Читать книгу Час чумы (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 5
Аповесьці
Дзень, калі ўпала страла
4
ОглавлениеНізкія дзверы з рыпеннем павярнуліся на «пятцы» і зачыніліся. Немалады, клышаногі і шырокі ў целе кастапраў Даніла адступіў на два крокі і ў цьмяным святле каганца глядзеў на госця. На шырокім насатым твары была насцярожанасць.
Богуш абвёў позіркам хату. Справа ад дзвярэй стаяла гліняная печ і было заторкнутае валаковае вакенца. За печчу – палаці і нары. Уздоўж другой сцяны цягнулася лава, з якой свяціў зялёнымі вачыма кот. У хаце было цёпла і чыста. Па-ранейшаму нішкам Богуш выцягнуў з запазухі і падаў Данілу нешта загорнутае ў анучку. Гаспадар падышоў да каганца на прыпеку. У анучцы была каменная плітка з выяваю аленя і няроўна адбітым краем.
Таксама моўчкі Даніла скінуў на лаву чорны кажух і пацягнуў за цвік, на якім вісела апранаха. Са сцяны лёгка выйшаў урэзак бервяна. Памацаўшы ў схоўцы рукой, кастапраў зноў наблізіўся да святла. На Данілавай далоні побач з пліткаю ляжаў адбіты вугалок. Ён прысунуў яго ўсутыч, і да аленевай галавы прыраслі галінастыя рогі.
– Gott mit uns![6] – ціха загаварыў Богуш.
– Gott mit uns! – як рэха азваўся гаспадар.
– Наш айцец біскуп Альберт шле табе сваё блаславенне, Дзітрых. У Рызе памятаюць пра цябе. Калі мы прывядзём схізматаў да праўдзівай веры… – На дварэ забрахаў сабака, і госць асекся.
– Я не ведаю твайго імя… – сказаў лекар, калі сабака суняўся.
– Ты не зробіш вялікай памылкі, калі будзеш называць мяне братам Тэадорыхам.
– Я думаю, ты прыйшоў не з пустымі рукамі, брат Тэадорых? – унікліва запытаўся кастапраў.
Госць павесіў на канявы слуп кайстру і зняў світку. Паверх палатнянай кашулі на ім была кальчужная безрукаўка.
– Пагаворым пра гэта пасля, – сказаў ён. – Я галодны.
Лекар паставіў на стол ёмісты збан і спод з вэнджаным вепручыным кумпяком. Госць памаліўся, асушыў вялікую шкляніцу і стаў прагна есці, адкройваючы нажом і адпраўляючы ў рот ніштаватыя кусы вяндліны. Кастапраў не еў, але піў упоравень з госцем, пакідаючы на густой барадзе кроплі піва. Здаволіўшыся, Тэадорых адсунуў спод і павёў гамонку далей.
– Перад ад’ездам у Рым айцец біскуп маліўся за здароўе полацкага караля Вальдэмара. Мы чулі, ты добра лекаваў яго…
Кастапраў закруціўся, нібы сеў на гарачае.
– Увосень кароль быў на ловах, і на яго выскачыў паранены дзік. Кароль пашкодзіў руку. Я ўправіў костку і зашыў рану ядвабнымі ніткамі. Да Калядаў кароль забыўся, што ў яго была рана. Ён шчодра заплаціў. Скажы, брат Тэадорых, я кепска зрабіў, што хутка вылечыў караля?
– Табою кіраваў сам Бог. Цяпер цябе часта клічуць у Бельчыцы?
Супакоены лекар падліў у шкляніцы піва.
– Бельчыцкі зялейнік добра лечыць травамі, але ніхто ў Полацку не ўмее так, як Дзітрых, упраўляць косці, – з гонарам сказаў ён.
– Не забывай, што сваё ўменне ты атрымаў ад Госпада. – Тэадорых крыху памарудзіў і, глянуўшы кастаправу проста ў вочы, дадаў: – I Гасподзь пажадаў, каб ты лекаваў караля зноў.
– Цяпер ён здаровы, як тур. Бог… – лекар папярхнуўся, – д’ябал даў яму сілы столькі, што хопіць на нас дваіх.
Госць засмяяўся.
– Біскуп казаў мне, што ты тугадум. Цяпер ты павінен вылечыць караля назаўсёды.
У цёмных вачах гаспадара мільгануўся спалох.
– Ужо трыццаць гадоў полацкі кароль як бяльмо на нашым воку. – Тэадорых нахіліўся над сталом да лекара. – Ён не толькі добры ваяр. Ён стаў неблагім палітыкам. Сёння на рынку і на вуліцах я чуў, як пра яго гаварылі з бояззю і павагай. Але самае страшнае не гэта. Айцу біскупу ў дзень святога Пятра быў сон. Апостал з’явіўся перад ім і мовіў: «Я адкрыю табе вочы, і ты ўбачыш тое, што ўжо даўно мусіў убачыць». Апостал правёў далоняй па ягоным твары, і святы айцец убачыў, як Вельзевул у абліччы Сына чалавечага кладзе ў руку каралю Вальдэмару меч, і пачуў, як ён грамавым голасам гаворыць: «Я выбраў цябе, каб ты пазбавіў гэтую зямлю ад Хрыстовых слуг». Тады Вальдэмар укленчыў перад ім і сказаў: «Верую ў сілу тваю, Божа».
Госць і гаспадар перажагналіся, адпрэчваючы служак д’ябла, якія маглі быць недзе побач.
– Нашы перамогі не павінны туманіць нам галаву. Вальдэмар паверыў, што яму наканавана не пусціць у Полацкую краіну праўдзівае слова Божае. Ён сам асудзіў сябе на смерць. Я прыйшоў, каб абарваць чорную нітку ягонага жыцця.
З гэтымі словамі Тэадорых узяў сваю кульбу, крутануў яе пасярэдзіне, і кульба разышлася надвое. У руцэ ў госця апынуўся маленькі бутлік з крупчастым белым парашком.
– Адно каліва гэтых лекаў, – ён страсянуў бутлік, – пазбавіць караля ад усіх былых і будучых хваробаў.
Лекар загаварыў пасля цяглага маўчання:
– Дзітрых просты чалавек, але ён бачыць, што Бог сапраўды хоча гэтага. У каралеўскай вязніцы сядзіць баярын Міхайла. Міхайлаў сын выракся бацькі і служыць у Вальдэмара чашнікам. У ягоных руках усе вінныя скляпы і мядушы. У душы Міхайлаў сын ненавідзіць караля і хоча вярнуць бацькаву вотчыну…
Твар госця асвятліла змрочная радасць.
– Вось гэта ўмацуе ягоную нянавісць. – Ён дастаў з кайстры важкую торбачку і высыпаў на стол залатыя манеты.
– Я сказаў не ўсё. Баярскі сын не асмеліцца падняць руку на князя. Але калі б…
– Калі б што? – нецярпліва выгукнуў Тэадорых.
– Калі б ягоны бацька памёр… Дзітрых думае, тады Міхайлаў сын адважыцца.
– Няхай баярын памрэ, – сказаў госць.
– Дзітрых будзе гаварыць з чалавекам, які носіць Міхайлу хлеб і ваду…
– Не шкадуй золата. Ты атрымаеш удвая больш. – Госць кіўнуў на рассыпаныя на стальніцы манеты.
– Я і цяпер сказаў не ўсё.
Тэадорых здзіўлена і зласліва падняў бровы.
– Дзітрых не такі вучоны чалавек, як ты, і не ўмее гаварыць так складна. Але ён думае, што трэба пачакаць. Кароль Вальдэмар збіраецца ваяваць з літоўскімі паганцамі. Мы вылечым караля, калі ён вернецца. Літоўцы таксама ворагі Рыгі.
Вусны ў Тэадорыха скрывіла пагардлівая ўсмешка.
– I ты паверыў у гэтую казку для немаўлятаў? Кароль Вальдэмар таемна пасылаў да літоўцаў сваіх ганцоў. Мо твая галава думае, ён хацеў папярэдзіць, каб чакалі ў госці? Га-га-га… Кароль даўно прагне ісці на Рыгу. Ледзь не кожны дзень ён прымае нейкіх паслоў. Богу дагодна адправіць яго ў пекла цяпер. Адно скажы баярскаму сыну, што атруту трэба даць у дзень выхаду ў паход. Не раней.
Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела.
– Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі глуздамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. I гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым.
Вочы ў начнога госця апантана гарэлі.
– А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых клопатах Дзева Марыя.
Тэадорых апусціўся на калені. З бояззю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач.
6
З намі Бог! (ням.)