Читать книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 9
Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Рэквіем па нясьвіскім сале
ОглавлениеАдам Міцкевіч страшэнна (яшчэ больш, чым Гётэ – сабакаў і часныку) не любіў гарадоў, не пазначаных на мапах.
Гораду, куды ты едзеш, нялюбасьць аўтара «Дзядоў» ніколі не пагражала.
Гэты горад – Кракаў.
Калісьці за кухлем кракаўскага піва адзін твой знаёмы выпускнік тамтэйшага ўнівэрсытэту разважаў пра тое, што «понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя…»
Цяпер у Кракаве жыве твой знаёмы рэжысэр Кшыштаф, які паставіў у вас у Менску спэктакль пра вар’ята й манашку, і калі захопленая публіка запатрабавала яго на сцэну, выйшаў басанож, бо ніколі не дазваляў сабе зьневажаць сцэну чаравікамі.
Яшчэ ў Кракаве жыве беларускі гісторык Алег, які знайшоў там магілу Алеся Гаруна.
Табе здаецца, што ў Кракаве ўсе людзі такія, як Алег і Кшыштаф. Але тры пляшкі нашай новай сувэрэннай гарэлкі «Белая Русь» (адна законная й дзьве кантрабандныя), што ляжаць у цябе ў валізе, ты вып’еш не са сваімі знаёмымі.
Ты зусім ня будзеш іх піць.
Ты ня будзеш піць «Белую Русь», бо ў Кракаве ёсьць Марыяцкі касьцёл. Некалі татарская страла зрэзала зь ягонае вежы дазорцу, што затрубіў, папярэджваючы места аб варожым нападзе. На памятку пра гэта на вежы штогадзіны граюць трубачы-гейналістыя.
Упершыню за 600 гадоў яны маўчалі тае начы, калі на вежу залез беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч.
Ты спадзяесься, што сярод гейналістых і сёньня няма непітушчых. Гэтым разам пад акампанэмэнт храпу гейналістых начны Кракаў (з тае прычыны, што гімну ў Рэспублікі Беларусі дасюль няма) пачуе, як «Саўка ды Грышка ладзілі дуду».
Магчыма, гэта здарыцца ўжо заўтра.
А пакуль ваш аўтобус пад’яжджае да памежнага берасьцейскага пераходу за Варшаўскім мостам. У вас у кішэнях ляжаць запрашэньні на сэмінар па гісторыі Рэчы Паспалітай, факсы й камандзіровачныя пасьведчаньні…
Гейналістым ужо, напэўна, сьніцца Беларусь… Аўтобус закалыхвае, і вакол цябе таксама тчэцца вопрадзень сьненьня. Ад думак пра сярэднявечнага трубача ў сон лезуць раскосыя твары, якія чамусьці просяць даляраў…
Таргануўшыся, аўтобус спыняецца, і ты адплюшчваеш вочы. За вакном гараць у цемрыве вогнішчы, нешта булькоча ў задымленых саганах, бегаюць па смуглявых абліччах агнёвыя водсьветы. На мяжы явы і сьненьня табе здаецца, што ты глядзіш сон далей, што гэта ідуць на Кракаў праз Варшаўскі мост мангола-татарскія захопнікі.
Праўда, немаведама чаму татары гамоняць па-расейску і нецьвярозымі галасамі пяюць задушэўныя расейскія песьні. Прыемнае каляратурнае сапрана каля суседняга вогнішча выводзіць:
А вот намедни на крючок поймал русалку.
Я это помню, это было, как вчера.
Крючок я бросил, бросил леску, бросил палку,
А что словил? Да только три пера.
Як на сон, дык гучыць занадта саўкова, і ты прачынаесься. Ад Варшаўскага мосту, губляючыся ў бяззорнай цямрэ чы, цягнецца бясконцая гірлянда агнёў. Сонныя гейналістыя трывожна пераварочваюцца на другі бок, а ты змагаесься зь нядобрымі прадчуваньнямі й таксама клічаш на дапамогу Марфэя.
Там, у сьне, паміж аўтобусамі шнуруюць баскакі. Да хвастоў іхніх калматых конікаў прывязаныя берасьцейскія аўтамабільныя нумары, а на гнедых баках выведзена: «Милиция». З машынай-міргалкаю наперадзе ў бок мяжы паважна праходзіць караван сланоў і вярблюдаў, і за кадрам хтосьці тлумачыць, што гэта адбывае з афіцыйным візытам спадар прэм’ер…
Раніцою ты ачынаесься пасярод голага поля. У рэдкім туманцы ў далечыню ад застаўленай аўтобусамі да самага далягляду шашы брыдуць ланцужкі людзей. Відовішча нагадвае кадры ваенных кінафільмаў: партызаны ідуць з заданьнем на «жалезку». Нават няўзброеным вокам відаць, што і бяз ранішніх дывэрсантаў поле замініравана так надзейна, што ніякай арганікі яму да XXI стагодзьдзя не спатрэбіцца.
Адрозна ад трох «шпакоўняў» (плюс адна калёнка з вадою), уторкнутых берасьцейскімі дойлідамі ў смуродныя лужыны на шэсьць кілямэтраў аўтачаргі, сьмецьцевых бачкоў у нашай незалежнай краіне пакуль што хапае.
Бачкі ледзь не штохвіліны правяраюць абходчыкі зь ёмістымі торбамі. У аднаго на торбе партрэт Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова з падмаляванымі гітлераўскімі вусікамі, у другога – лёзунг: «СССР – оплот мира». Часам паміж абходчыкамі ўсчынаецца двубой за пустую пляшку.
Значна спакайнейшая й выгаднейшая іншая прымежная прафэсія – гандаль месцам у чарзе. Адно аўтобуса месца каштуе сто рублёў, а аўтобусаў тут недзе пад паўтысячы. За дзень мытнікі прапускаюць штук трыццаць-сорак. Кажуць, што праблему здымаюць 500 «зялёных», але вы пакуль знаходзіцеся на стадыі пачатковага намнажэньня капіталу, і іх, гэтых «зялёных», ва ўсіх разам набярэцца разоў у дзесяць меней.
Таму вы мітусіцеся паблізу шлягбаўма са сваімі паперамі, а кучаравы капітан з прозьвішчам ці то Гурок, ці то Бурак, зазірнуўшы ў іх адным вокам, пагардліва кідае:
– Пущай сам Шушкевич придет и мне скажет, тада пропущу.
Ягоны калега, зрабіўшы страшныя вочы, абяцае, што ўсё адно будзе правяраць «щацильна».
Каля шлягбаўма гамуе аўтобус зь дзявочай зборнаю па нейкім спорце. Пакуль трэнэр вядзе перамовы з начальствам, юныя спартоўкі просяцца ў паставога:
– Товарищ милиционер, пропустите. У нас соревнования. Нам завтра вечером на помост в Париже выходить.
– Знаем мы ваши соревнования, – міралюбна адгукаецца «товарищ милиционер». – Трахаться едете с французами за доллары. Будете с нами за рубли – тогда пропустим.
Пэрспэктыва пакаштаваць нясьвіскага сала з чырвонай праслойкаю ды пачуць адну з вэрсіяў утварэньня колеравай гамы вашага сьцягу робіцца для кракаўскіх гейналістых усё больш туманнаю.
Ваш апанаваны апошнімі надзеямі аўтобус бярэ курс на Берасьце – шукаць справядлівасьці ў высокіх кабінэтах. Надпіс на ўезьдзе ў горад папярэджвае: «Народы СССР – едины». Мяркуючы па аўтобусных нумарах у чарзе за мяжу ды па агульнай эканамічнай прасторы прымежнага поля, па якім не адважыцца прайсьці басанож нават твой знаёмы серабранкаўскі п’янтос Камінтэрн, – лёзунг кажа шчырую праўду.
Беларускае мовы на берасьцейскіх вулках і ў берасьцейскіх кабінэтах людзі ці то ня хочуць разумець, ці то сапраўды не разумеюць.
– Так вы, ребята, к нам из Белоруссии приехали? – з ухмылкаю пытаецца абласны начальнік. – Как у вас в Белоруссии погода?..
З аднаго кабінэта ў другі вы пераяжджаеце па вуліцы імя Касманаўтаў. Табе згадваецца, як гадоў пяць таму ты быў на сэмінары маладых талентаў у Воршы і прапанаваў сакратару гаркаму партыі, што вучыў вас розуму, назваць аршанскую вуліцу Касманаўтаў імем Караткевіча, які пісаў тут «Дзікае паляваньне караля Стаха». Функцыянэр быў абураны: «Мы на это никогда не пойдем. Такое решение будет идеологически неверным». «Чаму?» – не здаваўся я. «Потому что эта улица названа в честь советских космонавтов». «Яны што, усе разам тут нарадзіліся й жылі?» Партыйны сакратар быў не пазбаўлены пачуцьця гумару:
«Они над Оршей пролетали».
Назвы вуліцаў Берасьця сьведчаць, што над ім праляталі Пушкін з Гогалем, Будзённы з цэлым эскадронам бальшавіцкіх башыбузукаў, а таксама Ленін з самім камунізмам.
Няблага вывучыўшы гарадзкую тапанімію «западных ворот советской страны», вы вяртаецеся на шашу і – о, сьвятая наіўнасьць! – спрабуеце заняць у чарзе ранейшае месца. Яшчэ на далёкіх подступах з аўтобуса зь віцебскім нумарам высыпаюцца, як блашчыцы з матраца, дзясяткі два разьятраных жанок ды іхніх няголеных спадарожнікаў.
Ваш аўтобус сутаргава плішчыцца наперад. Хмурныя мужчыны зь Віцебшчыны дакляруюць вам размалаціць каменьнем вокны. Жанчыны дзейнічаюць больш радыкальна. З крыкам «Проедете по нашим трупам!» яны кладуцца на мокры ад імжачкі асфальт проста пад колы.
Ты выбіраеш сярод залеглых прыгожую маладзіцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмяніць пазыцыю. Ты цярпліва даводзіш, што брудны асфальт – ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе імя й тэлефон і, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзіі, кажаш пра духмяныя стагі, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.
Маладзіца зь віцебскага аўтобуса прыслухоўваецца да тваёй беларускай мовы, і раптам ейны гожы твар перасмыквае, і яна зь нянавісьцю верашчыць:
– Уйди, хохол бородатый! Тут белорусы по десять суток мучаются, а еще вас понаехало!
Гэта гучыць як прысуд.
Унурыўшы голаў у плечы, ты выцягваеш з аўтобуса валізу зь «Белай Русьсю» й цешчыным салам, спыняеш спадарожны «масквіч», расштурхоўваеш на вакзале колькі падазроных асобаў «кавказской национальности» каля адзінай адчыненай касы, купляеш квіт у цягнік, што ідзе з таго боку, куды цябе не пускаюць, залазіш упершыню ў жыцьці ў абсалютна пусты мяккі міжнародны вагон і праз чатыры гадзіны падыходзіш да свае хрушчобы ў Серабранцы.
Як казаў, прыяжджаючы дахаты ў родную Нарвэгію Фрыт’яф Нансэн, «вяртаньне – прыз кожнага падарожжа».
Твой прыз чакае цябе каля дому ў абліччы суседкі, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесіў «фашистские флаги». Ты бачыш, што адзін павесілі на гаўбцы твае сыны, другі – археоляг зь літаратурным крытыкам з трэцяга пад’езду.
Толькі тут ты ўспамінаеш, што заўтра – 25 сакавіка.
«Дожились», – кажа суседка й зьбіраецца ісьці скардзіцца на фашыстаў народнаму дэпутату Пятру Садоўскаму.
Ты падказваеш, у якой кватэры той жыве і даеш арыенцір – яшчэ адзін крамольны сьцяг. Уадначас ты дзелісься асьцярожнаю здагадкаю, што брудную правакацыю супраць народнага абраньніка ўчыніў хтосьці зь мясцовых фашыстаў, прыставіўшы знадворку драбіны.
– Иди, иди… Позьняк оброслый, – падазрона гаворыць суседка. – Сам, может, и лазил.
Апоўначы ты бярэш сынаву дудку і выдзімаеш на ёй «Саўку ды Грышку». У тую ж хвілю на вежы Марыяцкага касьцёлу падносіць да вуснаў трубу кракаўскі гейналісты.
Вашыя мэлёдыі зьліваюцца ў рэквіем па «Белай Русі» й бел-чырвона-белым нясьвіскім сале.
Сакавік, 1992