Читать книгу Час чумы (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 3

Аповесьці
Дзень, калі ўпала страла
2

Оглавление

Тры вялікія стругі пад белымі ветразямі прысталі побач з дзядзінцам, акурат там, дзе Дзвіна прымае ў свае берагі павольную Палату. Наладаваныя футрам і воскам караблі прывялі віцебскія купцы, што ўпершыню пасля зімы кіраваліся водным шляхам у Рыгу.

Разам з купцамі сышоў на бераг рослы падхорцісты чалавек у свіце з грубага сукна. Два дні таму ён, не таргуючыся, заплаціў купцам паўгрыўні, каб давезлі да стольнага Полацка. Назваўся аршанскім майстрам-лучнікам Богушам. Едзе па навуку да полацкіх майстроў, бо чуў: іхнія самастрэлы за сотню крокаў прабіваюць нямецкую браню, нібы тую кляновую дошчачку.

Богуш прыгладзіў узбунтаваныя ветрам бялявыя валасы, тройчы перахрысціўся на сафійскія крыжы і рушыў па гразкім пасля ўчарашняга дажджу ўзвозе да торжышча. Гадоў аршанскі майстра меў за тры дзесяткі, ногі ў новых пасталах ступалі лёгка, а на плечуку на выслізганай да бляску кульбе вісела радняная кайстра.

На таргу ён купіў падрумянены пірог з заечынай і, памалу адкусваючы, прайшоўся паміж паўпустых у будны дзень прылаўкаў. Спыніўся каля дзеда, што гандляваў рыбаю, прыцмокнуў языком, кінуўшы вока на ляшча, які не ўтаптаўся ў драўлянае вядро. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калчанаў. Прыслухаўся да размовы двух дружыннікаў у дашчатых бронях[3] і адразу неяк наструніўся. Ваяры гаманілі, як учора на княжых борцях злавілі пчаладзёра.

– Прывялі таця ў церам, – апавядаў старэйшы векам дружыннік, – дык на калені заваліўся і якоча:

«Памілуй, княжа, не ведаў я, што твой мёд краў!» А князь яму: «А хіба не ведаў ты, што мёд гэты не твой?»

Дружыннікі засмяяліся.

– I піўцом князь пачастуе, і слаўцом.

– А ці ведаеш, кажа князь, – працягваў старэйшы, – што над табой немцы ўчынілі б? Галавой – у лазьбень з мёдам, і пі, пакуль душа не адляціць.

Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней.

– Ага, – згадзіўся малодшы. – Чалавек з леціголы баяў. Рытары[4] ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі.

Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам.

На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад.

Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін – таўсматы і вірлавокі, другі – драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.

Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча, – прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост.

– Што за людзі? – напаўголаса запытаўся аршанскі майстра.

Сусед аказаўся гаваркі.

– Нямчыны-выведнікі, у нядзелю злоўленыя. Таўсты на Ганчарным канцы ў студню зелле сыпаў. Хацелі яго з той студні напаіць, дык так зубы сцяў, што мячом не расціснеш. Тады сабачку валачашчаму тае вады далі. Сабачка і пажыў, як Дзвіну на чоўне пераплысці. А гэтага, – кіўнуў дзед на ўскудлачанага, – Няжыла з Запалоцкага пасада злавіў. На пастой да Няжылы папрасіўся, а ў сне па-свойму гергетаць пачаў. Пад жаркім жалезам абое прызналіся.

Богуш упіўся вачыма ў звязаных выведнікаў.

– А кажуць жа, у князя Валодшы вечны мір з Рыгай, – зноў загаварыў ён да дзеда.

– Мір, – пацвердзіў той. – Купцоў нямецкіх князь у крыўду не дае. Дружына іхні тавар вартуе. А выведнікаў наказана не літаваць.

– Пасаднік! Пасаднік!.. – пранеслася па натоўпе, і людзі расступіліся, даючы дарогу чатыром цівунам і пасадніку ў вавёркавым футры.

Вастраносы кудлач, што дагэтуль ляжаў ціха, перакаціўся са спіны на бок, тварам да натоўпу, і тонкім пакутным голасам закрычаў:

– Людзюхны, ратуйце! Не нямчын я, людзюхны! Пятром мяне завуць. I бацька быў Пятро. Купец я з Друцка. Адстаў ад сваіх, хацеў на Вялікдзень у святую Сафію схадзіць. Жонцы і дзеткам хацеў пасвячонае ў Полацку яечка прывезці. Апаіў мяне Няжыла! Грошы забраў, а мяне нямчынам абвясціў!

Збой прыслухаўся і пацішэў.

– Пятро я. Хрыстом-Богам прашу, не губіце бязвінную душу! – маліў вастраносы.

Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы.

Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы.

– Можа, і праўда Пятро ён? – прамовіў нехта.

– На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! – гучна сказаў да людзей пасаднік.

– Грэшны, не сцярпеў пакуты, – зноў падаў голас кудлач. – Сам на сябе нагаварыў.

– Да князя паслаць! Няхай князь судзіць! – закрычалі ў натоўпе.

– Іншы ў князя клопат. Перавозчык паслоў у Бельчыцы павёз. Можа, і нашай ён крыві, – пасаднік паказаў нагой у зялёным боце на вастраносага, – ды ўсё адно пераветнік. А пераветнікаў князь Валодша загадаў судзіць скора.

Збой незадаволена загудзеў.

– Пятро я! – адчайдушна заекатаў кудлач. – Крыж буду цалаваць, што Пятро!

У гэты момант нечакана загаварыў таўсматы выведнік. Ён сказаў толькі тры словы:

– Яго імя Готфрыд.

– Не верце яму, людзі! – у смяротным жаху заверашчаў кудлач. – Бога ў цябе няма, лацінец пракляты!

– У Дзвіну іх! – выгукнуў Богуш, і вакол таксама закрычалі: – У Дзвіну!

Пасаднік махнуў рукой. Цівуны забілі выведнікам раты анучамі і пацягнулі абодвух да чаўноў. У вострых вачах аршанскага лучніка было змрочнае здаваленне. Грамада зноў загула, але ў гэтым гудзе ўжо не было шкадавання. Людзі пабеглі па беразе вышэй, каб лепей бачыць.

– Далей адвозьце! – загадаў пасаднік. – А то вада спадзе, дык тырчаць будуць.

Чаўны хутка выйшлі на самую строму. Цівуны, надзеўшы выведнікам на шыі пудовыя камяні, асцярожна, каб не выкуліцца самім, спіхнулі іх у каламутную імклівую ваду.

– Ні воўк ваўка, ні змяя змяю не губіць, а чалавек чалавека губіць і радасць з гэтага мае, – пачуў аршанскі майстра. Гаварыў, хрысцячыся дрыготкай рукой, падстаркаваты манах.

– Нядобра кажаш, мніх. Не да такога чыну словы, – сурова азваўся нехта. – Самі яны свае душы загубілі.

Збой ужо рассыпаўся, як па-над берагам разлёгся ўсцешаны жаночы крык:

– Глядзіце! Глядзіце!

На ўзвозе зарагаталі. Богушавы вусны таксама расцягнуліся ў міжвольнай усмешцы.

Хтосьці, відаць, нейкі весялун з княжых вотчын, што стаялі вышэй горада, пасадзіў на крыгу жарага, як агонь, пеўня.

Крыгу несла па самым быстраку, а небарака певень на пацеху разявакам мітусіўся на сваім хісткім прыстанку і раз-пораз пачынаў махаць крыламі, нібы збіраўся пераляцець на трывалае месца. Але да зямлі было не меней траціны палёту стралы.

Жарага гарапашніка згледзелі і на чаўнах. Пад радаснае галёканне берага весляры павярнулі і ўзялі напярэймы крызе. Людзі не разыходзіліся, пакуль уратаванага пеўня не выпусцілі на траву.

Пасля гэтых прыгодаў Богушавы пасталы адмералі яшчэ не адно попрышча па драўляным насціле вузкіх вулак дзядзінца, па Вялікім пасадзе і вакольным горадзе, дзе дамы стаялі трохі вальней, а ў блізкіх гародах прабілі ўжо зямлю першыя стрэлкі цыбулі.

Адвячоркам лучнік маліўся ў царкве за Чорным ручаём і паставіў свечку перад абразом Багародзіцы. А калі на горад апусцілася знобкае красавіцкае сутонне, Богуш, распытаўшы перад тым, дзе жыве кастапраў Даніла, пераехаў у ціхае Запалоцце і пастукаў у дзверы моцнай хаты над Палатой. Пастукаў адмыслова: два разы гучна і тры – прыцішана.

3

Даспех накшталт кальчугі, але зроблены з металёвых пластачак.

4

Рыцары.

Час чумы (зборнік)

Подняться наверх