а можа – коткі ці птушкі – Люка. Я падымаю ўторкнутую ў кружок ад літары «ю» гронку рабіны. Ягады халодныя й гаркавыя, але зь іх смакам ня хочацца разьвітвацца.
На станцыі Маяры ўдаецца знайсьці адчыненую кавярню, што сустракае мэлёдыяй «Yesterday» і пахам сапраўднае кавы. Гэтая ўтульнасьць, кава, узьбітыя вяршкі ды булачкі з разынкамі здаюцца асколкамі іншага сьвету, і ў маёй грэшнай галаве варушыцца блюзьнерская антыдэмакратычная й агідная мне самому (але, зараза, варушыцца) думка: што ўсё ж лепей – быць параднай брамаю азіяцкай імпэрыі ці задворкамі эўрапейскай цывілізацыі?
Нешта падобнае відавочна рупіць і маім спадарожнікам па электрычцы. Адна пара гаворыць па-расейску, другая – па-латыску. «Вот и получили Латвию, свободную от всего», – кажа «русскоязычная» кабеціна й апавядае пра якуюсьці ці то кладаўшчыцу ці то таваразнаўцу Веру, што не здала абавязковага іспыту па латыскай мове, бо ня ведала галоўных твораў тутэйшага мэтра жывапісу.
Пра што гамоняць латышы, я не разумею. Не разумею, апрача таго, што гаворка ідзе пра Дайніса Іванса, зь якім я маю гонар быць знаёмым з часоў латыска-беларускага змаганьня супраць праекту Даўгаўпілскай ГЭС.
Мы былі з Дайнісам у 1986-м на водным ральлі пратэсту па Дзьвіне; яно пачыналася на мяжы, у Друі, а таму ў менскіх касах ніякіх квітоў туды не было, хоць бесьперасадачныя вагоны «Менск—Друя» ішлі пустыя.
Я бачыў, як Дайніс ірваўся да мікрафона на абмеркаваньні праекту ГЭС, калі маскоўскі аўтар праекту зь вясёлаю ўсьмешкай даводзіў тубыльцам, што іхнія найбольш каштоўныя архітэктурныя помнікі ў зоне затапленьня вялікія белыя бацькі з Масквы абгародзяць бэтоннымі дамбамі і да іх можна будзе, калі заманецца, падплысьці на чоўне.
Найперш дзякуючы Дайнісу напалову рэалізаваны праект пахавалі. Дзясяткі тысяч людзей у Латвіі й Беларусі засталіся жыць у сваіх дамах, а тая барацьба сталася пачаткам руху, які нарадзіў Народны фронт Латвіі.
Я памятаю, як Дайніс дыктаваў у тэлефон свой артыкул у «Комсомольскую правду» і колькі разоў паўтараў той самы сказ – «Моя Родина больше не желает быть колонией» – бо на другім канцы проваду, відаць, упарта не хацелі разумець такога прыбалтыйскага акцэнту. Мы пілі гарбату ў ягонай цеснай і сырой кватэрцы на першым паверсе нейкай паваеннай развалюхі, дзе Дайніс туліўся з жонкаю Эльвірай і чатырма малымі дзецьмі. (Каб латышы ня вымерлі, кожная сям’я павінна мець як мага больш дзяцей.)
На Каляды 1988 году ён званіў мне ў Наваполацак, шчасьлівы, што ў Латвіі гэты дзень абвешчаны выхадным, і я падумаў, што там, у Рызе, у мяне зьявіўся сябра.
Наступны раз мы пілі гарбату ўжо ў штаб-кватэры Народнага фронту – асабняку ў цэнтры старой Рыгі, над якім быў узьняты чырвона-бела-чырвоны латыскі сьцяг. Потым мы ішлі з Івансам па вуліцы, і жанчыны ўсьміхаліся яму і махалі з вокнаў тралейбусаў.
Пасьля гэтага я доўга бачыў старшыню НФ, а затым першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Латвіі толькі ў тэлевізары. Рыга, Масква, Брусэль, Жэнэва, НьюЁрк… Дазваніцца на новую Дайнісаву кватэру было не лягчэй, чым у ягоны кабінэт у парлямэнце. Аднаго разу сакратарка не захацела разумець ніякіх тлумачэньняў і адказвала выключна па-латыску, нават тады, калі я, напружыўшыся, здолеў ёй нешта растлумачыць па-ангельску. Напэўна, я нарваўся на Дзень латыскае мовы, калі дазваніцца да Вярхоўнага Савету можна было толькі латышам.
Паступова я скарыўся з тым, што калі твой сябра грунтоўна ідзе ў палітыку, ён пакідае быць тваім сябрам.
Астанкіна ўжо даўно не выпускае Дайніса на нашыя блакітныя экраны. Дайніс Іванс у ганаровай ссылцы – не ў дыпляматычнай місіі, як некаторыя, а на чацьвертым паверсе Міністэрства культуры Латвіі, дзе месьціцца прадстаўніцтва ЮНЭСКО. Я ня ведаю службовага тэлефону, а хатні ўсе апошнія дні глуха маўчыць, і застаецца спадзявацца, што тыя, хто змусіў Іванса падаць у адстаўку, з кватэры яго ўсё ж ня выселілі.
Апошнія зьвесткі, якія я пра яго маю – з інтэрвію ў «Московских новостях». Былы старшыня НФ гаворыць пра «людзей з гумовымі хрыбетнікамі», што прыйшлі на зьмену інтэлектуалам зь першае хвалі фронту і «атруцілі народ прымітыўнай ідэяй разьвязваньня любых праблемаў праз аднаўленьне колішняй дзяржавы ў абсалюце – грамадзянства, права ўласнасьці…»
Сёлета я зноў павіншую Дайніса з Калядамі.
Электрычка грукоча па рыскім Задзьвіньні. Недзе тут жыве на вуліцы Талсу перакладчык Талрыд Руліс – нястомны курзэмец, падобны да невысокага Мэфістофэля. Ён пераклаў і выдаў па-латыску столькі беларускіх кніжак, што, прыгнуўшыся, можа схавацца за іхнім стосам. Раманы У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» выпусьціць ён ужо не пасьпеў, бо, як яму растлумачылі ў выдавецтвах, Латвіі савецкая літаратура ня трэба.
У студзені 1991-га Талрыд быў на барыкадах каля парлямэнту. Цяпер у кампаніі пяці котачак ён вядзе на сваім летніку бітву за ўраджай, які дазволіць яму перазімаваць.
Церусіць дождж, пад якім адбываецца мая разьвітальная праходка па бульвары Брывібас. Каля манумэнту Свабоды мокра й пустэльна. Сёньня ніхто не патрабуе тут, як колькі дзён таму, гнаць зь Вярхоўнага Савету ягонага старшыню Анатоля Гарбунова – за тое, што ягоны бацька беларус; турнуць прэм’ера Годманіса, у якога дзядуля быў жыдом; даць пад зад міністру замежных спраў Юркансу – за тое, што паводле пашпарту паляк; крыкнуць «Viso gero!» цяперашняму старшыні Народнага фронту Латвіі літоўцу Ражукасу… Сёньня пікетоўцы нацыянал-радыкалаў маюць, як і астатнія грамадзяне, законны выхадны.
На пэроне мне на момант мроіцца, што трансэўрапейскі экспрэс «Рыга—Менск—Гомель» ходзіць ужо толькі ў адным кірунку. Я пераконваю сябе, што ўсё гэта – проста восень. Ляжа сьнег, загарыцца рэкляма, і Рыга зноў будзе ранейшая.
Цяпер можна выцягнуцца да самага Менску на вагонным палку, каб прысьніць мора, загадкавую Люку з халоднай гронкаю рабіны, абрабаванага амэрыканскага пасла, Вячкаву майстэрню і майго аднаклясьніка Віцю Скрыпкіна, які быў вечным няўдаліцам, пакуль ня зьехаў пазалетась у Піцер і не зрабіўся там мільянэрам…
I ўвесь час у сьне мяне ня будзе пакідаць трывожнае чаканьне: вось зараз зьлятуць зь сьпічакоў рыскія пеўні і возьмуцца дружна дзяўбсьці мяне ў тое самае несамавітае месца ніжэй сьпіны, бо няма ўва мне ані кроплі латыскае крыві, а ёсьць адно беларуская, ды яшчэ разбаўленая кропляю цыганскай…
Кастрычнік, 1992