Читать книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 8
Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
У нас у Серабранцы
ОглавлениеПераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.
Вядома, я мог напісаць на канвэрце назву вуліцы й паставіць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насілі, і ў гэтым сэнсе жылося зацішна.
Хто завітваў да мяне на гасьціны, можа засьведчыць, што падвал быў з усімі выгодамі й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзіць на працу, дзе міліцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапіскі.
Пасьля гэтага ў Саюзе пісьменьнікаў запыталіся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранікліся шкадобаю і праз год далі мне кватэру.
Так я і апынуўся ў нас у Серабранцы, і цяпер за пражываньне на маёй плошчы без прапіскі маю законнае права скласьці пратакол на хамяка Хамейні ды на котку Басю (у афіцыйным дакумэнце будзе фігураваць поўнае імя: Басота).
Апрача асобаў сумнеўных і непрапісаных, у нашым доме ў розны час жылі й жывуць людзі прапісаныя, вядомыя ды заслужаныя.
Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калісьці пісьменьнік Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзіў Уладзімер Караткевіч, які, кажуць, браў тут чарку ды сьпяваў песьні ня горай, чым ён гэта робіць у забароненым некалі фільме паводле ягонага раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Цяпер у нас у доме жыве крытык і перакладчык Галіна (ашчаджаючы яе спакой, абыдземся бяз прозьвішча). Жыве таксама паэтка Валянціна, якая зрэдзьчас падпісваецца псэўданімам Віта Гнаная. Атрымліваецца сапраўдная літаратурная віктарына, да якой можна дадаць пытаньне: які вядомы беларускі археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязі з тым, што ў яго ў археалягічнай разьведцы ўтапіліся штаны?
Гэты археоляг, купіўшы новыя штаны, таксама на законных падставах пражывае ў нашым доме.
Тут жывуць Алесь, ажно два Данчыкі і Дануся.
А калі дадаць яшчэ й небясьпечнага ў нядаўнім мінулым нацыяналіста, а сёньня народнага дэпутата Пятра Садоўскага, дык нехта абавязкова скажа: гняздо.
Паблізу нашага дому ёсьць канал, на якім вядуцца качкі. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў «перестройки» і адляцеў кудысьці ў эміграцыю.
А вось яшчэ адзін знаны нацыяналіст прафэсар Уладзімер Конан «перестройку» вытрымаў і па-ранейшаму глядзіць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховіка.
Часам прафэсар можа ўбачыць, як раніцой па беразе каналу бегае парлямэнтар Пятро Садоўскі. Мінакі з захапленьнем назіраюць, як бягун распранаецца й дае нырца. Як кажа адзін з выбаршчыкаў, на тое ён і народны дэпутат.
Прыбег, значыцца, аднойчы спадар Садоўскі раніцай на канал і – у ваду. А на беразе сядзіць рыбак з вудаю. А мо й не рыбак, і ніякая ў яго ў руках ня вуда, а партатыўны перадатчык (як кажуць вэтэраны беларускіх выдавецтваў, «мает рацыю»). Сядзіць гэты вудаль і глыбакадумна так кажа:
– Ну што, Пятро, дабегаўся?
Дэпутат зьдзівіўся, але плыве як нічога ніякага. А вудаль удакладняе:
– Вылазь, Пятро. Пераварот.
Дэпутат зірнуў на дом, а адтуль жонка бяжыць.
Тут ён і зразумеў, што гэта ня жарцікі. Ды якія там жарцікі, калі пісьменьнік Барыс Сачанка гэты пераварот прадказваў ад самай зімы ўжо разоў зь дзесяць.
Народ вудзіў рыбу, а народны дэпутат апрануўся ды паехаў хутчэй у парлямэнт. А тым часам нехта з парлямэнтараў шукаў, куды б зашыцца, нехта, рыхтуючыся да адседкі, культурна складаў у партфэль камплект бялізны з зубной шчоткай, а нехта ехаў ужо ў цягніку ў Санкт-Пецярбург, каб пачынаць усё спачатку.
Карацей, 19 жніўня 1991 году. Гэта парлямэнтары.
У паспалітых людзей таксама ўзьніклі свае праблемы. Да мяне, напрыклад, падыходзіць на двары старшыня дамкаму – ціхі такі пэнсіянэр і аматар паддаць, што разьмяркоўваў нам талёны на харч. Быццам падмянілі старшыню: вока гарыць, не раўнуючы, як у якога варашылаўскага стралка.
– Ну, как там, Владимир Алексеевич, ваш Народный фронт?
– А адкуль, прабачце, вы ведаеце, як мяне завуць?
– Э-э, милок, я, к твоему сведению, человек не простой. Я когда-то комсомольский штаб всего Минска возглавлял.
Мяне неяк міжволі ад суровай прозы пацягнула на паэзію:
Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы словы і думкі свае…
«Ня выдам нікога, апрача аднаго пісьменьніка, – прысягнуў я сам сабе страшнаю прысягай. – Яму ўсё адно нічога ня будзе».
I пайшоў слухаць далей радыё «Свабода».
З допытам, як вядома, атрымалася адтэрміноўка.
I тут я, слабы чалавек, узяў грэх на душу. Пазваніў дні праз тры да былога начальніка камсамольскага штабу ў дзьверы.
– Выбачайце, хачу як суседа папярэдзіць. Народны фронт прыняў пастанову: усіх старшыняў дамкамаў – арыштаваць.
Сьпярша, бо быў, як зазвычай, пад чаркай, ён і паверыў.
– Спасибо, дорогой. Придется к брату в Донбасс рвануть.
Добра, што цяпер талёны выдаюць у домакіраўніцтве.
Яшчэ дні праз тры ў мяне быў дзень нараджэньня. Якраз тады, як Малафеева (не футбольнага трэнэра, а таго, што спрабаваў муштраваць усіх нас) сьцягнулі на сэсіі з трыбуны, а ягоны папярэднік пэнсіянэр усесаюзнага значэньня Ахрэм Сакалоў падруляваў на службовай «Волзе» да роднага ЦК, а там каля дзьвярэй – труна, вакол – плакальшчыцы, а на труне – машастовая стужка: «Ум, честь и совесть».
Таго вечара сябры падаравалі мне кавалак граніту, адбіты ад цэнтральнай парцейнай будыніны, што стаяла насупраць гарадзкой прыбіральні, на якую касавурыліся, круцячы насамі, бюсты таварышаў Маркса й Леніна.
Такім чынам хоць частку былой парцейнай маёмасьці пашэнціла прыватызаваць і мне.
Так нашая Серабранка апынулася ў сувэрэннай Рэспубліцы Беларусі.
Жыць, праўда, паспалітаму чалавеку стала ня надта каб лепей і весялей. Нават бел-чырвона-белыя сьцягі вывешваць на гаўбцах ужо нецікава, а бэсэсэраўскіх назапасіць у нас у доме не даўмеліся.
Аднак, калі зробіцца зусім сумна, можна схадзіць на пошту.
Вось, дапусьцім, хачу я даць тэлеграму з сувэрэннага Менску знаёмаму ў сувэрэнны Нью-Ёрк.
– Ні дурыце галаву, – кажа паштарка. – Ні ў какіі Нью-Ёркі нікакіі ціліграмы ні прынімаім.
– А ў якія-небудзь Наваполацкі якія-небудзь тэлеграмы прымаеце?
– У Наваполацкі прынімаім.
Пішу, высалапіўшы ад стараньня язык, друкаванымі літарамі, каб, крый Божа, чаго не пераблыталі.
Тэлеграфістка прачытала і пытаецца:
– А што такоя «віншую»?
– Поздравляю, – перакладаю я на мову нашай нацыянальнай меншасьці.
– Так бы і пісал. А Вінцэсь – эта што? Фамілія?
– Імя.
– Да нет такова імя, – гаворыць паштарка з сумесьсю ўквеленасьці й шкадобы. – Дурут тока галаву.
Тэлеграму яна ўсё ж прымае, ды потым высьвятляецца, што мае высілкі пайшлі тунна, бо тэкст, каб не пакрыўдзіць нацменшасьць, пераклалі на «общепонятный». Дзякаваць Богу, што хоць ня сталася, як з адным мастаком, якому таксама пераклалі й замест паведамленьня пра хаўтуры атрымалася запрашэньне на «халтуру».
Праўда, гэткія пераклады рабіліся яшчэ ў БССРы. У сувэрэннай Рэспубліцы Беларусі новыя праблемы.
– Напішы ўнізу ціліграмы адрас і фамілію, – кажа паштарка.
Потым яна доўга й падазрона разглядвае блянк.
– Как фамілія? Арлой?
– Арлоў. На канцы – у кароткае.
– Нет такой буквы, – акурат, як у тэлеперадачы «Поле чудес», адразае паштарка.
Я – чалавек рахманы. Дастаю нататнік, малюю «й» і «ў» і даходліва тлумачу розьніцу.
Ня ведаю, дзе асела ў яе тая розьніца, але ў галаве надзейна зачапілася, што я ўспадчыў ад бацькі незвычайнае прозьвішча – Арлой.
Заходжу наступнага разу ў аддзяленьне; паштарка ўсьміхаецца мне, як старому знаёмаму, ды гукае нейкую Надзю.
– Арлой прышол, апяць журналы не данесьлі. Зь нетраў пошты выплывае раззлаваная Надзя.
– Што вы ўсё ходзіце? Там у вас яшчо какой-та Садовскій жывёт. Тожа ходзіт. Навыпісывалі журналав пабіларускі, а ціпер варуют адзін у аднаво із яшчыкав…
Недалёка ад пошты жыве крамяны дзядзька, зь якім нас збліжае тое, што ў яго таксама рэдкае мяно.
У гістарычныя 1930-я ідэёва загартаваныя бацькі ахрысьцілі сына Камінтэрнам.
Ня ведаю, як было зь лексыкай у фірме, у гонар якой яго назвалі (мо там сыпалі выключна антыдурынгамі ды пасылалі на эмпірыякрытыцызм), а ў нашага Камінтэрна ўлюбёнае слаўцо, перапрашаю, «блядзі».
Зноў адключылі на тыдзень гарачую ваду – «Блядзі!»
Паднялі кошт на гарэлку – «Што робяць, блядзі!» Абвясьцілі Каляды выхадным днём – таксама «блядзі», але з адценьнем павагі.
Ня ведаю, што там чынілася ў бальшавіцкім Камінтэрне, а наш дзядзька Камінтэрн – вечна нападпітку. Часам ён насмоктваецца да божае моцы і можа забурыцца проста пасярод дарогі.
– Зноў Камінтэрн напіўся, – кажуць тады жанчыны ў ягоным двары ды просяць мужыкоў завалачы жлукту дахаты, бо дзядзька мае адметную рысу: заваліўшыся на дол, уяўляе, што ён ужо дома, і, палохаючы мінакоў, пачынае распранацца да майткоў.
У нашай Серабранцы ня менш цікавага, чымся ў Фолкнэравай Ёкнапатофе.
Але на сёньня я закругляюся, бо да мяне зрабіў візыт знаёмы мастак, і мы зь ім глынем кавы, а потым ён натхніцца й што-небудзь намалюе ў «Нашай Ніве», і гэта разам з маёй пісанінаю выкліча ў часткі чытачоў новую порцыю здаровага абурэньня.
А таму, як звычайна кажуць у Нью-Ёрку, гуд бай!
Або, як звычайна кажуць у нас у Серабранцы, у Менску, у незалежнай Рэспубліцы Беларусі, до свидания!
Люты, 1992