Читать книгу Час чумы (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 4

Аповесьці
Дзень, калі ўпала страла
3

Оглавление

Валодша адкінуў мяккую лісіную коўдру і сеў на краі шырокага ложа. Княгіня Звеніслава спала, звыкла падклаўшы пад шчаку далонь. Заснула залагоджаная, усцешаная, што сёння муж рана прыйшоў ад застоліцы.

Князю не спіцца, і, відаць, сон ягоны заблукаў недзе надоўга. Думна ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаіць гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні гучаць іхнія галасы: адрывісты і хрыпаты – чудскага старэйшыны і малады, звонкі – тлумача, маці якога была крывічанкаю.

– Наша неба не сіняе, як мора і азёры, а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі ваяроў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва салодкім.

Старэйшына гаворыць ціха, вялікія рукі супакойна ляжаць на каленях, але зялёныя вочы на парослым сівым шчаціннем твары гараць такою лютасцю, што нават ён, Валодша, які забраў сваім мячом жыццё не ў аднаго дзесятка ворагаў, не хацеў бы сустрэцца з гэтым чалавекам у сечы.

Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з дружынамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у заложнікі сыноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў.

Новыя паслы скардзіліся, што суддзі, якіх шлюць немцы ў скораныя землі, дбаюць не пра справядлівасць, а пра сваё багацце. Эсты не хочуць плаціць дзесяціну, не хочуць карміць святароў і хадзіць з немцамі на вайну, каб потым цярпець помсту ад суседзяў. Чудзіны зноў прасілі ў Полацка падмогі. Ён, Валодша, прыняў іх ласкава, ад сваіх ранейшых слоў не адмаўляўся, але не гэтых паслоў ён чакаў, не гэтых.

На поўню наплыла хмара, і ў вакне князь бачыў толькі вогнішча з чорнымі постацямі ваяроў са зменнай начной варты. Але ён ведаў, што вунь там, праваруч, падняты на ноч мост цераз роў, там і там – вялізныя, укапаныя ў зямлю медныя катлы дзеля вару, які пальецца на галовы тым, хто адважыцца напасці на Бельчыцы. Харчу і вайсковых запасаў у складах хопіць хоць на два гады аблогі. Ды ўсё гэта не магло развеяць нялёгкіх князевых дум.

Валодша прачыніў вакно, і ў пачывальню пацёк волкі начны халадок з лёгкім пахам дыму.

Трыццаць гадоў носіць ён гэтыя думы ў сабе, трыццаць гадоў яны падпільноўваюць яго, каб у адну з начэй зноў прыціснуць сэрца каменем-жарнавіком, і з кожным годам камень гэты робіцца цяжэйшы і цяжэйшы. Але мудра пісана ў кнігах: «Хто, рабуючы чужое, будуе на тым дом свой, той складае яго на лёдзе. Прыйдзе вясна, і сплыве дом за мора».

Неразумна ўсё жыццё вінаваціць сябе, але хіба забудзеш, што калісьці як дарагіх гасцей прымаў людзей з чорнымі душамі, якія ў сэрцы сваім хацелі пагібелі і яму, і ўсёй Полацкай зямлі.

У тое ж лета, як ён сеў на полацкі пасад, у горад прыйшоў па Дзвіне разам з брэменскімі купцамі першы лацінскі манах. Быў ён у падшытай ветрам лапленай сутане і выгляд меў такі, быццам ніколі не еў уволю хлеба. У княжым хораме заморскі госць трымаўся цішэй за халопа, толькі бесперастанку маліўся і праз тлумача прасіў аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай полацкаму князю зямлі ліваў.

Полацку здавён не надта рупіла, што яго даннікі моляцца не ў цэрквах, а ў святых гаях і дубровах; іхнія багі любілі мяса аленяў і тураў, а найлепшым пачастункам была ім кроў палонных чужынцаў. Але ён, Валодша, даў манаху згоду, бо полацкія купцы нашэптвалі, што маюць добры гандаль у Брэмене і Любеку. Мала таго, на адвітанне ён адарыў ціхмянага госця кунамі і вавёрыцамі са сваіх кладовак.

Там, дзе Дзвіна сканчвае шлях да мора, манах паставіў царкву і пачаў хрысціць ліваў паводле лацінскага абраду. Увёўшы лівам у вушы, што хоча абараніць іх ад набегаў, ён прывёз нямецкіх муралёў і збудаваў замак. Хутка замак стаяў ужо і ў суседнім Гольме, а ціхмяны манах стаў біскупам. Даніна ў тую пару ішла ў Полацк яшчэ па-ранейшаму спраўна, як і дзвесце гадоў дагэтуль, аднак ён, князь, разумеў, што замкі бароняць не ліваў, а немцаў. Усё часцей ён думаў, што памыліўся і за памылку гэтую давядзецца плаціць вялікай крывёй.

Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў. Прыкрываючыся Божым словам, немцы пачалі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые на адзенне крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у Палесцінскую зямлю.

Праўда, новаму біскупу сонца свяціла тут нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіднага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідай. Ён, Валодша, дагэтуль памятае імя гэтага трэцяга – Імаўт. Выведнікі данеслі, што пасля смерці біскупа лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвінскіх водах лацінскае хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў, што рыцары вернуцца.

I яны вярнуліся, і з года ў год іхнія караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі…

Знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач. Князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў, што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такой самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у пачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён мімаволі ўспомніў аб кметах, што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку. Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна – якраз пад ягонаю пачывальняй, другая – у малой мядушы.

Пугач зарагатаў зноў, і князь зачыніў вакно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку.

Не, ён не баяўся Альберта. Зараз ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам.

Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго з’яўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне – хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць ягоныя розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, шту біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара.[5]

Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска.

I цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадваць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмная хмара лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі.

Ён ізноў бачыць непрыступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць з-за каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў адказаць тым самым. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісты.

Як абложнікі выцягнулі з лесу свае балiсты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана. Здаецца, усё было як належыць – і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні,– але калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў іншы бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска.

Пятнаццаць ваяроў былі забітыя на месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Войска кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар ужо ў іх у руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй аддаць жыццё. Але малады дружыннік Віславус на скаку павярнуў сваю буланую кабылу і, падляцеўшы да яго, цяжкой дзідаю выбіў з сядла пярэдняга рыцара. Буланка вынесла іх абодвух з-пад стрэл, і невядома, ці зрабіўся б Віславус ваяводам, каб не тая ягоная адвага.

Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і палачане знялі аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог.

I Альберт не пераможа ніколі.

Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, Валодша застаў на месцы горада адны галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну ды ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу Усевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацк даніна ад ліваў і летаў.

Ён загадаў сваім вірнікам і мечнікам, радовічам і пад’язным не мець літасці да смердаў. Хто бунтуе – або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. Ад восеньскага Юр’я сядзяць там сем смердаў з Чорнай Лужы, што хавалі ў лесе хлеб. Баярын Міхайла зачыніў перад вірнікамі вароты, думаў адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Цяпер грыміць ланцугом у порубе. I так будзе з кожным, хто пойдзе насуперак ягонай волі, таму што не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах.

Ён, князь Валодша з роду Рагвалодавічаў, не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. Не пусціць, пакуль за ягонымі плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. I баяры, і полацкі епіскап не пойдуць супраць, бо цяпер гораду і княству трэба моцны абаронца.

Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска, што цягнуцца на некалькі попрышчаў. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы адразу адолець іх, не здаецца, паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў б’е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.

За біскупам – кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, зямля яго прадзедаў. За ім – купцы і рукамеслы люд, за ім – цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім – пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б з магілаў і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда – за ім, князем, а не за крыжакамі.

Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.

Хутка паплывуць уніз па рацэ полацкія стругі. У ягонай вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў, таемна зробленых на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацк. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. I войска ў яго будзе не такое, як калісьці.

Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў, ён на радзе з Віславусам і трыма самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў ганцоў у літоўскія лясы, дзе гараць знічы на капішчах Пяркуна, да земіголы і ў балотную краіну кураў, якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў. Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажанаў, у Менск і Віцебск…

У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў. Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў. У Ноўгарад і Пскоў павёз пісаныя ім граматы сам Віславус. Ваяводзе было наказана, калі прычыніцца ў дарозе якое ліха, памерці, а лісты ў чужыя рукі не аддаць.

Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён тыя граматы. Ноўгарадцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгадныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам праз іхнія княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайной на эстаў. Праўда, калі пскоўскі князь Уладзімір Мсціславіч апаганіў свой род, выдаўшы дачку за брата рыжскага біскупа, веча выгнала яго з горада разам з дружынай. Чатыры леты таму біскуп узяў швагра на перамовы з палачанамі і пачаў змушаць яго, вялікага князя полацкага, адмовіцца ад ліўскай даніны. I тады, калі ён павёў свае палкі на крыжакоў, Уладзімір Мсціславіч пскоўскі стаў з дружынаю ў нямецкія шыхты. Адзінае, што ён, Валодша, вытаргаваў тады для Полацка, – вольны праезд купцам па Дзвіне.

I ўсё ж склаў ён тыя граматы, а апроч пісанага загадаў Віславусу перадаць суседзям, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць на рускія землі. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калi рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.

Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не адных рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, ды здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, зарабіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн памножыць ягоную моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў сiлу, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.

I аб тым загадаў ён Віславусу сказаць у Ноўгарадзе і Пскове, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Вугорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купец Васіль прывёз вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонаў падмогі супроць прусаў…

Поўня скацілася з неба, дзесьці далёка за лесам пачынала разгарацца вогнішча дзянніцы. Каб адпрэчыць бяссонне, князь паклаў у галовах вялікі, з Барыскаў кулачок, кавалак бурштыну і зноў прылёг. Але сну па-ранейшаму не было ні ў адным воку.

Нібы роднага сына чакаў ён тады Віславуса з адказам, цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках бачыў, як будзе сватаць за Барыску дачку ноўгарадскага князя. Тады Полацк і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.

Ваявода вярнуўся праз месяц. Прыехаў сярод ночы, схуднелы, цёмны тварам, з памарожанымі шчокамі.

«Невясёлыя весткі, княжа». – «Кажы! – загадаў ён. – Лепей злое чуці, чым злое мовіцi».

Ноўгарадцы, распавёў Віславус, крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацк прышле назад званы, што Усяслаў Чарадзей з іхняй Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Хіба пскоўская дружына не пускала дымам полацкiя воласцi? Хіба не прыходзіў Уладзімір ноўгарадскі з хаўруснікамі сілай браць за сябе Рагнеду? Не мёд на іхнім вяселлі ліўся, а Рагвалодава кроў.

Пасля таго і разгарэлася варажнеча на дзвесце з лішнім летаў. Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе: маўляў, дазвання растрос Полацк славу сваю і гонар.

Давідна сядзелі яны з Віславусам у тую зімовую ноч за сталом і цяжка маўчалі. Ён піў чару за чарай, і здавалася, п’е не віно, а чорную лютасць. Не стрымаўся – выхапіў меч і, секануўшы па карчазе, распалавініў стол. Віславус спалатнеў, але не зварухнуўся, толькі ціха прамовіў: «Паберажы, княжа, дужасць на лацінцаў…»

Ён, Валодша, ужо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць – не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі ягоныя задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы. Часта думаў пра баярына Іллю, прыкмячаў, як той адводзіць вочы, тоячы нешта сваё. I хоць ніхто не бачыў немцаў на баярынавым двары, неяк на паляванні князеў лоўчы спудлаваў і булатная страла ўпілася не ў загрывак ваўку, а ў Іллёў гарляк.

Пра новы паход ведаюць пяць чалавек, а ўвесь Полацк гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожных літоўцаў. Хай мянцяць языкі – літоўскім князям-кунігасам не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі.

А да немцаў ён цяпер зычлівы. Летась біскуп не выпусціў з Рыгі палачанаў за тое, што ў Полацку купец Міна прадаў нямчыну тры беркаўцы паганага воску. Быў той воск са смалою ды яшчэ, дзеля большае вагі, стоплены з камянямі. Ён, князь, як і належала па мірнай дамове, судзіў Міну і змусіў вярнуць усю выручку. Сурова пакараў і купца Алексу, што падфарбоўваў ды падстрыгаў футра. Пра ўсё гэта напісаў біскупу і ўадначас прасіў судзіць рыжаніна, які ў Полацку гандляваў соллю напалам з пяском, і рыцара, што набраў у крывіцкіх купцоў тавару на трыццаць залатых, а заплаціў пятнаццаць, нахабна сказаўшы, што замест астатніх грошай пакідае купцам іхнія жыцці. Біскуп адказ прыслаў скора, дзякаваў за суд, аднак пра свайго купца-шылахвоста і пра рыцара маўчаў, нібы тых і на свеце ніколі не было.

Чатыры гады, як у іх вечны мір. Не, рыжскі пугач не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт пэўна ж разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход не выпадае. Вечны мір… Учора ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў. Адзін труціў ваду, якую п’юць палачане. Калі б біскуп мог, ён бы атруціў, відаць, усю Дзвіну каля Полацка. А пра другога нямчына казалі, што той, можа, і не нямчын зусім, бо перад смерцю называў сябе Пятром з Друцка і бажыўся, што невінаваты. Калі так, няхай прыме яго бязвінную душу неба.

Гаслі апошнія, самыя яркія зоркі.

Не па сваёй волі нараджаецца чалавек, лежачы без сну думаў князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць праз дні і гады, пазначаючы кожнаму ягоны шлях. Ляціць, пакуль не ўпадзе долу. Тады застанецца толькі памяць аб чалавеку. Аб адным – на год, аб другім – на векі вечныя. Але ён згодны адмовіцца ад гэтае памяці, толькі б спраўдзілася задуманае.

Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Настане парб, і крыжакі зломяць свой хрыбет.

Неўпрыкмет для сябе князь прамовіў астатнія словы ўголас.

Над борам падымаўся пунсовы сонечны шчыт.

5

Так называе князя Валодшу сярэднявечная «Хроніка Лівоніі».

Час чумы (зборнік)

Подняться наверх