Читать книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 7

Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Гамсахурдзія – наш чалавек

Оглавление

На плоце наклеены нясьвежы нумар газэты «Правда». Друкаваны орган партыі, прыпыненай пасьля жнівеньскага путчу, абураецца, што мумію правадыра хочуць вынесьці з маўзалею ды па-хрысьціянску аддаць зямлі побач з магілаю маці. Аргумэнты па-бальшавіцку грунтоўныя: вось памруць, маўляў, Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў з Раісай Максімаўнай, і заманецца некаму пахаваць іх на Стаўрапольшчыне, каля магілы маці былога генсека… Між тым, прэзыдэнт не вылазіць з тэлевізара, прэзыдэнціха ўчора паведамляла народу, што «передвижники внесли большой вклад в искусство», а прэзыдэнтава маці днямі яшчэ сядзела на лавачцы пры сваёй сьціплай стаўрапольскай хацінцы, казала тэлегледачам, што Міша быў актыўным камсамольцам, і таксама паміраць нібыта не зьбіралася.

А можа, «Правда» нешта ведае?.. Карацей, думай, што хочаш.

Побач з газэцінаю матляецца аб’яўка: з 30-га маршрутная таксоўка ў аэрапорт хадзіць ня будзе ў сувязі з паломкаю. Сёньня толькі 25-га. Адкуль вядома, што акурат празь пяць дзён маршрутка зламаецца – загадка.

Але ўсё гэта драбяза.

Вось праблема, вартая інтэлектуала: дзе я знаходжуся? Вакол кіпарысы, горы, жанчыны й гандлёвыя кропкі Абхаскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ўваходзіць у склад СССР. Але адначасова яна ўваходзіць і ў Рэспубліку Грузію, якая ў СССР не ўваходзіць.

Ёсьць толькі адзін спосаб дабраць тут нейкага сэнсу. Яго завуць Бора Гальперашвілі. Гэты піцундаўскі жыд, здаецца, ніколі ня быў ні акцябронкам, ні піянэрам, не вучыўся ні ў школе, ні ў інстытуце, а ад нараджэньня, пабліскваючы заплылымі тлушчам разумнымі вочкамі, стаяў за стойкаю прыморскага бару зь непрэтэнцыёзнаю назваю «Бар».

З Борам мы пазнаёміліся яшчэ на досьвітку перабудовы, калі аднойчы так заўзята падтрымлівалі дэмакратычныя працэсы, што потым давялося падтрымліваць нас. Тады, памятаецца, пляшка цынандалі каштавала ў «Бары» два рублі, а гарачы сакаўны хачапуры – сорак капеек.

Час не спрыяе чульлівасьці, і мы з Борам сустракаемся па-мужчынску стрымана. Паміж намі адбываецца першы дыялёг.

– Господин Боря, – кажу я, – изможденный организм жаждет бутылочку цинандали и один хачапури.

– А что, дорогой, – пытаецца «господин Боря», – Белоруссия тоже отделилась?

– А как же, – адказваю я, падазрона пазіраючы на загадзя адкаркаваную пляшку без налепкі, а потым на Бору.

Спакойна вытрымаўшы мой позірк, Бора цікавіцца:

– А какая у вас будет валюта?

– Драньки и майсюки, – не змаргнуўшы, адказваю я.

– Интересные названия, – з павагаю кажа Бора.

– Причем, в одном драньке будет 99 майсюков, – помсьліва дадаю я.

Бора настолькі ўражаны складанасьцю нашай грашовай сыстэмы, што хавае адкаркаваную пляшку без апазнавальных знакаў і адкаркоўвае новую, з налепкай.

– А почему 99, а не 100?

– Потому, что один уже есть.

Гэта мая дробная помста за таямніцу Абхаскай ССР. Няхай ведае, што і мы ня ў рэшаце яечню смажым.

З пляшкаю залацістага цынандалі за восем рублёў, з хачапуры амаль бяз сыру і бяз масла, затое за траячку, і зь філіжанкаю з адбітым вушкам (шклянкі ў Абх. ССР ці ў незалежнай РГ ужо скончыліся) я кіруюся да мора і выбіраю сабе абгладжанае хвалямі й выкінутае ўрэшце на бераг бервяно.

Шторм быў учора. Сёньня зялёныя хвалі ласкава ліжуць бераг. Раз-пораз пенлівы язык мора дастае да самага бервяна. Тады каменьчыкі ўспыхваюць і пераліваюцца рознымі колерамі, ды хутка зноў робяцца шаравата-аднатоннымі, і толькі рэдкі зь іх не губляе свае барвы.

Зьверху грэе сонца, зь сярэдзіны – цынандалі, зьнізу – утульнае цёплае бервяно. Магчыма, яго кінулі ў хвалі турэцкія працоўныя, каб дапамагчы працоўным незалежнае РГ (ці Абх. ССР) пераадолець энэргетычны крызіс, які змушае на ўсім гэтым абшары (незалежна ад уваходжаньня ці неўваходжаньня ў СССР) з 12 да 17.00 вырубаць электрычнасьць.

Але выпіць першую філіжанку за турэцкіх працоўных я не магу. Бо ў такім разе мне ніколі не даруе беларускі паэт, прозьвішча якога я беспардонна выкарыстаў у размове з Борам Гальперашвілі. Першыя глыткі я п’ю за Лёню Дранька-Майсюка. Цяпер мяне грэе ня толькі сонца, бервяно і цынандалі, але і ўспамін пра Лёню. Гэта ён, Лёня, напісаў мне на сваёй апошняй кніжцы аўтограф:

Валодзя, дружа, жарты – жартамі,

Ды трэба й гэткага чакаць,

Што будзем хутка з парыжанкамі

Па-беларуску размаўляць.


Я ня супраць. Праўда, парыжанак мне хочацца замяніць на філіжанкі. Тады атрымаецца больш сьціпла й бліжэй да жыцьця…

Палітыка на гэтай блаславёнай зямлі прысутнічае сёньня ва ўсім, нават у цынандалі.

Пакуль я п’ю за здароўе турэцкіх працоўных, імя Леаніда Васілевіча Дранька-Майсюка ў маёй сьвядомасьці ўжо цалкам выцясьняецца іншым – Зьвіяд Канстанцінавіч Гамсахурдзія.

Калісьці ён змагаўся за правы чалавека, яго садзілі, ён нібыта каяўся, выходзіў на волю, зьбіраў дэманстрацыю ды вёў яе да Мцхецкага храму. Насустрач Зьвіяду Канстанцінавічу выяжджаў Эдуард Амвросевіч Шэварднадзэ, які, сеўшы ў крэсла першага сакратара грузінскага ЦК, перасаджаў, кажуць, 30 тысяч гэтак званых спэкулянтаў і ценевікоў, за правы якіх, называючы іх прадпрымальнікамі, ваюе цяпер у «Движении демократических реформ».

А тады верны ленінец, брэжневец і андропавец Шэварднадзэ, раскрыліўшы рукі, ішоў насустрач дэманстрантам.

– Чаго ты хочаш, сынок? – пытаўся ён у Гамсахурдзіі, спрабуючы абняць яго.

– Ніякі я табе не сынок, – хмурна абзываўся сын клясыка грузінскае літаратуры дысыдэнт Зьвіяд. – У мяне адна маці – Грузія, а ты яе прадаў!

Гамсахурдзію зноў садзілі, і ўсё паўтаралася.

Пра гэта расказваў мне гадоў дзесяць таму знаёмы грузінскі мастак – паміж антысавецкаю показкай пра тое, як Брэжнева вадзілі па Эрмітажы (– Вось, Леанід Ільліч, Гоя, а вось «Дзяўчынка на шары» Пікаса. – А гэта што за малпа? – А гэта, Леанід Ільліч, люстэрка. – А-а, Таркоўскі…), і блюзьнерскай показкай пра тое, як Гіві намаляваў мадонну, аднак «слишком балшой малчык получился».

А ўчора адзін грамадзянін Абх. ССР распавёў мне пра Зьвіяда Канстанцінавіча ды Эдуарда Амвросевіча новую гісторыю. Першы нібыта прыходзіць да другога й кажа:

«Ты – агент КГБ!» – «Не, сынок, – па-бацькоўску ўсьміхаецца Шэварднадзэ. – Гэта ты агент КГБ. Я – генэрал КГБ».

Першая пляшка цынандалі, як і часіны застою, калі яна каштавала ня больш за два рублі, ужо сталася гісторыяй.

У Боры бяруць марозіва салдацікі Савецкай арміі. Лыжачкі ў Абх. ССР (ці ў незалежнай РГ) ужо скончыліся, і Бора падае марозіва зь відэльцамі. Воддаль спыняецца машына з трыма грузінскімі гвардзейцамі, і паміж мною й Борам адбываецца другі дыялёг.

– Боря, ты хотел бы служить в национальной гвардии?

– … национальная гвардия… и… – вытанчана й прыгожа лаецца Бора.

– Боря, а в Советской армии ты служил?

– Советская… и… армия… и… – Бора лаецца непрыгожа й нявытанчана.

Вяртаючыся да бервяна, я знарок раблю кругаля, каб прайсьці побач з нацыянальнымі гвардзейцамі й падараваць аднаму зь іх бел-чырвона-белы значак.

– Ты за Гамсахурдиа? – замест якога-небудзь значка наўзамен, пытаецца гвардзеец, і тры пары цёмных вачэй глядзяць на мяне, нібыта тры дубальтоўкі.

– Я за демократию, – абачліва адказваю я пад гэтымі трыма сэктарамі абстрэлу.

– Проходи, – кажа гвардзеец.

Цынандалі з новае пляшкі пераконвае, што водаправод у «Бары» з 12 да 17.00 пакуль што не адключаюць.

Бервяно, мора і цынандалі зноў скіроўваюць мае думкі да загадкі – дзе я знаходжуся? – і да асобы, якая гэтую загадку ўвасабляе.

Чарговае перабываньне Гамсахурдзіі на волі атрымалася такім працяглым, што дысыдэнт здолеў ператварыцца ў прэзыдэнта.

Народ любіць свайго прэзыдэнта батона Зьвіяда Гамсахурдзію. Ніякага сумневу ў гэтым не пакідае ўчарашні нумар «Вечернего Тбилиси», што тырчыць у мяне з кішэні.

«Напрасно враги Грузии, – напісана ў ім на першай старонцы, – тешат себя надеждой, что наш народ устал в борьбе за независимость и демократию. Он неутомим, как и его Президент. Проискам врагов мы противопоставим сплоченность и единство. Те же, кто выступает против народа, будут сурово наказаны».

Ад гэтых суворых слоў лёгкі хмель пакідае мяне, і я пасьпешліва напаўняю філіжанку, каб адагнацца ад халоднае думкі, ці не выступаю я супраць народу, што супрацьпаставіць мне сваю згуртаванасьць і адзінства.

З газэтнае паласы на мяне дапытліва пазірае дарагі батона прэзыдэнт. «Хай смутак ніколі ня росіць вачэй тваіх добрых і ясных» – выплываюць на памяць словы зь ліста беларускага народу да вусатага суайчыньніка дарагога батона прэзыдэнта.

Тамсама, на першай старонцы, пад партрэтам дарагога батона падвярстаны ліст армянаў, якія дзякуюць «и лично дорогому президенту» за адкрыцьцё ў грузінскай школе армянскае клясы.

Учора ўвечары, калі далі электрычнасьць, першая праграма ТV паведаміла, што ў Тбілісі за арганізацыю забастоўкі арыштавалі старшыню грузінскага дзяржтэлерадыё ды яшчэ дзевяць апазыцыянэраў. Тэлежурналісты па-ранейшаму бастуюць, і на тбіліскай праграме ідуць адно інфармацыйныя выпускі з амэрыканскімі баевікамі.

У вечаровых навінах паказваюць мітынг. На ім выступаюць: прыгожая жанчына ў чорных панчохах, непрыгожая жанчына ў чорных панчохах і з вусамі, неінтэлігентны мужчына ў чорных акулярах з падазрона аддудураным крысом пінжака і сам батона прэзыдэнт. Ён чыста выгалены, але ўсё адно цяжка пазбыцца моцных асацыяцыяў зь фідэлеўскай смаляной барадою. Над натоўпам падымаецца лес партрэтаў дарагога батона.

Пасьля інфармацыйнага выпуску круцяць вэстэрн пра індзейцаў, які, мусіць, нідзе, апрача Абх. ССР (ці незалежнай РГ), ня ўбачыш. Фільм ідзе па-ангельску, унізе паўзуць герогліфы японскіх субтытраў, за кадрам гучыць пераклад то на грузінскую, то на расейскую, то на нейкую зусім незнаёмую мову. Напэўна, паказ наладжаны адмыслова дзеля дарагога прэзыдэнта, які ведае зь дзясятак моваў.

З боку Турцыі хвалі павольна падганяюць два бервяны і нешта незразумелае.

Яшчэ адна філіжанка за туркаў, і неўпрыкмет я апынаюся ў смузе колеру разбаўленага цынандалі. У ёй пачынае вымалёўвацца нейкая выснова. Вось зараз я ўхаплю яе за хвост, але…

Але ў гэтай залаціста-празрыстай смузе па пляжы – быццам кагадзе сышоў з тэлеэкрану – сунецца ў белых штанах генэрал КГБ Алег Данілавіч Калугін. Ён без накладной барады ды чорных акуляраў і відавочна не падобны да зацкаванага людзьмі Гамсахурдзіі агента (хай сабе і адстаўнога) варожай дзяржавы. Значыцца, я ўсё ж у Абх. ССР.

– Господин Калугин! – гукаю я, падымаючыся зь бервяна.

Ён ня ўздрыгвае й не палохаецца. Здаецца, яму нават прыемна, што яго пазналі. Генэрал стаміўся безь вядомасьці, ваюючы на таемных франтах барацьбы з імпэрыялізмам.

– Господин Калугин! Интервью для белорусской газеты «Наша Ніва»! Первый вопрос: Вы прибыли сюда в качестве агента Кремля?

Генэрал аблівае нахабу прафэсійным ліпуча-чэпкім позіркам і дастае з кішэні асадку «паркер». Мяне працінае: вось стрэліць зараз якой-небудзь атрутнай стралой…

– Так вы из Минска? – Ён хавае «паркер» у кішэню.

– Что-то вы не очень похожи на белоруса.

Ніякіх дакумэнтаў у мяне з сабою няма, і замест іх я пачынаю чытаць генэралу верш Рыгора Іванавіча Барадуліна:

Трэба дома бываць часьцей.

Трэба дома бываць ня госьцем…


– Это намек? – пытаецца пільны спадар Калугін.

Я прапаную яму разбаўленага цынандалі імя Боры Гальперашвілі. Генэрал адмаўляецца. Магчыма, прычына ў тым, што філіжанка ў мяне адна, а ісьці па другую да Боры неахвота.

Банальная ідэя наконт інтэрвію пакідае мяне.

Ну, пайшоў ён у органы адразу пасьля філфаку Ленінградзкага ўнівэрсытэту (ці не пастукваў, як быў студэнтам?). Ну, сядзеў на «дыпляматычна-журналісцкай» пасадзе ў ЗША, закупляючы рэдактараў эмігранцкіх выданьняў. Ну, выдаваў пад псэўданімам «О. Кедров» свае кніжкі, дзе выкрываў акулаў капіталістычнага сьвету. Ну, ажаніўся зь Людмілай Віктараўнай (яна ўжо зьявілася на даляглядзе й занепакоена набліжаецца да нас у штанах колеру бэж). Ну, працуе яна, скончыўшы пэдынстытут, у Інстытуце ЗША й Канады. (Мы й так ведаем, што якраз у пэдынстытутах і рыхтуюць гэткіх спэцыялістаў.) Усё гэта неістотна.

Новую філіжанку я п’ю за генэрала Калугіна, найлепшага з усіх прадстаўнікоў ягонага ведамства, якіх я дагэтуль ведаў.

Ён не паказваў мне сваёй «корачкі», не выклікаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра «нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах». Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.

За вас, генэрал!

Людміла Віктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалі, і яны аддаляюцца ўздоўж шампаністага прыбою. Іхні ўлюбёны адпачынак – дваццацікілямэтровая прыморская прагулянка.

За вас, Алег Данілавіч і Людміла Віктараўна!

Як кажуць у вас у Расеі, скатертью дорога!

Я гляджу на мора. Таямнічая рэч, якую несьлі хвалі, ужо блізка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалі турэцкія пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызіс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады і кладу яго на жвір сушыць.

У крэсла толькі тры нагі, але на ім можна сядзець, што я й раблю, дапіваючы за турэцкіх пралетараў апошнія глыткі. На ўсялякі выпадак я пералічваю грошы ды гляджу на Бору. Крэсла, як быццам прадчуваючы хуткае расстаньне, ня хоча адпускаць мяне.

Паміж мною й Борам адбываецца трэці дыялёг.

– Кто этот человек? – Ён ківае ў той бок, куды пайшоў генэрал.

– Это Калугин, – адказваю я. – Ну тот, генерал КГБ.

– … и… КГБ… – брудна лаецца Бора.

За час, пакуль я гаварыў з генэралам і сушыў турэцкае крэсла, у «Бары» прычынілася падвышэньне коштаў на цынандалі й хачапуры, аднак мне як старому кліенту Бора адпускае тавар па старым кошце. Ягоны позірк раптам робіцца загадкавым і скіраваным некуды паўзьверх майго пляча.

Я адварочваюся ад стойкі і бачу побач з сваім крэслам нейкага чалавека.

– Эй! – вясёла крычыць ён. – Это твоя стула?

– Моя!

– Можно, я заберу?

– Нельзя!

– Спасибо! – крычыць незнаёмы грамадзянін Абх. ССР (ці незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлівы позірк і, прытуліўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кіруецца ў кіпарысавыя прысады.

На шчасьце, захапіць з сабою маё цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхінаюся да яго, расьсьцілаю газэту «Вечерний Тбилиси», кладу побач з партрэтам Гамсахурдзіі свой трэці хачапуры, дзякую Бору й асабіста дарагому прэзыдэнту і пагружаюся ў залацістую смугу.

Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугін. За мною горы, за якімі сядзіць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх. ССР і незалежнае РГ абрастае новымі варыяцыямі: Грузія ўваходзіць у Абхазію, СССР выходзіць з Грузіі, я выходжу з СССР, СССР выходзіць зь мяне…

Чамусьці ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным і крохкім. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваімі руінамі. Шукаючы духоўнага апірышча, я гляджу на філіжанку з адбітым вушкам. Яшчэ імгненьне, і ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзіўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёні Дранька-Майсюка.

I тут з залацістае смугі колеру разбаўленага цынандалі імя Боры Гальперашвілі прыходзіць паратунак. З гэтае смугі выплывае выснова, якая ўкладваецца ў тры словы: Гамсахурдзія – наш чалавек.

Каб не забыцца, я пішу іх на вільготным пяску буйнымі літарамі:

ГАМСАХУРДЗІЯ – НАШ ЧАЛАВЕК.

Праз хвіліну мне здаецца, што гэта ня надта патрыятычна, і побач я дапісваю:

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Сьвет вакол мяне зноў набывае ўстойлівасьць і надзейнасьць.

– Гамсахурдзія – наш чалавек! – уголас прамаўляю я, дажоўваючы рэшту гумовага хачапуры й запіваючы яго апошнім глытком Боравага цынандалі, у непаўторным букеце якога відавочна прысутнічае хлёрка.

Няроўны белы язык хвалі ліжа мой надпіс. На пяску застаецца толькі:

НАШ БЕЛАРУСЬ!

Даволі доўга я гляджу на гэтыя шматзначныя словы з каўкаскім акцэнтам. Потым падымаюся і кірую да Боры.

Надыходзіць чульлівая хвіліна разьвітаньня. Я люблю Бору Гальперашвілі й адчуваю патрэбу сказаць яму нешта цёплае. Наш чацьверты дыялёг зусім кароткі.

– Калі ты прыедзеш на Беларусь, – кажу я, – цябе будуць зваць Гальпяровіч.

Не азіраючыся, каб не пусьціць скупую мужчынскую сьлязіну, я іду ў авіякасу.

Лістапад, 1991

Сланы Ганібала (зборнік)

Подняться наверх