Читать книгу Час чумы (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 8
Аповесьці
Дзень, калі ўпала страла
7
ОглавлениеУ першую нядзелю па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды раз’ятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і пад’юджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага каста права Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай.
Сёй-той з кірмашнікаў пазнаў у злоўленым чалавеку аршанскага майстра Богуша. На роспыце аршанец лаяўся і крычаў, што ў Агафію ўсяліўся чорт. Калі ў роспытнай хаце на дзядзінцы кат прыпаліў Богушу ступакі, той усё роўна стаяў на сваім. Раззлаваны кат адцяў аршанцу мезенік на левай руцэ. Богуш адно стаў яшчэ страшней лаяцца, праклінаючы ўдаву самымі вусцішнымі праклёнамі. Тады пасаднік загадаў распаліць і прыкласці Богушу да лоба каменную плітку з аленем, якую знайшлі ў аршанца ў кайстры. Пачуўшы гэта, Богуш увесь закалаціўся і, не стрываўшы страху перад новым катаваннем, прызнаў сябе нямчынам з Рыгі.
Каб не смярдзела паленым, нямчына абкурылі на двары сухой мятай, і цяпер ён, прываліўшыся да сцяны, сядзеў на падлозе ў шырокіх і светлых княжых сенях. У дзвярах застылі два лучнікі, гатовыя па першым знаку выпусціць стралу.
Валодша кагадзе вярнуўся з ратнае забавы і быў у кальчузе і з мячом на поясе. Апроч нязменнага Віславуса ў сенях сядзелі таксама пасаднік і пяць старэйшых баяраў. Тырчала тут і казліная ігуменава барада. Лука прыладзіўся з краю, як найдалей ад немца.
Князь сабраўся загаварыць, але Тэадорых апярэдзіў яго.
– Калі хочаш насыціць злосць свайго сэрца, забі мяне! – выгукнуў ён.
– Не спяшайся памерці, нямчын, – спакойна азваўся Валодша. – Не забіваць хачу, а гутарыць з табой. Скажы нам, як здароўе нашага сябра біскупа Альберта.
– Я адкажу табе, хоць ты і гаворыш, як Іуда, – вуснамі, а не сэрцам. – Тэадорых, чапляючыся за сцяну, намогся падняцца на ногі, аднак не патрапіў. – Святы айцец на страх шматлікім ворагам нашай царквы ў добрым здароўі.
– Хто многім страшны, той будзе многіх баяцца, – прамовіў князь, і па сенях праляцеў ухвальны шум.
– Хай скажа, ці паладзіў біскуп з братамі-рытарамі, – падаў голас Віславус.
– Сяброўства ордэна з Альбертам стала яшчэ мацнейшае, – гучна адказаў немец.
Ягоныя словы патанулі ў рогаце. Дробненька смяяўся, закідваючы галаву ў клабуку, нават ігумен Лука.
– Палюбіў воўк кабылу… – скрозь смех вымавіў пасаднік.
Твар у Тэадорыха пабялеў, вочы наліваліся шалам.
– Якія яшчэ навіны пачуем мы з тваіх праўдзівых вуснаў? – адсмяяўшыся, запытаў князь. – Можа, раскажаш, як любяць біскупа і крыжакоў тыя, у каго вы адабралі зямлю?
– Гэта зямля святой Дзевы Марыі. Яна апякуецца над усімі, хто нясе сюды слова сапраўднай веры. Нядаўна ў няроўнай бітве з эстамі загінуў пілігрым Іардан. Браты, што спяшаліся на падмогу, за сем міляў убачылі, як ягоную душу неслі анёлы.
– Ці не чорныя былі тыя анёлы? – спытаў Віславус.
Немец адказаў яму позіркам, поўным бяссілай злосці і пагарды.
– У Полацк уцякло шмат людзей з земіголы. – Князь Валодша ўсміхнуўся ў бараду. – Яны расказваюць, што іхні біскуп Бернард на радзіме быў не святым чалавекам, а ўчыняў тацьбу, паліў і забіваў сваіх суседзяў. Калі ваша Дзева Марыя абараняе яго, мы не верым, што гэта сапраўдная Маці Божая.
– Ты блюзнерыш, кароль, а табе трэба маліцца. Уладарка свету карае ўсіх, хто ідзе супраць славы яе сына. – Жыццё яшчэ моцна сядзела ў Тэадорыху, і, перасмыкнуўшыся ад болю, ён здолеў узграбціся на ногі. – Хіба яна не скарыла князя Герцыкі? Хіба нямецкі меч не адсек галаву падступнаму князю гольмскіх ліваў? Хіба не загінуў у сваім замку мяцежны старэйшына летаў Русін? Бойся міласэрнай Дзевы Марыі, кароль!
– Не мне трэба баяцца, а табе, бо Прыснадзевая Багародзіца аддала твой жывот у мае рукі, – сказаў Валодша, але ягоную душу на імгненне крануў нейкі цень, як быццам над ім праляцела вялікая злая птушка.
На памяць яму ўзбегла ўчарашняя размова з княгіняй. Увечары ён прынёс у пачывальню купленыя ў Полацку перлавыя каралі. Каб лепей разгледзець дарунак, Звеніслава падышла да вакна і раптам, ускрыкнуўшы, выпусціла каралі з рук.
«Ой, княжа, самая буйная перліна пацямнела, – шаптала яна, тулячыся да мужавых грудзей. – Благі знак. Пільнуе цябе хвароба, а можа…» Звеніслава не дагаварыла. «Не трэба мніці пра такое. Загадай, каб чырвонаму пеўню праглынуць далі, і зноў пабялее», – гладзячы цёмную княгініну касу, адказаў ён.
Князь даўно прывучыў сябе не надта верыць у благія прыкметы, бо ведаў, што гэтак можна загубіць любую справу. Цяпер, калі да паходу заставаліся лічаныя дні, даваць волю такім думкам нельга было і пагатоў. I ўчора, з жонкаю, і цяпер ён адразу нібы мячом адсек іх ад душы і адкінуў прэч. I ўсё ж немец нешта адчуў і ўзвысіў свой голас:
– Неба адкрыла нам тваю вераломнасць! Мы ведаем, на каго ты сабраўся ўзняць меч. Ты думаеш, твой хлуслівы бог выбраў цябе, каб спыніць мой народ? Не, кароль, гэта мяне абраў Госпад і паслаў са мною свой праклён!
Князевым людзям здалося, што ў цёплыя сені ўварваўся вецер.
– Загадай яго забіць! – не вытрымаў Віславус. – Загадай, бо ён накліча бяду!
Кметы на парозе нацягнулі лукі. Усе глядзелі на Валодшу. Ігумен двума пярстамі клаў на сябе крыжы.
Князь устаў і ўладна падняў руку.
– Як ад аскоміны пакасць зубам і ад дыму – вачам, так і ад беззаконня – тым, што чыняць яго. – Здавалася, ад зычнага князевага голасу затрымцелі цяцівы ў луках. – Ты прыйшоў у мой горад, акі нань, назваўшыся чужым імем! Ты хацеў вызнаць, што думаюць і робяць палачане. Ты забіў кастаправа Данілу, які лекаваў мяне і маіх людзей. Ты заслужыў смерць, але не цяпер я буду судзіць цябе. Я буду судзіць цябе, калі вярнуся з паходу.
– Забі мяне зараз! – утрапёна закрычаў біскупаў пасланец. Ягоны белы, як сала, твар скрывіла нялюдская грымаса. – Забі мяне зараз! Ты нікуды не пойдзеш і ніколі не вернешся! Ты пойдзеш туды, адкуль не вяртаюцца.
– Забі яго, князь! – Усе паўскоквалі з лаваў.
– Не! – перакрыў гблас Валодша. – Вы бачыце, страх зацямніў яму розум. Кіньце нямчына ў поруб! – загадаў ён кметам.
Калі тыя, накінуўшы на шыю Тэадорыху скураную пятлю, выцягнулі яго з сяней, князь абвясціў:
– Заўтра падыдуць першыя палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі паплывуць далей на плытах і стругах. Конная дружына пойдзе сухазем’ем. Каля Герцыкі прымем дружыну князя Усевалада і літоўцаў. Прыспела пара пастаяць за зямлю і веру!