Читать книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 12
Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Няхай жывуць гановэрскія вароны!
ОглавлениеМне хочацца хоць трохі пабыць жанчынаю. Цікава, што яны адчуваюць – на вуліцы, у краме, у ложку… Цікава зірнуць зь сярэдзіны, як яны манернічаюць, як кахаюць і як здраджваюць. Часам я хачу пераўвасобіцца ў адну кучаравую шатэнку са злосным позіркам, але падазраю, што ўжо даўно не выклікаю ў яе аніякай станоўчай эмоцыі, а непрыхільнасьці да самога сябе мне не бракуе і безь пераўвасабленьняў. Я не адмовіўся б пабыць пару дзён адной маёй знаёмай бляндынкаю, аднак прадчуваю, што потым замучае рэўнасьць да яе незьлічоных прыхільнікаў. Пазнавальна, хоць і таксама небясьпечна, было б глянуць на сьвет і вачыма жонкі…
Напэўна, гэткія думкі лезуць у голаў таму, што за вакном падае на цьмяна-вясёлкавы брук дождж, на стале курэюць чатыры вялікія кубкі кавы, а гаспадынямі трох зь іх апынуліся жанчыны.
Іх завуць Моніка, Сыльвія й Мірэла. Яны са смакам сёрбаюць каву, белая пара ад якой мудрагеліста зьвіваецца зь лявандавым цыгарэтным дымком, яны са смакам шчабечуць на мове Гётэ й Дурэнмата і, мяркую, зусім ня хочуць ператварыцца ў свайго візаві, што валодае нямецкай на ўзроўні адукаванага чыюка з рэспэктабэльнай бюргерскай сям’і.
Каторая зь іх сталася б маёй абраньніцаю ў выпадку экспэрымэнту зь пераўвасабленьнем?
Падобная да рубэнсаўскіх жанчын Моніка, што спрытна ладзіць самакруткі? Маленькая, зграбная й жывая, як міркіль, Сыльвія, што курыць «West»? Або смуглая, прыгожая нетутэйшаю (нягледзячы на бездакорную нямецкую мову) прыгажосьцю Мірэла, якой не хапае на кубак кавы дзьвюх цыгарэтаў «Rothmans»?
Пра аматарку самакрутак я ведаю толькі ймя.
Сыльвія нарадзілася ў Заходнім Бэрліне, але зьнелюбіла сьціснуты кальцом гэдээраўскай сьцяны-анаконды горад настолькі, што ўцякла на захад, у Гановэр, дзе пачала пісаць вершы й апавяданьні.
Прозьвішча Мірэлы – Іванова. Дзякуючы ёй я ўжо ведаю па-баўгарску першае слова: «благодаря» – дзякую. Калі б я мог зараз стаць Мірэлай, я ўспомніў бы Сафію, Віташу, магчыма, задаўненыя ўжо ўцёкі ад жаніха за тры дні да вясельля – каб «не належаць нікому, апрача паэзіі».
Мірэла любіць анатомію. У сваіх вершах яна прэпаруе зьявы й рэчы. Гэтую схільнасьць падкрэсьлівае яе падобны да компасу гадзіньнік: на ім няма лічбаў, а стрэлкі рухаюцца проста над вантробамі мэханізму. Гадзіньнік, што бесцырымонна анатамуе загадкавую субстанцыю часу, Мірэла набыла ў бэрлінскага магамэтаніна з турэцкіх кварталаў.
Пра гэта я даведваюся дзякуючы яе расейскай мове. На ёй Мірэла гаворыць з прыбалтыйскім акцэнтам – вынік стажыроўкі ў Рызе. Шкада, вядома, што яе настаўнікам выпала быць ня мне, але я ўсё роўна ўдзячны таму латышу, бо безь яго я ня здолеў бы паразумецца з акулярыстым чалавекам, перад якім Моніка ставіць пяты кубак кавы.
Чалавека завуць Ролянд Бальцэр. Ён пазірае на мяне з даверлівым подзівам, хоць, на добры лад, такое пачуцьцё павінна жыць у гэтыя хвіліны якраз не ў ягоных вачах, а ў маіх. Сапраўды, што змушала яго разам з Сыльвіяй адпраўляць у нейкую таямнічую WeiЯrussland факс за факсам з запрашэньнямі, якія на руінах СССР чыноўнікі бясконца гублялі або не разумелі й вымагалі дубляваць іх то парасейску, то па-нямецку. Ня менш прыемнаю загадкаю выглядае й тое, дзеля чаго гановэрскаму часопісу «Textura» друкаваць пераклады зь беларускай.